Вы тут

Смачна есці... у полі. Чым кормяць працаўнікоў уборачнай?


За высокімі дасягненнямі кожнай гаспадаркі ў перыяд жніва стаяць не толькі аграрыі, а яшчэ тыя, хто забяспечвае гарачае харчаванне непасрэдна ў полі. Мы даведаліся, у чым заключаецца сакрэт высокай працавытворчасці агракомплекса «Адраджэнне» ААТ «Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі».


На поле «Адраджэння» накіроўваемся са старшынёй Віцебскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Таццянай Дзіканавай. Для яе — справа звычайная, бо падчас ўборачнай кампаніі маніторынг аховы працы ў гаспадарках паўночнага рэгіёна знаходзіцца на асаблівым кантролі. Механізатары з усмешкай самі паказваюць аптэчкі і вогнетушыцелі, камбайнеры запрашаюць у кабіны. Пытанне аснашчанасці працоўнымі кандыцыянерамі — адно з важнейшых, само кіраўніцтва агракомплексу сочыць за камфортнай тэмпературай у камбайнах, бо падчас жніва ў такой спякоце «згарэць на рабоце» можна ў прамым сэнсе. Усе працаўнікі ў спецвопратцы і абутку — з дысцыплінай праблем няма. 

У гарачыя дні ўборачнай кампаніі, якая набірае высокія тэмпы ў раёне, — ужо ўбрана 36 працэнтаў плошчаў, — працэс жніва максімальна адладжаны: аграрыі шчыруюць са світання да захаду сонца, а дастаўка гарачага харчавання на працоўныя месцы зберагае каштоўныя хвіліны светлавога дня. Ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах Прыдзвіння арганізавана двухразовае харчаванне, прычым кошт яго значна зменшаны. Напрыклад, працаўнікі ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» аплачваюць усяго 20 працэнтаў ад абедаў, УП «Рудакова» — 30, а ў СУП «Ліпаўцы» аграрыі сілкуюцца бясплатна — добрая падтрымка ад кіраўніцтва. 

Мы завіталі на залацістае напалову ўбранае поле разам з машынай «Ганны». За лічаныя хвіліны, не паспелі яшчэ да гастрамабіля падысці камбайнеры, тут з’явіліся насервіраваныя сталы, запрашаючы на кароткі час адпачнуць і падсілкавацца. Афіцыянт 4-га разраду Аляксандра Карабухіна хутка разлівае па талерках першае — бульбяны суп з фрыкадэлькамі, духмяны і наварысты, як дома. Нягледзячы на тое, што адна машына за дзень абслугоўвае больш за 40 чалавек, супы застаюцца гарачымі. «Тое, што трэба. Смачна і хутка, не адрываючыся ад працэсу. Калі адчуваеш такую падтрымку ад кіраўніцтва, і на душы цяплей, і сілы ёсць!», — адзначае камбайнер Генадзь Яўсееў, які ўжо 35 гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы. Не паспелі адзвінець лыжкі — на стале з’яўляецца прасяная каша з курынымі катлетамі пад сырам. Для поўнага задавальнення не хапае толькі кампоту і булачкі, але і гэта дзяўчына ветліва падае аграрыям. На падвячорак — бутэрброды, свежае печыва і гародніна. «Я заўсёды ахвотна выязджаю ў поле, бо разумею, што праца ўдзельнікаў жніва важная для кожнага з нас, а мы ў сваю чаргу ствараем своеасаблівы „тыл“. Свежае паветра, мясцовыя краявіды — не працоўны дзень, а замілаванне», — усміхаецца Аляксандра. 

Рэстаран хуткага абслугоўвання «У Ганны» да распрацоўкі «ўборачнага» меню падыходзіць не толькі з адказнасцю, але і з фантазіяй: не бывае дня на тыдні, каб кулінарныя вынаходніцтвы паўтараліся. І ялавічына з падлівай, і смажаная курыца, вялікі асартымент каш, варыяцыі з бульбы... Таму і чакаюць працаўнікі на полі знаёмы грузавік, бо ведаюць, што будзе смачна і па-хатняму, тым больш што па прыемнай цане. Падсілкаваліся — і зноў за штурвалы караблёў «Палессе», зноў да залацістых важкіх каласоў. 

Па словах дырэктара агракомплекса «Адраджэнне» Аляксандра Марозава, гаспадарцы трэба ўбраць каля 1,8 тысячы гектараў, план ужо выкананы на 30 працэнтаў. Зараз вядзецца ўборка зімавой пшаніцы, яе ўраджайнасць складае 45 цэнтнераў з гектара. «Агракомплекс цалкам ўкамплектаваны механізатарамі. Нашы людзі — прафесіяналы сваёй справы, разумеюць значнасць ўборачнай кампаніі для краіны. Нягледзячы на тое што ўборачная ў нашым рэгіёне пачалася на два тыдні пазней, палявыя работы максімальна аптымізаваны. Як толькі поле зжалі, следам узворваем і сеем зімавы рапс. Вынікі, якія маем на сённяшні дзень, значна вышэйшыя ў параўнанні з мінулым годам», — заключыў Аляксандр Міхайлавіч. 

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.