Вы тут

«Я ведаў, што ён ніколі не зачэпіць мяне, — звяры ўмеюць помніць дабрыню»


Зразумела, і ў пісьменнікаў маюцца хатнія жывёлы — кошкі, сабакі, папугайчыкі, рыбкі... Праўда, на тое і пісьменнікі, каб вылучацца ва ўсім. Чарльз Дыкенс трымаў крумкача па мянушцы Грып, Байран яшчэ студэнтам Кембрыджа завёў мядзведзя і выгульваў яго на ланцугу да агульнага застрашэння і абурэння, Шарль Бадлер прытуліў кажана, якога ўласнаручна карміў малаком і хлебам, а нарвежскі драматург Генрык Ібсен меў за гадаванца... скарпіёна.


Фота: pixabay.com

Зразумела, хатнія жывёлы нярэдка робяцца героямі твораў сваіх гаспадароў. Не выключэнне і беларускія літаратары. Давайце паглядзім, каго яны сялілі ў дамах сваіх персанажаў.

Мядзведзь

Уладзімір Караткевіч падзяляў густы Байрана ў дачыненні да хатніх гадаванцаў. Прынамсі, у апавяданні «Былі ў мяне мядзведзі» галоўны герой, мастак-анімаліст, сын лесніка, ажно двух мядзведзяў за жыццё прытуліў. Першага, Бурыка, яшчэ ў дзяцінстве.

«Яго прынеслі мне ўзімку саракавога года. Прынёс палясоўшчык з Румеля, мужык з чырвонымі шчочкамі, кучаравымі вялізнымі вусамі і саладзейшымі вочкамі колеру турэцкага тытуню. Палясоўшчыкі ўспаролі мядзведзіцу — тады яшчэ паляванне на мядзведзяў не было забаронена,— забілі яе, двух медзведзянят пабралі сабе, а трэцяга занеслі бацьку».

Медзведзянятка было зусім маленькае, яго даводзілася з рук карміць, паіць... А калі Бурык пачаў падрастаць, гаспадары прывучалі яго, як паводзіцца ў лесе, здабываць ежу.

«Марка спецыяльна, на вачах у яго, адкідаў і перакульваў камяні і калоды, браў чарвякоў, што спяшаліся ў зямлю, ды лічынак і харчыў імі Бурыка. Той аж чамкаў. З месяц нічога ў нас не атрымлівалася. І якая ж была радасць, калі ён упершыню паспрабаваў адцягнуць калоду. Невялікую. Ён быў гладзенькі, і сыты, і ўжо досыць моцны.

— Пакрыўдзілі мы яго, — сказаў Марка, — то трэба выправіць, як здолеем. Каб не збыткаваўся з яго лес, як выпусцім».

Мудрыя гаспадары патрапіліся Бурыку... «Пэўна, не адзін чалавек шчыкаў тады сябе за руку, убачыўшы, як купаюцца ў Водры або разам выходзяць на адхон хлопчык і мядзведзь, якога хлопчык вядзе за вуха». Нават калі Бурык нашкодзіў, да мёда ў каморы дабраўся, не пакаралі:

«— А чаго яго біць, — спакойна сказаў бацька і нібы растлумачыў: — Мядзведзь. Узялі, то цярпець маем. Мёд — гэта ўжо вышэй за яго і за дысцыпліну».

Бурык выратаваў жыццё героя, калі на таго пабег ашалелы бык... А потым яго выпусцілі ў лес...

«...Маці дазволіла адвесці мядзведзя толькі ў нядзелю, усе тры дні адкормлівала яго, як кабана, і калі мы вялі Бурыка ў машыну — дырэктар, у падзяку за бугая, даў дзеля гэтага старэнькую саўгасаўскую палутарку, — цалавала яго ў морду і плакала».

Вось жыццё другога мядзведзя аказалася гарчэйшым... Ён удзельнічаў у здымках фільма пра тое, як да мастака-анімаліста трапляе медзведзянятка. Пасля здымкаў Тупа аддалі на станцыю юных натуралістаў... Але там вісусы пачалі яго мучыць, звер узбунтаваўся — і вярнулі яго на студыю. Дзе ён ледзь не здох... Пакуль той жа мастак не пабачыў яго і не забраў сабе.

