Вы тут

Што такое суперфуды і з чым іх ядуць?


У апошні час трэндам становіцца пільная ўвага да спосабу жыцця, рацыёну харчавання — і, адпаведна, мы чуем новыя тэрміны і азначэнні, такія, як, напрыклад, суперфуды.


Фота: pixabay.com

Дык што ж гэта такое? Прасцей кажучы, звышкарысныя (у іх шмат вітамінаў, мінералаў, антыаксідантаў і іншага) і звышпажыўныя прадукты (лёгка засвойваюцца ці валодаюць высокай пажыўнай каштоўнасцю).

— Да суперфудаў звычайна адносяць гародніну, садавіну, цэльныя збожжавыя, бабовыя, арэхі, ягады і карані Цэнтральнай Амерыкі, Азіі, Тыбета, Індыі, такія, як насенне чыа, ягады гаджы, асаі, кіноа, спіруліна, марская капуста, какава-бабы, авакада, зялёны чай і іншыя, — кажа урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алена Смірнова.

Па сваім хімічным складзе суперфуды не падобныя на звыклыя прадукты харчавання, бо ўтрымліваюць бялок у высокай канцэнтрацыі, вітаміны, мінералы, незаменныя амінакіслоты, антыаксіданты і іншыя карысныя рэчывы пры мінімуме калорый. Таксама гэтыя прадукты экалагічна чыстыя, вырабленыя без хімічнай апрацоўкі, не ўтрымліваюць кансерванты і ГМА. Не варта забываць і пра тое, што суперфуды існуюць на нашай планеце ўжо больш за тысячу гадоў, у адрозненне ад біядабавак, якія распрацаваны ва ўмовах лабараторыі.

А што ж у нашым рэгіёне?

— Па колькасці пажыўных рэчываў і вітамінаў да суперфудаў можна аднесці звычайную грэчку, чарніцы, брусніцы, журавіны, абляпіху, плады шыпшыны, чарнаплоднай рабіны, кедравыя і грэцкія арэхі, семя лёну, гарбузы, буракі і іншыя прадукты, — пералічвае ўрач. — Яны валодаюць шэрагам добрых якасцяў, але звыклыя нам і без налёту экзотыкі, таму іх карысныя ўласцівасці крыху абясцэньваюцца.

Аднак варта ўсведамляць, што ўжываючы толькі суперфуды, вы не станеце маладзейшымі, здаравейшымі, худзейшымі ці больш актыўнымі. Каб забяспечыць сябе дастатковай колькасцю пажыўных рэчываў, неабходна разнастаіць свой рацыён і змяніць харчовыя звычкі. А таксама не забываць уключаць у меню ферментаваныя прадукты, якія паляпшаюць мікрафлору кішэчніка і наогул станоўча адбіваюцца на здароўі ўсяго арганізма.

Сваё меню трэба складаць з улікам асабістых запатрабаванняў у тых ці іншых вітамінах. Трэба разумець, што прадуктовы кошык можна запоўніць як вельмі дарагімі, так і вельмі даступнымі па кошце прадуктамі — усё залежыць ад таго, што і ў якой колькасці вы ўжываеце. Таксама не варта забываць, што любы нязвыклы дадатак варта ўводзіць у рацыён паступова, прыслухоўваючыся да рэакцыі арганізма. Не рэкамендуецца даваць экзатычныя суперфуды дзецям.

Важна адзначыць, што суперфуды — не чарадзейная пілюля, а толькі невялікі складнік здаровага спосабу жыцця. Энергія, бадзёрасць і добрае самаадчуванне залежаць ад шматлікіх фактараў, яны немагчымыя без збалансаванага харчавання, спорту і адмовы ад шкодных звычак.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Працягваем знаёміць чытачоў з пробамі пяра маладых няштатных аўтараў на тэму любові да Радзімы. Яшчэ крыху — назавём пераможцаў!

Працягваем знаёміць чытачоў з пробамі пяра маладых няштатных аўтараў на тэму любові да Радзімы. Яшчэ крыху — назавём пераможцаў!

У сённяшняй «Чырвонцы. Чырвонай змене» — чарговая падборка найлепшых работ конкурсу «Адзіная краіна — адзіны народ».

Грамадства

Распіліць буралом ці нарэзаць яловых лапак. Як карыстацца лесам па закону, запыталі ў Мінлясгасе

Распіліць буралом ці нарэзаць яловых лапак. Як карыстацца лесам па закону, запыталі ў Мінлясгасе

Распіліць буралом ці нарэзаць яловых лапак. Актуальныя пытанні чытачоў.