Вы тут

Маладыя спецыялісты Магілёўшчыны пра арэнднае жыллё


Андрэй Трэй працуе настаўнікам у школе аграгарадка Мяжысеткі Магілёўскага раёна. Нядаўна ён справіў наваселле ў арэнднай кватэры і вельмі гэтым задаволены. У месяц арэнднай платы за яго трохпакаёўку набягае прыкладана 100 рублёў плюс камунальныя паслугі. Вельмі прымальны для маладога чалавека варыянт. «Летась звярнуўся ў аддзел адукацыі, а сёлета ўжо атрымаў ключы ў новым доме, — кажа суразмоўца. — Умовы ёсць, можна цалкам прысвяціць сябе любімай рабоце. І гэта цудоўна».


Дом па вуліцы Бурдэнка.

Прывабная альтэрнатыва

Тэрмін «арэнднае жыллё» з’явіўся ва ўжытку беларусаў роўна 10 гадоў таму — з прыняццем Указа Прэзідэнта № 512. Мэта была стварыць альтэрнатыву для тых, хто здымае кватэры, а заадно папоўніць бюджэт. У Магілёве першыя два арэндныя дамы з'явіліся ў 2014 годзе. Яны былі пабудаваны на вуліцы Алтайскай. Арэндным цалкам стаў і першы электрычны дом, які быў узведзены на вуліцы Вароўскага два гады таму. І гэта практыка паспяхова развіваецца.

— Арэндная кватэра таннейшая, чым здымная, — тлумачыць, у чым галоўны плюс такога жылля, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскага гарвыканкама Ігар Данькоў. — Асабліва для тых катэгорый грамадзян, якія маюць права на яе першачарговае атрыманне. Як, напрыклад, маладыя спецыялісты, якіх арганізацыі і ўстановы могуць замацоўваць у сябе з дапамогай арэнднага жылля, у тым ліку ў сельскай мясцовасці. Гэта ўрачы, педагогі, спартсмены, вайскоўцы, супрацоўнікі міліцыі, ратавальнай службы. Па Магілёве для першачаргавікоў устаноўлены каэфіцыент 0,1. З яго улікам метр каштуе ўсяго 38 капеек. Перамнажаеш на агульную плошчу і атрымліваеш суму, у якую абыдзецца арэнда за жыллё.

З калонамі і французскімі вокнамі

Пра арэнднае жыллё нядаўна ўспаміналі ў Магілёве падчас калегіі Міністэрства ЖКГ. Удзельнікі нават пабывалі ў доме № 2 па вуліцы Бурдэнкі, які быў здадзены сёлета. У ім 28 кватэр атрымалі статус арэндных. Гэта дзвюх- і трохпакаёвыя кватэры агульнай плошчай ад 58 квадратаў да прыкладна 80 квадратных метраў.

Дзесяціпавярховік яшчэ ў працэсе засялення, першы паверх тут зроблены пад крамы, астатнія дзевяць — для жылля. Звонку выглядае самавіта — калоны, французскія вокны, вакол добраўпарадкаваная зона з безбар'ерным асяроддзем. На ўваходзе ў пад'езд — відэакамера, парадны, дастаткова шырокі ганак і ліфт — без запрашальнага маршу, як у іншых дамах, дзе трэба падымацца на пэўную колькасць прыступак. Маладыя маці з каляскамі гэта хутка ацэняць. Ліфт таксама не зусім звычайны. У адрозненне ад дамоў ранейшага пакалення, вялікі — можна без праблем завезці канапу на дзясяты паверх. Плюс з галасавым суправаджэннем і выхадам на два бакі.

Арэндная двухпакаёўка прыемна ўразіла. Два балконы, спальня ў форме няправільнай трапецыі, вялікая кухня. Кватэра зроблена цалкам пад ключ. На вокнах і балконе шклопакеты, на сценах шпалеры і кампактныя батарэі з тэрмарэгулятарамі, на падлозе ламінат. Заязджай, вешай жырандолю і жыві.

Будаўнічая кампанія «Прамжылбуд» паклапацілася, каб утульна было не толькі ўнутры дзесяціпавярховіка, але і звонку. Вялікая рознаўзроўневая пляцоўка зроблена з пад'ездамі і стаянкамі для аўто, шмат зялёных астраўкоў.

