Вы тут

Як зразумець, што вы больш не патрэбны мужчыну? 4 асноўныя прыкметы


Мужчыны лёгка пачынаюць адносіны, але ўзяць на сябе адказнасць за расстанне ў іх не заўсёды хапае смеласці. Яны да канца не ўпэўненыя: ці патрэбна ім жанчына, якая побач. Вось некалькі прыкмет, што партнёр страціў цікавасць, але не ведае, як пра гэта сказаць. Навучыцеся распазнаваць мужчынскія сігналы, гэта дапаможа вам лепш разумець партнёра і яго адносіны да вас.


Ён не ахвотна ідзе на кантакт. Усе мы бываем празмерна занятыя. Але калі раней мужчына заўсёды быў на сувязі, а зараз часамі і суткамі не адказвае на паведамленні і не бярэ трубку, магчыма, ён паступова аддаляецца. Бо абмеркаванне мінулага дня, праблемы на працы — гэта частка стасункаў. Пры гэтым можа ўзнікаць адчуванне, што яго ўвагу даводзіцца выпрошваць. Вы размаўляеце, задаяце пытанні, хочаце пагаварыць пра нейкія назапашаныя праблемы, але ён быццам і не чуе вас. Хутчэй за ўсё, ён губляе да вас цікавасць. Цяпер партнёр сумняваецца ў вашай сумеснай будучыні, таму не лічыць патрэбным абмяркоўваць пытанні з чалавекам, які неўзабаве, магчыма, стане чужым.

У яго няма часу на вас. Гэта любімае апраўданне мужчын, якія стаміліся ад адносін і не жадаюць іх працягваць. Звярніце ўвагу на тое, што, як правіла, такія паводзіны маюць перыядычны характар: хвіліну таму ён вольны, але як толькі вы кажаце аб сумесным адпачынку, у яго ўзнікае мноства спраў. Спачатку вы будзеце лічыць гэта супадзеннем, але калі сітуацыя паўтараецца з разу ў раз.... Калі мужчына стаміўся ад адносін, то зносіны перастаюць цешыць яго, ён імкнецца пазбягаць вас. Ён шукае станоўчыя эмоцыі ў любімым хобі, у таварыстве сяброў, прыходзіць дадому позна, спасылаючыся на занятасць на працы. Узгадайце справядлівую прымаўку: «Хто не хоча, знаходзіць прычыну, хто хоча — заўсёды знойдзе магчымасць». На каханую жанчыну ў мужчыны заўсёды знойдзецца час, жаданне і энергія.

Слова «заняты» можа разбурыць любыя адносіны. Надзвычайная «занятасць» можа здацца пераканаўчым апраўданнем, але на справе за гэтым паняццем заўсёды хаваецца мужчына, які не быў зацікаўлены ў тым, каб вам напісаць, патэлефанаваць і запрасіць на спатканне. Памятайце: у мужчын заўсёды знойдзецца час, каб дабіцца таго, чаго яны хочуць. 

Ён пазбягае сумесных планаў. Мужчына пазбягае абмеркаванне агульных планаў, не падтрымлівае размовы пра дзяцей. Нават простыя пытанні аб планах на лета выклікаюць у яго раздражненне. Ён стаміўся ад адносін, таму яму не хочацца думаць аб тым, што гэты стан будзе працягвацца. 

Многія мужчыны страчваюць цікавасць, калі разумеюць, што партнёрка ўсё роўна ўжо нікуды не падзенецца. Яны думаюць так: навошта марнаваць грошы на кіно і рэстаран, калі можна схадзіць у бар з сябрамі. Яна ж і так заўсёды побач са мной. Значыць, можна не прыкладаць ніякіх дадатковых намаганняў. Навошта нешта рабіць, калі і так усё добра…

Ён не імкнецца вам падабацца. Ён нават пальцам не паварушыць, каб вас некуды запрасіць. Больш за тое, вам будзе здавацца, што яму наогул няма справы да таго, ёсць у вас адносіны ці не. Ніякіх цікавых спатканняў, ніякіх сумесных планаў. Ён перастае сачыць за сабой, больш не імкнецца вас здзівіць або зрабіць уражанне. Усё па мінімуме. Гэта дрэнны знак. Кахаючы, мужчына заўсёды імкнецца ўкладвацца ў сваю жанчыну (грашыма, часам, энергіяй), рабіць яе шчаслівай. Чым больш ён робіць для яе, тым больш каштоўнай яна для яго становіцца. Калі ж яму ўсё роўна — значыць, не так ужо моцна яна яму патрэбна.

Ён эмацыянальна аддаліўся. Адносіны ствараюць двое, а калі адзін толькі дазваляе сябе кахаць, але сам не выяўляе ініцыятывы, то гэта кажа аб стомленасці і абыякавасці. Калі партнёр фізічна знаходзіцца побач, але ўзнікае адчуванне, што эмацыянальна ён ужо не з вамі, гэта можа быць ахоўным механізмам, да якога часта звяртаецца той, хто не ведае, як выказаць пачуцці, але не можа сысці. Верагодна, вы назіралі, што часта мужчыны як бы шукаюць падставу, каб пасварыцца і часова расстацца: гэта дасць ім час зразумець, свае сапраўдныя жаданні — ці жадаюць яны працягваць стасункі. Яму зручна, што ў разрыве вінаваты не ён, а значыць, ёсць магчымасць у любы момант вярнуцца, калі не атрымаецца стварыць новы звяз з іншым чалавекам. Але абыякавасць кахаючаму чалавеку не ўласціва. Пакуль мужчына кахаў, вы былі яму цікавыя. Ён даваў гэта зразумець, так ці інакш. 

Калі яму абсалютна ўсё роўна тое, як вы выглядаеце, як сябе адчуваеце, чым цікавіцеся — значыць, і вы сталі яму абыякавыя.

Ён пазбягае дакрананняў. Калі нам чалавек падабаецца, мы адчуваем унутраную непераадольную неабходнасць да яго дакранацца. Дакрананні жанчыны, да якой мужчына ўжо не адчувае ранейшых пачуццяў, становяцца яму непрыемныя. Накшталт, ён адпіхвае руку, калі вы хочаце дакрануцца, адхіляецца, калі спрабуеце пацалаваць. Вядома, фізічнай блізкасці ён таксама будзе, несумненна, пазбягаць. Аднак інтымная блізасць — важны складнік сямейнага жыцця. Чалавеку патрэбныя абдымкі і пацалункі, адчуванне цяпла свайго партнёра, яго клопат, пагладжванне. Інтымныя адносіны ўплываюць на псіхалагічную задаволенасць — мы адчуваем сябе каханымі, патрэбнымі, жаданымі, атрымліваем зарад эндарфінаў, тым самым умацоўваем эмацыйную блізасць. Без сексу сям’я становіцца непаўнавартаснай.

Таму калі мужчына, з якім вы сустракаецеся, не тэлефануе вам, нягледзячы на ўсе свае абяцанні, не праводзіць з вамі свой час, то ці варта на ім зацыклівацца? Бо вам патрэбны партнёр, які прынамсі можа стрымаць слова. Мужчыны не такія ўжо складаныя, але часта спрабуюць пераканаць у адваротным, кажучы нешта накшталт: «Цяпер у мяне ў жыцці проста складаны перыяд, зашмат працы». Але факт застаецца фактам: нават калі перастанеце прыдумляць для яго апраўданні, яго ўчынкі гавораць, нават крычаць самі за сябе. У рэшце рэшт зразумейце: чым больш вы сябе шануеце, тым больш шанцаў у вас пабудаваць здаровыя адносіны.

Псіхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

Фота: рexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».