Вы тут

Лукашэвіч: Бразілія — пляцоўка для прысутнасці Беларусі ў Лацінскай Амерыцы


Беларусь разглядае Бразілію як аднаго з найважнейшых партнёраў у Лацінскай Амерыцы і зацікаўлена ў далейшым паглыбленні двухбаковых сувязяў. Такім чынам вызначыў стратэгію супрацоўніцтва Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў віншаваніі кіраўніку Бразіліі Жаіру Балсанару з нацыянальным святам — Днём незалежнасці. «Зараз ваша краіна дэманструе значныя поспехі ў сацыяльна-эканамічным развіцці і ўмацаванні сваёй ролі на міжнароднай арэне», — падкрэсліў беларускі лідар. Прэзідэнт выказаў перакананасць, што плённае беларуска-бразільскае ўзаемадзеянне ў эканамічнай, палітычнай і гуманітарнай сферах будзе садзейнічаць няўхільнаму прагрэсу дзвюх дзяржаў і росту дабрабыту двух народаў.


Аляксандр Лукашэнка дакладна акрэсліў важнасць узаемадзеяння з Бразіліяй у верасні мінулага года падчас прызначэння Сяргея Лукашэвіча паслом у гэтай краіне. «Наймагутнейшая, вялізная дзяржава. І нам трэба пашыраць сваю прысутнасць там. Хаця б патрошку. Я маю на ўвазе гандлёва-эканамічныя адносіны. У палітыцы будзеце бачыць, наколькі гэта магчыма», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. На гэтым напрамку кіраўнік дзяржавы ў тым ліку разлічвае на падтрымку Расіі. «МЗС павінен дапамагчы. Тут і праз Расію, у БРІКС — праз гэтую арганізацыю. Расіяне могуць дапамагчы па многіх напрамках, асабліва ў Бразіліі і асабліва цяпер, калі ўвогуле яны імкнуцца нам дапамагчы ў гэты санкцыйны перыяд. І для іх цяжкі перыяд, і для нас гэта нялёгка. Але, як бачыце, спраўляемся. Думаю, справімся. І Бразілія ў гэтым спісе павінна быць адной з асноўных дзяржаў, за кошт чаго мы зможам стабільна сябе тут адчуваць». Наколькі мы змаглі наладзіць узаемавыгаднае супрацоўніцтва, якія тут перспектывы? Аб гэтым у эксклюзіўным інтэрв’ю «Звяздзе» распавёў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Бразілія, Рэспубліцы Парагвай і Усходняй Рэспубліцы Уругвай Сяргей Лукашэвіч.

— Сяргей Уладзіміравіч, па меркаванні экспертаў, дзякуючы свайму выгаднаму геаграфічнаму становішчу Бразілія з’яўляецца ідэальнай платформай для глабальнага гандлю. Наколькі паспяхова Беларусь выкарыстоўвае гэтыя магчымасці?

— Мы цудоўна разумеем, што Бразілія — стратэгічная пляцоўка для пашырэння прысутнасці Беларусі ў Лацінскай Амерыцы. І імкнёмся з гэтага зыходзіць, адпаведным чынам выстройваць свае дзеянні. Час цяпер складаны, турбулентны, аднак акрамя пэўных цяжкасцяў гэта і магчымасці. Сведчаннем таму — супрацоўніцтва з Бразіліяй. За мінулы год аб’ём беларуска-бразільскага тавараабароту склаў амаль 800 мільёнаў долараў — рост у параўнанні з 2020-м амаль на 9 працэнтаў.

— Гэта перш за ўсё беларускі калій?

— Мы выкарыстоўваем рынак Бразіліі для пастаўкі калійных угнаенняў. Поспехі заўважныя: у 2021 годзе Беларусь уваходзіла у тройку асноўных найбуйнейшых экспарцёраў калію (Канада, Расія, Беларусь). Гэта вялікая пазіцыя, сур’ёзны вынік работы беларускіх прадпрыемстваў. Таму што Бразілія перш за ўсё аграрная краіна. Практычна 50 працэнтаў іх экспарту прыпадае менавіта на гэты сектар, яны другі сельгасвытворца ў свеце, а па некаторых пазіцыях — наогул на першым месцы. Бразільская сельская гаспадарка — гэта тры ўраджаі за год. Яны актыўна павялічваюць плошчы і, адпаведна, нарошчваюць аб’ёмы вытворчасці. Напрыклад, у 1990 годзе сабралі 30 мільёнаў тон соі, а сёлета мяркуюць атрымаць амаль 150 мільёнаў тон. Гэта адбылося шмат у тым дзякуючы інтэнсіўнаму земляробству, актыўнаму выкарыстанню ўгнаеннеў (паколькі глеба ў большасці выпадкаў даволі бедная).

