Вы тут

Зборны пункт


Скульптура, манументальна-дэкаратыўнае мастацтва, графіка і жывапіс сучасных маладых мастакоў Беларусі — тое, што склала эксперыментальны праект «Пункт адліку». Размясцілася адмысловая выстаўка ў галерыі «Арт Фабрыка», дзе імкнуцца цікава прадставіць творы мастакоў-пачаткоўцаў. Аднак і карыфеі не абмінаюць гэтую пляцоўку. Персанальныя выстаўкі ў сценах галерэі ладзілі, напрыклад, Уладзімір Кандрусевіч і Зоя Луцэвіч. 


Куратарам выступіў, што невыпадкова, малады мастак Мацвей Ляйчонак, для якога «Пункт адліку» стаў дэбютным куратарскім праектам. Малады творца сабраў работы больш як 45 непадобных адно да аднаго аўтараў. Стваральнікі экспазіцыі, да якіх можна аднесці таксама саміх мастакоў, і кіраўніцтва галерэі, звярнуліся да структуры сусветнага выяўленчага мастацтва, якое трымаецца на чатырох слупах — графіцы, жывапісе, скульптуры і манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Галерэя падзелена, зразумела, у нечым умоўна, на чатыры секцыі, якія прадстаўляюць адзін з відаў традыцыйнага мастацтва адпаведна. У секцыі графікі гледачы бачаць класічныя віды эстампа або ручнога друку. Так, прадстаўлены афорт, літаграфія і лінагравюра. Што тычыцца секцыі МДМ, то сярод прадстаўленых тэхнік — ляўкас, мазаіка, сграфіта, вітраж, фрэска. У зале жывапісу знаходзяцца пераважна алейныя палотны. У секцыі скульптуры, згодна з абяцаннямі арганізатараў, гледача чакаюць цудоўныя вобразы беларускай школы гэтага напрамку мастацтва. Для стваральнікаў эксперыментальная экспазіцыя «Пункт адліку» — надзвычай адказная задача, бо тое, як ён будзе ўспрыняты разнашэрснай публікай, вельмі іх хвалюе. Усё ж для выставачнай пляцоўкі гэта першы маштабны праект. 

Дарэчы, назва «Пункт адліку» нарадзілася, а праўдзівей кажучы, з’явілася ў полі зроку арт-дырэктара галерэі Дар’і Аўчыннікавай яшчэ год таму, але тады не было вырашана, якой павінна быць выстаўка з такім найменнем. І толькі два месяцы таму перайшлі ад задумы да ажыццяўлення ідэі — арганізаваць невялікі фестываль маладога беларускага мастацтва. «Пункт адліку» ў «Арт Фабрыцы» працуе з 8 ліпеня. 

— Да апошняга не верылася, што праект атрымаецца і што яго падтрымаюць знакамітыя і паспяховыя мастакі, — адзначае куратар Мацвей Ляйчонак, студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. — Арганізаваць больш як 45 мастакоў (а ўсе разумеюць, што значыць працаваць з творчымі людзьмі), размясціць іх творы згодна з канцэпцыяй было вельмі складана. 

Большасць мастакоў, якія ўдзельнічаюць у праекце, — студэнты Акадэміі мастацтваў. Для некаторых гэта першы крок на шляху да гледача, шмат у чым вельмі адказны і, зразумела, доўгачаканы. Узначальваюць кожную з прадстаўленых секцый выпускнікі гэтай навучальнай установы, знакамітыя мастакі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Так, паўдзельнічалі Раман Сустаў, Алеся Скарабагатая, Іван Арцімовіч… 

— Вельмі добра, калі своеасаблівы пункт адліку «адбываецца» як мага раней. Я заклікаю маладых мастакоў актыўна ўлівацца ў мастацкі і культурны працэсы. Прытым разумею: работы, створаныя на гэтым этапе творчага развіцця, нічога не каштуе крытыкаваць і рабіць пэўныя высновы, бо сёння ўсё змяняецца вельмі хутка. Таму важна мяняцца, станавіцца лепшымі і, натуральна, удзельнічаць у выстаўках так часта, як магчыма, як дазваляюць тыя ці іншыя абставіны, — падкрэсліў скульптар Іван Арцімовіч. 

