Вы тут

Як «Звязда» ў 90-я гады вяртала з небыцця імёны герояў ВАВ


Наша газета — адно з нямногіх выданняў, якое выходзіла падчас нямецка-фашысцкай акупацыі. У захопленым Мінску — ва ўмовах, не прызначаных для выдавецкай дзейнасці, пад штодзённай пагрозай смерці — убачылі свет чатыры нумары падпольнай «Звязды». Выдадзеныя 105 выпускаў у партызанскай зоне таксама даліся няпроста. За выхад падпольнай газеты была заплачана вельмі высокая цана — многія, хто меў да гэтага дачыненне, не прычакалі Перамогі...


У Хатыні. З нашчадкам спаленых вёсак.

Інакш быць не магло — патрыёты, якія ведалі сілу журналісцкага слова і трапна карысталіся ім, не засталіся ў баку ў такі няпросты час. За вялікія заслугі ў мабілізацыі беларускага народа на барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны найстарэйшае рэспубліканскае выданне Беларусі было ўзнагароджана ордэнамі Айчыннай вайны І ступені і Працоўнага Чырвонага Сцяга. «Звязда» — адзіная газета Савецкага Саюза, якая мае баявую ўзнагароду... і такую колькасць помнікаў, якія паставіў ёй народ.

Аднак і ў мірны час «Звязда» вымушана была адстойваць гістарычную памяць, супрацьстаяць спробам фальсіфікацыі гераічнага мінулага, якія не спыняюцца да сёння. І ў гэтым заслуга добрасумленных журналістаў, сапраўдных патрыётаў сваёй Айчыны. Сярод іх — Таццяна Падаляк, якая на працягу 20-гадовай работы ў «Звяздзе» ажыццявіла нямала патрыятычных праектаў, што ўвайшлі ў гісторыю нашай газеты і ўвогуле краіны. Сваім багатым досведам вопытны журналіст, прафесар кафедры медыялогіі факультэта журналістыкі БДУ, доктар філалагічных навук, дацэнт цяпер дзеліцца з будучымі супрацоўнікамі масмедыя. Напярэдадні знакавай даты Таццяна Уладзіміраўна адказала на пытанні «Звязды», у якой прайшла шлях ад карэспандэнта да намесніка галоўнага рэдактара.

— У пачатку 1990-х, калі ў Беларусі распачала нарастаць хваля фальсіфікацый адносна Вялікай Айчыннай вайны, газета «Звязда» адной з першых стала на абарону гістарычнай праўды...

— Час быў няпросты: кардынальныя «пераасэнсаванні» гісторыі, звяржэнні герояў, навязванне «альтэрнатыўных» поглядаў на падзеі Вялікай Айчыннай... Ні разу наша «Звязда» — ні артыкулам, ні радком, ні словам — не здрадзіла сваім ваенным калегам-папярэднікам. Захаванне і адстойванне гістарычнай праўды заўсёды было ў цэнтры ўвагі найстарэйшай беларускай газеты. У пасляваеннай рэдакцыі працавалі журналісты, якія выдавалі падпольную «Звязду», многія франтавікі, партызаны. Напрыклад, выдатны фельетаніст і нарысіст Янка Казлоў стаў журналістам «Звязды» адразу пасля вызвалення Беларусі, у 1944 годзе. Яму было ўсяго 25. Але на той час гэта ўжо быў сфарміраваны чалавек з няпростай ваеннай біяграфіяй. Ён быў байцом партызанскага атрада імя С. Будзённага з кастрычніка 1942 года. У 1943-м быў пераведзены ў абкам КП(б) Беларусі на пасаду радыста рэдакцыі Беластоцкай абласной падпольнай газеты «Белостокская правда». Іван Кандратавіч адпрацаваў у «Звяздзе» 40 гадоў. Мы даволі часта стэлефаноўваліся, ён да апошняга не губляў пачуцця гумару. На Дзень Перамогі «звяздоўцы» прыязджалі да яго з віншаваннямі і традыцыйна гучала Сіманаўскае: «Выпьем за Победу, за свою газету!..»