90 працэнтаў нашых паставак — гэта калійныя ўгнаенні. Аднак не варта забываць пра тое, што гэты рынак маржынальны, атрымаць з яго прыбытак імкнуцца не толькі беларусы, але і нашы галоўныя канкурэнты. Канада пад бокам, іх вытворцы заўжды прысутнічалі на бразільскім рынку, стваралі ўмовы, стымулявалі спажыўцоў на выкарыстанне канадскага калію, дарэчы, даволі дарагога. Цяперашні кошт стымулюе канадцаў да раскансервавання старых і распрацоўкі новых радовішчаў. Яны скарысталіся нашымі цяжкасцямі з арганізацыяй паставак і нарасцілі сваю прысутнасць на бразільскім рынку.

— Ці магчыма выправіць сітуацыю?

— Зразумела, мы не сядзім склаўшы рукі. Несяброўскія крокі некаторых нашых суседзяў цяжка былі ўспрыняты не толькі ў нас, але і ў Бразіліі. У мяне было шмат сустрэч на розных узроўнях, у тым ліку з прэзідэнтам Жаірам Балсанару, дзе мы гэтую сітуацыю абмяркоўвалі. Заходнія санкцыі ў адносінах да Беларусі моцна ўдарылі па Бразіліі. Кошт угнаенняў на мясцовым рынку адразу падскочыў у 3-4 разы.

На дадзены момант мы пастаўляем калійныя ўгнаенні рознымі шляхамі ў Бразілію, ёсць шэраг варыянтаў. Гэта лагістыка, зразумела, што ўсё пралічваецца. Аб’ёмы паставак ужо не такія былі па аб’ектыўных прычынах. Але дачакаемся восені і, напэўна, убачым зрухі да лепшага. Адпрацоўваюцца схемы пастаўкі ў разліку на канкрэтнага бразільскага спажыўца. Работа праходзіць індывідуальная. Бразільцы зацікаўлены ў нашых угнаеннях (прычым не толькі калійных). Яны цудоўна разумеюць, што як толькі беларусы адновяць свае пазіцыі на бразільскім рынку, то цэны напэўна зменшацца. Што адаб’ецца на сабекошце сельгаспрадукцыі.

Калійныя ўганенні — наш дыямент, які прыцягвае да нас увагу. Таму што мы бразільцам цікавыя настолькі, наколькі яны зацікаўлены ў той ці іншай пазіцыі. Сёння гэта калій (так склалася кан’юнктура рынку) і дызельнае паліва. Тое, што вырабляе наша нафтахімічная галіна, можна пастаўляць пад іх узрослы попыт. Нягледзячы на тое, што Бразілія — нафтаздабывальная краіна (уваходзіць у сусветную дзясятку). З-за практычна поўнай адсутнасці чыгуначных зносін у краіне актыўна развіваецца аўтамабільны транспарт, таму патрэба ў паліве на найбліжэйшую перспектыву будзе захоўвацца. Улічваючы адлегласці, колькасць насельніцтва (216 мільёнаў чалавек насельніцтва), гэта вялізны рынак і шырокія магчымасці для нашых вытворцаў.

— Наколькі запатрабаваная беларуская сельгастэхніка?

— Бразільская сельгасвытворчасць механізаваная на сучасным узроўні, у шэрагу выпадкаў вялікія тэрыторыі апрацоўваюцца тэхнікай, якая кіруецца па навігацыі з дапамогай дэвайсаў. Сектар даходны, таму даволі нядрэнна развіты. У тым ліку таму, што на рынку Бразіліі прысутнічае ўся гама сусветнага трактарабудавання. Яны даўно зайшлі, стварылі свае вытворчыя магутнасці, прывезлі інвестыцыі, таму нядрэнна сябе адчуваюць, цяжка ў гэтых умовах знайсці сваю невялікую нішу, каб замацавацца нават з такім якасным таварам, як трактар «Беларус», гэта задача надзвычай няпростая.

