Вы тут

Колас, Купала, «Звязда». Як класікі-юбіляры супрацоўнічалі з газетай


Сёлета мы адзначаем юбілеі нашых песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа... Але не будзем забываць, што кожны юбілейны для іх год — юбілейны і для газеты «Звязда». Класікі адзначаюць 140-годдзе, мы — 105-годдзе...

Як бачыце, яны былі яшчэ дастаткова маладыя, калі з'явілася наша газета, і жыццёвы шлях кожнага аказаўся звязаны з ёй... Калі ў 1927 годзе «Звязда» ўпершыню цалкам выйшла на беларускай мове, у гэтым была і заслуга класікаў. Дарэчы, Янка Купала неаднойчы палка выступаў на старонках тады яшчэ «Звезды» ў абарону таго, каб газета гучала на мове народа, які толькі што вызваліўся ад прыгнёту і мусіць ствараць і бараніць нацыянальную культуру.

Калі газета стала цалкам беларускамоўнай, публікацый Купалы і Коласа на яе старонках прыбавілася. Давайце ж разам пагартаем старонкі выдання і пашукаем на іх знакі прысутнасці нашых песняроў...


«Бушавала бура з сілай нечуванай...»

Нумар за 7 лістапада 1927 года, калі адзначалася 10-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, быў святочным. І Янка Купала, і Якуб Колас падрыхтавалі вершаваныя падарункі. У «Звяздзе» на дзясятай паласе ўпершыню надрукаваная паэма Янкі Купалы «З угодкавых настрояў»:

«Як пабег тады той

Вокліч ды па хатах:

«Гэй, на сход сыходзься!

Дзень ідзе расплаты.

Выпала часіна

Падвясці злічэнне

Крыўды векавечнай,

Вечнага цярпення».

А на пятай паласе змешчаны з фотаздымкам і аўтографам аўтара верш Якуба Коласа «Змаганьнікам за Кастрычніцкую рэвалюцыю»:

«Бушавала бура з сілай нечуванай,

«А вы шлі напорна

крокам нястрыманым,

Вар'яцела мора, пеніліся хвалі,

А вы шлі няспынна — вабілі вас далі.

Вухалі гарматы, грукацелі громы,

А вы шлі наперад віхрам-бураломам,

Разьбівалі ковы, векавыя путы,

А на кожным кроку вораг злы і люты.

І было змаганне, ой, было змаганьне,

Не хацеў стары сьвет

страціць панаваньня.»

Як заўважыў вядомы літаратуразнаўца Уладзімір Гніламёдаў, верш вельмі тыповы для рамантычнай паэтыкі таго часу, але відаць і «аб'ектывізаваны падыход да жыцця,
працяг класічнай традыцыі дакастрычніцкай лірыкі».

А ў снежні 1927 года, у першым пераднавагоднім нумары беларускамоўнай «Звязды», друкуецца сяброўскі шарж графіка-карыкатурыста Янкі Кашкеля на Якуба Коласа. Гэта першы гумарыстычны партрэт класіка.

Колас на партрэце апрануты ў шапку-аблавушку, кажух і валёнкі, як належыць вясковаму мужыку, але ў руках трымае інтэлігенцкі партфель. Адметнае ж ягонае аблічча: гранічна напружаны, сумна-трывожны позірк, запалыя шчокі, зморшчына паміж бровамі... Мысляр, апанаваны пакутлівай думкай.

Страшны карнавал эпохі

Не было месяца, а мо і тыдня, каб у «Звяздзе» не згадвалі пра Коласа і Купалу... Пагартаем падшыўку за 1928 год. Класікі выказваюцца ў сувязі з рэарганізацыяй Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук, падаецца інфармацыя пра іх наведванне з іншымі пісьменнікамі Ленінграда, пра іх удзел у рабоце ІX Усебеларускага з'езда Саветаў, пра тое, як Купала разам з Цішкам Гартным і Андрэем Александровічам сустракаў на станцыі Негарэлае Максіма Горкага, які вяртаўся з Італіі...