У пачатку 1990-х тэма Вялікай Айчыннай вайны нячаста асвятлялася ў прэсе альбо закраналася ў сувязі з разнастайнымі форумамі «беларусаў свету», якія ў той час модна было праводзіць. На іх з ахвотай з'язджаліся ў тым ліку многія калабаранты, што збеглі з Беларусі ў 1944-м разам з немцамі. Яны ехалі сюды ледзь не героямі.

З Іванам Шамякіным.

— Пра гэта цяпер мала хто ведае...

— З песні слоў не выкінеш. Журналісты вымушаныя былі браць у «гасцей» міні-інтэрв'ю. Дзве такія публікацыі ёсць і ў мяне. Падпісаныя псеўданімам. Самае любімае пытанне да «замежных беларусаў»: ці мяркуеце наведаць Хатынь і музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны? На мяне глядзелі, як на ненармальную, і цынічна тлумачылі, што ў Беларусі іх цікавіць «культурніцкі аспект»... Менавіта тады падышла да галоўнага рэдактара Уладзіміра Наркевіча і папрасіла даверыць мне ваенную тэматыку. Першы артыкул называўся «У кожнага — свая жыццёвая праўда. Але ісціна, як і Радзіма, — адна. На ўсіх». Канкрэтныя факты на падставе эксклюзіўных дакументаў аналізаваліся вядомым гісторыкам, тагачаснай загадчыцай аддзела партызанскага руху Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Раісай Чарнаглазавай. На працягу доўгага часу яна была галоўным кансультантам «звяздоўскіх» публікацый на ваенную тэму, якія мелі шырокі рэзананс у грамадстве. Заўсёды з усмешкай згадваю: у рэдакцыю тэлефанавалі ветэраны з пытаннем, у якім партызанскім атрадзе ваявала — хоць нарадзілася я праз 20 гадоў пасля вайны. У нас, беларусаў, памяць яе, мабыць, у генах.

— Нягледзячы на вялікую колькасць апанентаў, у пытанні захавання памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай і іх героях у «Звязды» былі аўтарытэтныя прыхільнікі, якія на ўласным вопыце ведалі, што такое вайна: Іван Шамякін, Пімен Панчанка, Міхаіл Савіцкі... Нягледзячы на няпросты характар народнага мастака СССР, Героя Беларусі, вы з ім знайшлі агульную мову, аб чым сведчыць цыкл інтэрв'ю з Савіцкім. Як майстар ставіўся да перапісвання гісторыі?

— Жорстка негатыўна. Цэнтральная тэма творчасці Міхаіла Андрэевіча — мастакоўскае зацвярджэнне праўды вайны. Праўды, якую немагчыма абвергнуць. Апошняя вялікая работа, над якой працаваў Міхаіл Савіцкі, — «Скобраўка-1944» — была задумана, каб адкрыць яшчэ адну страшную праўду Вялікай Айчыннай вайны на Беларусі, пра якую чамусьці доўгі час маўчалі. Канцлагер каля Мар'інай Горкі, у Скобраўцы, дзе забіралі кроў у дзяцей, нідзе афіцыйна не існаваў. Праз яго прайшло больш за тры тысячы дзетак. Гіганцкі лагер... Дзяцей, якія не вытрымлівалі, пасля трох забораў крыві паміралі — іх проста закопвалі... Савіцкі хацеў гучна сказаць аб гэтым найвялікшым злачынстве. Ён вельмі сур'ёзна ставіўся да той работы. Шмат разоў перарабляў. Замазваў... На жаль, так і не паспеў завяршыць. Работа захоўваецца ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.

— Па ініцыятыве народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна 16 чэрвеня 2005 года Мінгарвыканкам прыняў рашэнне аб устанаўленні ў Мінску праспекта газеты «Звязда». Як грамадскасць успрыняла дадзены факт і ці доўгай была «эпапея» ў гэтым выпадку ўстанаўлення гістарычнай справядлівасці?

— І насамрэч, гістарычная справядлівасць. Сёння нямногія помняць, што дэпутатамі было прынята рашэнне перайменаваць праспект газеты «Известия» ў праспект газеты «Звязда». Зварот Івана Пятровіча Шамякіна быў апублікаваны 21 мая 2002 года. На працягу трох гадоў ішлі лісты ў падтрымку прапановы народнага пісьменніка — ад паэтаў і празаікаў, мастакоў, тэатральных дзеячаў, калег-журналістаў, чытачоў. У падтрымку выказаліся і тагачасныя міністры інфармацыі, культуры, адукацыі, кіраўнікі Нацыянальнай бібліятэкі, музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы, многія іншыя. Праспект газеты «Звязда» — вельмі ўтульны куточак нашай сталіцы!

