Вы тут

Першы форум гарадоў-спадарожнікаў прайшоў у Жабінцы


Дадзеную нараду назвалі Першым рэспубліканскім форумам гарадоў-спадарожнікаў. Сапраўды, першы раз на адной пляцоўцы сабраліся прадстаўнікі органаў улады васьмі гарадоў — Дзяржынска, Заслаўя, Лагойска, Смалявіч, Фаніпаля, Рудзенска, Скідзеля і Жабінкі. Форум адбыўся па ініцыятыве Жабінкі і стаў пляцоўкай для абмену вопытам, выпрацоўкі адзіных падыходаў і калектыўных прапаноў па развіцці гарадоў.


Як вядома, тэма развіцця гарадоў-спадарожнікаў на парадку дня ў нашай краіне стаіць даўно. Штуршком альбо стымулам стаў адпаведны указ кіраўніка дзяржавы ад 2014 года.

— Але каб выпрацаваць і ўдасканаліць падыходы, вызначаныя ў базавым дакуменце, патрэбны быў час, — лічыць намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. — Трэба было прайсці пэўны шлях, каб на падставе атрыманага вопыту нешта канструктыўна абмяркоўваць і прапаноўваць. А форум павінен стаць не разавым мерапрыемствам, а своеасаблівым круглым сталом, дыскусійнай пляцоўкай, дзе неабходна агучваць ідэі, выпрацоўваць прапановы, якія будуць пачутыя на ўзроўні вобласці і краіны.

Удзельнікі форуму адзначалі, што, засвоіўшы ўрокі пандэміі, грамадства стала больш цаніць не шчыльную гарадскую забудову, а чыстае навакольнае асяроддзе адносна невялікіх, але сучасных і камфортных населеных пунктаў. Цяпер стаіць пытанне давесці ўмовы пражывання людзей у гарадах-спадарожніках да ўзроўню буйных гарадоў. Галоўным жа паказчыкам паспяховасці праекта пад назвай «горад-спадарожнік», несумненна, становіцца рост колькасці насельніцтва. Дарэчы, у шасці з васьмі такіх гарадоў назіраецца ўстойлівы рост колькасці жыхароў.

І ў гэтым сэнсе можа быць паказальным прыклад Жабінкі. Некалькі гадоў таму ў райцэнтры сталі ўзводзіць 60-кватэрны жылы дом на ўмовах долевага будаўніцтва з прыцэлам на брастаўчан. Але жыхары абласнога цэнтра не вельмі ахвотна станавіліся дольшчыкамі. І гэта ў той час, калі кошт квадратнага метра кватэры быў меншы за аналагічныя метры ў Брэсце амаль на трэць. Цяпер сітуацыя памянялася. Калі побач з жылымі кварталамі сталі ўзводзіць інфраструктуру, пайшоў працэс добраўпарадкавання, палепшылася транспартнае абслугоўванне, попыт на жыллё ў шматпавярховіках пайшоў уверх.

Старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Вадзім Краўчук расказаў, што будаўніцтва дзевяціпавярховых дамоў было прадугледжана ў генеральным плане развіцця Жабінкі яшчэ ў 1970-х гадах:

— Спатрэбілася амаль паўстагоддзя, каб задуманае ажыццявіць. Першы дзевяціпавярховік мы ўвялі ў эксплуатацыю гэтым летам. Плануем, як мінімум, пабудаваць яшчэ сем дамоў з палепшанай планіроўкай. Такім чынам вымалёўваецца новы прыгожы мікрараён. І не адзін.

Пяць гадоў таму ў мяжу горада ўвайшлі чатыры прыгарадныя вёскі, у тым ліку Шчэглікі. Дык вось, праз дарогу ад Шчэглікаў у кірунку Федзькавіч (а значыць, у кірунку Брэста. — Аўт.) з часам таксама вырастуць шматпавярховікі. Гэта адкрые магчымасці фінансавання інжынернай і дарожнай інфраструктуры, стане падмуркам для прыцягнення інвестыцый. У адпаведнасці з Дзяржпраграмай «Будаўніцтва жылля на 2021—2025 гады» ў раёне плануецца за кошт усіх крыніц фінансавання ўвесці ў эксплуатацыю каля 70 тысяч квадратных метраў жылля. Для невялікага райцэнтра гэта не толькі крок да дасягнення сацыяльных стандартаў у названай сферы, але і рух да статуса горада-спадарожніка. А яшчэ — важкі аргумент для брастаўчан, якія маюць жаданне змяніць тлум вялікага горада на экалагічныя ўмовы, — адзначыў Вадзім Краўчук.

