Вы тут

Светлыя згадкі даносіць


Толькі што ўбачыла свет даволі вялікая аб’ёмам (больш за 600 старонак) кніга Вячаслава Рагойшы пад прыгожай і насычанай зместам назвай — «Прыгаршчы светлых згадак». 


Чытачам штотыднёвіка «ЛіМ» адрэкамендоўваць аўтара няма патрэбы. Ужо не адно пакаленне філолагаў добра ведае Вячаслава Пятровіча як выкладчыка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прызнанага спецыяліста па пытаннях тэорыі літаратуры, тэксталогіі, вершазнаўства і перакладазнаўства, а больш за ўсё — даследчыка беларуска-ўкраінскіх літаратурных узаемасувязей. З-пад яго пяра выйшлі дзясяткі навуковых літаратуразнаўчых выданняў. Але не толькі. У персанальнай бібліяграфіі прафесара Рагойшы не апошняе месца займаюць кнігі перакладных твораў і арыгінальнай уласнай паэзіі. 

І вось чарговая кніга. Асаблівая ў розных адносінах, а найперш у тым, што аказалася прывязанай да важкага юбілею аўтара — 80-годдзя — і мае адпаведны змест. Вядома, з такой узроставай дыстанцыі ёсць на што азірацца, ёсць пра што згадваць. 

Калі абагульняць, то зыходны намер аўтара-юбіляра выявіўся ў тым, каб праз успаміны вярнуцца менавіта да светлага. Найперш гэта акцэнтуецца ў назве, якая адлюстравала асноўны змест кнігі. А такім зместам стала тое, што з пражытага-перажытага асабліва дόрага і што ніяк нельга выкінуць з памяці. Са старонак гэтых успамінаў чытачам адкрыецца своеасаблівы свет Вячаслава Рагойшы. У свеце гэтым вылучыць можна два значныя цэнтры — філфак БДУ і родны Ракаў. Між тым, як ні падыходзь, ён «ракавацэнтрычны». Невыпадкова да аграгарадка сцягваюцца ніці самых розных падзей, а ядром сукупнага аповеду з’яўляецца раздзел, прысвечаны бацькоўскаму дому, — «Хата на пляцы Волі». 

Кніга складаецца з дзвюх частак — «жменяў», паводле аўтарскага азначэння. Першая змяшчае ўспаміны пра бацькоў і сваякоў, пра самім створаную сям’ю, а таксама настаўнікаў, сяброў і калег. Дарэчы, у ёй прадстаўлены як асабісты жыццяпіс, так і даволі шырокая панарама грамадскага і культурнага жыцця краіны. У другой частцы пераважная ўвага літаратурнаму жыццю, у якім Вячаслаў Рагойша браў чынны ўдзел, і канкрэтным асобам, з якімі ён найбольш кантактаваў. 

А паколькі мы завялі гаворку пра свет не аднацэнтрычны, то варта адзначыць, што праз успаміны даецца таксама своеасаблівы летапіс факультэта, да якога аўтар непасрэднае дачыненне мае больш за паўстагоддзя. І ў яго кнізе філфакаўцы БДУ розных пакаленняў сустрэнуць добра знаёмых — калі не асабіста, дык па тых публікацыях, якія былі, у любым выпадку, падручнымі сродкамі атрымання адукацыі. 

Зразумела, кожны чытач можа засяродзіцца на цікавым і важным асабіста яму. Для майго пакалення філфакаўцаў такім будзе тое, што звязана з асобамі карыфеяў. А таксама згадкі пра эпоху, якая папярэднічала нашай і рэальнасць якой нам ужо не дадзена спасцігнуць. Ды хоць і немагчыма з усёй паўнатою ўсвядоміць тут выказанае, але ж прымушаюць задумацца такія вось, напрыклад, успаміны: «Увогуле, доўгі час пасля вайны, па сутнасці ўсе мае школьныя гады (1948—1958), быт, звычкі, нават лад жыцця “браткоў-ракаўцаў” у значнай ступені вызначаліся мінулай вайной. У нас дома, напрыклад, яслямі для каровы служыў агромністы балотнік нямецкага цягача, куры пілі ваду з вайсковай каскі, дзверы зашчэпліваліся кантовым рускім штыком, а ваза для кветак была з меднай снараднай гільзы».

Карацей кажучы, кніга павінна знайсці сваіх чытачоў. А ў дадатак варта яшчэ адзначыць, што ў ёй змяшчаюцца цікавыя, а таксама і значныя для гісторыі фотаздымкі з архіва самога Вячаслава Рагойшы. 

Цімафей ЧАРОТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».