— «Звязда» адкрывала імёны ўдзельнікаў вайны, якія былі незаслужана забытыя. У прыватнасці, было вернута з небыцця імя Трыфана Лук'яновіча. З чаго ўсё пачалося?

— Мінчанін Трыфан Лук'яновіч — адзін з тых, хто афіцыйна «ў спісах не значыцца». З подзвігам гэтага беларуса звязваюць сюжэт сусветна вядомага мемарыяла ў берлінскім Трэптау-парку: савецкі салдат ратуе нямецкае дзіця. (Удакладню: паводле гістарычных крыніц, пры штурме Берліна савецкія салдаты выратавалі больш за 200 нямецкіх дзяцей). На вуліцы Эльзенштрасэ ў Берліне стаіць стэла, надпіс на якой паведамляе, што на гэтым месцы Трыфан Лук'яновіч, старшы сяржант Савецкай Арміі, 29 красавіка 1945 года цаной уласнага жыцця выратаваў нямецкае дзіця ад кулі эсэсаўцаў. Але ў Беларусі самога Лук'яновіча доўгі час лічылі легендай: не захавалася дакументаў — значыць, і не было такога чалавека.

Праз многія гады пасля вайны надзвычай цяжка ўстанавіць праўду і аднавіць справядлівасць. І ўсё ж рэдакцыя «Звязды» паспрабавала тое зрабіць, правёўшы своеасаблівае журналісцкае расследаванне з дапамогай франтавіка Георгія Сасноўскага, колішняга дырэктара музея баявой і працоўнай славы «Белвар» — да вайны гэта быў радыёзавод імя Леніна, дзе працаваў Лук'яновіч. Дарэчы, на адным з будынкаў на праспекце Незалежнасці беларускай сталіцы можна ўбачыць створаны Заірам Азгурам барэльеф з выявай салдата з дзяўчынкай на руках і адпаведным надпісам пра Лук'яновіча. Не захавалася дакументаў Лук'яновіча, не засталося яго родных — усё і ўсіх знішчыла вайна. Георгій Сасноўскі пачаў шукаць сведкаў подзвігу нашага земляка і завадчан, якія ведалі яго да вайны. І знайшоў! Прааналізаваўшы сітуацыю, мы прыйшлі да высновы, што цалкам апраўданая для мірнага часу логіка «няма дакументаў — няма і чалавека» не можа быць прынята за абсалютны аргумент, калі гаворка ідзе пра вайну. Надта ўжо наварочала-наблытала вайна, шмат знішчыла і спаліла, безліч пытанняў пакінула для нас, нашчадкаў...

Таццяна Падаляк з сынам наборшчыка падпольнай «Звязды» Барысам Александровічам.

— Менавіта «Звязда» ўнесла прапанову назваць адну з вуліц Мінска ў гонар Лук'яновіча — адзначыўшы, што гэта была б даніна павагі і памяці не толькі высакароднаму ўчынку нашага земляка, але і ўсім, хто не вярнуўся з вайны, хто прапаў без вестак на франтах Вялікай Айчыннай і чыім родным ваенныя архівы дагэтуль выдаюць даведкі: «У спісах не значыцца...».