Нярэдка друкуюць песняры ў «Звяздзе» і новыя свае творы. З самых вядомых такіх прэм'ер — у нумарах за 29 і 30 чэрвеня 1933 года апублікаваная паэма Янкі Купалы «Над ракою Арэсай».

Вядома, публікацыі здараліся не толькі прыемныя... Бо пачаўся час апантанага адшуквання ворагаў народа. З'яўляліся «выкрывальныя» артыкулы і на Купалу з Коласам, напрыклад, артыкул Лукаша Бэндэ ў нумары за 25 мая 1930 г. «Шлях паэта», у якім Купала названы «ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму». А 14 снежня 1930 года ў «Звяздзе» быў надрукаваны «Адкрыты ліст Янкі Купалы», напісаны зацкаваным паэтам пасля спробы самагубства. У лісце ён каяўся ў памылках, якія зрабіў, «утапаючы ў пратухлым балоце акружаючых мяне контррэвалюцыйных нацыянал-дэмакратычных «дзеячоў» з авантурыстычным палітычным мінулым».

Насамрэч навукоўцы лічаць, што ліст напісаў той жа Лукаш Бэндэ, бо хворы, знясілены Купала ляжаў у бальніцы і не мог гэтага зрабіць.

Паэт выжыў... 31 сакавіка 1931 года ён віншуе на старонках «Звязды» з 63-годдзем Максіма Горкага, а 12 красавіка ў газеце быў надрукаваны ягоны верш «А ў Вісле плавае тапелец»:

«Балюе панская Варшава,

А для гуманнасці, прагрэса

Ідзе аблава за аблавай

На ўсходніх «вольных» польскіх Крэсах».

«Мы столькі вылічым памылак — таму хоць рэжся, як з пагроз»

30 ліпеня 1934 года выйшаў пяцітысячны нумар «Звязды». Святочны выпуск поўны віншаванняў. На другой паласе ў цэнтры — верш Янкі Купалы «Звяздзе»:

«Пяць тысяч — не жарты вам —

Нумароў з запалам

«Звязда» наша слаўная

Ўжо надрукавала.

Пяць тысяч — не жарты вам —

Ды тут — на фарпосце,

Ад рукі варожае

Дзе йшчэ тлеюць косці.

Пяць тысяч не жарты вам...

Праз гадоў шаснаццаць

«Звязда» з подлым вогагам

Мусіла змагацца...

Скажам жа ёй шчырае

Наша пажаданне:

Каб жыла, квяцілася

Далей безустанне.

Каб з тэй-жа упартасцю,

З тым жа гераізмам

Шляхі далей значыла

Аж до комунізма».

1930-я гады прынеслі абодвум класікам шмат страт... Мала хто з кола іх сяброў і сваякоў застаўся некранутым рэпрэсіўнай машынай. Хроніка 1937-га... 24 студзеня арыштаваны паэт Міхась Чарот, з якім у 1925-м Купала разам ездзіў у Прагу... 29 студзеня Купала піша верш «Мала іх павесіць!..» супраць выкрытых ворагаў народа. 9 лютага ў «Звяздзе» друкуецца яго пераклад з паэмы Пушкіна «Медны коннік». 25 сакавіка на сходзе ў Доме пісьменніка гучаць абвінавачанні ў бок усіх літаратараў. 23 красавіка ў «Звяздзе» друкуецца верш Купалы «На тэму крытыкі і самакрытыкі», водгулле страшных пасяджэнняў:

«У век наш крытыкі сур'ёзнай

І самакрытык агнявых

Мы падыходзім вельмі грозна

Не да сябе, а да другіх.

Пылінку бачым у суседа,

Ды што? — ў яго іх не адна!

А ў сваім воку, даўнім следам,

Не заўважаем бервяна.

Без лішніх захадаў, ухмылак

У канкурэнта на вынос

Мы столькі вылічым памылак, —

Таму хоць рэжся, як з пагроз».

