Вы тут

Ад штучных клапанаў да трансплантацыі сэрца


Нядаўна ў Беларусі праведзена 500-я трансплантацыя сэрца. Па колькасці такіх аперацый у год наша краіна займае лідзіруючыя пазіцыі не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў свеце. З перасаджаным сэрцам каля 72 % пацыентаў жыве больш за 10 гадоў. Гэта адметны вынік, улічваючы, што без такой аперацыі ўрачы давалі ім менш як год.

У структуры смяротнасці і захваральнасці ў Беларусі і іншых краінах сардэчна-сасудзістыя захворванні займаюць вядучае месца — каля 50 %. Аднак дзякуючы новым метадам лячэння сёння многіх пацыентаў удаецца выратаваць і падоўжыць ім жыццё. Пра перспектыўныя тэхналогіі ў кардыяхірургіі расказаў намеснік дырэктара па хірургіі РНПЦ «Кардыялогія» Сяргей Спірыдонаў.


10 гадоў жыцця дзякуючы перасадцы сэрца

Беларускія трансплантолагі маюць 12-гадовы вопыт перасадкі сэрца. Штогод РНПЦ «Кардыялогія» выконвае каля 50 такіх аперацый і займае 11-е месца ў свеце сярод усіх клінік. Нярэдка на трансплантацыю сэрца да айчынных кардыяхірургаў едуць з блізкага замежжа.

— Мы падвялі вынікі 500 аперацый — дзесяцігадовая выжывальнасць складае 72 %. Калі ўлічваць, што пры сардэчнай недастатковасці адным з паказанняў да трансплантацыі з'яўляецца меркаваная працягласць жыцця менш за год, а пасля аперацыі пацыент жыве больш за 10 гадоў, то гэта добры вынік. Калі параўноўваць з еўрапейскімі і паўночнаамерыканскімі паказчыкамі, то нашы не горшыя, а дзесьці нават і лепшыя, бо трансплантацыі сэрца ў Беларусі сканцэнтраваныя ў адным цэнтры і мы за кошт вялікай колькасці аперацый назапашваем вопыт і маем магчымасць адсочваць кожнага пацыента, — расказвае Сяргей Спірыдонаў.

Беларускія кардыяхірургі маюць нават вопыт забору донарскіх сэрцаў ад донараў, якія былі інфіцыраваныя вірусам COVІD-19. Адметна, што перадача віруса ад донара да рэцыпіента не адбываецца.

Тытанавы ці біялагічны клапан?

Апрача транспланталогіі, сёння ў айчыннай кардыялогіі актыўна развіваюцца тры кірункі — рэнтгенэндаваскулярная тэрапія, арытмалогія і кардыяхірургія. Рэнтгенэндаваскулярная тэрапія — дастаткова новы кірунак, пры ім умяшанне праводзіцца на крывяносных сасудах праз пракол скуры.

— У Беларусі прынята канцэпцыя развіцця міжрэгіянальных цэнтраў для пацыентаў з інфарктам міякарда. У такой сітуацыі ёсць усяго шэсць гадзін для таго, каб аднавіць кровазабеспячэнне. Гэта найбольш аптымальны перыяд, за які міякард не паспявае загінуць. Вельмі важна даставіць пацыента на працягу гэтага часу з моманту болевага прыступу ў лячэбную установу і правесці рэнтгенэндаваскулярнае ўмяшанне, — тлумачыць Сяргей Спірыдонаў. — Таму па ўсёй краіне ствараюцца міжраённыя эндаваскулярныя кабінеты, якія будуць прымаць пацыентаў з вострым каранарным сіндромам. Яны размесцяцца на базе значных раённых бальніц, будуць забяспечаны ўсім неабходным абсталяваннем для дыягностыкі і лячэння.

Пакуль працягваецца стварэнне такіх цэнтраў, бо на гэта патрэбен час. Акрамя насычэння іх сучасным абсталяваннем, патрабуецца і падрыхтоўка спецыялістаў, якія будуць валодаць такімі тэхналогіямі. Дадзеная работа вядзецца ў РНПЦ «Кардыялогія» і іншых клініках, у якіх ёсць неабходны вопыт.

З дапамогай рэнтгенэндаваскулярных тэхналогій выконваюцца і імплантацыі клапанаў. Адбываецца тое без вялікага аператыўнага ўмяшання — праз сцегнавую артэрыю ці верхавінку сэрца. Пры аперацыі не патрабуецца падключэнне апарата штучнага кровазабеспячэння, яна праходзіць пад агульным наркозам ці нават пад мясцовай анестэзіяй. У параўнанні з класічнымі ўмяшаннямі гэта менш траўматычная аперацыя, і ў Беларусі іх праведзена ўжо каля 260.

Дарэчы, замена аартальнага клапана дазваляе істотна падоўжыць жыццё пацыенту. Праўда, як механічныя, так і біялагічныя прыстасаванні маюць свае асаблівасці.

