Вы тут

Мінчанін расказаў, як за 27 гадоў дабіўся капрамонту дома і не толькі


Тэма капітальнага рамонту хваравітая для многіх. З аднаго боку, гараджанам даводзіцца гадамі чакаць сваёй чаргі. З другога, дачакаўшыся, цярпець нязручнасці з-за часовай разрухі, падчас замены камунікацый. А потым яшчэ і вылоўліваць будаўнікоў, каб тыя выправілі розныя дэфекты. Аляксандру Пратасевічу 66 гадоў. Большую палову з іх ён жыве ў цэнтры Мінска на вуліцы Беларускай. Кажа, што ў кватэры, якая належыць яго маці, 27 гадоў працякаў дах. Камфортна стала жыць толькі сем гадоў таму, калі пасля 20 гадоў скаргаў і хаджэнняў па кабінетах чыноўнікаў у доме № 14 нарэшце зрабілі капітальны рамонт.


«Вось, бачыце, некалькі рашотак, якія прыкрываюць водаадводныя латкі, не замацаваныя. Іх жа могуць скрасці».

«Налічыў у кватэры пяць сартоў цвілі...»

Сустракаемся з Аляксандрам Пратасевічам побач з трохпавярховым домам на два пад'езды 1947 года пабудовы. Мужчына распавёў, што яшчэ ў 1988 годзе, калі ён з бабуляй і маці пераехаў сюды жыць, гаварылі аб тым, што будынак пойдзе пад знос. Але ішлі дзесяцігоддзі, а ніхто нічога не рабіў, і дом працягваў ператварацца ў руіны. «Ніхто нават падтрымлівальнага рамонту праводзіць не збіраўся — жывіце як хочаце. Камуналку ж мы плацілі, як усе. За 27 гадоў, што цёк дах, прыйшло ў аварыйны стан столевае перакрыццё над нашай кватэрай. Пасля дажджу ў нас заўсёды была мокрая столь, а ўзімку ды міжсезонне — сырасць ды халадэча. Ад павышанай вільготнасці з'явілася цвіль пяці сартоў, гэта я так налічыў, можа, і больш, што, пагадзіцеся, не вельмі добра для здароўя. Мая бабуля-інвалід цяжка захварэла, у яе была вострая нырачная недастатковасць, памерла тут ад невыносных умоў жыцця. Мая маці — гаспадыня гэтай кватэры — таксама мае інваліднасць 2 групы, ды і я багатырскім здароўем не адрозніваюся».

Баяцца дажджоў перасталі толькі 7 гадоў таму, пасля таго, як быў цалкам заменены дах. «20 гадоў я дабіваўся гэтага капрамонту, — працягвае Аляксандр Пратасевіч. — У каго толькі не быў на прыёме, столькі скаргаў напісаў у розныя інстанцыі. Дапамогу ж атрымаў толькі ад тагачасных старшыні Мінгарвыканкама і памочніка прэзідэнта — галоўнага інспектара па Мінску. Калі б яны не далі распараджэнне ЖКГ, не было б гэтага капітальнага рамонту. Я ўсё жыццё хадзіў бы і скардзіўся і нічога б не дабіўся».

У 2015 годзе абноўлены дом быў здадзены. «Думаў, нарэшце адпачну, але знайшоў па домуе 40 недахопаў. І вымушаны быў працягваць пісаць скаргі — 7 гадоў яна ўжо цягнецца, гэта цяжба пасля капрамонту. Практычна ўсе недахопы будаўнікі ўжо выправілі. Але ведалі б вы, чаго мне гэта каштавала...»

Паводле слоў начальніка аддзела капітальнага рамонту КУП «ЖКГ Ленінскага раёна г. Мінска» Ларысы Сёмчык, усе заўвагі Пратасевіча, якія былі рэальна абгрунтаваныя, ужо ўстаранілі. «Акрамя тых пытанняў, якія ён задаваў па рамонце кватэры, дзе жыве. Ён піша, скардзіцца, а сам не дае доступ для таго, каб мы завяршылі там работы». Пры гэтым суразмоўніца адзначыла, што «нічога там складанага і страшнага не было. Якія там недаробкі? Дзесьці штосьці падцякала — загерметызавалі. Дзесьці яшчэ штосьці больш-менш падправілі. Усё, што трэба было зрабіць па капітальным рамонце, у доме зроблена. І нават больш. Падчас правядзення капрамонту гэтага дома ўжо была адменена цеплавая мадэрнізацыя. Але мы і яе зрабілі. Дах у яго не цячэ, фасады зрабілі, трубы ўсе памянялі. Што яшчэ?..»