— Ініцыятыву газеты падтрымалі шматлікія чытачы, ветэраны Вялікай Айчыннай, цэлыя працоўныя калектывы. Выйшла звыш дзясятка публікацый па ўзнятай праблеме. І вось пасля трохгадовай «эпапеі» легендарны беларус вярнуўся на радзіму: 15 кастрычніка 1997 года ў Мінску адбылося ўрачыстае перайменаванне 3-й Пасялковай вуліцы ў вуліцу Трыфана Лук'яновіча. Здавалася б, справядлівасць і здаровы сэнс узялі верх — і можна паставіць кропку. Але... Ужо ў пачатку XXІ стагоддзя зноў сталі ўзнімацца пытанні наконт нашага земляка, толькі на гэты раз — у зусім іншым, малазразумелым кантэксце і з дзіўнымі акцэнтамі: легендарны подзвіг Лук'яновіча некаторыя асобы пачалі далучаць да ліку... фальсіфікацый Вялікай Айчыннай вайны. Вінавацілі і «Звязду», і журналіста. І зноў трэба было брацца за пяро. Згадала кінааператара і рэжысёра, народнага артыста Беларусі, франтавіка Іосіфа Вейняровіча. Першую сваю Дзяржаўную прэмію (тады яна называлася Сталінская) Іосіф Навумавіч атрымаў яшчэ ў 1943 годзе. Чалавек, якога па праву называюць летапісцам народнага подзвігу. Падчас вайны ён здымаў франтавую і партызанскую хроніку, удзельнічаў у стварэнні фільмаў «Абарона Масквы», «Разгром фашысцкіх войскаў пад Масквой», «Народныя мсціўцы», «Вызваленне Савецкай Беларусі», многіх іншых. У дакументальны фільм «Пяць гадоў і ўсё жыццё» Вейняровіч увёў невялічкую кінанавелу пра Лук'яновіча — хоць, прызнаўся, многія чыноўнікі былі супраць: маўляў, дзе паперкі? Іосіф Навумавіч гаварыў: «Крыўдна! Ну як жа так, немцы, нашы колішнія ворагі, паставілі помнік, а мы ўсё адбіваемся: справа ў паперцы!.. Колькі разоў я скакаў у тыл ворага з парашутам, з кінаапаратурай — ні пра якія паперкі не думаў!..»

— І ў каторы раз «Звяздзе» ўдалося адстаяць гістарычную праўду...

— Гісторыкі, якія строга прытрымліваюцца выключна дакументальных крыніц, пагаджаюцца: сітуацыю вакол подзвіга Лук'яновіча ніяк нельга звязваць з фальсіфікацыямі Вялікай Айчыннай вайны. Якая ж гэта фальсіфікацыя? Гэта можа быць міф, легенда... Што ж, можна падысці да праблемы і з такога боку: а калі Лук'яновіч — і сапраўды легенда? Дык любая легенда заўсёды грунтуецца на канкрэтнай падзеі. Штосьці можа быць дададзена, нешта прыхарошана, але ў аснове ўсё роўна — рэальны факт. Калі пра беларуса ходзяць легенды, дык варта ганарыцца! І ўсё ж, будзем сумленна глядзець праўдзе ў вочы. Колькі безыменных брацкіх магіл, дзе спяць вечным сном невядомыя салдаты, раскідана і на беларускай зямлі, і ў іншых краінах «паў-Еўропы», якую яны «прошагали-проползли» за Перамогу. Як ні прыкра, але ж і дагэтуль непахаванымі застаюцца дзясяткі тысяч нашых салдат, салдат-пераможцаў. Якія звесткі захавалі пра іх ваенныя архівы? І якія адказы даюцца іх родным на запыты? Мабыць, такі ж, як і на запыт пра Трыфана Лук'яновіча: «У спісах не значыцца...».

Таццяна Падаляк з Міхаілам Савіцкім.

Нацыя, дзяржава, народ моцныя, калі ўмеюць шанаваць і помніць сваіх герояў — тых, каму абавязаныя жыццём, самім фактам існавання. На вуліцы Трыфана Лук'яновіча ў Мінску народжаныя ўжо ў XXІ стагоддзі маленькія грамадзяне Беларусі вучацца рабіць свае першыя крокі, бацькі расказваюць сваім дзецям пра вайну і пра Перамогу, пра мужнага сына нашай зямлі, які ў апошнія дні вайны цаной уласнага жыцця выратаваў нямецкую дзяўчынку. Жыццё працягваецца — памяць жыве.

— Адной з першых пасля доўгага перапынку газета ўзняла тэму спаленых разам з жыхарамі вёсак у гады Другой сусветнай вайны. Аб трагедыях сваіх населеных пунктаў праз «Звязду» расказвалі яшчэ жывыя сведкі тых падзей, якім цудам пашчасціла пазбегнуць фашысцкай расправы. За цыкл публікацый «Нашчадкі вогненных вёсак» вы атрымалі Спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў галіне журналістыкі. Прайшло больш за дзесяць гадоў, а тэма па-ранейшаму актуальная — з'яўляюцца новыя помнікі спаленым фашыстамі вёскам, у межах Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ідзе рэканструкцыя Хатыні...