Між тым адбор работ на выстаўку гэтым разам быў даволі сур’ёзны. На гэта звярнула ўвагу і мастацтвазнаўца, галерыст, куратар выставак сучаснага мастацтва, педагог Ларыса Фінкельштэйн. На адкрыцці яна выказала меркаванне наконт «Пункта адліку» ў цэлым і звярнула ўвагу на, па яе меркаванні, найбольш удалыя творы. Гэты момант, як падаецца, вельмі важны і для гледачоў, і для арганізатараў. Па некалькіх прычынах. Па-першае, меркаванне дасведчанай у пэўных пытаннях асобы заўсёды цікавае і дае арыенцір у той разнастайнасці твораў, што прапаноўваецца. Па-другое, і для аўтараў, і для стваральнікаў выставачных праектаў, і для аматараў сучаснага мастацтва зваротная сувязь — тое, што дае штуршок для новых здзяйсненняў і набыцця новых ведаў. Па-трэцяе, нягледзячы на тое, што для любога аналітыка надзвычай важна захоўваць аб’ектыўнасць, суб’ектыўнае меркаванне таго ці іншага спецыяліста неабходнае. Вельмі часта выстаўкі ў Беларусі ацэньваюцца агулам, без акцэнтавання ўвагі на асобных работах ці мастаках. Маўляў, пра іх біяграфіі і творчасць і так усё вядома, іх майстэрства неаспрэчнае (ці проста вартае ўвагі, што таксама часта сустракаецца), а работы кажуць самі за сябе (шмат у чым гэта тлумачыцца тым фактам, што мастакоў не хочуць пакрыўдзіць — і тых, каго не назвалі, і тых, каго не пахвалілі). З аднаго боку, нагоды для дыскусіі тут сапраўды няма, з іншага — тлумачыць некаторыя рэчы ўсё ж такі патрэбна. Аднак гэта адступленне. У любым выпадку, на думку аўтара гэтых радкоў, менавіта суб’ектыўнасці, засяроджанасці на дэталях у выставачным працэсе Беларусі крыху не хапае. Ніхто і не спрабуе ўзводзіць у разрад ісціны тыя ці іншыя думкі асобных людзей, асабліва ў тым выпадку, калі яны грунтуюцца на пачуццях, такіх важных для асэнсавання выяўленчага і дэкаратыўнага мастацтва. Але ведаць гэтыя думкі — значыць пашыраць кругагляд. Што тычыцца маладых мастакоў, вышэйсказанае асабліва актуальна, бо ім патрэбна любая ўвага. Хто памыляецца, а хто не — пакажа час. 

Ларыса Фінкельштэйн, у прыватнасці, назвала вялікую колькасць імён і, што важна, патлумачыла, чаму менавіта іх. Звяртала яна ўвагу і на крэатыўнасць мыслення, і на прафесіяналізм, і на высокую культуру падачы, і на перспектыўнасць таго ці іншага аўтара. Сярод такіх — Ганна Раманенка, Паліна Шыбанава, Іван Арцімовіч, Дар’я Бурло, Ілья Яроменка, Андрэй Лаўрусенка, Васіліса Васілеўская, Еўфрасіння Коржыч, Юлія Цярэшка, Багдан Эйсмант… Спіс прапаноўваем не цалкам, ды імёны шырокай публіцы невядомыя. А, магчыма, некалі стануць. 

У пацвярджэнне гіпотэзы, што ўсе гэтыя «суб’ектыўнасці» не вельмі важныя ў перспектыве, але цікавыя сёння, прапаноўваем звярнуць увагу на некалькі работ і аўтараў, якія падаюцца яркімі і маюць магчымасць запомніцца. Гэта «Дысананс» (2021) Данііла Бірукова, які прымушае засяродзіцца на кампазіцыі і нібыта паглыбіцца ў матэрыял — дрэва. Гэта і Фёдар Каштанаў з мармуровымі «Катакаштанам» (2022) і «Катасмоўжыкам» (2021), якія, акрамя шчырай усмешкі, нічога, здаецца, выклікаць не здольны. Гэта «Удушша» (2021) Паліны Шыбанавай, надзённае і ў пэўнай ступені містычнае. Гэта «Дыскабол» (2021—2022 гг.) Васілісы Васілеўскай, які прываблівае выбарам тэмы і тэхнікай. Гэта і «Мілыя косці» (2021) Любові Максімавай — літаграфія з выразнай ідэяй, без усялякіх ілюзій і недагаворванняў. Дарэчы графіка гэтым разам па-добраму здзівіла: прыклады — «Уразлівасць» (2022) Таісіі Барысавай, «Тры Грацыі» Марыны Рудчык, «Знак сілы» (2021) і «Брэменскія музыканты» (2021) Кацярыны Коўзусь, серыя «Ad Astra» (2019) Анастасіі Шведавай… Дарэчы, рэкардсмен па колькасці работ на выстаўцы — Юлія Ураблеўская. І вось гэтае рашэнне арганізатараў дакладна выклікае пытанні. 

Між тым традыцыйна больш за ўсё глядацкай увагі забірае жывапіс. Колер, форма, памер заўжды прымушаюць засяродзіцца на палатне і паглыбіцца ў аўтарскую задуму. З чаго ж складаецца «глядацкая ўвага»? Па-першае, з цікавасці да таго ці іншага твора і дыскусій, па-другое, з паметак «Арт Фабрыкі» і канкрэтна гэтай выстаўкі ў сацыяльных сетках. 

Наогул, за месяц работы «Пункта адліку» лідары наступныя: Іван Арцімовіч і яго «Трывога» (2022), Ганна Лаўрова з «Аматаркай абсенту» (2022) і Паліна Белая («Погляд мудрасці», 2021). 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.