Вы тут

Парэчча — сталіца лісічак. За сезон грыбнікі здаюць па некалькі тон


Лясы вакол пасёлка Парэчча Гродзенскага раёна вельмі багатыя на лясныя дары. Самым папулярным відам для збору сталі грыбы — лісічкі. Мясцовыя рэкардсмены здаюць на нарыхтоўчыя пункты па дзве-тры тоны за сезон. А некалькі гадоў таму ў аграгарадку нават зладзілі свята ў гонар лісічкі. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адным з нарыхтоўчых пунктаў і пагутарыла са здатчыкамі грыбоў. Як ім даецца такі заробак?


Ажыятаж вакол лісічкі пачаўся яшчэ ў 1990-я гады. Тады павялічыліся аб'ёмы экспарту і грыб стаў без перабольшання «залатым». Многія месцічы масава кінуліся ў лясы, каб зарабіць. Павялічылася і колькасць нарыхтоўшчыкаў, якія літаральна ганяліся за кожным здатчыкам. Такому попыту садзейнічалі высокія закупачныя цэны. Напрыклад, у мінулым сезоне лісічку прымалі па 24 рублі за кілаграм.

Сёлета сітуацыя рэзка змянілася. Санкцыйныя меры адбіліся на попыце на нашы грыбы. Калі ў пачатку сезона лісічкі прымалі па 12 рублёў за кілаграм, цяпер цана ўпала да 6-7 рублёў. Ці паўплываў цанавы фактар на колькасць здатчыкаў? Каб гэта высветліць, іду аднаго з пастаянных нарыхтоўшчыкаў, якіх у Парэччы некалькі.

Па бязвізу — у грыбы

Зоя Абухоўская лічыцца старажылам сярод нарыхтоўшчыкаў. Яна працуе па даговоры з буйной прыватнай каманіяй. Нарыхтоўвае сезонныя дары лесу, але ў асноўным здаюць лісічкі. На свой пункт прыязджае роўна ў 11 гадзін і працуе да 19. Самы пік прыёмкі пачынаецца пасля абеду. Менавіта ў гэты час вяртаюцца з лесу грыбнікі.

— У мяне нямала сваіх пастаянных здатчыкаў, — кажа Зоя. — У асноўным гэта мясцовыя жыхары, якія добра ведаюць лес і ходзяць на «ціхае паляванне» з году ў год. Але нямала і гараджан. Яны прыязджаюць з Гродна першым цягніком, які прыходзіць у пяць гадзін раніцы, ідуць у лес амаль не спаўшы, вяртаюцца якраз у абед. Многія імкнуцца здаць грыбы менавіта тут, на месцы, але некаторыя вязуць свой набытак у Гродна. Нямала сярод здатчыкаў пенсіянераў, якія маюць істотную прыбаўку да пенсіі. За дзень нават сталыя жанчыны прыносяць па 2-3 кілаграмы.

Жанчын сярод здатчыкаў сапраўды нямала. Вось свой скарб за два дні — поўнае вядро лісічак — прывезла на ровары мясцовая жыхарка Людміла. Але аказалася, што вага яго склала ўсяго тры кіло. Наракае на вялікія бураломы ў лясах і адсутнасць дажджу. Зоя абнадзейвае, што на выхадныя абяцалі ападкі (так, дарэчы, і адбылося, а ў некаторых месцах прайшлі сапраўдныя залевы).

Людміла збірае грошы на падарунак дачцэ да дня нараджэння. Цяпер яна ў водпуску і стараецца правесці гэты час з прыбыткам для сям'і. Лічыць сёлетні сезон спрыяльным для грыбнікоў. За гэты час здала кілаграмаў 70, якраз яе заробак за месяц.

Нарыхтоўшчыца Зоя пераключаецца на чарговага здатчыка. Аказалася, што Ганна прыехала на сваю малую радзіму з літоўскага Друскінінкая. Кажа, што вырашыла прайсціся па лесе, а яшчэ і сумясціла шпацыр са зборам грыбоў. За амаль 4 кілаграмы зарабіла больш як 25 рублёў.

— Езджу цяпер без візы, гэта вельмі зручна. Без рэгістрацыі магу быць у Беларусі 30 дзён, потым трэба рэгістравацца па месцы знаходжання, а ў год — можна знаходзіцца 180 дзён. Увесь гэты час выкарыстоўваю, каб пабыць тут, на сваёй радзіме, раней ездзіла да бацькоў. Многія жыхары Літвы сталі ездзіць у Беларусь да сваіх родных па бязвізу, — расказала Ганна. — Праўда, хацелася б, каб маглі прыязджаць і праз мясцовы пагранпераход, які за сем кіламетраў ад Парэчча, але ён толькі для жыхароў пагранічнай зоны.

Па словах Зоі Абухоўскай, у яе нямала здатчыкаў, якія жывуць у Літве. Прыязджаюць сюды збіраюць лісічкі, здаюць і едуць назад.

На падарунак унукам і дах перакрыць

Між тым, нарыхтоўшчыкі робяць стаўку на заўзятых грыбнікоў. Тыя, як правіла, прыносяць у дзень па 15-20 кілаграмаў. У сезон і да тоны могуць здаць. Мікалай з суседняга дачнага пасёлка — якраз з іх ліку. Грыбны «ўлоў» — свой і жонкі — прывёз на аўтамабілі. Папрасіў, каб узважылі асобна. Відаць, у сям'і зладзілі сваеасабовае спаборніцтва па зборы грыбоў. Пакет Мікалая аказаўся цяжэйшы на паўтара кілаграма.

