Вы тут

Яны гадуюць шэсць сірот, аддаюць дзецям ныркі і будуюць цэрквы


«Свайго героя трэба палюбіць, тады атрымаецца добры матэрыял», — гаварыла нам выкладчыца на першым курсе. І тлумачыла, як важна прасякнуцца сімпатыяй на час работы над тэкстам, тады, паводле яе слоў, нашмат лягчэй пішацца. Усё аказалася так. Але тады я яшчэ не ведала, што некаторыя героі застаюцца на ўсё жыццё не проста ў памяці, але і ў душы. Пра іх час ад часу згадваеш, нібы энергіяй падсілкоўваешся альбо іх параду слухаеш. Іншымі проста захапляешся.


Фота Валерыя Караля.

Выгадаваць шэсць сірот

Вось такімі, напрыклад, як Галіна і Яўген Арцюхі з Івацэвіцкага раёна. Звычайныя людзі з глыбінкі: жылі ў райцэнтры, працавалі, гадавалі траіх дзяцей. І раптам адна падзея змяніла іх жыццё. Але аб усім па парадку.

Далёкія сваячкі Люба і Галя сябравалі з дзяцінства. Разам раслі, у школу хадзілі, дамашнія заданні выконвалі, першымі дзявочымі сакрэтамі дзяліліся. Потым, каб не расставацца, паступілі разам у пружанскую школу кухараў — была тады такая. Набылі спецыяльнасці, пайшлі на свой хлеб, замуж амаль адначасова павыходзілі. Галя з Яўгенам атрымалі кватэру ў Івацэвічах. Трое дзяцей хадзілі ў школу. Галіна ўжо стала намесніцай загадчыцы магазіна. А Пазнякі — Люба з Мікалаем — звілі сваё гняздо у Целяханах. Бог дзецьмі не абдзяліў, нарадзілася шасцёра. Каб іх карміць-апранаць, бацькі круціліся з цямна да цямна, гаспадарку вялікую трымалі, працавалі. Сяброўкі цяпер сустракаліся рэдка, яно і вядома: у кожнай свае клопаты.

А 1 сакавіка 2001 года здарылася трагедыя. Любоў і Мікалай Пазнякі загінулі ў аўтакатастрофе. Арцюхі прыехалі на іх пахаванне. Уся вялікая радня і блізкія сябры сабраліся ў асобным пакоі на вялікую раду — трэба было вырашыць, што рабіць з дзецьмі. Сёй-той выказваў нясмелую згоду ўзяць да сябе адно дзіця. Пра тое, каб узяць усіх, гутаркі, вядома, не ўзнікала. Было зразумела, што аддаць усіх разам у адзін інтэрнат таксама немагчыма: маленькага забяруць у дом дзіцяці, чатырохгадовага — у дзетдом дашкольнага профілю, школьнікаў — у школы-інтэрнаты. Тады яшчэ практычна не было дзіцячых дамоў сямейнага тыпу... Ніхто не ведаў, што рабіць і нават што сказаць у такой сітуацыі... Галі тэрмінова спатрэбілася па нешта пайсці ў дальні пакой, і па дарозе яна натрапіла на дзяцей, якія сабраліся ў купку і гаварылі між сабой. Аказалася, яны ўжо самі, без дарослых, вырашылі, як «жыць далей»: малых нікуды не аддаваць, у інтэрнат не ехаць, па чарзе прапускаць школу і даглядаць малодшых братоў. І зайшлося ў яе ад болю сэрца, і ў тую самую хвіліну яна прыняла для сябе рашэнне.

Не ведала адразу, як загаварыць пра гэта з мужам. Нельга сказаць, што ён адразу згадзіўся. Як і любы мужчына, што больш кіруецца розумам, а не эмоцыямі, некалькі разоў спытаў у жонкі, ці ведае яна, на што ідзе. І яна цвёрда адказала: «Ведаю».

Але ж не ведала пэўна і дзясятай долі, бо ёсць рэчы, якія нельга прадугледзець альбо ведаць наперад. Іх можна спазнаць толькі асабістым вопытам. І хоць работы ніколі не баялася, не думала, што можна правальвацца ў сон, як толькі дойдзеш да ложка. Не ўяўляла, што ад роднай дачкі можна пачуць: «Цяпер сіротамі будуць не яны, а мы». Вядома, напачатку ўсю ўвагу, усю ласку бацькі аддавалі тым дзецям, якія перажылі гора, каб іх падтрымаць, і не заўважалі, што свае засталіся неяк нібы на другім плане. І вось яны, простыя людзі, што ніколі не вывучалі ні педагогіку, ні псіхалогію, самі спасцігалі тонкую грань бацькоўскіх адносін, з якой нельга збочыць, каб ніводнае з дзяцей не адчувала сябе прывілеяваным альбо абдзеленым. Неўзабаве стала ўсё пароўну, стаўленне да ўсіх аднолькавае, як у адной вялікай сям'і. Але ж як нялёгка было прыйсці да гэтага! У кожнай сям'і ёсць свае прывычкі, традыцыі, і злучыць дзве сістэмы бязбольна здавалася часам немагчымым. Ды Арцюхам хапіла цярпення, мудрасці ўсё пераадолець. Якіх намаганняў гэта каштавала, ведаюць толькі яны.

