Вы тут

«Баяўся, што прыйдзецца ў незнаёмым вялікім лесе заначаваць...»


У адным з філіялаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа — цікавая падзея... Літаратурна-музычнае свята «Туды, дзе неба з долам абняліся як браты...», прымеркаванае да 110-годдзя першай сустрэчы народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа і Янкі Купалы.


Купала і Колас у нашым уяўленні заўсёды стаяць разам. Нядзіўна: яны нібыта дапаўняюць адзін аднаго, ствараючы вобразны беларускі сусвет. Купала — неба, Колас — зямля... Аднолькава адданыя свайму народу і таленавітыя... А яшчэ аднолькавыя ініцыялы псеўданімаў, самі псеўданімы сугучныя. Нават нарадзіліся ў адзін год.

А вось сустрэліся не адразу... Хоць завочна былі знаёмыя даўно. Гістарычнае спатканне адбылося 28 ліпеня 1912 года ў Смольні пад Мікалаеўшчынай.

Смольня — гэта здзейсненая мара герояў «Новай зямлі», якія марылі пра ўласны куток... Міцкевічы змаглі набыць сваю хату ў 1910 годзе, праз 8 гадоў пасля смерці бацькі Якуба Коласа, Міхала. Жылі тут маці песняра Ганна Юр'еўна, дзядзька Антось, сёстры Міхаліна, Алена, Марыя, браты Уладзя, Міхась і Юзік. Зрэшты, пакупка была вымушаная — у вёсцы Мікалаеўшчына, дзе Міцкевічы жылі дагэтуль, здарыўся страшны пажар, згарэла трыста двароў... Хату ў Смольні пабудавалі «эканомным чынам»: дзядзька Антось знайшоў у вёсцы Яршы, што каля вытоку Нёмана, будынак на продаж — двухкласавую царкоўнапрыходскую школу. Разабралі тую школу, звязалі з бярвенняў платы, і родны Нёман даставіў пакупку проста на месца.

А сам Якуб Колас, калі будавалася хата, сядзеў у мінскай турме, куды трапіў за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе. Прыехаў у Смольню ўпершыню 19 верасня 1911 года. Усё падалося бедным, запусцелым... Таму паэт, каб упрыгожыць пейзаж, нават пасадзіў на сядзібе ліпы — яны растуць і дасюль.

«Асабістае маё знаёмства з Янкам Купалам адбылося летам 1912 года, — распавядаў Якуб Колас. — Вясною гэтага года я жыў у свайго таварыша настаўніка ў Беларуччы — 25 вёрст ад Мінску. У гэтай школе, як перадаваў мне таварыш, калісьці вучыўся Янка Купала. Так гэта было ці не так (я ў Купалы не правяраў), але гэты факт гаворыць ужо пра тое, наколькі стаў вядомы Купала і яго паэзія ўжо ў той час... Купала спецыяльна прыехаў пабачыцца са мной».

Сустрэча адбылася праз доўгі час пасля завочнага знаёмства яшчэ і таму, што Колас толькі што вызваліўся з турмы і знаходзіўся пад пільным наглядам паліцыі. Рабіць візіты і прымаць гасцей было небяспечна... «Обстоятельства моей жизни складывались так, что я не мог поехать к Янке Купале, чтобы встретиться с ним наедине. Поехать как к другу, которого я глубоко полюбил за его произведения. Я был под неусыпным оком полиции».

Пра гэтую знакавую сустрэчу напісана вельмі шмат... Давайце ўспомнім некаторыя цікавыя факты.

Пешкі ад Стоўбцаў

Дарога для Янкі Купалы далася няпроста...

«Пазваў мяне ў госці Якуб Колас. Грошай, як заўсёды, у мяне не было, каб наняць балагола, і я рашыў са станцыі Стоўбцы да вёскі ісці пехатою. Іду, іду, ужо і цямнець пачынае, кругом лес. Няма ў каго спытацца дарогі. Баяўся, што прыйдзецца ў незнаёмым вялікім лесе заначаваць, а тут і есці хочацца. Раптам павеяла вільгаццю, і я ўспомніў, што, па словах Якуба Коласа, Мікалаеўшчына стаіць на беразе Нёмана. Вось і пайшоў я ў гэтым напрамку. Так і дайшоў шчасліва да самай Коласавай хаты».

Словы тыя пацвярджае сам Колас у лісце да Льва Клейнбарта:

«Вёрстаў восем прайсці трэба было лесам. Раздзівілаўскія лясы вельмі вялікія, і свежаму чалавеку ў іх лёгка згубіць дарогу. Ведаючы, што Мікалаеўшчына стаіць на Нёмане, Купала кіраваўся тым меркаванем, што ў бок Нёмана павінна быць больш вільготнасці ў паветры, якую ён і адчуваў, і шчасна дайшоў да месца прызначэння, нягледзячы на начную пару і незнаёмства з мясцовасцю».

Коласа не было дома

Прыйшоў Купала лясамі-туманамі, а Коласа на месцы і няма!

