Вы тут

Падборку «справядлівасць» прэзентуюць на Дні беларускага пісьменства


Вось ужо дваццаць дзявяты раз на Беларусі пройдзе свята, якое зрабілася любімым многімі, — Дзень беларускага пісьменства. У першыя выхадныя верасня гасцей запросіць старажытны Добруш, радзіма народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. А яшчэ горад мае непасрэднае дачыненне да ўсіх, хто мае справу са сшыткамі, нататнікамі і паперай. Бо менавіта тут працуе знакамітая папяровая фабрыка «Герой працы», заснаваная яшчэ ў 1870 годзе.


Фота: pixabay.com

На прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры Дома прэсы распавялі, як адбываецца падрыхтоўка да свята і чым яно здзівіць гасцей.

Адметнасць пачынаецца ўжо з таго, што ў сёлетняй імпрэзы некалькі важных тэм: Год гістарычнай памяці, юбілеі класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча, а таксама гісторыка-культурная спадчына Добрушскага раёна.

— Задумак вельмі шмат, — распавёў Ігар Бузоўскі, намеснік міністра інфармацыі. — Сярод іх адзначу міжнародны круглы стол «Вечныя каштоўнасці праз кнігі. У аснове справядлівасць». Дыспут будзе транслявацца анлайн. Яшчэ адзін праект свята нарадзіўся падчас нашага ўдзелу ў Кніжным салоне ў Пецярбургу, дзе працуюць над стварэннем спіса са ста кніг, рэкамендаваных для прачытання. Было вырашана скласці спіс з дванаццаці кніг паводле пэўнай духоўнай каштоўнасці. Гэтая каштоўнасць — справядлівасць.

На такую думку арганізатараў натхніла выказванне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі «Справядліваць — гэта аснова таго, што я спрабую зрабіць». Сярод абраных кніг — «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, «Блакадная кніга» Алеся Адамовіча і Аляксандра Граніна, «Авадзень» Войніч, «Капітанская дачка» Аляксандра Пушкіна, «Ганна Карэніна» Льва Талстога, «Тарас Бульба» Мікалая Гогаля, «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна, «Майстар і Маргарыта» Міхаіла Булгакава, «Злачынства і пакаранне» Фёдара Дастаеўскага, «Ціхі Дон» Шолахава, а таксама кніга нашага сучасніка, народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца «Вам заданне».

Сяргей Мусіенка, сябар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, дадаў, што дванаццаць кніг, аб'яднаных тэмай справядлівасці, будуць прадстаўленыя не толькі ў папяровым выглядзе — падчас свята можна будзе спампаваць іх электронныя версіі, займець аўдыёварыянт. Коды для гэтага знойдуцца ва ўпакоўцы чаю «Кніжная паліца». Кожны пакецік — у стылізаванай кнізе з цытатай. Фітачай створаны з дапамогай Анатоля Грыгор'ева, які шмат гадоў працуе ў сельскай аптэцы ў Рубяжэвічах і лечыць травамі.

Цікавым будзе праект «Бацькаўшчына», у якім задзейнічаны прадукцыя Добрушскай папяровай фабрыкі і калекцыя вядомага філакартыста, краязнаўца, гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава. Кожная старонка календара з беларускімі карцінамі мінулага можа «ажыць» і з дапамогай праграмы ператварыцца ў сучасны пейзаж.

Дарэчы, на прэс-канферэнцыі адкрылі яшчэ адну «фішку» свята — галоўная сцэна будзе аформлена паводле Добрушскай папяровай фабрыкі, пазнавальнай для кожнага месціча.

Ганаровы старшыня Саюза пісьменікаў Беларусі, народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец падкрэсліў:

— Мы разглядаем гэтае свята як сваеасаблівы экзамен для пісьменнікаў. Нездарма на ім адбываецца падвядзенне вынікаў конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія». Пісьменікаў на свяце будзе больш, чым калі, — 200 чалавек. Хочацца ўхваліць намаганні Гомельскай абласной арганізацыі СПБ — яны змаглі запрасіць 25 расійскіх творцаў, правядуць круглы стол пра ролю пісьменніка і кнігі ў грамадстве. А яшчэ абвясцілі конкурс на найлепшы верш і песню пра Добруш. Напісана звыш 50 вершаў, ёсць і песні, якія прагучаць падчас свята.

Але праграмныя мерапрыемствы пачнуцца задоўга да адкрыцця свята. Ужо 23 жніўня адбудзецца фінал рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Відэаверсія будзе трансліравацца 4 верасня ў Добрушы. У конкурсе ўзялі ўдзел 16 тысяч школьнікаў з усёй краіны, фіналістам жа стаў толькі адзін з тысячы.

31 жніўня пачнецца навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў». Кіраўнік экспедыцыі Аляксандр Лапата-Загорскі распавёў, што адбылося ўжо шэсць анонсных канферэнцый у тых месцах, дзе пройдзе экспедыцыя.

Зразумела, чынны ўдзел у свяце бяруць выдаўцы. Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак нагадаў, што сёлета ў снежні часопісу «Полымя» спаўляняецца 100 гадоў, таму на свяце ў Добрушы пачнецца акцыя «100 дзён да стагоддзя», прысвечаная гэтай падзеі. Выдавецтва таксама падрыхтавала выставу кніг Івана Шамякіна і выдала ў серыі «Беларусь літаратурная» кнігу «Лучнасць сэрцаў і дум», куды ўвайшлі творы не толькі літаратараў Добрушскага раёна, але і з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Прадставяць цікавыя кніжныя навінкі і іншыя беларускія дзяржаўныя выдавецтвы, напрыклад, кніга «Скрадзенае дзяцінства» выдавецтва «Народная асвета» сабрала расповеды дзяцей-сведкаў Вялікай Айчыннай вайны; выдавецтва «Беларусь» стварыла альбом пра Добрушскі край.

Моладзь павінна прывабіць арганізаваная пры падтрымцы Міністэрства адукацыі ваенна-гістарычная рэканструкцыя «Баі за Добруш 1943 года. Партызанскае супраціўленне».

Канцэрт-адкрыццё ўпершыню пройдзе ўвечары ў суботу, што дасць магчымасць зрабіць яго максімальна відовішчным. Акцэнт будзе зроблены на паэтах-песенніках.

На заканчэнне прэс-канферэнцыі Ігар Бузоўскі папрасіў прысутных назваць тыя дарагія кожнаму беларусу каштоўнасці, якія гэтак жа, як справядлівасць, могуць стаць тэмай серыі кніг, рэкамендаваных да чытання. Сярод адказаў, што прагучалі, — працавітасць, мір, вера, сям'я, веды, чалавекалюбства, самабытнасць, любоў, прыстойнасць.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?