Ім прыйшлося памяняць усё, пераехаць з горада ў пасёлак. Бо ў сваёй двухпакаёвай кватэры сям'ю з 11 чалавек не размесціш. Спачатку жылі ў доме Пазнякоў, таксама невялікім, большы па плошчы дом дапамог купіць віноўнік аварыі. Сталі яго добраўпарадкаваць, даводзіць да ладу. Гаспадар на ўсе рукі майстар. Неўзабаве ўзвёў асобную кухню са сталовай і рускай печчу. У доме больш не гатавалі, усе гаспадарчыя клопаты перанеслі сюды. А варыць-парыць кожны дзень трэба было ой як многа! Толькі праз два гады правялі ў дом ваду, купілі пральную машыну-аўтамат, а да гэтага больш за паўдня ў суботу трацілі, напрыклад, на тое, каб нанасіць вады, усіх выкупаць, вынесці ваду. Мыццё бялізны наогул было бясконцай работай. Завялі вялікі агарод, разбілі цяпліцы. Дзеці ва ўсім сталі дапамагаць, пакрысе жыццё набыло рытм, а з часам аформілі сямейны дзіцячы дом, і Галя з Яўгенам сталі атрымліваць зарплату і стаж.

Калі я была ў іх у гасцях у 2004 годзе, сям'я ўжо мела свой мікрааўтобус, яны зрэдку выязджалі на возера на адпачынак, ездзілі на экскурсіі. А яшчэ, што мяне ўразіла тады, чысціня і ўтульнасць. Старэйшыя дзеці ўжо былі ў выпускных класах, і ў бацькоў галава балела, як іх уладкоўваць далей. Крыху забягаючы наперад, скажу, што зараз Арцюхі маюць ужо 12 унукаў. А тады па дарозе ў Целяханы аўтар гэтых радкоў разгаварылася з вадзіцелем маршруткі, прасіла, каб падвёз бліжэй да дому. Аказалася, ён ведаў пра іх сям'ю. Дык вось ён сказаў, што такім варта даваць званне герояў, бо адна справа — здзейсніць подзвіг імгненна, а іншая — свядома ахвяраваць сябе на подзвіг. Я расказала пра гэта Галі, яна засмяялася, гераіняй сябе не лічыла. Гаварыла пра добрых людзей, якія дапамагалі ім, у тым ліку з замежных дабрачынных арганізацый. Дапамагалі многія, хто разумеў, як важна, каб у дзіцяці была мама.

Аддаць нырку сыну

Бо мама наогул можа калі не ўсё, дык многае. Напрыклад, падзяліцца ўласным здароўем, каб выратаваць жыццё сыну. Як зрабіла Алена Клімовіч з Ружан. Яна аддала сваю нырку сыну Аляксандру. У сына шмат праблем, не адна гэтая хвароба. Яе, таксама не вельмі моцную здароўем, тады не зразумелі многія, нават уласная маці. Толькі для Алены і пытанне не стаяла, як толькі даведалася, што можна ўзяць яе орган для перасадкі, адразу сказала доктару: «Я гатова да аперацыі».

На долю Алены выпала шмат выпрабаванняў у жыцці, але яна з усім спраўлялася. Яшчэ ў самым пачатку сямейнага жыцця, калі пасля нараджэння першынца ў яе раптам адняліся ногі, гэта быў шок для юнай жанчыны. Яе шмат лячылі, але ў выніку стала ледзьве перасоўвацца па доме. Усю хатнюю работу ўзяў на сябе муж. А маладой маці падказалі, што трэба нарадзіць зноў, маўляў, бывалі выпадкі. І праўда, пасля другіх родаў нібы ўсё само стала на месца. Алена змагла хадзіць. Гэта была першая іх сямейная перамога. Маладой сям'і з двума дзецьмі сельгаспрадпрыемства, дзе працаваў муж Уладзімір, выдзеліла дом. Хай не новы, але і тое было за шчасце. Сталі дабудоўваць, добраўпарадкаваць. Усё рабілі ў асноўным сваімі рукамі. Вось толькі Саша, малодшы сынок, рос хваравітым. Нават у школу не хадзіў, быў на надомным навучанні.