«...Другі мой мядзведзь пражыў у мяне два з паловаю месяцы, і, слова гонару, гэтыя месяцы былі аднымі з найлепшых месяцаў у маім жыцці. Слаўна нам жылося. Ён пасыцеў, поўсць стала льснянай і чыстай. Любіў качацца ў снезе і купацца. Спаў каля батарэі, але часам клаўся да мяне ў ногі і ўпарта не хацеў злазіць з тахты. Я ведаў, што ён ніколі не зачэпіць мяне, ніколі не азвярэе, што гэтыя сталёвыя простыя кіпці, толькі злёгку сагнутыя на канцы, ніколі не ўдараць: звяры ўмеюць помніць дабрыню. Але што я мог зрабіць? Улетку я заўсёды ад'язджаў на некалькі месяцаў маляваць, і на каго я мог пакінуць яго ў горадзе? А ўзяць і вазіць з сабой?.. Мне заставалася суцяшэнне, што я даў яму пару месяцаў харошага жыцця, якое нічым не было азмрочана».

Гаспадар завёз Тупа ў запаведнік — «жыць на волі і для волі».

У апавяданні два фіналы — чытач, як і галоўны герой, сам выбірае, у які верыць. У адным варыянце Тупа застрэльваюць, у другім ён шчасліва жыве ў лесе.

Цмок

Ну як жа абысціся без цмокаў, беларускіх драконаў! У кнізе Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях» ёсць гісторыя пра дворнага слугу Карпа, які хоча ажаніцца з прыгажуняй Агапкай, а для гэтага, паводле волі пана, трэба зарабіць пэўную колькасць грошай на гаспадарку. А для гэтага звяртаецца да Парамона, найстрашнейшага чараўніка.

Помнік Цмоку ў Лепелі.

«Парамон выняў са скрыні загорнутыя ў паперу нейкія зярняткі і, даючы іх Карпу, так раіць:

— Калі не маеш свайго чорнага пеўня, дык расстарайся дзе-небудзь, накармі яго гэтым зернем, і ён праз колькі дзён знясе яйка, не большае за галубінае. Гэтае яйка ты павінен насіць цэлы месяц пад леваю пахаю. Праз месяц вылупіцца з яго маленькая яшчарачка, якую будзеш насіць пры сабе і кожны дзень карміць малаком са свае далоні. Расці яна будзе хутка, а па баках у яе вырастуць скураныя крылы. Праз месяц яшчарка ператворыцца ў крылатага цмока. Ён будзе выконваць усе твае загады. Ноччу ў чорным абліччы прынясе табе жыта, пшаніцы і іншага збожжа, а калі прыляціць, палаючы агнём, дык гэта значыць, што будзе мець пры сабе золата і срэбра. Жыві з ім у дружбе, калі хочаш быць багаты, бо калі ўгнявіш, дык ён можа спаліць табе хату і ўсё тваё дабро».

Так, урэшце, і сталася — цмок, якога Карпа выгадаваў і які зрабіў яго багатым, спаліў яго хату, бо пабожная Агапка, стаўшы жонкай Карпы, не захацела цярпець прысутнасць нячыстай сілы...

Кура Шчабятура

Але не заўсёды чалавеку хапае мудрасці выбраць хатняга гадаванца па сваіх сілах. У фантастычнай аповесці Пятра Васючэнкі пра авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага хто толькі не з'яўляўся ў доме лянотных шляхетных паноў... Аднойчы галодныя паны сустрэлі Куру Шчабятуру, вялікую пярэстую птушку, якая прапанавала панам знесці для іх яйка.

«— Што нам за наедак з твайго яйка, калі мы з панам Кубліцкім глытаем іх адразу цэлае рэшата, — пагардліва кажа пан Заблоцкі.

— Вось каб з яйка ды вывелася куранятка, — уторквае свае два шэлегі пан Кубліцкі.

— А што? Можна, каб вывелася. Бо я птушка заморская, яйкі не абы-якія нясу, — кажа Кура Шчабятура.

— А ў кураняці будуць усяго дзве ножкі? — трывожыцца пан Кубліцкі. — А ці можна, пані Кура, каб адразу чатыры нагі?

— Сорак, сорак, — сіпіць пан Заблоцкі. — Падавай нам кураня-сараканожку.

— Можна і гэта, — згаджаецца Кура. Але пану Заблоцкаму ніяк не ўладзіш.

— Каб і сала было на ім у далоню таўшчынёй! А ростам каб была з быка! Во!