— Тэма яшчэ больш актуалізавалася — фальсіфікацыі гісторыі вайны становяцца ўсё больш цынічнымі і бессаромнымі. Нарастае хваля спроб перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны з мэтай прынізіць ролю СССР і народаў нашай тады агульнай вялікай краіны ў Перамозе над гітлераўскай Германіяй. Прычым аб укладзе Беларусі і панесеных ахвярах многія «спецыялісты» ўвогуле імкнуцца не згадваць. Патрыятычная ініцыятыва «Нашчадкі вогненных вёсак» не была выпадковай. Каб паставіць заслону хлусні, якая захутваецца ў адзенне праўдападобнасці, рэдакцыя «Звязды» і ДМК «Хатынь» у пачатку 2006 года звярнуліся да сведкаў трагедый спаленых вёсак з просьбай-прапановай адгукнуцца. Зварот атрымаў шырокі рэзананс. У пачатку ХХІ стагоддзя засталіся сапраўды апошнія сведкі. У вайну яны былі дзецьмі, падлеткамі. Надзвычай важна было пачуць іх галасы. Каб помніць. Каб падобныя трагедыі не паўтараліся ніколі і нідзе. Публікуючы матэрыялы праекта «Нашчадкі вогненных вёсак», найстарэйшая беларуская газета яшчэ раз пацвердзіла: на тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкія акупанты вялі вайну на знішчэнне. Тактыка «выпаленай зямлі», «пашырэння жыццёвай прасторы» — нацысцкі генеральны план «Ост». Тры чвэрці насельніцтва падлягала «высяленню» з роднай зямлі — фізічнаму знішчэнню. Чвэрць — «анямечванню», ператварэнню ў рабоў. Мінулая вайна і страты ў ёй — балючая, незагойная рана беларускага народа.

Таццяна Падаляк з Міхаілам Савіцкім і Львом Гумілеўскім

— 24 верасня 1980 года на галоўнай плошчы Мінска быў адкрыты помнік першаму рэдактару падпольнай «Звязды» Уладзіміру Амельянюку і яго баявым таварышам. Вы, яшчэ школьніцай, былі ў складзе ганаровай вахты. Напэўна, лёс?

— Пра гэты факт зусім забыла. Успомніўся ён выпадкова — калі гісторык Яўген Бараноўскі прынёс вялікі артыкул пра тое, як вызначалася месца гібелі Амельянюка і ўстанаўліваўся помнік. Матэрыял суправаджаўся фотаздымкамі з адкрыцця помніка, у тым ліку апублікаваны «Звяздой» рэпартаж з гэтай падзеі. У газеце раптам пазнала сябе. Дык вось жа я, перадапошняя ў шэрагу ганаровай вахты. Столькі часу прайшло з верасня 1980-га, але хіба можа забыць, як тое было. Як адбываўся конкурс сярод вучняў мінскіх школ на права быць у складзе ганаровай вахты ў час адкрыцця помніка. Акрамя традыцыйнага набору характарыстык (выдатніца, камсамолка, актывістка), у мяне былі і творчыя дасягненні, шматлікія публікацыі ў газеце «Чырвоная змена»...

Як дзіўна складваецца жыццё. Ці мо сапраўды ёсць нейкае наканаванне лёсу, і мая ганаровая вахта на адкрыцці помніка Уладзіміру Амельянюку і загінулым журналістам-падпольшчыкам была зусім не выпадковай? Пазней я стала журналісткай «Звязды», дзе амаль незаўважна праляцелі натхнёныя 20 гадоў. Магчыма, сваю першую, самую галоўную журналісцкую загартоўку я атрымала менавіта тады, у верасні 1980-га, калі школьніцай мела гонар далучыцца да гісторыі газеты-патрыёткі. І гэтая ганаровая вахта памяці для мяне — назаўсёды.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва Таццяны ПАДАЛЯК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.