Вы тут

Выйшла кніга гумарыстычных вершаў Уладзіміра Цануніна «Самі пра сябе»


Даўно вядома, што смех — адзін са стымулаў жыццядзейнасці, паляпшае настрой і карысны для здароўя. Сучаснаму чалавеку знаходзіць крыніцы для гумару становіцца ўсё складаней. Аднак ёсць выйсце — звярнуцца да творчасці пісьменнікаў-гумарыстаў. Да ліку такіх адносіцца Уладзімір Цанунін. У выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла яго кніга гумарыстычных вершаў «Самі пра сябе».


Уладзімір Цанунін — член Саюза пісьменнікаў i Саюза музычных дзеячаў Беларусі — сорак гадоў адпрацаваў у школе. Свой творчы шлях пачаў у вёсцы Святая Воля Івацэвіцкага раёна. Вершы i песні пачаў пісаць у юнацтве. Дзейнасць Уладзіміра Яфімавіча даволі рознабаковая: ён піша вершы, удзельнічае ў песенных міжнародных i рэспубліканскіх конкурсах. На яго рахунку — больш за дзесяць паэтычных зборнікаў. Вершы Цануніна перакладаліся на рускую, нямецкую, англійскую, азербайджанскую і ўкраінскую мовы. Гумарыстычныя вершаванкі таксама атрымалі прызнанне: Уладзімір Яфімавіч стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу гумару «Папяровы бусел».

Іншы раз здаецца, што пісаць у гумарыстычным жанры не ўяўляе асаблівай складанасці. Аднак так толькі здаецца. Працуючы ў гэтым кірунку, пісьменніку важна быць сапраўдным назіральнікам, умець заўважаць камічнае ў чалавеку і ў жыцці і ўвасобіць гэтыя дэталі ў пэўную форму. Цанунін — гумарыст старой загартоўкі. У полі зроку пісьменніка — цешча, кабета (якую аўтар імкнецца прадставіць не ў лепшым свеце), «мужык» пасля замужжа, эпізод сустрэчы з даішнікам... Некаторыя гумарыстычныя вершы аўтара грубаватыя і нават пошлыя. Але ў гэтым праяўляецца яго стыль:

Мужык без бабы, як без дзятла дуб. 
І нервы як у старога рубакі.
А вось жанчына, што не брала шлюб, 
Нібы блыха без добрага сабакі. 

Не вельмі прыемна і, здаецца, зусім не смешна чытаць, як аўтар параўноўвае жанчыну з блыхой. Феміністычная супольнасць дакладна не ацаніла б жарту. Аднак на кожны твор ёсць і свае прыхільнікі. Таксама як ёсць яны ў Петрасяна і сучасных стэндап-комікаў. 

Першыя дзве часткі кнігі «Пра кабет у абед», «Лёс такі, мужыкі!» выклікаюць уражанне, што іншых, акрамя жонкі, цешчы ды «мужыка», нагод для жарту не прадбачыцца. Але наступныя раздзелы даказваюць адваротнае. Тут уздымаюцца актуальныя тэмы, напрыклад, пандэміі: 

Харчоў у хаце больш няма.
Апошняя скарынка хлеба. 
Вакол COVID, нібы чума, 
Але ж у краму тупаць трэба. 
Надзея ёсць на неспадзеў.
Не траць дарэмна многа часу.
Калі ты маску ўжо надзеў, 
Тады бяры адразу касу.

Хвалюе аўтара і лёс сучасных дзяцей, у якіх дзяцінства праходзіць у новай часавай прасторы. У частцы «Прыколы каля школы» пісьменнік адлюстроўвае сваю заклапочанасць наконт ролі інтэрнэту ў жыцці падрастаючага пакалення, іх сучасных захапленняў: «Ад убачанага анямеў знянацку // Бо ў гэтым я зусім не грамацей // Раней такім палохалі дзяцей // А зараз гэта — модненькія цацкі». Адразу перад вачыма паўстаюць вобразы цацак, з якімі зараз гуляюць дзеці: страшныя Хагі Вагі, Кісі Місі ды іншыя. 

Сапраўды смешныя вершы ў частках «Думкі ў задворку», «Байкі на прыродзе», «Э, а я!». Тут аўтар сабраў жарты па шырокім спектры тэм, праявіў сябе як сапраўдны назіральнік. Тут жа відаць рост пісьменніка як гумарыста, яго імкненне адпавядаць часу. Многае з вершаў адгукаецца: 

Паміж ям — карэнняў рогі.
З абурэннем руль кручу. 
Падкажыце, дзе дарогі,
За якія я плачу.

Асобнай згадкі варты сюжэтныя гумарыстычныя вершы, якіх у зборніку нямала. Дзякуючы багатай, сакавітай мове, выразнасці, адсутнасці «рытмічных латак» — пустых фраз, якія не працуюць на змест, — вершы уяўляюць асаблівую цікавасць і дэманструюць стыль аўтара. Гэта ж датычыцца і гумарыстычнай паэмы «Свята», што чытаецца лёгка, займальна і ўзнімае чытачу настрой. 

Разынкай зборніка з’яўляюцца «Лімэрыкі не з Амерыкі» — кароткія вершаваныя творы пра розныя населеныя пункты нашай краіны. Аўтар апісаў здарэнні, што адбываліся з ім у Ракаве, Маларыце, Баранавічах, Краснаполлі, Асіповічах, Чэрыкаве, Бялынічах, Крычаве...: 

Купіў я на хоцімскім рынку
Кітайскую модную скрынку.
Прынёс яе ўнуку,
А ён гэту штуку
Зламаў за чатыры хвілінкі. 

Тосты да кітайскага календара У. Цанунін сабраў у частцы «Усход — справа тонкая». Яны адыходзяць ад жанру гумарыстычных вершаў, аднак пачытаць іх дастаткова займальна. Напрыклад, тост «За год свінні»: «За год свінні // За шчасце і адзінства // Уздымай свой тост і выпівай заўзята // Але глядзі // Каб не дайшоў да свінства // І рылам не заехаў у салату». 

Кніга вершаў У. Цануніна «Самі пра сябе» адлюстроўвае рознабаковасць гумарыстычнай паэзіі. З аднаго боку, пісьменнік звяртаецца да банальных вобразаў і тэм, а з другога — імкнецца намацаць тое, што цікава сучаснаму чытачу, актуальныя тэмы сённяшняга часу. Гэтыя памкненні заўважныя і ўдалыя. Звярнуцца да кнігі варта не толькі каб узняць настрой жартамі, знайсці адпаведны свайму густу гумар, але і прасачыць трансфармацыю аўтара як пісьменніка-гумарыста. 

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».