«Якраз гэтымі днямі я быў у вёсцы ў аднаго са сваіх прыяцеляў. І раптам звяртаецца адна з сясцёр, усхваляваная, якая стамілася ад хуткай хады, і адразу з запалам сказала: «Да цябе прыйшоў Янка Купала!» Гэтыя словы моцна ўразілі мяне, я зараз жа развітаўся з прыяцелем і хутка накіраваўся да дома на сустрэчу з паэтам, якога я ведаў даўно, але ні разу яшчэ не бачыў, якога так моцна хацелася ўбачыць. Купала сядзеў за сталом, убачыўшы мяне на парозе дома, ён не спяшаючыся падняўся з месца, і накіраваўся насустрач мне. Дабрадушная ўсмешка, ясны малады твар, вясёлыя светла-карыя вочы з ледзь улоўнай хітрынкай — такі быў у маіх вачах Янка Купала. Такі жыве ён і дагэтуль у самым запаветным кутку маёй памяці...»

Цесныя туфлі

Вось вярнуўся Колас бегма дадому, сустрэць дарагога госця... Прывіталіся...

І заўважае Колас, што госць неяк дзіўна ходзіць, кульгае... Што здарылася?

Аказалася, што Купала, які быў яшчэ тым франтам і, наколькі дазвалялі сродкі, сачыў за модай, набыў сабе шыкоўныя туфлі. Падумаеш, трошкі зацесныя, пацерпіць! Зразумела, у госці да паважанага калегі Купала абуў абноўку.

У Смольні захаваўся стол, за якім сядзелі класікі.

Але на туфлі грошы знайшоў, а на рамізніка — не. Пакуль блукаў у Радзівілаўскіх лясах, ногі ўшчэнт змыліў. Вось, пакуль Коласа не было і госць застаўся ў хаце сам-насам, ён туфлі і зняў... А як Колас падышоў — зноў абуў. Ды спяшаўся і ўдзеў не на тыя ногі.

Тады Колас зноў цікуе: што ж госць гэтак сціпла за сталом трымаецца? Чарку толкам не падыме, страву сабе не накладзе...

Аказалася, што і новы піджак хоць модны, а зацесны, рукі не выцягнуць.

Кажуць, пасля гасцявання ў Коласа Купала некалькі дзён хадзіў ці ў тапках, ці басанож.

Зухаватае спаборніцтва

На карцінах, якія адлюстроўваюць векапомную сустрэчу класікаў, тыя сціпла сядзяць за сталом за кубкамі з гарбатай.

Ды ганьба беларускай хаце, дзе доўгачаканага здарожанага госця частуюць за пустым сталом адным падфарбаваным кіпнем!

Зразумела, гаспадары вывалілі на стол усё, што мелі... І шкварка была. І чарка. І зухаватае спаборніцтва, хто каго перап'е. Купала, па прызнанні Коласа, перамог.

«Пасля выпіўкі пайшлі спаць у гумно на гарох», — сціпла занатоўвае Колас.

А назаўтра маладыя паэты — абодвум каля трыццаці, самы росквіт — пайшлі цягацца па наваколлі. У мястэчку Новы Свержань завіталі да знаёмага ксяндза, спустошылі ягоныя запасы... Потым пайшлі на станцыю Стоўбцы, адкуль Купала мусіў вяртацца дадому, і там зноў працягнулі сваё спаборніцтва. «І, як кажуць, засталіся «і не лысымі», — пісаў Колас.

Чаму мала перапіскі?

«Аб гэтай сустрэчы мне не раз даводзілася казаць. Але яна такая светлая, радасная, такая яркая і жывая ў маёй памяці, што і зараз хочацца сказаць пра яе некалькі слоў» — успамінаў Якуб Колас.

А вось перапіскі таго часу паміж двума класікам, аказваецца, не так і шмат!

Колас тлумачыў Льву Клейнбарту ў 1928 годзе:

«Увесь час жывем мы вельмі дружна, хоць перапіскі між намі і не было, калі не лічыць вельмі нешматлікіх лістоў, якімі абмяняліся мы за ўсё жыццё. Купала невялікі ахвотнік да перапіскі. Я, як зганьбаваны чалавек у вачах начальства, таксама стараўся пазбягаць яе. Акрамя таго, наш час слаба спрыяў правільным паведамленням па пошце».

Наступны раз класікі сустрэліся ў 1913 годзе ў Вільні, калі Купала жыў у рэдакцыі «Нашай Нівы». У час вайны згубілі адзін аднаго і да 1921 года не сустракаліся.

Ну а потым, як успамінаў малодшы сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, «Купала быў у нашай хаце часта, і мы бывалі ў яго ў гасцях. Шмат чаго было цікавага ў іх адносінах... Купала быў вельмі далікатны чалавек, знакаміты, заўсёды з лагодным выразам твару. Ён заўсёды, калі прыходзіў да нас, нешта прыносіў — які-небудзь падарунак мне. Неяк падарыў два шыкоўныя альбомы жывёльнага свету. А мы з бацькам заходзілі да яго, калі хадзілі ў лазню Паплаўскага — насупраць дома Купалы. З лазні выходзілі — і да яго. У Купалы была цэлая калекцыя гліняных чарапкоў, цэлая куча каменьчыкаў, якія ён, відаць, прывозіў з мора. І мне даставалася. Яны бавілі час звычайна ўдваіх: гулялі ў шахматы, абмяркоўвалі свае пытанні».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».