Попыт вялікі

На 1 ліпеня ў Магілёве налічвалася 3369 жылых памяшканняў камунальнага жыллёвага фонду, уключаных у склад арэнднага жылля. Пералік вольнага арэнднага жылля і правілы яго атрымання можна паглядзець на сайце Магілёўскага гарвыканкама. Звычайна за кандыдата на арэндныя плошчы хадайнічае арганізацыя ці прадпрыемства, але можна спытаць удачу і самастойна. Для гэтага трэба звярнуцца ў службу «адно акно» адміністрацыі па месцы яго знаходжання. Праўда, ужо на агульнай падставе. У такім выпадку будзе дзейнічаць каэфіцыент не 0,1 а — 0,6 (на сёння па Магілёве). І трэба разумець, што першачарговым правам скарыстаецца ўсё ж такі спецыяліст, аб якім хадайнічаюць.

— Усю інфармацыю мы выстаўляем адразу на сайт, — кажа Ігар Данькоў. — Вельмі шмат хадайніцтваў на першачарговае атрыманне жылля. На новыя кватэры падаецца ад 6 да 8 заяў, на кватэры паўторнага карыстання попыт ніжэйшы, але ўсё залежыць ад месца іх знаходжання. Калі гэта цэнтр, то ахвотных болей. На жыллё, якое прапануецца з частковымі выгодамі — гарачая вада, напрыклад, адсутнічае, — прэтэндэнтаў яшчэ менш.

Попыт на арэндныя кватэры не падае. Калі ў 2014-м наваселле ў арэндным жыллі справіла 159 чалавек, то ў 2021-м — 231. Толькі сёлета за паўгода яго атрымалі 88 чалавек. Летась за карыстанне арэнднымі жылымі памяшканнямі ў гарадскі бюджэт паступіла 1,487 мільёна рублёў, сёлета пералічана ўжо болей чым 843 тысячы рублёў.

— На мой погляд, арэндныя дамы будуваць выгадна, — лічыць начальнік аддзела. — Асабліва, калі за арэнду плацяць па поўным кошце — 3,84 рубля за квадратны метр. Грошы за арэнду ідуць на спецыяльны рахунак, а потым на будаўніцтва новага арэнднага жылля або яго рамонт. Летась, напрыклад, каля 240 тысяч было выдзелена на рамонт 29 жылых памяшканняў арэнднага фонду, сёлета болей чым 149 тысяч на рамонт 14 памяшканняў. Дарэчы, хутка на праспекце Шміта будзе пабудаваны яшчэ адзін дом, дзе таксама пад арэнднае жыллё прадугледжана некалькі кватэр.

А што на вёсцы?

Падчас калегіі прагучала, што ў Магілёўскай вобласці больш чым 9 % арэнднага жылля пустуе па паўгода і больш. Ёсць такія прыклады ў Магілёве, але па вобласці іх значна болей. На 1 ліпеня іх налічвалася 2399 (усяго 26 344 арэндныя памяшканні). Па словах начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскага аблвыканкама Міхаіла Сухарава, тры чвэрці такога жылля знаходзіцца ў вёсцы. Прычым частка яго прынята ад сельскагаспадарчых арганізацый, якія абанкруціліся і знаходзіцца ў аварыйным стане. Не запатрабавана таксама жыллё ў аддаленых населеных пунктах, якое было пабудавана ў перыяд з 1991 да 1996 года за кошт «чарнобыльскіх» сродкаў.

Каб паскорыць працэс, выканкамы пачалі выдзяляць арэндныя метры з умовай, што самі грамадзяне іх адрамантуюць. Па жыллі, якому рамонт ужо не дапаможа, прымаецца рашэнне аб зносе. Толькі за паўгода было знесена 90 такіх дамоў, яшчэ 11 прададзена, у тым ліку за 10 % ад яго ацэначнага кошту. Продаж на такіх льготных умовах арэнднага жылля прадугледжвае Указ № 177, які распрацаваны ў мэтах стварэння дадатковых умоў для комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. Нізкі попыт на сельскія арэндныя дамы тлумачыцца часцей за ўсё аб'ектыўнымі фактарамі. Такімі, як, напрыклад, аддаленасць ад буйных населеных пунктаў, адсутнасць работы, сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры. «Пытанне эфектыўнага выкарыстання арэнднага жылля ў сельскай мясцовасці патрабуе комплекснага рашэння, — падкрэсліў Міхаіл Сухараў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.