«Зараз пакажу вам яшчэ адзін вынік маіх клопатаў, — кажа Аляксандр Пратасевіч і просіць па тэлефоне, каб жыхар кватэры № 2 Аляксандр Адамушка вынес ключ ад падвала. «Толькі пасля таго, як я схадзіў у свой час на прыём да старшыні Камітэта дзяржкантролю, зрабілі гідраізаляцыю падвала першага пад'езда, дзе жыве Адамушка. У яго кватэра на першым паверсе. Да рамонту ў падвале пастаянна падымаліся грунтавыя воды. Там пасля дажджоў утваралася лужына сантыметраў 17 глыбінёй. У выніку — пераўвільгатненне, цвіль, першы паверх пайшоў трэшчынамі. І нікому ў ЖКГ да гэтага ніякай справы не было. Яны закідвалі нас адпіскамі. Маўляў, усё там у парадку.

Як адзначыла Ларыса Сёмчык, гідраізаляцыя падвала не прадугледжвалася капрамонтам. Яе зрабілі пазней у межах бягучага рамонту пасля скаргаў Пратасевіча ўжо пасля па даручэнні Камітэта дзяржкантролю.

Уладзімір Іваноўскі, дырэктар ДП «ЖЭУ № 3 Ленінскага раёна г. Мінска», патлумачыў, што дом № 14 стаіць на падмурку з цэглы. Таму, магчыма, грунтавыя і дажджавыя воды праз яе прасочваліся. «Швы ж цэглы старыя, уяўляеце, калі будаваўся гэты дом... Пасля таго, як паклалі гідраізаляцыйны слой на падлозе і на сценах падвала, а звонку дома ўстанавілі латкі для адводу дажджавой вады, там цяпер нідзе не падцякае цяпер. Апошні раз мы там былі з Энерганаглядам два тыдні таму».

Разам з тым, жыхары дома не разумеюць, чаму будаўнікі не паклалі гідраізаляцыйны слой па ўсёй плошчы падвала. «Відаць, вырашылі сэканоміць, — кажа Аляксандр Пратасевіч. — Фактычна гэтыя недаробленыя 6 квадратных метраў даюць падняцца грунтавым водам, якія цякуць да электрашчытавой...».

«Калі б усе на сумленне выконвалі сваю работу, мы б жылі значна лепей»

«Вось, бачыце, некалькі рашотак, якія прыкрываюць водаадводныя латкі, не замацаваныя. Іх жа могуць скрасці, — працягвае экскурсію вакол дома Аляксандр Пратасевіч. — Ці вось, паглядзіце, які асфальт перад домам — латка на латцы. Тут першапачаткова тратуар павінен быў быць выкладзены пліткай. Потым, відаць, вырашылі сэканоміць. На маіх вачах прыязджаў самазвал з асфальтам. Замест таго, каб прыбраць стары асфальт, зрабіць падсыпку, утрамбаваць і толькі пасля гэтага класці новае пакрыццё, яны паклалі яго кавалкамі. У выніку на месцы стыкаў ужо шчыліны па пары сантыметраў. Я прасіў: «Замяніце асфальт». У адказ пачуў, што ў планах гэта не стаіць, бо ён у нармальным стане. Ці яшчэ... Калі пракладвалі новую ветку цеплацэнтралі, ні апор тут не было, ні ізаляцыі ўчасткаў спалучэння, і да даху яна не мацавалася. Кінулі і сышлі. Пры наступленні халадоў пачалася б вялікая цепластрата. Вядома, я пачаў скардзіцца. Толькі пасля маіх шматразовых зваротаў у органы нагляду былі пабудаваны рыштаванні, і ўжо ўсё замацавана і ізалявана. Такое адчуванне, што работнікі ЖКГ наш дом лічаць абузай, прама пра гэта ніхто не кажа, але даюць зразумець сваёй рэакцыяй на мае законныя патрабаванні належна яго абслугоўваць. Практычна на ўсе мае заўвагі яны пішуць адзін адказ: «Парушэнняў не ўстаноўлена». Начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян КУП «ЖКГ Ленінскага раёна г. Мінска» Яніна Акуліцкая пацвердзіла, што Аляксандр Пратасевіч піша вельмі шмат зваротаў у розныя інстанцыі, за мінулы год ад яго ажно 76 заяў. «Па шэрагу зваротаў у нас спынена з ім перапіска, бо яны неабгрунтаваныя, паўторныя, няма пацвярджальных фактаў».) Калі я месяц не плачу за камуналку, я ўжо злосны неплацельшчык. Аж да таго, што маю маёмасць могуць звярнуць у даход дзяржавы ў парадку пагашэння доўгу. А тое, што яны дзесяцігоддзямі не выконваюць належна сваю місію, гэта, атрымліваецца, нармальна?..»