Усе памкненні беларускіх прадпрыемстваў, такіх як МТЗ, перш за ўсё павінны быць пастаяннымі. Ім неабходна бачыць сябе на гэтым рынку. Адпаведныя службы павінны дакладана разумець, якім чынам сябе тут паводзіць і што з гэтага можна атрымаць. Адметна, што такія працэсы ідуць, і ў найбліжэйшы час павінен адбыцца візіт дэлегацыі МТЗ у Бразілію.

Іншыя прадпрыемствы таксама павінны варушыцца. Гэтая работа павінна весціся пастаянна, паколькі сітуацыя змяняецца. Напрыклад, летась былі заўважныя пастаўкі беларускай металапрадукцыі на бразільскі рынак. Добра нарасцілі аб’ёмы, аднак цяперашняя лагістычная кан’юнктура прывяла да таго, што наша прадукцыя стала непрахадной па кошце.

Дарэчы, добры прыклад увасаблення вядомага прынцыпу «прыйшоў, убачыў, перамог» на бразільскім рынку — беларускае праграмнае забеспячэнне для заказу аўтамабіляў, якім ужо актыўна карыстаюцца ў некалькіх штатах. Бразілія дынамічна развіваецца. Гэта партугаламоўная краіна, таму кампаніі, якія імкнуцца трапіць на гэты рынак і замацавацца на ім, павінны прыходзіць з падрыхтаванымі спецыялістамі адпаведнага ўзроўню, якія размаўляюць на партугальскай мове. Гэта надзвычай важны момант. Беларускае пасольства ўкамплектавана штатам, які поўнасцю размаўляе на партугальскай. Адпаведна нам прасцей данесці і наша бачанне, прапановы, абмеркаваць ключавыя моманты. Гэта не толькі эканоміка, але і палітыка, культура.

— Аднак у пасольстве працуюць толькі тры дыпламаты, ці хапае магчымасцяў?

— Цяпер прыдатны час для таго, каб належным чынам праявіць свой прафесіяналізм. Прычым гэта датычыцца ўсіх спецыялістаў. Як той казаў, час абраў нас. Пачалася турбулентнасць, адбыліся прызначэнні новых паслоў Беларусі ў шэрагу замежных краін. Цяпер на гэтых важных пазіцыях працуюць шмат маладых дыпламатаў, за плячыма якіх ёсць належны вопыт. Гэта каманда, якая здольная вырашаць самыя адказныя пытанні. Зразумела, гэта каманда не чараўнікоў, а прафесіяналаў, скіраваных на станоўчы вынік.

Я прыехаў у Бразілію летась восенню, мы пачалі актыўна працаваць з мясцовым палітычным эстэблішментам па тэматыцы развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння. Атрымалася данесці важнасць падтрымання добрых адносін з Беларуссю. Пазітыўныя адносіны назіраюцца ў Бразіліі дзякуючы нашай калектыўнай працы разам з МЗС Беларусі.

Вельмі важна не застацца ўбаку. Пошук каардынат і ўладкаванне ў пэўную сістэму — працэс практычны. Магчыма, варта актывізаваць намаганні пашырэння дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Бразіліі. Упэўнены, што гэта прынесла б станоўчы вынік. Пасольства размяшчаецца ў Бразіліа — маленькай сталіцы вялікай краіны, як яе называюць бразільцы. Гэта горад, дзе знаходзяцца міністэрствы, дэпутаты, чыноўнікі. Фінансавыя, вытворчыя цэнтры — гэта Сан-Паўлу і Рыа-дэ-Жанейра (дзе раней было наша Генконсульства). Але адлегласць да іх ад Бразіліа — каля тысячы кіламетраў. Магчыма, варта падумаць аб аднаўленні або ўстанаўленні дыпламатычнай прысутнасці там. Вядома, гэта не вырашыць імгненна нашы праблемы, аднак калі казаць пра стратэгію развіцця, то такі крок выглядае апраўданым. Неабходна зрабіць кластар нашых інтарэсаў у макрарэгіёне Лацінскай Амерыкі, і не на паперы, а ў рэальнасці.

— Ці прымяняюцца ў прасоўванні беларускай прадукцыі на бразільскі рынак нейкія нестандартныя падыходы?