Мы чытаем, як народных паэтаў абіраюць у розныя камітэты і прэзідыумы... А «за кадрам» — шэраг арыштаў іх калег.

Ардэнаносцы ў рэдакцыі

Адкрываем газету за 1 лютага 1939 года. На першай жа старонцы бачым Купалу, Коласа ды іншых пісьменнікаў, якія знаходзяцца на нейкім урачыстым сходзе. Подпіс: «Вечарам 19 лютага XІІІ з'езд ЛКСМБ віталі пісьменнікі-ардэнаносцы Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка. Бурнымі воплескамі сустракала пісьменнікаў-ардэнаносцаў шчаслівая моладзь савецкай краіны — дэлегаты ХІІІ з'езда ЛКСМБ».

Паўтарэнне слова «ардэнаносцы» невыпадковае: толькі што ў Маскве згаданыя пісьменнікі атрымалі ордэны Леніна.

На той жа старонцы зацемка: «Пісьменнікі-ардэнаносцы ў рэдакцыі «Звязды».

«Учора рэдакцыю газеты «Звязда» наведалі пісьменнікі-ардэнаносцы Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Пятрусь Броўка і Пятро Глебка, а таксама пісьменнікі Клімковіч, Крапіва, Шапавалаў, Куляшоў, Аксельрод і інш.

У прыяцельскай гутарцы пісьменнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі аб Маскве, расказалі аб незабыўных сустрэчах з працоўнымі чырвонай сталіцы, аб той велізарнай радасці, якую адчуваў кожны з беларускіх пісьменнікаў, атрымаўшы высокую ўзнагароду савецкага ўрада. Яны абяцалі новымі выдатнымі творамі апраўдаць вялікае давер'е партыі, урада і таварыша Сталіна.

У гутарцы былі намечаны шляхі далейшага ўмацавання творчай сувязі «Звязды» з пісьменніцкай грамадскасцю БССР».

«Адбыўся суд гісторыі»

1939-ы... Год уз'яднання з Заходняй Беларуссю, вызваленай ад польскай акупацыі. У «Звяздзе» ад 19 верасня 1939 года на першай паласе адозва Якуба Коласа «Браты Заходняй Беларусі»:

«Я хачу, каб вы пачулі мой голас і словы мае, што ідуць ад чыстага сэрца.

Больш дваццаці гадоў нас разлучала граніца, рассекшы на дзве часткі жывое цела народа, яго зямлю.

Рознымі дарогамі ішло наша жыццё па адзін і па другі бок граніцы...

Чатыры гады таму назад я ехаў праз Заходнюю Беларусь. З акна вагона бачыў я тыя мясціны, па якіх ужо даўно тысячы разоў хадзілі мае ногі. Пачуццё горычы сціскала маё сэрца, калі пазіраў я на вузенькія палоскі, на ўбогія хаты, на прыбітыя горам невясёлыя постаці сваіх братоў. Нярадасныя, даўно забытыя перажыванні паўставалі зноў. Я напісаў тады вам прысвячэнне «З дарогі», якое быць можа да вас і не дайшло.

«Па сходзе многіх дзён

Я зноў зірнуў у вочы родным долам...

Зняменне, ціш і сон,

Убоства і прыгон,

За крыжам крыж, астрогі ды касцёлы...

Дзе ж посулы паноў,

Іх лёкаяў аб роўнасці, аб волі?

У дзвэнканні званоў,

У звоне кайданоў,

У свісце бізуноў,

У голадзе, асадніцтве, падполлі...»

Браты! Адбыўся суд гісторыі. Жудасным акордам трывогі, слёз, пакуты, знішчэння і смерці канчаецца панскае панаванне.У бяздонне нязноснага гора ўвёў панскі ўрад сваю дзяржаву і народы, а сам збег ганебна. Ці маглі мы спакойна стаяць убаку і глядзець на вашу пакуту?»

А вось і Купала ў гэтым святочным нумары... На чацвёртай паласе, на фотаздымку з подпісам: «Каля 100 пісьменнікаў і паэтаў Савецкага Саюза прыбыла ў Ерэван на святкаванне, прысвечанае тысячагоддзю армянскага эпаса «Давід Сасунскі».

