Вы тут

Галоўчанка: Эканоміка дэманструе высокія якасныя паказчыкі збалансаванасці


Ва ўмовах санкцыйнага ўплыву і звязаных з гэтым выклікаў эканоміка Беларусі тым не менш дэманструе гістарычна высокія якасныя паказчыкі збалансаванасці. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на пасяджэнні Савета Міністраў аб функцыянаванні эканомікі ва ўмовах санкцый і мерах па іх пераадоленні пад старшынствам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае БелТА.


Кіраўнік урада канстатаваў, што знешнія ўмовы для работы эканомікі істотна пагоршыліся, паколькі ўведзеныя санкцыі ў адносінах да Беларусі з боку шэрага краін закранаюць усе этапы экспарту ад дастаўкі тавару да атрымання выручкі. Як праінфармаваў прэм’ер-міністр, каб замясціць даходы, якія выпалі з-за санкцый, прыняты комплекс мер для нарошчвання вытворчасці і экспарту ў іншых галінах. Дадатковая вытворчасць канкрэтных тавараў дасць прырост валавога выпуску і забяспечыць дадатковае паступленне выручкі.

«Штомесяц расце экспарт тавараў, і ў чэрвені ён практычна дасягнуў узроўню мінулага года, а ў Расію — дасягнуў гістарычнага максімуму ў памеры $2 млрд за месяц», — адзначыў ён.

«Эканоміка сціснулася, але, на наш погляд, дэманструе гістарычна высокія якасныя паказчыкі збалансаванасці. Гэта падкрэслівае высокую адаптыўнасць эканомікі да знешніх шокаў, адэкватнасць і дзейснасць прымаемых мер», — заявіў Раман Галоўчанка і прывёў даныя.

Так, валавы знешні доўг знаходзіцца на мінімуме за апошнія 7 гадоў, зніжаецца даўгавая нагрузка прадпрыемстваў, суадносіны доўгу і выручкі крыху большыя за 50 працэнтаў, што стала лепшым паказчыкам за апошнія 6 гадоў. Доля стратных арганізацый скарацілася ў 1,5 раза, рэнтабельнасць продажаў склалася на ўзроўні 8,1 працэнта і знаходзіцца на максімуме за 10 гадоў. Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове за першы квартал склалі $1,8 млрд — максімум за ўвесь перыяд назіранняў. «Гэта пацвярджае, што, нягледзячы на знешні націск, захоўваецца інвестыцыйны імідж краіны, які адлюстроўвае яе надзейнасць, і актыўная работа па рэінвесціраванні сродкаў у эканоміку замежнымі кампаніямі», — адзначыў прэм’ер.

За студзень-ліпень склалася дадатнае сальда знешняга гандлю ў памеры $2,3 млрд, што таксама з’яўляецца гістарычным максімумам. «Такім чынам, фіксуецца максімальны прыток валюты ад знешняга гандлю, што, адпаведна, забяспечвае стабільнасць валютнага рынку. Цяпер няма дысбалансаў, якія перашкаджаюць стымуляванню эканамічнага росту», — падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Гаворачы аб задачах урада на бліжэйшы час, прэм’ер-міністр заявіў аб намеры максімальна падтрымаць развіццё несыравінных галін эканомікі, якія будуць канкурэнтаздольныя на знешніх рынках. Плануецца нарасціць экспарт у Расію да $23 млрд, што на 40 працэнтаў больш за ўзровень мінулага года. З Кітаем адпрацоўваецца экспартная заяўка на $2 млрд, што ў 2,2 раза больш за ўзровень мінулага года. Павялічыцца таксама экспарт у краіны далёкай дугі — больш за $9 млрд. Акрамя таго, на фінальнай стадыі знаходзіцца праект пагаднення аб выдзяленні крэдыту з расійскага боку на рэалізацыю праектаў па імпартазамяшчэнні. «Да канца года будуць пачаты 7 праектаў, прызнаныя бакамі тэрміновымі, на суму $330 млн», — сказаў Раман Галоўчанка, удакладніўшы, што гэта будуць праекты ў сферы вытворчасці светлавога абсталявання, камплектуючых для машынабудавання.

Безумоўным прыярытэтам для работы ўрада прэм’ер-міністр назваў павышэнне якасці жыцця і дабрабыту грамадзян. Паводле яго слоў, прыняты шэраг мер для падтрымання росту даходаў: у бюджэтнай сферы — павышэнне базавай стаўкі (з 1 студзеня на 4,5 працэнта, з восені — другі этап павышэння), рост мінімальнай заработнай платы на 14 працэнтаў з пачатку года з наступнай індэксацыяй. З 1 сакавіка працоўныя пенсіі выраслі на 7 працэнтаў, з 1 жніўня — на 10 працэнтаў. «У выніку сярэдні памер пенсіі па ўзросце непрацуючага пенсіянера ў жніўні складзе Br638. Гэта рост да жніўня мінулага года амаль 25 працэнтаў» — адзначыў кіраўнік урада.

«Урад усведамляе ўсю сур’ёзнасць сітуацыі і адказнасць за выкананне пастаўленых задач. Поспех дасягнення выніку залежыць ад мабілізацыі, канцэнтрацыі, хуткасці ў прыняцці рашэнняў, — сказаў Раман Галоўчанка. — Пад самым жорсткім націскам эканоміка, зразумела, крыху сціснулася, але я лічу, што гэты перыяд мы прайшлі ўжо, шоку ніякага няма, задачы пастаўлены. Што рабіць, людзі ведаюць. Задача — выканаць пастаўленыя задачы».

На нарадзе таксама абмяркоўвалася работа прамысловых, сельскагаспадарчых, будаўнічых прадпрыемстваў і кожнай з гэтых галін.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.