— У структуры нашых паставак ёсць пазіцыі, нязначныя з пункту погляду агульных аб’ёмаў, аднак як тэндэнцыя гэта вельмі цікава. Прыклад — Мінскі гадзіннікавы завод. Яны адпрацавалі і ўкаранілі бясплатную дастаўку па ўсім свеце. Беларускія гадзіннікі можна замовіць у любы кропку пункт. Мы падсвятлілі гэтую тэму ў сваіх сацыяльных сетках і ўжо некалькі гадзіннікаў замовілі ў Бразіліі. Ёсць пару задумак, я сустракаўся з кіраўніцтвам «Луча», паспрабуем рэалізаваць.

Апроч класічнага падыходу і выхаду з прадукцыяй нашых гігантаў — МТЗ, МАЗ, БелАЗ, — нельга забываць аб прадпрыемствах, якія змогуць працаваць з маркетплэйсамі ў Лацінскай Амерыцы. Mercado Lіvre — гэта аналаг Amazon, Wіldberrіes. Трэба спрабаваць уваходзіць туды, рынак неверагодна вялікі. Калі прыязджаю ў Беларусь, хаджу па асобных беларускіх прадпрыемствах, чыя прысутнасць на рынку тэарэтычна праглядаецца. Для таго каб паглядзець разам, дапамагчы. Павязу ўзоры, каб прэзентаваць у Бразіліі: беларуская касметыка, цукеркі і іншыя тавары.

Мы вітаем прыход любога беларускага бізнесу. Шэраг беларускіх стартапаў ужо прысутнічае на бразільскім рынку ў шэрагу штатаў. Беларускія дадаткі выкарыстоўваюцца для таксі, як я ужо казаў раней. Увогуле, многае, што вырабляе ПВТ, можна прыводзіць. Нам трэба адыходзіць ад падыходу: «Ім патрэбны наш тавар — няхай самі думаюць, як аплаціць і як даставіць сабе». Павінна весціся сумесная работа. У гэты час неабходна шукаць новыя формы ўваходжання на рынак, новыя формы плацяжоў. Варта адпрацаваць усё такім чынам, каб было зручна, камфортна кліентам у Бразіліі. Павінна быць камандная гульня: прадпрыемстваў, пасольства, міністэрстваў і ўрада. Апісаная ў байцы Крылова «Лебедзь, рак і шчупак» няўзгодненасць — не наш падыход. Мы працягваем актыўна працаваць над удзелам беларускіх прадпрыемстваў у выстаўках і кірмашах. Не ўсё атрымалася, паколькі асобныя праекты былі па аб’ектыўных прычынах згорнуты. Аднак ёсць рух наперад.

— Якія, на ваш погляд, перспектывы супрацоўніцтва на пляцоўцы БРІКС, куды ў тым ліку ўваходзіць Бразілія?

— Супрацоўніцтва ў фармаце БРІКС — надзвычай перпектыўны кірунак, паколькі ў аб’яднанне ўваходзяць найбуйнейшыя сусветныя геапалітычныя гульцы. Калі акрэсліць перспектывы, так бы мовіць, буйнымі мазкамі, то з прычыны саюзніцкіх адносін з Расіяй, стратэгічнага супрацоўніцтва з Кітаем і наяўнасці дзяржаў далёкай дугі ў гэтым аб’яднанні нашы інтарэсы супадаюць. Падчас фарміравання новага шматпалярнага свету варта не застацца ўбаку, быць больш уцягнутымі ў гэты працэс. Аднак неабходна дакладна разумець, з чым мы прыйдзем, чым будзем цікавыя новым партнёрам.

— Наколькі актыўна развіваецца экспарт беларускіх паслуг у Бразілію?

— Тут варта перш за ўсё згадаць развіццё адукацыйных паслуг. Бразільцы едуць да нас вучыцца. Гэта медыцынская, авіяцыйная сферы. Працуем з пэўнымі агенцтвамі. Па восені ўбачым, вынік. Развіваецца турызм. Пасольства актыўна працуе ў сацыяльных сетках — «Твітэр», «Фэйсбук» (@ByіnBrazіl) і YouTubе. Вельмі дзейсны цяпер інструмент, мы выкарыстоўваем яго досыць шырока. Гэта не толькі краявіды Беларусі і развіццё турызму, але і эканоміка, палітыка, гуманітарныя праекты. Імгненнае давядзенне пэўнай інфармацыі ў тым ліку да маладой аўдыторыі з клікабельным мысленнем. Нядаўна апублікавалі пост аб правах чалавека ў Беларусі. Нічога не перабольшылі, не прыўкрасілі. У бразільцаў інфармацыя выклікала вялікую цікавасць, паколькі ў іх не ідэальная сітуацыя. Бразільскія рэаліі — зусім не глянец у стылі меладрам, Астапа Бендэра і вядомага фільма 1975 года «Добры дзень, я ваша цётка». Гэта вулічныя банды, фавэлы, гібель жыхароў падчас спецаперацый сілавікоў, дзіцячая злачыннасць. Дарэчы, пляжы — гэта таксама стэрэатып, далёка не кожны бразілец грэецца на прыбярэжным пясочку, большасць жыве далёка ад акіяна. Таму спакойная, прыгожая Беларусь выклікае вялікую цікавасць у бразільцаў: некаторыя ўжо гатовы пераехаць на ПМЖ, але апасаюцца нашага снегу.