— Добра, панове, — кажа Шчабятура. — Толькі я такую гаргару не бяруся наседжваць. Ужо самі, панове, як-небудзь старайцеся».

Знесла Кура Шчабятура на замову паноў яйка са стог вышынёю.

«Хапіла клопату панам, пакуль па чарзе наседжвалі яго сваімі шырокімі азадкамі. Але вось у яйку нешта грукоча, нешта стукоча, як у малатарні, асыпаецца шалупінне — і перад панамі з'яўляецца куранятка. Няможна апісаць, што гэта быў за страхапуд. Гара гарою, наперадзе бычыныя рогі і свінячы лыч, назаду хвост, як у пеўня. Яно рохкае немым голасам, тады лопае скрыдламі — і паны валяцца на зямлю як падкошаныя. А пачвара з жудасным рохканнем прастуе на сарака лапах да лесу, ажно зямля за ёю курыцца.

З тае пары за рэчкай Парэчкай у пракаветнай пушчы завёўся страшэнны звер. Днём ён хаваецца ў нетрах, а ўвечары падкрадаецца да чалавечага жытла, душыць
сабак, свіней, кароў. А як у небе поўня, дык рохкае на ўсю ваколіцу, і ад таго рохкання ў людзей валасы шапку падымаюць».

Вожык

Янка Брыль распавядае пра істоту, якую беларусы нярэдка трымалі ў дамах.

«Нашага вожыка тата злавіў у лесе і прынёс у кішэні дахаты. Спачатку вожык ляжаў як клубок. Як паклалі яго ў кутку, пад маім ложкам, так ён і ляжаў. Я наліў яму ў сподачак малака. А вожыку хоць бы што. Тады я лёг побач з ім на падлозе і пачаў назіраць.

На дварэ змяркалася, і пад ложкам рабілася цёмна.

— Дурненькі ты, — сказала мама. — Ты яго толькі не чапай, ён і сам малако тваё знойдзе.

І праўда, толькі я лёг у ложак і ў хаце зрабілася ціха, як у куточку нешта ціхенька заварушылася. Заварушылася і пачало вось гэтак чмыхаць:

— Ту-ту-ту-пых! Ту-ту-ту-пых!

А потым па дошках падлогі затупацелі маленькія мяккія ножкі».

Герой апавядання любіць свайго Тупціка, нават каб развесяліць, зняў аднойчы са сцяны люстэрка і паставіў на падлозе. «А вожык падышоў да люстэрка, наставіў лычык, паглядзеў і надзьмуўся, каб настрашыць таго, што ў люстэрку. А той, што ў люстэрку, надзьмуўся таксама, і вось яны разам зрабілі:

— Пых!»

Але гаспадары не захацелі пазбаўляць звярка волі назаўсёды, занеслі Тупціка ў агарод і выпусцілі.

Жораў

Жораў з апавядання Цёткі «Міхаська» — адзін з самых запамінальных і шчымлівых герояў беларускай літаратуры. Ён робіцца адзіным сябрам сіраты Міхаські, якога з маленства цкуюць, збіваюць, мораць голадам... Хлопчык ні ад каго дабра і спачування не бачыў, рос азлобленым... Пакуль не адбіў ад вясковых хлапчукоў параненага жорава. Птушка і сірата сталі ратункам адно аднаго. Разам сядзелі ў падпечку, разам цярпелі голад і злосць Міхаськавай мачыхі... Дзякуючы птушцы, якая шчыра адказвала на ягоную любоў, і Міхаська змяніўся... І стаўленне да яго людзей таксама. І калі бедны хлопчык памёр, жораў праводзіў яго ў апошнюю дарогу.

«...зварухнуўся, азірнуўся па ўсіх кутах і выйшаў за дамавінай. Людзі дзівам задзівіліся і далі дарогу птушцы. Сумна, важна, як сплаканая маці, жораў першы пайшоў за Міхасём...

— В-е-е-чны па-а-кой... — застагнала песня над свежай магілай; жораў задрыжэў, колькі разоў пахіснуўся на нагах і лоп-лоп... узмахнуў шэрымі крыллямі і ўзняўся да палёту.

Паволі, цяжка птушка падымалася ў воблакі, бо несла з сабою вялікі жаль зоркам ясным, хмаркам белым...

— Кр-р, кр-р!.. — скардзілася гарачаму сонейку, — кр-р, кр-р!.. — расказвала напатканым брацейкам-жоравам...