Клімовічы завялі вялікую гаспадарку, трымалі курэй і свіней, садзілі агарод, працавалі. А потым як маланка з нябёсаў: раптоўная хвароба мужа, шпіталізацыя. Аказалася, што гэта пухліна галаўнога мозгу з метастазамі. Аперыраваць было позна, ён літаральна згарэў у яе на руках. І ў няпоўныя сорак гадоў Алена засталася адна з дзецьмі і праблемамі.

З гадамі да іншых хвароб малодшага Сашы дадалася сур'ёзная паталогія нырак. Тры разы на тыдзень яны ездзілі ў Пружаны на працэдуру гемадыялізу. Урачы загаварылі пра перасадку. Яна сама прапанавала сябе ў якасці донара. Але ў яе чацвёртая група крыві з дадатным рэзусам, у сына — трэцяя з адмоўным. Дактары папярэджвалі, што нырка можа не прыжыцца, і тады яе прыйшлося б выдаляць. Яе адгаворвалі сваякі і знаёмыя. Але яна даўно адчувала сябе галавой сям'і і прынятае рашэнне не мяняла. Аперацыю рабілі доўга, але неўзабаве прыйшоў урач і сказаў, што яе нырка запрацавала ў сына.

Потым быў доўгі шлях рэабілітацыі, строгія дыеты, таблеткі па 50 штук на дзень і больш па раскладзе. Дадаць сюды пастаянныя паездкі ў Брэст і Мінск да дактароў. Давялося на некаторы час пакінуць работу, бо сыну быў патрэбны пастаянны догляд. «Як гэта перажыла, асіліла, растлумачыць цяжка, — гаварыла Алена Мікалаеўна, проста рабіла ўсё, што трэба». І зрабіла ўсё магчымае.

Пры гэтым яна ўмудралася падтрымліваць сям'ю старэйшага сына, якая стала для яе крыніцай радасці і натхнення. Вярнулася на сваю фабрыку, развяла процьму кветак на падворку і сапраўдны хатні сад у пакоях. Алена пры ўсіх яе выпрабаваннях сумела захаваць здольнасць радавацца жыццю, яна заўсёды ўсміхаецца. Яе любімае выслоўе — «Усё будзе добра». Яна любіць сваю нявестку і ўнукаў, умее прыгожа ўладкоўваць сямейныя святы.

Падарыць царкву жонцы

Падарыць сапраўднае свята блізкаму чалавеку, скажу я вам, не такая і лёгкая задача. А Рыгор Бондзіч з вёскі Ганчары Пінскага раёна падарыў жонцы... белую царкву з сінімі купаламі. Рыгор Максімавіч і Марыя Міхайлаўна былі людзьмі працавітымі і надзвычай набожнымі. Працавалі ўсё жыццё старанна і шмат, а яшчэ галава сям'і нярэдка ўзводзіў цэрквы, па некалькі месяцаў працаваў на такіх не зусім звычайных аб'ектах. Быў там і за цесляра, і за галоўнага кансультанта. Тлумачыў, як усё зрабіць па канонах, па правілах.

Жонку сваю ён заўсёды любіў і шанаваў. Аднойчы да свята напісаў яе партрэт на палатне. На той карціне Марыя назаўсёды засталася маладой і прыгожай. Гэта яна папрасіла яго пабудаваць цэркаўку ва ўласным двары, бо з гадамі ёй стала цяжка хадзіць у суседнюю няблізкую вёску. Спачатку прыняў гэта як жарт. Але жонка на сваім настойвала, заводзіла гаворку ізноў, на цэглу паказала, якая засталася ад старой разабранай пабудовы. І паступова ўзяўся за працу. Пакуль рабіў падмурак, сцены, суседзям казаў, што лазню будуе, баяўся прызнацца ў 80-я гады, усяляк магла паставіцца ўлада да яго ідэі. Але паціху будаўніцтва працягвалася, і ў 1990 годзе цэркаўка з сінімі купаламі была завершана. Усё там было як у сапраўдным храме: і алтар, і абразы, і свечкі. Парадак і прыгажосць з самага пачатку наведзены клапатлівай рукой Марыі Міхайлаўны. Праўда, першы варыянт царквы быў крыху меншы, потым па просьбе суседзяў Рыгор Максімавіч пабудову пашырыў. У яго царкву стала хадзіць ледзь не ўся вёска. У свой час царкву асвяціў уладыка Стэфан, епіскап Пінскі і Лунінецкі.