— Сёння вы абагналі жонку... — пачынаю размову з Мікалаем.

— Сёлета здаў ужо 430 кілаграмаў, — падлічвае здатчык. — Выходзім з жонкай з самай раніцы, часоў у пяць, потым пасля сняданку зноў ідзём.

— Чаму? Вы такі заўзяты грыбнік, ці можна добра зарабіць? — пытаюся.

— Я цяпер на пенсіі, але грыбы — вельмі добры прыбытак. Вось я зарабіў сёлета 3 тысячы рублёў.

— А грошы куды траціце?

— А унукам? Тры ўнучкі, кожнай даём да школы па 300 рублёў, унуку на школу, на дзень нараджэння кожнаму па сотні. І так, калі прыязджаюць, — кажа клапатлівы дзядуля.

Мікалай расказаў, што сам родам з Бабруйска, і там грыбоў няма. А калі прыехаў сюды і выйшаў на пенсію, зацікавіўся грыбной тэмай — і як бачым, даволі ўдала.

Літаральна праз некалькі хвілін падкаціла на старэнькім аўто яшчэ адна мясцовая рэкадсменка. Галіна прыехала проста з лесу з вялікім кошыкам і пакетам лісічак. Ні многа, ні мала, — 20 кг. За дзень зарабіла больш за 150 рублёў. Прызнаецца, што пры спрыяльным надвор'і можа сабраць удвая больш. З пачатку сезона здала каля 700 кілаграмаў, у некаторыя гады і 2, і 3 тоны збірала.

— Вось дах цячэ, трэба перакрыць. З пенсіі гэта складана зрабіць. За лісічкі купіла матэрыял, цяпер вось зарабляю, каб работу аплаціць майстру. А дах вялікі — 240 квадратных метраў.

Цікаўлюся, ці нарыхтоўвае Галіна лісічкі сабе на зіму. «А як жа? У першую чаргу сабе раблю загатоўкі. Я смажу грыбы ў масле з цыбуляй і закручваю. Іх потым можна і з бульбай, і ў суп».

Абароты не зніжаюцца

Чаму здатчыкі аддаюць перавагу нарыхтоўшчыкам, а не вязуць грыбы на гарадскія рынкі? Напрыклад, там за пластыкавае вядзёрка вагой 600-650 аўграм просяць ад 4,5 да 6 рублёў. У той час, калі тут за кілаграм — 6.50. Здатчыкі тлумачаць, што губляецца шмат часу. Напрыклад, на цягніку амаль гадзіна язды, адтуль яшчэ на рынак, там паўдня стаяць, потым яшчэ гадзіну дамоў ехаць. За гэты час можна схадзіць у лес. У цэлым, па іх словах, атрымліваецца выгадней здаваць нарыхтоўшчыкам, чым везці на рынак. Хоць на рынку, безумоўна, можа прадаць даражэй. Але не факт, што вялікі аб'ем удасца хутка рэалізаваць, кажуць вопытныя грыбнікі.

Дарэчы, далёка не ўсе здатчыкі робяць стаўку на заробак. Аляксандр Аляксеевіч, напрыклад, прывёз не толькі свае лісічкі, але і жонкі. Кажа, што на грыбах зарабіць складана, трэба хадзіць па лесе з ранку да вечара. Таму для яго жонкі гэта хобі. Яшчэ адна сям'я выбралася ў грыбы, каб прайсціся па лесе ў свабодны дзень. «Атрымалі задавальненне», — кажа жанчына.

Дарэчы, нарыхтоўшчыкі — адзіная магчымасць здаць грыбы на месцы. Як паведамілі ў Гродзенскім аблспажыўтаварыстве, лісічкі прадпрыемства закупляе толькі для ўласнай гандлёвай сеткі, але ў невялікіх аб'ёмах. Таму і сваіх нарыхтоўчых пунктаў па іх прыёмцы не мае.

Між тым, лісічкавы рэйд не зніжае абароты. Людзі па-ранейшаму збіраюць дары лесу — хто для сябе, а хто і дзеля заробку. Сельскі Савет такую ініцыятыву падтрымлівае.

— Для сельскага Савета гэта ў пэўнай ступені выгадна, бо ад нарыхтоўшчыкаў ідуць пэўныя сумы грошай на баланс сельскага Савета. Ну і добра тое, што людзі могуць зарабіць, для іх гэта добрая фінансавая падтрымка, — паведаміў старшыня Парэцкага сельвыканкама Андрэй Мацкевіч. — Лісічкавы бізнес сельскі Савет у нейкай ступені кантралюе. Кожнаму нарыхтоўшчыку, згодна з правіламі, вызначана месца для прыёмкі грыбоў і ягад.

Жыхары аграгарадка прыгадалі і брэндавае свята, якое праводзілася ў гонар лісічкі. Людзі рыхтаваліся, афармлялі грыбныя кошыкі, гатавалі розныя стравы з грыбоў. Найлепшых грыбнікоў нарыхтоўшчыкі ўзнагароджвалі. Здатчыкі лічаць, што было б добра яго ўзнавіць, бо свята праходзіла цікава і адпавядае «грыбному» статусу аграгарадка.

У сельвыканкаме паведамілі, што пакуль правядзенне такога свята пад пытаннем. І хоць грыбнікоў тут нямала, але гэта больш камерцыйны праект. Магчыма, яго зробяць лакальным мерапрыемствам, якое стане часткай нейкага іншага брэндавага фэсту.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.