Вы тут

У Віцебскім раёне перапахавалі астанкі 108 байцоў Чырвонай арміі


У Віцебскім раёне прайшла жалобная цырымонія перапахавання астанкаў 108 байцоў Чырвонай арміі, якія загінулі ў лютым-сакавіку 1944 года ля вёскі Навікі Шапечынскага сельсавета.


Цяпер у полі пад Навікамі, дзе адзіным напамінам аб жудасных вызваленчых баях 1944-га з’яўляюцца строгія гранітныя пліты, ціха. Свеціць сонца, хістае вецер галінкі беластволых бярозак... Калі б не бачыў ярка-алыя труны і жоўты пясочак свежавыкапанай брацкай магілы, ніколі б не падумаў, што амаль 80 гадоў таму гэта зямля была заслана целамі нашых салдат. 

Тут у 1943 годзе немцы стварылі ўмацаваны апорны пункт: на захадным беразе Лучосы пабудавалі бліндажы, дзоты, перакінулі небывалую для таго часу колькасць разнастайнай артылерыі. Нашым байцам паставілі нялёгкую задачу: блакіраваць нямецкія войскі з мэтай працягнення вызвалення Беларусі і ліквідаваць плацдарм. Баі за яго пачаліся 8 лютага, зменьваючы адзін аднаго на вогненную амбразуру ішлі 26-я і 43-я гвардзейскія танкавыя брыгады; 215-я, 173-я, 371-я стралковыя дывізіі; а для 735-га самаходна-артылерыйскага палка, у складзе якога былі 19-гадовыя хлопчыкі-выпускнікі Растоўскага артылерыйскага вучылішча, бой у ноч на 13 лютага стаў апошнім... Сваю задачу байцы выканалі, заплаціўшы найвышэйшую цану — на навікоўскіх палях засталіся звыш 27 тысяч салдат. 

15 гадоў беларускія пошукавікі сумесна з расійскімі калегамі вяртаюць з небыцця імёны загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны. Чаму? У двух народаў агульная Перамога, адна на ўсіх памяць і боль, доўг перад героямі-вызваліцелямі. Нягледзячы на тое што два разы на год на тэрыторыі раёна праходзіць Вахта Памяці, а сумеснымі намаганнямі беларускіх і расійскіх энтузіястаў ужо падняты і перапахаваны астанкі звыш тысячы савецкіх салдат, гэтай работы хопіць яшчэ на дзесяцігоддзі. Па выніках пошукавай экспедыцыі, якая праходзіла ў красавіку на тэрыторыі Шапечынскага сельсавета, намаганнямі Віцебскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Полымя», Маскоўскай грамадскай арганізацыі «Благачынны ваенна-гістарычны пошукавы клуб «Памяць і прымірэнне», грамадска-патрыятычнай арганізацыі «Захадны рубеж» былі знойдзены астанкі 108 байцоў Чырвонай арміі, на жаль, усе яны засталіся безыменнымі. Знайшлі адзін медальён, але час узяў сваё — прачытаць спарухнелую запіску не атрымалася. 

На воінскімі мемарыяле ў Навіках сабраліся пошукавікі з Беларусі і Расіі, кіраўніцтва вобласці і раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, адзінага ў сваім родзе 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна, які суправаджае кожную экспедыцыю, мясцовыя жыхары, каб з воінскімі ўшанаваннямі адправіць воінаў у апошні шлях. 

«Вельмі важна, што абаронцы нашай Радзімы нават праз 78 гадоў будуць перапахаваны тут, у брацкай магіле, да якой змогуць прыйсці ўдзячныя патомкі, каб выразіць падзяку за гераізм і мір. Подзвіг савецкага народа бессмяротны і неацэнны. Важным імпульсам у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення з’яўляецца далучэнне моладзі да пошукавай дзейнасці, так у мінулым годзе да маскоўскіх кадэтаў далучыліся навучэнцы Полацкага кадэцкага вучылішча», — адзначыў старшыня дэпутацкага корпусу Віцебшчыны Уладзімір Цярэнцьеў. 

Старшыня Віцебскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Дарожкін расказаў, што ў раёне за кожным воінскім пахаваннем даглядаюць не толькі мясцовыя жыхары, але і арганізацыі і ўстановы. За бягучы год ужо падняты астанкі 138 ваеннаслужачых Чырвонай арміі, якія загінулі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, гэтая работа працягваецца сёння на тэрыторыі Заронаўскага сельсавета. Віктар Васільевіч падзякаваў пошукавікам за нялёгкую і адказную працу па ўвекавечванню байцоў і ўручыў падзякі. 

Кіраўнік клуба «Памяць і прымірэнне» Валерый Загрэкаў расказаў, што ўдзел у Вахтах Памяці кадэтаў — невыпадковы. Адна справа вучыць гісторыю па падручніках, другая — дакрануцца да яе ў прамым сэнсе. У мінулым годзе да навучэнцаў кадэцкага класа Маскоўскай школы нумар 760 імя Марэсьева далучыліся іх аднагодкі з Полацкага кадэцкага вучылішча. Сёлета бывалым пошукавікам дапамагаюць школьнікі Полацкай школы нумар 1 і члены пошукавага атрада «Наступленне» Цэнтра грамадска-патрыятычнага выхавання моладзі Арэхава-Зуеўскай гарадской акругі Масквы «Спектр». 

Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць загінулых. Благачынны 2-га Віцебскага раённага благачыння протаіерэй Уладзімір Пашкевіч здзейсніў памінальную літыю, на брацкую магілу ўсклалі вянкі і кветкі ўдзячныя патомкі, адсалютавалі зброевым залпам дэсантнікі, праводзячы ў апошні шлях 108 байцоў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».