Пацікавілася ў Аляксандра Пратасевіча, ці не шкада яму ўласнага часу на тое, каб пісаць скаргі і хадзіць па кабінетах чыноўніках? На што мужчына адказаў, што проста не можа прайсці міма, калі штосьці не так, — такі ўжо ён чалавек. «Кантроль за выкананнем абавязкаў службовых асоб ужо як другая служба ў мяне. Хоць мне за гэтыя клопаты ніхто не плаціць. Як бачыце, дзякуючы майму ахвярнаму змаганню за справядлівасць на працягу столькіх гадоў дом быў прыведзены ў належны стан. У Хемінгуэя ёсць кніга «На Заходнім фронце без перамен». Дык вось на Беларускай вуліцы перамены да лепшага ёсць. Але яны чамусьці з'яўляюцца не па ініцыятыве тых, хто абавязаны гэтыя перамены ўчыняць для прыросту агульнага дабрабыту. Мы, жыхары, іх робім самі пры іх вымушаным удзеле. Калі я іх прашу штосьці зрабіць, яны міма вушэй прапускаюць. Але калі загад далі чыноўнікі вышэйшага рангу, ужо не могуць не выканаць маю просьбу».

«Хацелі, каб наш дворык хоць крыху нагадваў Версаль»

Аляксандра Пратасевіча і Аляксандра Адамушку аб'ядноўвае тое, што абое хочуць зрабіць жыццё больш камфортным і прыгожым. Кожны гэта робіць так, як можа. Першы піша звароты ў інстанцыі. І, што б хто ні казаў, хоць і не адразу, але дабіваецца перамен да лепшага. Другі ўкладвае ў перамены ўласныя грошы.

«Добра, што вы не бачылі наш двор адразу пасля капрамонту... — кажа Аляксандр Пратасевіч. — Мы ўласнымі сіламі тэрыторыю побач з домам з жудаснай памыйніцы, якую пакінулі пасля сябе будаўнікі, ператварылі ў культурны еўрапейскі падворак. Абгарадзілі задні дворык каванай чыгуннай агароджай з брамкай, жонка Аляксандра Адамушкі не лянуецца, штогод высаджвае тут кветкі».

— Раней тут прама ў мяне пад акном на 17 кватэр стаяла 12 страшных, іржавых сметніц, — дадае Аляксандр Адамушка.

— Навошта столькі? — здзіўляюся.

— Відаць, за тое, што ён (указвае на Пратасевіча) скаргі пісаў. Дзякуючы сумленнасці і праўдалюбству гэтага чалавека, які апантаны прынцыпамі выканання сацыяльнай справядлівасці, тут адбываюцца нейкія паляпшэнні, за якія мы яму ўдзячныя. Бачыце, жыхары дома ўласнымі сіламі зрабілі сучасную кантэйнерную пляцоўку. Закупілі неабходныя матэрыялы, толькі аднаго бетону набывалі каля 30 кубоў. Штосьці рабілі самі, на нейкія работы наймалі будаўнікоў. Ніякай самадзейнасці. Усё зроблена ў адпаведнасці з праектам рэканструкцыі, які нам зацвердзілі ў Адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска.

— Аляксандр Мікалаевіч сціпла не кажа, што ўсе матэрыялы ён набыў за свае грошы, — удакладняе Аляксандр Пратасевіч. Малюнак на сцяне дома з'явіўся таксама дзякуючы Аляксандру Адамушку. Ён дамовіўся з паслом Бразіліі, каб наш дом уключылі ў праект вулічнага мастацтва «VULІCA BRASІL».

