Вы тут

Алесь Адамовіч — «Партызаны». Пра сваё агнявое юнацтва


Хто добра знаёмы з творчасцю Алеся Адамовіча, пацвердзіць, як шмат напісана ім аб барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аб трагедыі беларускага народа, звязанай з нечуванай жорсткасцю нямецкіх акупантаў. Прыгадае і дакументальныя кнігі, створаныя Адамовічам у суаўтарстве: «Я з вогненнай вёскі…» — плён супрацоўніцтва з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам і «Блакадную кнігу», напісаную супольна з рускім празаікам Даніілам Граніным. А яшчэ, магчыма, згадае і фільмы, знятыя паводле сцэнарыяў Алеся Міхайлавіча, у якіх ва ўсім сваім вычварным вобліку паўстаў фашызм і носьбіты яго ідэалогіі.


Сёй-той пры гэтым дадасць: «А каму, як не яму, які ў юнацтве ваяваў з ворагам, было брацца за такую адказную тэму». Сапраўды, у Алеся Адамовіча была і «свая» вайна, як, дарэчы, і ў сям’і Адамовічаў.  Бацька знаходзіўся на фронце, а маці, загадваючы аптэкай, дапамагала бежанцам лекамі і харчаваннем. Іх сыны — Яўген і Алесь — звязаліся з байцамі партызанскага атрада імя Кірава, выконвалі іх даручэнні. Пазней Адамовічы далучыліся да гэтага атрада. Пра сваё агнявое юнацтва Алесь Міхайлавіч расказваў у дылогіі «Партызаны».

Гэтая назва з’явілася пасля таго, як раманы, што склалі яе змест, ужо былі завершаны. Цікава, што, пішучы іх, адмовіўся ад прынцыпу, якім звычайна карыстаюцца празаікі: адлюстроўваць падзеі і лёсы персанажаў у лагічнай паслядоўнасці. Алесь Адамовіч парушыў правіла. Спачатку ўзяўся за другую частку дылогіі — раман «Сыны ідуць у бой», пра што сведчыць першая дата пад гэтым творам. Першы ж раман «Вайна пад стрэхамі» пачаў у 1955 годзе і завяршыў у 1959-м. А ўжо ў 1960—1963 дапісаў «Сыны ідуць у бой».

Істотны і такі момант. Раманы, напісаныя па-руску і ўпершыню надрукаваныя ва ўсесаюзным часопісе «Дружба народов» («Вайна пад стрэхамі» ў нумарах 8, 9 за 1960 год, «Сыны ідуць у бой» — у 7, 8 за 1963), неаднаразова перавыдаваліся ў арыгінале, выходзілі ў перакладах на многія мовы. І вось нарэшце дылогія «Партызаны», дзякуючы Ірыне Шаўляковай і выдавецтву «Беларуская навука», прыйшла да чытача па-беларуску.

Публікацыі папярэднічае прадмова Уладзіміра Бойкі са шматзначнай назвай «Адрасавана кожнаму». У тым сэнсе, што з гэтымі раманамі грэшна не пазнаёміцца. Прынамсі тым, хто дагэтуль з імі не быў знаёмы. Магчыма, у нечым і завельмі сказана, але з высновай, што «народ малюе пісьменнік, народ на пераломе лёсу. І, як у фокусе, лёсы народныя сканцэнтраваны ў вобразах Ганны Міхайлаўны, Толі і іх акружэння».

Асабліва дэталёва прасочаны лёс Толі Корзуна і Ганны Міхайлаўны, прататыпамі якіх з’яўляюцца сам аўтар дылогіі і яго маці. Супраціўленне акупантам, што пачалося з «вайны пад стрэхамі» і  пакуль не прыносіла ім вялікага ўрону, перарасло ў тую стадыю, якая трапляе пад дакладнае вызначэнне «сыны ідуць у бой».

Гэтае выданне «Партызанаў»  найперш для тых чытачоў, хто добра знаёмы з сучаснай «ваеннай прозай». Можна ўпэўніцца, як успрымаў усенароднае змаганне з фашызмам пісьменнік, які, па сутнасці, стаяў каля вытокаў праўдзівага адлюстравання яго.

Да месца ў прадмове Уладзіміра Бойкі такая выснова: «У Адамовіча ёсць свая ацэнка дылогіі. Неаднойчы ўзнікала і жаданне перапісаць яе. На шчасце, ён гэтага не зрабіў. А вось моманты “прадчування” іншых твораў хутчэй за ўсё перамяніліся  б настолькі, што ў выніку зніклі б тыя нервы абодвух раманаў, якія робяць іх мастацкім дакументам не толькі часу апісанага, але і часу пасля напісання. Знік бы, скажам, аўтапартрэт пісьменніка часоў “адлігі”. Гэты персанаж мае адносіны да ступені дакументальнасці дылогіі, надзвычай высокай яшчэ і па прычыне мастацкай праўдзівасці. Чытаючы дылогію, адчуваеш значнасць чалавечай натуры яе аўтара, глыбіню яго адчуванняў, бачання, мыслення. А ў канчатковым выніку – чалавечага і пісьменніцкага таленту».

Па аналогіі з назвай двухсерыйнага мастацкага фільма «Ідзі і глядзі», пастаўленага Элемам Клімавым па сцэнарыі, напісаным ім сумесна з Алесем Адамовічам, так і хочацца сказаць:  «Бяры і чытай». «Партызаны» ў беларускамоўным варыянце сталі сто дзявятым томам  у серыі «Беларускі кнігазбор». Між іншым, гэта ўжо другая кніга Алеся Міхайлавіча ў гэтай унікальнай бібліятэцы. Сам па сабе выпадак рэдкі. Такой увагай да сябе дагэтуль магла «пахваліцца» толькі Эліза Ажэшка. Папярэдняя кніга Алеся Адамовіча ў згаданай серыі называлася традыцыйна — «Выбраныя творы» — і стала шасцідзясятай у ёй. Укладзеная Наталляй Адамовіч і Міхасём Тычынам, з яго прадмовай «Называць усё сваімі імёнамі», яна пабачыла свет роўна дзесяць гадоў таму.

Змест тома склалі «Хатынская аповесць», а таксама яшчэ два творы ў гэтым жанры – «Нямко»  з  падзагалоўкам «Нявыдуманая гісторыя» і незавершаная аповесць «Vіхі» («Перажытае»). У раздзеле «Публіцыстыка» былі прадстаўлены асобныя матэрыялы, што сведчаць аб грамадзянскай пазіцыі пісьменніка. А пэўнае ўяўленне аб тым, якім быў Адамовіч крытыкам, даследчыкам літаратуры, даюць матэрыялы раздзела «Літаратуразнаўства». Завяршаліся «Выбраныя творы» раздзелам «Лісты», якія Алесь Адамовіч у розны час адрасаваў Васілю Быкаву, Янку Брылю, Леаніле і Галіне Гарэцкім, Пімену Панчанку...

Унікальны ліст пасланы тагачаснаму Генеральнаму сакратару ЦК КПСС Міхаілу Гарбачову і датаваны 1 чэрвеня 1986 года. Да яго Алесь Міхайлавіч звяртаўся як член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР, член Камітэта савецкіх вучоных у абарону міру і супраць ядзернай пагрозы, як пісьменнік. Выказваў занепакоенасць той бядой, што навісла над Беларуссю пасля чарнобыльскай катастрофы. Гэты ліст упершыню быў змешчаны ў 1989 годзе ў 11-м нумары часопіса «Крыніца», які выходзіў у Мінску па-беларуску і па-руску.

Кастусь АРЦЁМЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».