Вы тут

Без тармазоў


Лета — не толькі пара адпачынку, але, згадзіцеся, і асаблівай адказнасці дарослых за бяспеку дзяцей. Нездарма ж Дзяржаўтаінспекцыя, іншыя службы праводзяць самыя розныя акцыі ў гэты час, каб засяродзіць увагу, яшчэ раз нагадаць пра актуальнасць бяспечных паводзінаў, захаванне правілаў дарожнага руху. Але няшчасных выпадкаў, прыкрых здарэнняў, непрыемных сітуацый, здаецца, менш не становіцца.


У канцы ліпеня зачапіў сюжэт у праграме «Беларуская часінка» пра падзею ў адной з вёсак Глускага раёна. Вядучыя абмяркоўвалі відэа, дасланае на праграму гледачом, на якім пяцігадовы хлопчык носіцца па вуліцы на квадрацыкле. Ну гэта ўжо сапраўды ні ў якія вароты! Пасадзіць пяцігадовае дзіця на транспартны сродак, які здольны развіваць хуткасць, паводле заўвагі спецыялістаў, ледзь не да 50 кіламетраў у гадзіну, гэта трэба быць ці зусім бязглуздым, ці яшчэ горш. Кадры відэа наводзяць на самыя нечаканыя разважанні, у тым ліку пра адэкватнасць бацькоў. Агрэгат хоць і на чатырох колах, але дзіця ў такім узросце яшчэ не мае пачуцця засцярогі, яно можа разбіцца само, пакалечыць іншых, ды што заўгодна можа стацца!

І хоць шаноўная юрыст праграмы канстатавала адсутнасць заканадаўчага рэгулявання з гэтай нагоды, бо яно і не дзіва — тэхніка развіваецца хутчэй, чым заканадаўства, яна настойліва рэкамендавала аўтарам відэа звярнуцца ў Дзяржаўтаінспекцыю і органы адукацыі, каб хоць прафілактычную гутарку правялі з бацькамі, унушылі ім недапушчальнасць такіх адносін да бяспекі дзіцяці. Што і казаць, непрывычнае ралі для нашых шырот.

Падчас прагляду перадачы я яшчэ не ведала, што гісторыя цалкам датычыцца маіх знаёмых. У той самай вёсцы ў сваёй бабулі адпачывала іхняя дачка. Дык вось гэты малалетні ліхач наехаў на дзяўчынку. Удар быў настолькі моцным, што ў пацярпелай нават абутак разарваўся. 14-гадовая дзяўчынка была ў шоку — усё балела ад удараў. Вядома, прыйшлося звярнуцца ў медустанову. Урачы, каб выключыць пераломы і іншыя пашкоджанні, зрабілі аж сем рэнтгенаўскіх здымкаў за раз. Няцяжка ўявіць, што перажылі бацькі за гэты час. Добра яшчэ, што абышлося без вялікіх траўмаў.

Першая думка, калі глядзіш на тое відэа, — што дзіця зусім недагледжанае, што справу маем з асацыяльнай сям'ёй. Але ж у падобнай сям'і не можа быць такіх дарагіх «цацак». Значыць, нешта іншае. Ці тыя бацькі думаюць, што ў вёсцы апрыёры нікога не можа быць, акрамя іх, і па пустых дарогах можна рухацца як хочаш, на чым хочаш, у тым ліку выпускаць дзіця без нагляду? Наколькі я разумею ў выхаванні, пяцігадовае дзіця наогул нельга выпускаць за межы свайго двара без нагляду. У тых бацькоў, як бачым,
іншыя погляды на выхаванне.

Спадзяюся, што кампетэнтныя органы ўсё ж звярнулі ўвагу на пастаўленае тэлепраграмай пытанне і правялі прафілактычныя мерапрыемствы. А мне чамусьці згадалася праблема бяспекі руху ў знакамітай агурочнай сталіцы — вёсцы Альшаны Столінскага раёна. Менавіта праблема, бо там што ні год, то сур'ёзнае ДТЗ з удзелам бяспраўнікаў, часцей непаўналетніх. У Альшанах, як вядома, людзі не бедныя. Уласнага транспарту там набываюць шмат. Дзеці прывыкаюць катацца з падлеткавага ўзросту. І трапляюць у зводкі Дзяржаўтаінспекцыі рэгулярна. Рэзананснымі не так даўно станавіліся выпадкі, калі п'янага школьніка затрымалі за рулём «Жыгулёў», у той жа год падлетак, уцякаючы ад пагоні ДАІ, збіў веласіпедыста, а праз некаторы час 16-гадовы гора-кіроўца — двух сваіх равеснікаў.

Некалькі гадоў таму адбылося здарэнне яшчэ больш абуральнае. Супрацоўнікі ДАІ падчас рэйду затрымалі злоснага парушальніка, 20-гадовага бяспраўніка, які збіў на матацыкле дзяўчынку. Дык аднавяскоўцы спрабавалі адбіць яго ў міліцыянераў, учынілі вэрхал, пашкодзілі службовы транспарт ДАІ. Вось такая вясковая салідарнасць, а заадно і выхаванне маладога пакалення. Вядома, у кожным з прыведзеных выпадкаў была дадзена належная прававая ацэнка. Ды што прывяло да такіх вось няшчасцяў, калі не выхаванне ці, правільней, яго адсутнсць? Дапускаю, што бацькі недарослых парушальнікаў не знаёмыя з працамі акадэміка Ліхачова аб інтэлігентнасці, цярпімасці, павазе да навакольных як прыкмеце цывілізаванага чаллавека. Але ж і ў менталітэце вясковых людзей заўсёды была людскасць на першым плане. Яе перадавалі з пакалення ў пакаленне, як цяпер кажуць, па ўмаўчанні. Куды ж яна можа падзецца па меры росту дабрабыту бацькоў і магчымасці набываць дарагія «цацкі»? Пытанне не такое ўжо рытарычнае альбо бяскрыўднае. Без гэтай вось цярпімасці, павагі адно да аднаго, добраахвотнага абмежавання агрэсіі наўрад ці магчымае развіццё грамадства, асабліва ў бок прагрэсу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.