Вы тут

На парахавой бочцы. Да чаго прывядзе глабальны энергетычны крызіс?


Энергетычны крызіс у Еўропе працягвае набіраць абароты і за апошні месяц перайшоў ад «дрэннага» сцэнарыя да «жудаснага». Аб гэтым паведаміў партал навін Busіness Іnsіder са спасылкай на даныя Bank of Amerіca. Адзначаецца: існуюць рызыкі таго, што запасаў газу на зіму ў Еўропе можа не хапіць. «Пры рабоце газаправода «Паўночны паток» на 20 працэнтаў ад яго магутнасці назапашвання запасаў газу ў сховішчах у зімовы час можа аказацца недастаткова, таму цяпер ЕС плануе шырокамаштабнае нармаванне спажывання», — лічаць аналітыкі Bank of Amerіca. Шэраг заходніх краін, у тым ліку Германія і Францыя, ужо цяпер пачалі жорстка нарміраваць выкарыстанне газу. Падкрэсліваецца, што напружанасць у адносінах паміж Расіяй і Еўропай сур'ёзна паўплывала на энергетычны рынак: цэны на прыродны газ дасягнулі 200 еўра за мегават-гадзіну. Пры гэтым эксперты прагназуюць, што адваротны эфект заходніх санкцый набірае абароты — кошт газу будзе павялічвацца і надалей, раскручваючы махавік інфляцыі і сацыяльную напружанасць. Да чаго прывядзе глабальны энергетычны крызіс?


Фота: pixabay.com

Даўгі — 1,7 трыльёна еўра

Паводле звестак, сабраных Anadolu на аснове даных Gas Іnfrastucture Europe і Еўракамісіі, Стары Свет спажывае прыкладна 400 мільярдаў кубаметраў прыроднага газу за год. Газасховішчы на сваёй тэрыторыі маюць 18 краін — членаў ЕС. Іх агульныя магутнасці складаюць каля 110 мільярдаў «кубоў». Больш за ўсё прыроднага газу спажывае Германія (92 мільярды кубаметраў за год). У той жа час гэтая краіна валодае найбуйнейшым патэнцыялам захоўвання прыроднага газу ў Еўропе, які ацэньваецца прыкладна ў 24 мільярды кубаметраў. Пры гэтым узровень запоўненасці газасховішчаў Германіі складае 66 працэнтаў.

Умяшчальнасць газасховішчаў Італіі складае каля 20 мільярдаў кубаметраў, а яе спажыванне знаходзіцца на ўзроўні 71 мільярда кубаметраў за год. Запоўненасць сховішчаў Італіі на сёння дасягнула 70 працэнтаў. Нідэрланды, здольныя захоўваць у сярэднім 14 мільярдаў кубаметраў прыроднага газу, штогод расходуюць 44 мільярды кубаметраў. Запоўненасць газасховішчаў гэтай краіны складае 62 працэнты.

Францыя валодае чацвёртым па велічыні патэнцыялам захоўвання газу ў Еўропе, пры гэтым яе газасховішчы цяпер запоўнены на 75 працэнтаў. Умяшчальнасць сховішчаў блакітнага паліва ў Пятай рэспубліцы складае каля 13 мільярдаў кубаметраў, а спажыванне краіны ацэньваецца на ўзроўні 40 млрд кубаметраў у сярэднім за год. Польшча, якая штогод спажывае 22 мільярды кубаметраў газу, здольная назапасіць каля 3,6 мільярда кубаметраў. Узровень запоўненасці газасховішчаў гэтай краіны ацэньваецца ў 98 працэнтаў. Прычым Варшава ўжо цяпер заявіла, што не будзе дзяліцца газам з іншымі краінамі (а хто б сумняваўся).

У Еўропе энергетычныя і камунальныя прадпрыемствы вымушаны браць крэдыты, каб аплаціць свае выдаткі на фоне павышэння кошту энергарэсурсаў. Такім чынам, на сёння агульны доўг гэтых кампаній перавысіў 1,7 трыльёна еўра. Аб гэтым паведаміла ТАСС са спасылкай на Bloomberg. Паводле даных агенцтва, выдаткі камунальных прадпрыемстваў і энергакампаніі ў краінах Еўропы пачалі павялічвацца яшчэ падчас пандэміі. Калі ў кастрычніку — снежні 2019 года запазычанасць складала каля 1,1 трыльёна еўра, то зараз яна перавысіла 1,7 трлн еўра. Bloomberg зазначае, што такая сітуацыя склалася з-за ўведзеных санкцый у дачыненні да Расіі і павышэння кошту нафты і газу.

