Дбаць пра харчовую бяспеку краіны працягвае цёзка газеты «Звязда» — аднайменнае сельгаспрадпрыемства ў Чачэрскім раёне. Яго калектыў перакананы: зорнае імя 92 гады таму гаспадарка магла атрымаць менавіта ў гонар аднаго з першых выданняў Беларусі. Апошнім часам адкрытае акцыянернае таварыства ў беларускамоўным варыянце на афіцыйных дакументах носіць назву «Зорка». Але калектыў адчувае сябе менавіта «звяздоўцамі». У юбілейную дату, якая выпала на самую гарачую пару — жніво, карэспандэнт «Звязды» завітала на Чачэршчыну.
Аб дасягненнях ААТ «Зорка» ведаюць далёка за межамі Чачэрскага раёна. Сельгаспрадпрыемства за апошнія 15 гадоў па праве заваявала статус аграрнага лідара гомельскага Засажэўя. У акцыянернае таварыства аб'яднана пяць гаспадарак — колішнія саўгасы «Бяляеўскі» і «Сож-1», КСУП «Нісімкавічы» і «Звязда», у даверным кіраванні галаўнога прадпрыемства таксама мясцовая гаспадарка «Палессе». Сям'я ж «звяздоўцаў» — каля 200 чалавек. Працуюць людзі і з Чачэрска, і з населеных пунктаў, што знаходзяцца на тэрыторыі іншых гаспадарак.
— З намі той, хто жадае годна працаваць і годна жыць, — пераканана дырэктар ААТ «Зорка», адна з самых вядомых жанчын-кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў у краіне, узнагароджаная медалём «За працоўныя заслугі» Галіна Трыбунах.
За ўсю гісторыю існавання ў «звяздоўскага» калектыву было толькі сем кіраўнікоў. Галіна Пятроўна — сёмы кіраўнік, а ўзначаліла гаспадарку ў 2007 годзе. Магія лічбаў таму віной ці не, дырэктар не ведае, але менавіта гэта работа стала лёсавырашальнай не толькі для Галіны Пятроўны, але для ўсіх членаў яе сям'і. Кіраванне гаспадаркай — справа жыцця і для яе мужа, Сяргея Васільевіча. Ён — і другая палавінка, і правая рука, і памочнік ва ўсіх справах. Сяргей Трыбунах — намеснік дырэктара, якім ганарыцца калектыў.
— Мы заўсёды прытрымліваемся правіла ў рабоце: дзяржаўныя пытанні вышэй за ўсё. Стабільная работа нашай гаспадаркі — гэта задача, якую паставіла краіна перад маім калектывам, і яе абавязкова трэба выканаць. Калі ёсць праблемы са спецыялістам у рабоце, абавязкова знайду падыход, — расказвае Галіна Трыбунах.
З дырэктарам ААТ «Зорка» выязджаем у поле. Тэрыторыя гаспадаркі значная па плошчы. За дзень кіраўнік, здараецца, наведваючы толькі асноўныя аб'екты прадпрыемства, за рулём машыны пераадольвае да 350 кіламетраў. Цяпер самы гарачы сезон для аграрыяў — гэта і час выпрабавання, як наладжана ў калектыве работа супрацоўнікаў машынна-трактарнага парка, тлумачыць Галіна Пятроўна. Хоць, пераканана, у сельскай гаспадарцы «не гарачых» сезонаў увогуле няма. Праца на зямлі — няспынная, бы само жыццё.
— Цяпер працягваем убіраць збожжавыя культуры, прэсуем саломку, звозім з палёў, рыхтуемся да сяўбы азімага рапсу, пачынаем рыхтаваць глебу, — пералічвае дырэктар гаспадаркі. — Між тым кожны з нашых працаўнікоў разумее, што хлеб павінен быць на стале ў кожнай беларускай сям'і, і гэта не пустыя словы для нашага калектыву. Перад пачаткам уборачнай кампаніі, калі збіраемся з супрацоўнікамі, я заўсёды заклікаю: лічыце, што мы зараз з вамі на фронце. Мы выйшлі ў поле, і для нас няма больш шляху назад. Мы павінны ісці хутка і толькі наперад, прыбраць тое, што выгадавала зямелька наша, павінны ўсё сабраць і пакласці ў засекі, адправіць у дзяржзаказ, — пераканана кіраўнік ААТ «Зорка».
Сумленная праца на зямлі абавязкова адгукнецца добрым заробкам, гэта таксама правіла «звяздоўцаў».
— Перад выездам у поле кожны камбайнер атрымлівае папку з расцэнкамі за тону намалочанага збожжа. Пасля змены кожны ўжо ведае, колькі зарабіў за дзень. Цяпер, у сезон, толькі за адзін месяц механізатары, задзейнічаныя на ўборачнай, атрымліваюць звыш шасці тысяч рублёў. Гэта вельмі матывуе супрацоўнікаў. У цэлым жа за першае паўгоддзе бягучага года сярэдняя заработная плата ў нашай гаспадарцы склала звыш 1,7 тысячы рублёў, — тлумачаць галоўны эканаміст і галоўны бухгалтар ААТ «Зорка» Святлана Каржова і Валянціна Іваненка.
Сёння ў гаспадарцы адмовіліся ад практыкі браць падчас жніва ў памочнікі камбайнера непрафесійна падрыхтаваных спецыялістаў. Ставяць перад супрацоўнікамі задачу, каб на любым этапе ўборкі памочнік камбайнера мог цалкам замяніць старэйшага ў экіпажы, стаць паўнавартасным членам брыгады па рамонце тэхнікі падчас жніва. Гэта
дазваляе ў тым ліку максімальна хутка нават у полі адрамантаваць машыны і мінімізаваць іх прастоі ў полі.