— Мурал маляваў мой добры знаёмы мастак Сяргей Русак з Ліды, кажа Аляксандр Адамушка. — Я яшчэ прывёз пару вялікіх гліняных амфар. Хацелася, каб наш дворык хоць крыху нагадваў Версаль. Але будаўнікі, калі мянялі старую цеплацэнтраль на новую, пашкодзілі іх каўшом экскаватара... Калі б хоць адзін жыхар у кожным доме ствараў прыгажосць не толькі ва ўласнай кватэры, але і вакол дома, то, думаю, людзі б хадзілі менш панурымі і ўсмешка б часцей з'яўлялася на нашых тварах».

«Пасля капрамонту старая кантэйнерная пляцоўка, канешне, не адпавядала прыгожым фасадам дома, — кажа старшы майстар ДП «ЖЭУ № 3 Ленінскага раёна г. Мінска» Марынэ Петрасян. — На маім участку, напрыклад, 88 дамоў, усе дваравыя тэрыторыі адразу добраўпарадкаваць за кошт бюджэту немагчыма. Чарга б да іх дайшлі сто працэнтаў, бо штогод у нейкім доме кантэйнерную пляцоўку абнаўляем. Але Беларуская, 14 у графіку не была менавіта ў той год, калі яны хацелі. Аляксандр Адамушка падышоў да мяне і сказаў, што працуе ў сферы будаўніцтва і хацеў бы зрабіць добраўпарадкаванне за свае грошы. Ён наогул малайчына, купіў там кватэру зусім нядаўна і адразу ж пачаў дзейнічаць. Усё зрабілі жыхары. Мы толькі дапамаглі ім разбурыць старую бетонную кантэйнерную пляцоўку, вывезлі ўсё смецце, утылізавалі яго. Прывозілі грунт, каб яны садзілі тое, што хацелі. А таксама падпраўлялі, дзе ў іх штосьці не атрымлівалася. Каб горад прыняў гэту кантэйнерную пляцоўку, каб яна адпавядала стандартам, на іх бетонную крошку за сродкі бюджэту паклалі асфальт. У нас у многіх дварах жыхары ствараюць прыгажосць.

Мы падтрымліваем такія ініцыятывы, чым можам, дапамагаем. Прыемна мець справу з людзьмі, якія хочуць жыць у чысціні».

Каментарый у тэму

Паводле слоў намесніка начальніка Інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па г. Мінску Паўла Драздова, у параўнанні з мінулым годам сёлета колькасць зваротаў у Дзяржбуднагляд па якасці работ пры капрамонце зменшылася (хоць у тым ліку з прычыны змяншэння колькасці аб'ектаў, якія рэгіструюцца ў інспекцыі). «Мы рэагуем на звароты грамадзян датычна фактаў парушэнняў праекта, тэхналогіі правядзення работ, у тым ліку даём прадпісанні на ўстараненне парушэнняў, штрафуем парушальнікаў. Пасля прынятых мер заўвагі, як правіла, устараняюцца. Асноўная прычына фактаў няякаснага правядзення работ на аб'ектах капрамонту — тое, што падрадныя арганізацыі не забяспечваюць аперацыйнага кантролю якасці работ і не прытрымліваюцца тэхналогіі іх выканання. Гэта сведчыць аб недастатковым кваліфікацыйным узроўні як саміх падрадных арганізацый, так і іх работнікаў, а таксама аб незабеспячэнні належнага тэхнічнага і аўтарскага нагляду».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

P. S. Падчас падрыхтоўкі матэрыялу я паразмаўляла з многімі службовымі асобамі. Большасць ставіцца да бясконцых скаргаў Пратасевіча не надта станоўча. І толькі старшы майстар агучыла думку, якую я ўжо неяк закранала ў адным са сваіх ранейшых матэрыялаў. Усё ж такі «часам Пратасевіч скардзіцца па справе. Я нават радуюся такім яго заявам, якія падказваюць, на што звярнуць увагу на сваім участку, што можна палепшыць у сваёй рабоце». Дарэчы, зварот Аляксандра Пратасевіча натхніў мяне на тэму для чарговага матэрыялу. Хочацца разабрацца, чаму ўсё ж такі мы не можам з першага разу зрабіць якасны капрамонт, бездакорна ўзвесці новы дом, пабудаваць дарогу, якую не трэба будзе бясконца рамантаваць. Чаму замест таго, каб марнаваць час на выпраўленне недахопаў, адразу ўсё не зрабіць так, каб камар носу не падтачыў?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?