Удзельнікі форуму, вядома, пацікавіліся сацыяльна-бытавымі ўмовамі, якія ствараюцца для патэнцыяльных навасёлаў. Ім паказалі дзіцячы садок, які ўзводзіцца побач з новай забудовай, расказалі пра аўтобус з Брэста ў Жабінку, які ходзіць на ўмовах гарадскога транспарту, паведамілі пра далейшыя планы развіцця інфраструктуры.

Асноўнай праблемай усіх гарадоў-спадарожнікаў з'яўляюцца рабочыя месцы з прыстойнай зарплатай. Ці можна сёння ў Жабінцы знайсці работу тым, што не настроеныя на штодзённыя раз'езды? Гаспадары семінара згадалі восем сельгаспрадпрыемстваў, буйныя прамысловыявытворчасці — цукровы і камбікормавы заводы. Апошні, дарэчы, адзіны ў краіне выпускае ўнікальныя кармы для жывёлы і плануе значнае пашырэнне вытворчасці. У 2018 годзе ўведзены ў эксплуатацыю буйны аўтаматызаваны комплекс па вытворчасці прэміксаў, суперканцэнтратаў і спецыялізаваных камбікармоў для маладняку «КонсулАгра». Ёсць невялікія прадпрыемствы розных профіляў. Але гэтага, несумненна, мала.

У кантэксце развіцця названых гарадоў асабліва актуальнай выглядае задача стварэння вытворчасцяў з колькасцю рабочых месцаў не менш за сто. Тут Жабінка не ходзіць у адстаючых. Удзельнікі форуму наведалі пляцоўку, дзе вядзецца работа па стварэнні новага буйнога транспартна-лагістычнага цэнтра. Ён размесціцца на вытворча-складскіх аб'ектах былой базы па захоўванні і перавалцы нафтапрадуктаў. Там ёсць інфраструктура, падведзены чыгуначныя пуці, неўзабаве будзе пракладзена дадатковая дарога да пагранперахода «Казловічы». Лагістычны цэнтр у асноўным прызначаны для прамысловай групы тавараў, якія будуць накіроўвацца на Захад. Дадаткова будзе ўладкавана перавалка збожжа з Казахстана і Расіі. Цяпер ідзе работа па абсталяванні лабараторый для праверкі якасці збожжа. Цэнтр хутка плануюць здаць у эксплуатацыю. У гэтым сэнсе Жабінцы паспрыяла выгаднае геаграфічнае становішча: трасы М1 і Р10, станцыя на чыгунцы Брэст — Масква. Таму лагістычны цэнтр абяцае стаць запатрабаваным.

Наогул, рэзерваў для стварэння рабочых месцаў шмат. Ёсць пляцоўкі, якія гарадскія ўлады гатовыя выдзеліць для стварэння новых аб'ектаў і адпаведна — рабочых месцаў.

Старшыня Жабінкаўскага раённага Савета, член Савета Рэспублікі Анатоль Шалтанюк:

— Лічу, што першы форум гарадоў-спадарожнікаў прайшоў даволі паспяхова. Гэты факт адзначыў і міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў, які браў удзел у форуме. Урад зацікаўлены заўважаць напрацоўкі асобных гарадоў, каб іх распаўсюджваць на іншыя, а таксама з першых вуснаў чуць аб праблемах, каб своечасова прымаць рашэнні.

А тут, на месцы, мы бачым, як ажывае наш горад з новым будаўніцтвам, добраўпарадкаваннем, як прыгажэе райцэнтр. Але ж работы яшчэ вельмі многа, можна сказаць, мы ў пачатку дарогі. Каб зрабіць наш маленькі горад прывабным для брастаўчан, трэба ўладкаваць на гарадскі манер парк, насыціць яго адпаведнай інфраструктурай. Варта так добраўпарадкаваць набярэжную паласу Мухаўца, каб яна стала сапраўднай зонай адпачынку. Цяпер абмяркоўваецца пытанне будаўніцтва гасцініцы, якой раней у нас не было. Думаю, што ўсе гарады-спадарожнікі вырашаюць прыкладна такія ж задачы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.