Рэха санкцый

Сітуацыя набыла сусветны маштаб. «Мы перажываем першы глабальны энергетычны крызіс», — адзначыў The Foreіgn Polіcy эксперт па энергетыцы з Калумбійскага ўніверсітэта Джэйсан Бордаф. Ён зазначыў, што дэфіцыт ударыў амаль па ўсіх рэгіёнах свету і па крыніцах энергіі. «Хвалевы эфект назіраецца паўсюль, і, як мне здаецца, горшае яшчэ наперадзе», — дадаў Бордаф.

Рынкі адчувалі сур'ёзны недахоп яшчэ летась. Гэта вынік спалучэння цэлага шэрагу фактараў: пандэміі, запаволенні паставак у ланцужках забеспячэння і кліматычныя ўзрушэнні. Сітуацыю пагоршыла рэха еўрапейскіх санкцый. Гэта яшчэ больш узняло цэны на сусветных рынках. Цяпер масла ў агонь падлівае экстрэмальная спякота, выкліканая кліматычнымі зменамі, і ўзніклыя праблемы толькі ўзмацняюцца. «У нас узаемазвязаная глабальная сістэма, — сказаў Бордаф. — Калі націснуць у адным месцы, ціск адчуецца і ў іншых месцах».

Апошні раз катастрафічны дэфіцыт энергарэсурсаў (праўда, тады толькі нафты) узнік у 1970-я гады. Тады АПЕК увяла эмбарга, якое ўдарнай хваляй пракацілася па ўсёй нафтавай галіне. З-за гэтага крызісу на свет з'явілася Міжнароднае энергетычнае агенцтва (Іnternatіonal Energy Agency), а прамыслова развітыя краіны пачалі ствараць стратэгічныя рэзервы, рыхтуючыся да будучых перабояў з пастаўкамі, распавёў эксперт Антуан Хальф з Цэнтра глабальнай энергетычнай палітыкі Калумбійскага ўніверсітэта. Але ў многіх эканомік, якія развіваюцца, і краін, якія захраслі ў даўгах, няма такой падушкі бяспекі, і яны абсалютна не абаронены ад узрушэнняў.

Многія дзяржавы вярнуліся да вугалю. Калі ў маі паглыбіўся энергетычны крызіс, Індыя паабяцала аднавіць і павялічыць здабычу ў вугальных шахтах. У чэрвені індыйскі імпарт вугалю дасягнуў рэкорднай адзнакі. І гэта, хутчэй за ўсё, надоўга, аб чым нядаўна папярэдзіў індыйскі міністр энергетыкі Радж Кумар Сінгх.

«Гэта гісторыя не толькі пра нафту і газ, — лічыць энергетычны эксперт з RBC Capіtal Markets Хеліма Крофт. — Гэта гісторыя пра ключавую сельскагаспадарчую прадукцыю, пра магчымы харчовы крызіс глабальнага маштабу. Гэта таксама стварае палітычныя небяспекі, таму што церпяць вельмі многія грамадзяне».

Надыходзячай зімой гэтыя рынкі могуць сутыкнуцца з новымі ўзрушэннямі, калі ў поўным аб'ёме запрацуюць еўрапейскія меры, накіраваныя супраць расійскай нафты. «У снежні нас могуць чакаць новыя перабоі на энергетычным рынку і павышэнне цэн на нафту. Многае залежыць ад таго, як будуць укараняцца гэтыя санкцыі», — заўважыла
Хеліма Крофт.

Гронкі гневу

Кашмар энергетычнага крызісу на Захадзе выльецца ў бунт супраць эліт, адзначыў The Telegraph. «На дварэ лета перад бурай. Не будуйце сабе ілюзій: цэны на энерганосьбіты падскочаць да нябачанага ўзроўню», — адзначыла выданне. У краінах, якія развіваюцца, сітуацыя катастрафічная: электрычнасць згасае ад Кубы да Паўднёвай Афрыкі. Шры-Ланка — толькі адна з чарады бедных краін, дзе лідараў чакае пераварот з-за ганебнага недахопу бензіну і эканамічнага дэфолту. «Захаду гэтага армагедону не пазбегнуць. У нейкім сэнсе ён, наадварот, стане яго эпіцэнтрам, а Вялікабрытанія — самым ядром», — піша The Telegraph.

