Вы тут

Ці выходзіла «Звязда» ў Магілёве падчас Вялікай Айчыннай вайны?


Самы загадкавы момант у гісторыі «Звязды» звязаны менавіта з вайной. Дагэтуль гісторыкі спрачаюцца, паспеў выйсці хоць бы адзін з нумароў у пачатку вайны ў Магілёве ці не.


У першыя дні вайны газеты выдаваліся  ў былым будынку губернскага праўлення.

У Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У. Леніна газеты таго перыяду не захавалася. Самыя раннія тут датаваныя 1945 годам. Але ёсць крыніцы, якія ўскосна сведчаць, што ў Магілёве магло быць выдадзена як мінімум тры нумары «Звязды». Дырэктар бібліятэкі Ілона Сарокіна спасылаецца на літаратуру, якая захоўваецца ў фондах. У кнізе «Наша «Звязда», што была выдадзена да 50-годдзя газеты, ёсць інфармацыя, паводле якой па ўказанні Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі рэспубліканскія рэдакцыі выехалі з Мінска і працягвалі выпускаць газеты ў раённай рэдакцыі, потым — Магілёўскай абласной друкарні. Пасля Магілёва «Звязда» пэўны час выпускалася на гомельскай фабрыцы «Палесдрук». Там жа гаворыцца пра тое, што «з пачатку вайны „Звязда“ выходзіла 23, 26, 29 і 30 чэрвеня». І пра тое, што «за 19 дзён ліпеня выйшла 14 нумароў, і толькі з 20 ліпеня „Звязда“ пачала выходзіць рэгулярна, штодзённа».

Пра тое, што газета магла выдавацца ў магілёўскай друкарні, сведчыць і нарыс С. Марцэлава «Друк Савецкай Беларусі». Там гаворыцца, што 27 чэрвеня 1941 года ЦК КПБ прыняў пастанову аб аднаўленні выдання газет «Звязда» ў Магілёве і «Советская Белоруссия» ў Гомелі.

Пра факт выхаду газеты ў акрэслены перыяд у магілёўскай тыпаграфіі гаворыцца і ў чацвёртым томе Беларускай савецкай энцыклапедыі за 1971 год. «У пачатку вайны „Звязда“ выходзіла ў Мінску, потым — Магілёве і Гомелі да 13.08.1941 уключна».

— Усё вельмі супярэчліва, — кажа кіраўнік бібліятэкі. — Калі ў старых кнігах і энцыклапедыях напісана, што яна стваралася і ў Магілёве, то больш новыя гэта адмаўляюць. У выданні, прысвечаным 100-годдзю «Звязды», гаворыцца, што газета «не паспела выйсці ў Магілёве з-за імклівага наступлення нямецкіх войскаў і пагрозы захопу Магілёва, вымушана была пераехаць у Гомель. Там у друкарні „Паслесдрук“ яна і друкавалася да 13 жніўня 1941 года».

Магілёўскі фотамайстар і краязнавец Ірына Савосіна прытрымліваецца версіі, што ў ваенным хаосе факт выдання газеты ў Магілёве мог проста страціцца. У тыя трывожныя дні ў горадзе на Дняпры перасякаліся шляхі не толькі розных вядомых і малавядомых палітычных і ваенных дзеячаў, але і розных выданняў, каштоўных грузаў. Яна аналізавала першыя дні вайны ў Магілёве па кнізе Канстанціна Сіманава «Розныя дні вайны». Аўтар «Жывых і мёртвых», які апісаў у гэтай трылогіі гераічную абарону Магілёва, якраз знаходзіўся ў той час на Магілёўшчыне.

— У сваіх успамінах ён расказвае, што дабраўся да Магілёва раніцай 28 чэрвеня 1941 года, — расказвае Ірына. — І свае першыя нататкі здаў у нумар франтавой газеты, якая друкавалася ў горадзе. Тэарэтычна ў гэты час там магла друкавацца і «Звязда». На жаль, дакладнай інфармацыі пра гэта няма. Але іншыя газеты выходзілі, прычым вельмі вялікімі тыражамі. Сіманаў піша, што ваенная выдавалася тыражом аж 40 тысяч экзэмпляраў і развозілася на 2-3 грузавіках. Ён і сам падахвоціўся ехаць пад Бабруйск з газетамі, якія патрэбна было развезці ва ўсе вайсковыя часці. У адным месцы пры дарозе стаяў атрад НКУС. І Сіманаў з калегамі раздаваў газеты, якіх у кузаве было 10 тысяч экземпляраў.

Ірына Савосіна разважае пра тое, што ў апошнія чэрвеньскія дні 1941-га Магілёў стаў месцам накшталт Бермудскага трохвугольніка. Тут апошні раз бачылі крыж Еўфрасінні Полацкай. Але куды ён знік, дагэтуль невядома. Так і з газетай. Выходзіла яна тут ці не, невядома. Пацвердзіць або абвергнуць гэта цяпер немагчыма. Тыя нумары, калі і былі, на жаль, не захаваліся. Як, дарэчы, і сама друкарня. Яна раней знаходзілася на плошчы, якая сёння называецца плошчай Славы, у доме былой губернскай управы. Гэты будынак быў часткова разбураны падчас вайны, а потым і цалкам знесены. У пасляваенны час газеты друкаваліся ў падвальных памяшканнях Дома Саветаў, а ў 1970-я гады друкарня пераехала ў спецыяльна адбудаваны для яе трохпавярховік па вуліцы Першамайскай.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У аўторак падзеі будуць развівацца спрыяльна для вас, нечакана могуць узнікнуць новыя перспектывы для кар'еры. 

Калейдаскоп

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

Быць бацькамі — вялікая адказнасць. Кожны з нас хоча выхаваць дзіця ўпэўненым, добрым і шчырым. І самае галоўнае — шчаслівым.