Калі я наведала Рыгора Бондзіча, яго любімай жонкі ўжо не было на свеце. У гонар яе ён падтрымліваў царкву, садзіў на падворку яе любімыя кветкі. Рыгор Максімавіч расказваў, што падлеткам быў вывезены ў Германію, пасля вяртання займаўся сельскай гаспадаркай, потым доўгі час працаваў на чыгунцы, а пасля выхаду на пенсію жыццё прысвяціў Богу, стаў будаваць храмы. Зрабіў і сваю на радасць жонцы. А калі ў Ганчарах многія пастарэлі і не змаглі хадзіць у Ахова за 10 кіламетраў, святар з вёскі Стаўкі стаў прыязджаць сюды, праводзіць службы, спавядаць, храм зажыў сваім жыццём. Гаспадар паказваў мне тады фотаздымак вянчання ўнучкі, якое праходзіла ў дзедавым храме. І цяпер, калі дзеда ўжо няма, унукі прыязджаюць, падтрымліваюць у парадку дзедаву святыню. А мяне гэты вясковы чалавек уразіў тады сваім уменнем прыгожа расказаць пра сваю жонку. Гаварыў, здаецца, проста, а колькі любові, павагі было ў словах. І жыў, як гаварыў, з павагай і пашанай.

Колькі іх, маіх герояў з глыбінкі, ужо пайшлі з жыцця, але застаюцца для мяне скарбніцамі народнай культуры і філасофіі. Адна з іх — Ульяна Кірылаўна Мельнік. Выпрабаванняў яе жыцця іншаму на тры жыцці хапіла б. 18-гадовай Ульяна выходзіла замуж за прыгожага хлопца Карнея. У 1944-м яго забралі на фронт, у 1945-м ёй прыйшла пахаванка. Яна засталася з двума малымі, ляжачай свякроўкай і гектарам зямлі, які трэба было абрабіць. Выжывала як магла, навучылася шыць, прыдбала машынку. Шыла, а ў якасці аплаты ёй дапамагалі ў полі. Потым брат падарыў фотаапарат, асвоіла фотасправу, стала фатографам на ўсю акругу. Так сустрэла свайго другога сужэнца. Франтавік Аляксандр прыйшоў да яе, каб зрабіць фота на дакументы. Мужа яна называла Олісь на палескі манер, пражыла з ім 35 гадоў. Расказвала, як сямейны дабрабыт будавала: «Не мела паняцця, як крычаць на мужа, ні з першым, ні з другім не ўчыняла сварак. Мой Олісь, як маладзейшы быў, то і выпіць мог. Бывае, прыйдзе дахаты п'янаваты і адразу да мяне: «Ульянка, дапамажы паспяваць». У такім стане вельмі ахвочы быў да спеваў. Кажу: «Добра, зараз паспяваем». А сама стараюся ўладкаваць на ложак (ён нападпітку хутка засынаў), потым сцягну чаравікі, накрыю. А назаўтра раненька ўстану, карову дагледжу, сняданак пастаўлю, словам не папракну. А ён і сам вінавата пазірае, усё разумее. Дык навошта ў сям'і разлад чыніць... А цяпер маладыя, як што не так, не толькі лаяцца і біцца, адразу ў суд бягуць разводзіцца. Ураз свабодныя, але ці шчаслівыя?».

Колькі гадоў прайшло, а нібы зараз чую вясёлы смех і не злую лаянку дзеда Тарасюка, майстра са Стойлаў Пружанскага раёна: «Ах ты сабача атрава! Негадзяй! — так ён часам ката прывячаў. І слова «негадзяй» у дзеда Мікалая мела шмат значэнняў: гэта і прамы сэнс — дрэнны, кепскі, чалавек і састарэлы хворы — негадзяшчы, і ласкава-паблажлівы, амаль «харошы мой». Ён і словы прыдумваў, і сюжэты да іх, і ўвасабляў сюжэты у сваіх драўляных вырабах. Шмат гадоў выразаў з дрэва фігуркі, як сам называў, драўляны люд, які зараз упрыгожвае музеі. І вельмі любіў сваю зямлю, бацькаўшчыну, і завяшчаў яе берагчы.

Яшчэ столькі, а то і больш, відаць, магла б зараз расказваць пра герояў сваёй рубрыкі «Вёскі, якія знікаюць: апошнія жыхары». Бо не раз здзіўлялася, спачувала, захаплялася і, галоўнае, палюбіла іх: прыгожых, моцных духам людзей з глыбінкі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.