Выданне адзначае, што выбудаваная на міфах і самаздаволенні тэхнакратычная сістэма Еўропы і Амерыкі разбураецца. Яе асноватворная легенда, якая абяцала ўдалае зліццё нацыянальных дзяржаў у адзіны сусветны ўрад з адзінымі ланцужкамі паставак, ператварылася ў павучальную прытчу аб тым, чым багатая глабалізацыя. «Нягледзячы на ўсе спробы выставіць канфлікт на Украіне гэткім «чорным лебедзем», скачок цэн на асноўныя тавары ў нестабільным свеце быў цалкам прадказальны. І зараз людзі здзіўляюцца, чаму гэта лідары не распрацавалі ніякіх надзвычайных планаў, улічваючы, колькі ў свеце запасаў газу, нафты і вугалю. ЕС бяздзейнічаў», — кастатаваў The Telegraph.

Гэтаму фіяска няма іншага тлумачэння, акрамя дзесяцігоддзяў ілжывых высноў і палітычных памылак эліты. Пасля фінансавага краху істэблішмент практычна пераканаў грамадскасць змірыцца з «ачышчальнай» жорсткай эканоміяй: выбаршчыкам распавялі, што частка віны за крызіс ляжыць на іх саміх і што ім таксама трэба загладзіць памылкі. Але на гэты раз элітам не адысці ад адказнасці. На думку шэрагу аналітыкаў, першай у Еўропе да адключэнняў электраэнергіі пры ўсёй сваёй атамнай прамысловасці можа дайсці Францыя — а ёй да пратэстаў не прывыкаць. Аднак сапраўдны выбух можа грымнуць у Вялікабрытаніі. «Брытанія можа стаць парахавой бочкай Еўропы. Хто б ні прыйшоў на змену зрынутаму Борысу Джонсану, ён не атрымае пераканаўчай перамогі на ўсеагульных выбарах, а палітычная атмасфера напальваецца. Людзі расчараваныя: два гады патрачаны марна, а ўрад так і не скарыстаўся брэксітам на карысць краіны», — заўважае The Telegraph. Выданне сцвярджае, што брытанскіх спажыўцоў чакае самы балючы ўдар. «У нас ужо самая высокая інфляцыя ва ўсёй «вялікай сямёрцы». А з-за цэлага шэрагу фатальных памылак — ад закрыцця газасховішчаў да нежадання скарыстацца ўнутранымі радовішчамі нафты і газу — нам яшчэ доўга трэба будзе мірыцца з завоблачнымі цэнамі на энерганосьбіты. А спажыўцоў чакаюць новыя засмучэнні», — адзначыла The Telegraph.

У Брытаніі ўжо распачаўся рух грамадзянскага непадпарадкавання, шмат у чым натхнёны бунтам супраць падушнага падатку. Кампанія «Не плаці» заклікае людзей да масавай забастоўкі ў кастрычніку, калі ўрад павысіць кошты на энерганосьбіты. Кампанію ўжо падтрымалі тысячы чалавек. «І калі справа дойдзе да бунту, чым адкажуць улады? Маштабы будучай інфляцыі такія, што мільёны людзей проста не змогуць плаціць па рахунках, прычым сярод іх будуць пенсіянеры і нават тыя, хто яшчэ нядаўна лічыўся сярэднім класам. Нам усім пагражае бяда, і правілы гульні напэўна, зменяцца. Мы толькі пачалі разумець, наколькі непрадказальнымі будуць найбліжэйшыя гады і як дрэнна мы гатовыя да наступстваў», — падкрэсліваецца ў артыкуле The Telegraph. Як заўважыла выданне, прагноз можа падацца самым змрочным, аднак у той жа Брытаніі сапраўды склалася адчуванне, што тамтэйшую зламаную эканоміку чакае трагічны фінал: «Ясна: кароль жа голы, а байкі, каб нас адцягнуць, у эліты скончыліся».