Цяпер могілкі параслі ўжо дзёрнам, і там зялёна кругом. Як вокам сцяць — густы лес шуміць. На магілцы Міхася крынічка стаіць, і завецца яна Жураўліныя слёзы».

Воўк

Пра племя неўраў, якое жыло ў беларускіх лясах — магчымых нашых продкаў, — антычныя храністы занатавалі, што яго людзі могуць ператварацца ў ваўкоў... Недарэмна ў нас столькі легенд пра ваўкалакаў. І ваўкі хоць і нячасты госць у хатах, але ж з'яўляюцца. Прыкладам, у апавяданні Алеся Пальчэўскага. Гэты беларускі пісьменнік зведаў шмат дачыненняў з дзікай прыродай — у 1930-х быў беспадстаўна арыштаваны, давялося жыць у сібірскіх лясах...

«Аднойчы пайшоў я ў лес з дубальтоўкай за плячыма. Іду, углядаюся па баках і раптам натыкаюся на воўчае логава. Прыгледзеўся і бачу, што маленькае ваўчаня зашылася ў куточак і спалоханымі вочкамі глядзіць мне ў твар. Так і просіцца: «Не бі мяне, чалавеча, я ж маленькі...» Шкада мне яго стала. Драпежнік-то драпежнік, але зла яшчэ ніякага не зрабіў і віны за сабою не мае. Дык за што ж яго біць? Пры мне была паляўнічая сетка, злавіў я гэтае ваўчаня і панёс дахаты».

Паспрабаваў прыручыць ваўка і герой апавядання Віталя Вольскага «Ліпень»:

«Знаёмы кінамеханік з Узды прывёз мне неяк у ліпені ваўчаня. Малому было каля трох месяцаў. Ваўчаня было вельмі забаўнае. Усімі сваімі звычкамі і паводзінамі яно нагадвала сабаку. Калі я прыходзіў дамоў, ваўчаня кідалася мне насустрач, віляла хвосцікам, круцілася ля маіх ног, лажылася на спіну і, жартуючы, злёгку пакусвала мне рукі. Ноччу яно залазіла ў ложак і спала ў мяне ў нагах.

Я карміў яго поліўкай з кавалкамі хлеба, варанай гароднінай, касцямі і ўсім, што заставалася пасля абеду. Толькі сырога мяса не даваў яму ніколі».

Ваўчаня расло, рос і ягоны апетыт, а малады воўк можа з'есці ў тры разы больш, чым звычайны дваровы сабака такога ж росту. І гаспадар аддаў свайго выхаванца ў звярынец.

Вуж

Мала хто любіць змей... Але на Беларусі асаблівыя адносіны да вужоў. Пісьменнік Анатоль Зэкаў піша:

«У сівую даўніну нашы прашчуры сябравалі з вужамі і не крыўдзілі іх. Самі давалі вужам прытулак, кармілі іх хлебам і свежым малаком. Нікога не кусаў вуж, а поўзаў сабе па хаце, як сапраўдны гаспадар. Прысядуць людзі палуднаваць — і ён тут як тут, цягнецца галавой да ежы. Здаралася, хтосьці з дзяцей не вытрымліваў і біў вужаку лыжкаю па галаве. Той пакрыўджана сыкаў, адпаўзаў куды-небудзь у бок ад стала на хвіліну, а потым з іншага боку зноў сунуўся да міскі. Даўней людзі верылі ў тое, што калі з імі побач жыве вуж, то будзе шчасце і дастатак у хаце. А калі вуж паміраў, то гаспадары вельмі смуткавалі і рабілі з вужовага тлушчу свечку на ліхі дзень».

Пацвярджае тое і Іван Мележ у «Людзях на балоце»:

«Вужы жылі ледзь не на кожным селішчы пад падлогамі, у хлявах, у прыгрэбніках... вужоў у Куранях не баяліся.

Матка казала Васілю, што ў суседа Дамеціка вуж, які ўжыўся ў хляве, ссе карову, але Дамецікавы не гналі яго. Васіль не здзіўляўся гэтаму: як і ўсе ў Куранях, лічыў ён вужа добрай істотай, крыўдзіць якую — грэх...»

Напэўна, і ў вашай хаце ёсць які-небудзь гадаванец, які натхняе і падымае настрой... Галоўнае, ставіцца з любоўю і павагай да кожнага Божага стварэння... Як падказвае і народная мудрасць.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.