Вы тут

Сонца маладзіковае і пераблытаныя старонкі. Таямніцы «Псалтыра» Скарыны


Сёння важная дата для беларускай культуры: 505 гадоў таму на свет з'явілася першая беларуская друкаваная кніга, «Псалтыр» Францыска Скарыны. Выданне, якое пабачыла свет у Празе 6 жніўня 1517 года, лічыцца першай кнігай, надрукаванай на мове ўсходнеславянскай групы народаў.


Для нас знакава, што, лічыце, роўна праз чатырыста гадоў пасля гэтай падзеі з'явіўся на свет і першы нумар газеты «Звязда». Роднай газеты, якая выдаецца на роднай мове Францыска Скарыны.

Давайце ўспомнім некалькі цікавых фактаў пра першую беларускую кнігу.

Гэта падручнік

Гэта была не проста кніга — а падручнік. «Псалтыр» лічылася кнігай універсальнай, якая змяшчае разнастайныя веды. Скарына пісаў: «Псалом есць... дзецям малым да ўсякае добрае навукі, дарослым памнажэнне ў навуцы, мужам моцнае зацвярджэнне...»

Выдавец лічыў, што, чытаючы «Псалтыр», чалавек вывучыць граматыку, навучыцца не толькі светапоглядным ісцінам, але і красамоўству. Недарэмна «Псалтыр» — адзіная кніга, якую Скарына перавыдаваў двойчы.

У выданні пераблытана нумарацыя

Упершыню ў кірылічным кнігадрукаванні Скарына ўжыў фаліяцыю, гэта значыць паслядоўную нумарацыю лістоў. Раней калі і ставіліся нумары, дык на асобныя сшыткі. У Псалтыры нумары стаяць на тытульным баку кожнага ліста, унізе справа. Магчыма, менавіта таму, што справа была новая, нязвыклая, у «Псалтыры» пераблытаныя нумары старонак: на 38-й значыцца 30-я. Магчыма, гэта звязана з тым, што нумары прастаўляліся чэшскімі друкарамі, якія не ведалі славянскіх лічбаў. Бо лісты Скарына нумараваў не арабскімі лічбамі і нават не рымскімі, а кірылічнымі, гэта значыць, літарамі алфавіта.

Рарытэт ледзь не згубіўся

Першая беларуская кніга лёгка магла не дайсці да нас! У 1776 годзе пецярбургскі кнігагандляр Вогак набыў канвалют — так называюць кнігу, дзе пад адной вокладкай сабрана некалькі выданняў. Там было шэсць пражскіх выданняў Скарыны і ўрывак з «Псалтыры». Але аб'ява аб знаходцы ў навуковым свеце прайшла амаль незаўважанай, а канвалют згубіўся. У 1860-х гадах на Ніжагародскім кірмашы «Псалтыр» купіў мецэнат Хлудаў. Пасля гэтага і даведаўся пра першую ўсходнеславянскую друкаваную кнігу навуковы свет.

Выданне трэба складаць як пазл

Справа ў тым, што вядомы толькі два экзэмпляры першай беларускай друкаванай кнігі. Абодва захоўваюцца ў Расіі: адзін — у Дзяржаўным гістарычным музеі, другі — у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы. І абодва асобнікі няпоўныя! У адным няма пачатку, у іншым — канца. Каб уявіць сабе кнігу цалкам, трэба абодва экзэмпляры сумясціць.

Невядома, якая старонка была першай

Да гэтага часу застаецца загадкай, якая ж старонка была ў скарынінскай «Псалтыры» самай першай? Справа ў тым, што першы ліст адарваўся і захоўваўся асобна. Пры рэстаўрацыі яго падклеілі, але ёсць версія, што не тым бокам. На адной старонцы ліста — гравюра з радаводным дрэвам Ісуса Хрыста, на другім баку — гравюра з выявай цара Давіда і назва кнігі. Магчыма, яна і з'яўляецца першай — бо менавіта біблейскі цар Давід — аўтар псалмоў.

Ці быў Скарына мастаком?

Лічылася, што Францыск Скарына сам афармляў свае кнігі, ну ці па яго малюнках рабілі гравюры. Але навукоўцы сцвярджаюць, што нават у самым першым выданні, як і ў наступных, друкары пражскай друкарні выкарыстоўвалі гравюры з больш ранніх выданняў. Напрыклад, гравюра з «Псалтыры» з выявай радаводу дрэва Ісуса Хрыста, аказваецца, надрукаваная з той самай дошкі, што была выкарыстана ў пражскім выданні 1498 года.

Загадкавы сыгнет

Менавіта ў «Псалтыры» ўпершыню з'яўляецца выдавецкі знак Скарыны, які аб'ядноўвае сонца і паўмесяц. Што ж азначае гэтае «сонца маладзікавае»? Ёсць версія, што Скарына абраў гэты знак у сувязі са сваім днём нараджэння. Бо месяц, які «наплывае» на сонца — сімвал сонечнага зацьмення. Беларускі мастацтвазнаўца Мікалай Шчакаціхін устанавіў, што 6 сакавіка 1486 г. сонечнае зацьменне назіралася ў Полацку. Магчыма, менавіта ў той дзень у сям'і купца Лукі і нарадзіўся наш будучы першадрукар.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.