Ёсць у «звяздоўцаў» і яшчэ адно абавязковае правіла ў рабоце — быць шматпрофільнымі спецыялістамі. Напрыклад, маладыя кадры — загадчык рамонтных майстэрань Максім Макарэвіч і інжынер па выпуску сельгастэхнікі Аляксей Нарушаў — могуць працаваць на любой сельгастэхніцы і падтрымаць, дапамагчы супрацоўнікам сваіх падраздзяленняў на ўсіх этапах работы.
— Створана ў гаспадарцы і моцная каманда па рамонце машынна-трактарнага парка. Акрамя таго, самі механізатары вельмі адказна ставяцца да тэхнікі, на якой працуюць, — зазначае Галіна Трыбунах і з гонарам пералічвае імёны найлепшых з найлепшых у камандзе трактарыстаў-машыністаў: Уладзімір Дзятлаў, Іван Павілкоў, Сяргей Куркоў, Мікалай Брайкоў, Аляксандр Каплуноў. Гонар калектыву, па словах кіраўніка гаспадаркі, — галоўны інжынер Віталь Кандраценка і галоўны аграном Уладзімір Сахараў.
У арсенале гаспадаркі сёння — 10 збожжаўборачных камбайнаў: палова — новенькіх, набытых у тым ліку па Указе Прэзідэнта № 146.
— Дзякуй Аляксандру Рыгоравічу: як бы ні было складана, як бы ні было цяжка, заўсёды сельская гаспадарка атрымлівае адчувальную падтрымку кіраўніка дзяржавы. Указ Прэзідэнта дае магчымасць аграрыям набываць любую тэхніку і трактары айчыннай вытворчасці. Так, летась мы набылі два збожжаўборачныя камбайны і яшчэ два — сёлета. Адзін камбайн, набыты зусім нядаўна таксама па 146-м указе, але ўжо за бюджэтныя грошы, — гэта падтрымка гаспадаркі ад кіраўніка Гомельскай вобласці Івана Крупко, — тлумачыць Галіна Трыбунах.
Добрая тэхніка на ўзбраенні аграрыяў — гарантыя таго, што і надалей гаспадарка зможа высокімі тэмпамі развіваць свой асноўны кірунак — жывёлагадоўлю. На пяці фермах ААТ «Зорка» — больш за пяць тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Штодня ад «звяздоўскіх» рагуль на перапрацоўку на Рагачоўскі малочны камбінат пастаўляецца 34 тоны малака.
— У нас ёсць кароўкі, якія даюць больш за дзевяць тон малака. Такія добрыя вынікі па надоях — гэта праца не аднаго дня, а працяглай сістэмнай работы, — падкрэслівае галоўны заатэхнік ААТ «Зорка» Алена Малашкіна і расказвае, што яе даяркі і заатэхнікі ведаюць усіх сваіх каровак «у твар», як кажуць, адносяцца з вялікай пяшчотай і клопатам, даюць ім мянушкі.
Алена Ціханаўна, якая сама 20 гадоў жыцця аддала рабоце галоўным заатэхнікам, пераканана, што работа з жывёлай самая цікавая і вельмі адказная.
— Я заўсёды кажу сваім жывёлаводам, што ў нас такая вытворчасць: гэта як мартэнаўская печ — калі яе спыніць, усё прападзе дарэмна. Таму ў нашай рабоце няма такога, што мы дабіліся паказчыкаў добрых і сядзім спакойна. Калі прыйшла працаваць у гаспадарку, крыху больш за тры тоны малака даілі, а цяпер — амаль 35, але гэта нагода толькі яшчэ больш развівацца і ўдасканальваць работу, — дзеліцца Алена Малашкіна.
Дарэчы, прозвішча галоўнага заатэхніка ў ААТ «Зорка» таксама праслаўляе чарговую працоўную дынастыю. Агульны працоўны стаж — больш чым 30 гадоў — за плячыма мужа Алены Ціханаўны Фёдара Малашкіна і яго брата Рыгора Малашкіна. Праслаўляе працоўную сямейную дынастыю малады супрацоўнік, які ўзначальвае МТФ на 600 галоў буйной рагатай жывёлы, Яўген Нарушаў.
— На працу іду з задавальненнем, — шчыра дзеліцца Яўген Віктаравіч, бацька якога доўгі час прапрацаваў у роднай гаспадарцы трактарыстам. — Скончыў універсітэт і прыйшоў працаваць сюды па сваёй спецыяльнасці праграмістам. Пасля прапанавалі заняць пасаду загадчыка МТФ, пагадзіўся і не пашкадаваў. Працуем зладжана.
Увогуле, зладжана працуе ўся каманда «звяздоўцаў». Кіраўнік калектыву Галіна Трыбунах упэўнена: фірмовы стыль яе супрацоўнікаў — менавіта сумленная праца.
— Памятаю добра, што, калі толькі прыйшла працаваць сюды дырэктарам, у адно імгненне разумела, з кім з кіраўнікоў падраздзяленняў, адказных спецыялістаў спрацуемся, а з кім — не. Наш чалавек — гэта той, хто якую высокую пасаду ў гаспадарцы не займаў, ніколі не пройдзе міма простага рабочага, якому патрэбна дапамога, — закасае рукавы і шчыра дапаможа. Сёння ў нас працуюць добрыя маладыя спецыялісты і надзейныя працаўнікі са значным стажам работы. З такой камандай, пераканана, мы зможам усё.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.