Вы тут

Школа «Звязды», альбо Змена эпох — праз змену пакаленняў


У кожнага свая «Звязда». Адна яна для тых, хто чытае, крыху іншая — для тых, хто піша. І ёсць яшчэ адзін вобраз гэтай рэдакцыі: у тых, хто толькі ўваходзіць у журналістыку. У розныя часы гэты прыход, відаць, адбываўся па-рознаму...


— Ну, ты яшчэ маладая, не разумееш, — адказаў намеснік рэдактара «Звязды», калі я запытала, чаму мой тэкст, здадзены ў «Звязду», быў скарочаны амаль на палову. — Нічога, пройдзеш школу «Звязды», навучышся цаніць словы...

Я толькі прыйшла працаваць, скончыўшы журфак у 1992 годзе. Нас тады ў аддзеле інфармацыі было шасцёра — усе аднаго пакалення, альбо толькі скончылі, альбо вучыліся на апошніх курсах. Мы трымаліся купкай, бо былі «маладзёжнай фракцыяй» у рэдакцыі вельмі шаноўных супрацоўнікаў. Што ні імя — тое, лічы, класіка журналістыкі. Яны ведалі, як трэба пісаць (цяпер я разумею, што так і было!), і не стрымлівалі сябе ў ацэнках на рэдакцыйных лятучках, дзе разбіраліся нашы тэксты па драбніцах. Даходзіла да вельмі гарачых спрэчак, бо нам, акрамя заметак, хацелася пісаць матэрыялы на нейкія вострыя тэмы, шукаць адметных суразмоўцаў, нават самавыяўляцца — каб так не рабіў больш ніхто. «А ніхто і не робіць, бо так не варта», — гучаў жалезны аргумент ад фракцыі традыцыяналістаў. Кропку звычайна ставіў рэдактар Уладзімір Браніслававіч Наркевіч, які казаў вельмі проста: «Калі ласка, зрабіце лепш...» На гэтым спрэчкі сціхалі. Нашым моцным бокам былі актыўнасць і імпэт, з чым заўсёды асацыіруецца маладосць.

Змена пакаленняў у рэдакцыі газеты, якая ад фармату партыйнай у той час пераходзіла ў статус агульнанацыянальнага выдання, — складаны працэс. І нейкі час пайшоў на тое, каб сталыя супрацоўнікі прывыклі да думкі: маладая энергія вельмі важная ў журналістыцы, якая станавілася больш імклівай. Дапамагло і ўнутрырэдакцыйнае жыццё — тое, што дазваляла адчуваць сябе ў рэдакцыі сярод сваіх. Гэта была больш, чым работа, бо часам дадому людзі сыходзілі толькі на ноч, каб паспаць — і з раніцы зноў у рэдакцыю. Як сям'я, дзе ўсе так ці інакш павінны чуць і паважаць адзін аднаго. Асабліва тое адчувалася, калі «Звязда» адзначала святы. Значна пазней у жыццё ўвайшлі карпаратывы (але гэта зусім не тое!), а тады віншаванне мужчынам на 23 лютага альбо жанчынам на 8 сакавіка, ці напярэдадні Новага года, рабілі ў абедзенны перапынак, калі ўзнікала паўза паміж вёрсткай палос нумара, і ў рэжыме, падобным на тэатральныя капуснікі — з віктарынамі і конкурсамі, якія дазвалялі крыху пасмяяцца і па-іншаму паглядзець адзін на аднаго. Нейкія імгненні — трапныя адказы, жарты, усмешкі — ператваралі нашых «бугроў», да якіх страшна было нават звярнуцца, у звычайных людзей, вясёлых і знаходлівых. І, аказвалася, побач з намі, такімі дзёрзкімі, насамрэч вельмі добрыя і харошыя людзі! Агульнарэдакцыйныя вандроўкі па гістарычных мясцінах звычайна ладзіліся да дзён нараджэння «Звязды» (у выхадныя мы разам спасцігалі Беларусь, яе старажытныя гарады, напрыклад, Полацк, Нясвіж, Мір, калі яны яшчэ не былі агульнанацыянальнымі помнікамі; і проста выязджалі ў лес у грыбы). У такіх вандроўках сама дарога спрыяла раскрыццю «звяздоўскіх» талентаў. І аказвалася, што Іван Бараноўскі, які піша пра эканоміку, цудоўна спявае — дзіўна, што лёс прывёў яго не ў оперны тэатр. А фотакарэспандэнт Яўген Пясецкі піша вершы. А Людміла Рыжанкова, адказны сакратар, выдатная гаспадыня, якая ўсіх частуе грыбочкамі ўласнай кансервацыі...

Шмат каго з той рэдакцыі 1990-х гадоў ужо няма на свеце. Але тое, што гэтыя людзі былі — з душэўным святлом, з прынцыповым падыходам да работы, — самая вялікая мая навука ў журналістыцы. Бо можна прафесійна — і пры гэтым па-чалавечы, часам нават па-сямейнаму. Чалавек — не «колца і вінцік», а асоба, журналіст — не пераказчык, а голас грамадства. За кожным словам — жывы чалавек (вось чаму іх асабліва трэба цаніць!) Кожны чалавек — частка краіны, якую мы можам зрабіць лепшай. У гэтым і ёсць галоўная традыцыя «Звязды», якую я добра засвоіла з тых часоў, калі многае стала магчыма. Традыцыя жыве, як і працягвае працаваць школа «Звязды» — не толькі ў літаральным сэнсе (бо змена пакаленняў адбываецца перыядычна), але і ў чалавечым.

Ларыса ЦІМОШЫК

Прэв’ю: pixabay.com 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».