Фінскі палітолаг Міка Аалтола таксама прагназуе рост незадаволенасці ў краінах Еўропы на фоне павышэння коштаў і дэфіцыту энергарэсурсаў. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю фінскаму парталу навін MTV, паведаміла РІА «Навіны». На думку палітолага, цэны на аўтамабільнае паліва, якія выраслі за апошні час у краінах Еўропы, можна назваць прэлюдыяй да дэфіцыту энерганосьбітаў. У сувязі з гэтым урадам еўрапейскіх краін неабходна падрыхтавацца да «зімы незадаволенасці». «Гэта прыводзіць да канфлікту інтарэсаў розных сацыяльных груп і выклікае раскол», — лічыць эксперт. Як адзначае Bloomberg, такая сітуацыя можа разбурыць адзінства Еўрапейскага саюза і адрадзіць даўнія рознагалоссі паміж заходнімі краінамі ўжо гэтай зімой.

«Вы ж падштурхнулі свет да таго, што ён будзе іншы не на вашу карысць»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву «Франс Прэс» выказаўся аб залежнасці краін Еўрасаюза ад расійскіх энергарэсурсаў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на фоне санкцый, уведзеных Еўрасаюзам, стала відавочнай іх залежнасць ад расійскіх энергарэсурсаў: «Чаму ў вас такая бурная інфляцыя? Чаму вы ўвесь час крычыце, што вам бракуе прыроднага газу, нафты і гэтак далей?»

Кіраўнік беларускай дзяржавы раіць Еўрасаюзу сябраваць з Беларуссю і Расіяй. «Аднойчы выказаў шалёную думку. Вось калі б вы, еўрапейцы, былі дружныя з намі, беларусамі, расіянамі, альянс быў эканамічна, фінансава, тэхналагічна, у ваенных адносінах непераможным. Мы б не ваявалі супраць каго б там ні было. Велізарныя рэсурсы, тэрыторыя на ўсходзе і найвысокія тэхналогіі на захадзе ў вас, у немцаў і гэтак далей. Вось дзе ваша шчасце. Але вы не можаце гэтую палітыку праводзіць. Вам не даюць. Вось цяпер еўра зваліўся да ўзроўню долара. Амерыканцам ужо добра. Няўжо вы гэтага не бачыце? Вы ўсё бачыце, усё разумееце», — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў краінах Заходняй Еўропы ўжо няма палітыкаў ранейшага фармату і маштабу, такіх як Шарль дэ Голь або Жак Шырак, Гельмут Коль або нават Ангела Меркель. «Паглядзіце, што робіцца ў Вялікабрытаніі, у Італіі нейкую валтузню задумалі. Вы бачыце, што адбываецца ва ўсходнееўрапейскіх краінах — Польшчы, Літве, Латвіі. Там жа ўладам давярае 15—20 працэнтаў. І калі сапраўды пройдуць выбары, проста цяперашнія Дуды-Маравецкія будуць змецены. І так і будзе», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Ён заклікаў не ўскладняць гэтае жыццё і жыць дружна. «Мы да гэтага гатовыя. Тым больш Расія. Расіі нічога не трэба. У яе ўсё ёсць. Ёй трэба мір, спакой, гандляваць. Ёй трэба прадаць газ, а вам трэба купіць. Навошта вы блакіруеце? Купляйце гэты газ, плаціце. Навошта вы санкцыі ўводзіце. Ну немагчыма мільярду чалавек супраць 6-7 мільярдаў увесці санкцыі», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Ён упэўнены, што ўсе гэтыя дзеянні ў выніку пойдуць на шкоду іхнім жа ініцыятарам: «Вы ж падштурхнулі свет да таго, што ён будзе іншым не на вашу карысць. Вы што думаеце, у Іране проста так сабраліся Іран, Расія і Турцыя (натаўская краіна). Не. А Індыя, Кітай. Яны ж не падтрымліваюць вас. Ім вайнушка не патрэбна. Нават Паўднёвай, не кажучы аб Паўночнай Карэі. Нават японцам, ім гэта не трэба. Яны наеліся гэтых войнаў. Яны жадаюць у міры жыць. Навошта вы ўзрушылі ўвесь свет? Не трэба гэта рабіць».

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.