— Няма ідэальнага клапана, створанага рукамі чалавека. Ва ўсіх свае перавагі і недахопы, — кажа суразмоўнік. — Плюс механічных клапанаў у тым, што яны зроблены з тытану і могуць працаваць столькі, колькі жыве чалавек, — і 20, і 30, і 40 гадоў. Недахоп — штодзённы прыём варфарыну і кантроль сістэмы згусальнасці крыві. Чалавек з такім клапанам, як правіла, памірае не ад сардэчна-сасудзістай, а ад спадарожнай паталогіі.

Біялагічныя клапаны маюць пэўны тэрмін службы — у сярэднім 10-15 гадоў. Але ў кожнага чалавека ён індывідуальны і звязаны з асаблівасцямі работы шчытападобнай залозы, абмену кальцыю і іншых фактараў. Але такія клапаны маюць сваю перавагу: няма неабходнасці ўжываць такія прэпараты, як варфарын, якія прыгнятаюць сістэму згусальнасці крыві. Падобныя клапаны, як правіла, ставяць пажылым людзям пасля 65-70 гадоў.

Для замены біялагічнага клапана неабходна паўторная аперацыя. Аднак сёння эндаваскулярныя тэхналогіі дазваляюць праводзіць такую працэдуру, як «клапан у клапан». Яна выконваецца без паўторнай аперацыі — праз пракол на сцегнавой артэрыі ці праз верхавінку левага жалудачка.

У РНПЦ «Кардыялогія» працуюць над стварэннем айчынных клапанаў. Механічнымі клапанамі айчыннай вытворчасці «Планікс», якія вырабляе канцэрн «Планар», тут карыстаюцца даўно. Іх пастаянна ўдасканальваюць, яны пастаўляюцца на экспарт у краіны блізкага і далёкага замежжа. Кошт аднаго клапана — каля 300 долараў. У планах — стварэнне айчыннага біялагічнага клапана і сасудзістых пратэзаў.

Падтрымка сэрца штучнай помпай

Істотным вопытам валодаюць айчынныя кардыяхірургі ў лячэнні хранічнай сардэчнай недастатковасці з выкарыстаннем розных прыстасаванняў, якія паляпшаюць функцыі мітральнага клапана і левага жалудачка. Па гэтым напрамку вядзецца актыўнае супрацоўніцтва з хірургамі з ЗША, якія прыязджаюць у Беларусь і дзеляцца вопытам імплантавання.

Актыўна развіваецца ў нашай краіне хірургічная арытмалогія. Калі раней збой сардэчнага рытму лячылі ў асноўным медыкаментозна, то цяпер на базе кардыялагічных дыспансераў і аддзяленняў адкрываюцца структуры, якія выконваюць радыячастотную абляцыю (калі паталагічна змененыя тканкі сэрца падпальваюцца токамі пэўнай частаты). Спецыялісты РНПЦ «Кардыялогія» актыўна навучаюць гэтаму метаду сваіх калег з абласных цэнтраў.

У кардыяхірургіі ўдасканальваюцца многія кірункі, у прыватнасці, мінімізацыя траўмы пасля аперацыі, выкананне кардыяхірургічных умяшанняў праз невялікія доступы: да мітральнага клапана — праз торакатамію, да аартальнага клапана — праз абмежаваную стэрнатамію (рассячэнне грудзіны).

РНПЦ «Кардыялогія» мае вялікі вопыт лячэння хранічнай сардэчнай недастатковасці. Выкарыстоўваецца увесь спектр метадаў, у прыватнасці, рэнтгенэндаваскулярныя і рытмалагічныя працэдуры, якія дапамагаюць зменшыць праявы сардэчнай недастатковасці, палепшыць якасць жыцця і нават вярнуцца да работы.

— Калі гэта не дапамагае, у справу ўступаюць кардыяхірургі. У нас ёсць магчымасць імплантацыі леважалудачкавых абходаў. Гэта помпы, якія бяруць на сябе частку функцый сэрца і дапамагаюць перапампоўваць кроў. Гэта даволі дарагая працэдура, і ў нас гэта выкарыстоўваецца, — удакладняе Сяргей Спірыдонаў.

Праводзяцца і звыклыя аперацыі: аортакаранарнае шунціраванне, пластыка мітральнага і трохстворкавага клапанаў. Кардыяхірургі называюць іх «мостам да трансплантацыі», бо гэта дазваляе падоўжыць час да неабходнасці перасадкі сэрца пры сардэчнай недастатковасці.

У РНПЦ «Кардыялогія» назапашаны значны досвед у лячэнні пацыентаў з сардэчнай недастатковасцю і цукровым дыябетам, генералізаваным атэрасклерозам, першаснымі пухлінамі сэрца і іншымі спадарожнымі паталогіямі. Пашыраюцца тэхналогіі па вядзенні пула донараў і пацыентаў пасля трансплантацыі сэрца.

Экспарт паслуг у РНПЦ «Кардыялогія» да пандэміі COVІD-19 складаў каля 2 мільёнаў долараў. Самыя запатрабаваныя аперацыі — трансплантацыя сэрца, таксама рос попыт на кардыяхірургічныя, арытмалагічныя, эндаваскулярныя ўмяшанні. Падчас пандэміі з прычыны закрыцця граніц колькасць замежных пацыентаў зменшылася, але цяпер іх становіцца больш.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.