Актыўна развіваецца культурнае супрацоўніцтва, прычым у самых розных формах. Напрыклад, у бразільскім штаце Амазонас працуюць 15 беларусаў. Усе яны ўладкаваліся ў мясцовым музычным тэатры. Спачатку прыехаў адзін беларус, узровень нашай музычнай адукацыі высокі, ён быў належным чынам ацэнены. Гэты чалавек перацягнуў сюды сваіх родных, знаёмых з музычнай адукацыяй. З цягам часу сфарміравалася невялікая беларуская дыяспара, якая займаецца музыкай і стварае такім чынам надзвычай узроўневае ўяўленне пра Беларусь.

— Вы таксама прадстаўляеце інтарэсы нашай краіны ў Парагваі і Уругваі. Як развіваецца супрацоўніцтва з гэтымі дзяржавамі?

— Уругвай — невялікая сельскагаспадарчая краіна, але яна вельмі клапоціцца аб экалогіі і навакольным асяроддзі, таму мы разглядаем магчымасць пастаўкі сюды беларускага электратранспарту. Гэта сусветны трэнд, які запатрабаваны на ўругвайскім рынку. Вельмі добра, што ў нас тут ёсць пункт апоры — наш ганаровы консул, этнічны беларус Крысціян Андраюк, які трымае шчыльную сувязь з гістарычнай Радзімай і шмат у чым дапамагае і беларускаму пасольству, і МЗС у цэлым. З-за невялікіх маштабаў эканомікі ўругвайскі рынак з’яўляецца малаёмкім. Аднак разыначка гэтай краіны для нас — работа 10 свабодных эканамічных зон — вароты ў краіны Паўднёвай Амерыкі для розных вытворчасцяў і вядзення гандлёвых аперацый.

Цікавы факт: больш за 30 беларускіх спецыялістаў прыбылі ў снежні 2021 года ва Уругвай для работы на цэлюлозных заводах. Прыезд беларусаў у краіну далёкай дугі служыць асновай для далейшай дыверсіфікацыі нашых гандлёва-эканамічных адносін і стартавай пляцоўкай для папулярызацыі беларускіх тэхналогій і сумесных праектаў.

Парагвай у рамках аб’яднання паўднёваамерыканскіх дзяржаў «МЕРКОСУР» дамовіўся аб самых невысокіх увазных пошлінах, паколькі ў іх няма выхаду да мора. Таму прасоўванне на гэты глабальны рынак таксама можна разглядаць праз Парагвай. Знешнеэканамічная дзейнасць у гэтай краіне максімальна лібералізавана, што садзейнічае ажыццяўленню знешнегандлёвых аперацый без залішніх бюракратычных бар’ераў. Зараз мы працуем над развіццём дагаворна-прававой базы нашага супрацоўніцтва, што ў тым ліку павінна аблегчыць перамяшчэнне грамадзян нашых краін.

Пасольства ў цяперашніх умовах фактычна працуе ў рэжыме 24/7, як і многія астатнія. Свет хутка змяняецца, і важна своечасова сказаць, данесці нашу пазіцыю. Гэта як гарачы піражок — неабходна тут і цяпер. Так цяпер жыве свет, што вам, як журналістам, цудоўна вядома. Пры гэтым не варта забываць, што Лацінская Амерыка — гэта так званая кантактная дыпламатыя: тут вельмі важныя асабістыя зносіны і сустрэчы. Тое, што людзей настройвае, дзякуючы чаму можна атрымаць пэўныя рэпутацыйныя поспехі. Як у палітычным кірунку, так і ў эканамічным.

Гутарыў Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота Лізаветы ГОЛАД і з архіва пасольства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?