На здымку Купала ў плашчы і кепцы, вельмі стомлены і худы... Побач Фадзееў, Лявонаў, Барто...

У нумары «Звязды» ад 21 верасня 1939 года тэма ўз'яднання з Заходняй Беларуссю працягваецца. Цяпер на першай паласе — зварот Янкі Купалы пад назвай «Вітаю мудрае рашэнне ўрада», дасланы з Ерэвана:

«Беларуская культура ў панскай Польшчы была падаўлена, разгромлена. Народы Заходняй Беларусі жылі жабрацкім, галодным жыццём. Савецкі ўрад прыйшоў на дапамогу прыгнечаным народам...»

22 верасня ў газеце друкуецца верш Коласа «Свайму народу»:

«На прастор, на шырокі разлог

Выхадзі, мой народ,

грамадою, —

Сотні новых і ясных дарог

Рассцілае жыццё

прад табою!..»

5 кастрычніка ў «Звяздзе» ягоны ж верш «Гудзе зямля, дрыжаць лясы...»:

«Няма граніц, няма паноў —

Сышло іх панаванне:

Збуцвеўшы лад былых вякоў

З магілы не паўстане...»

Выказваўся на гэтую тэму паэтычным словам і Янка Купала. 15 кастрычніка ў «Звяздзе» з'яўляецца яго верш «Радасная сустрэча», напісаны пасля таго, як Купала разам з Коласам пабываў на перадвыбарным сходзе настаўнікаў Беластока. А 4 лістапада 1939 года Колас вершам «Вольнаму народу» вітае са старонак «Звязды» прыняцце закона аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз'яднанні яе з БССР.

Летапіс іх жыццяў

У час Вялікай Айчыннай вайны «Звязда» працягвала выходзіць. 27 лютага 1943 года там з'явіўся верш Янкі Купалы «Беларускім партызанам» — гэта было пасля смерці паэта, які загінуў у 1942-м. Ужо ў першыя дні вайны, 24 чэрвеня 1941 года, у «Звяздзе» быў надрукаваны верш Якуба Коласа «Шалёнага пса — на ланцуг»:

«Да зброі, народы раскутай краіны:

Разбойнік штурмуе наш дом!

Магутнаю раццю, патокам адзіным

Абрушым на ворага гром!»

На старонках «Звязды» адзначаліся ўсе значныя падзеі з жыцця Песняроў... Занатавалі і іх смерць.

Адкрыем нумар за 14 жніўня 1956 года. На першай паласе, у жалобнай рамцы — партрэт Якуба Коласа і абвестка аб ягонай смерці. Пад некралогам — зацемка ад камісіі па арганізацыі пахавання:

«Труна з целам таварыша Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча) устаноўлена ў Палацы культуры прафсаюзаў. Для развітання з памёршым Якубам Коласам адкрыт доступ 14 жніўня з 13 гадзін дня да 10 гадзін вечара і 15 жніўня з 10 гадзін раніцы. Пахаванне адбудзецца 15 жніўня на могілках па вуліцы Даўгабродская».

Ёсць у газеце і медыцынскае заключэнне аб хваробе і прычыне смерці:

«Якуб Колас (Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч) 74 год. На працягу многіх год хварэў цяжкай формай гіпертанічнай хваробы і агульным атэрасклерозам. Смерць наступіла раптоўна 13 жніўня 1956 года ў 13 гадзін 20 мінут ад вострай сасудзіста-сардэчнай недастатковасці».

Падрабязнасці смерці Янкі Купалы, які загадкава загінуў у лесвічным пралёце маскоўскага атэля ў 1942-м, зразумела, у «Звяздзе» ў той час не публікаваліся... Хоць у наш час нямала публікацый прысвечана той загадцы.

Так што можна сцвярджаць: Янка Купала і Якуб Колас ніколі не сыходзілі і не сыдуць са старонак роднай газеты на роднай мове.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.