Вы тут

З нацыянальным каларытам: Х Міжнародны фестываль «Сожскі карагод» пройдзе 9-11 верасня ў Гомелі


Х Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» пройдзе ў Гомелі 9-11 верасня. Для ўдзельнікаў і гасцей свята рыхтуецца мноства сюрпрызаў, паведаміў журналістам начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама Мікалай Святагор, паведамляе БелТА.


Фестываль, які палюбіўся ў творчых колах, збірае сяброў раз у два гады. Юбілейны форум павінен быў адбыцца ў 2020 годзе, аднак пандэмія ўнесла свае карэктывы. Цяпер жа «Сожскі карагод» зноў закружыць у Гомелі з міжнародным размахам.

Паводле слоў Мікалая Святагора, было пададзена каля 50 заявак, 40 з якіх адобраны. Нягледзячы на няпростую геапалітычную сітуацыю на міжнароднай арэне, гэта значная колькасць удзельнікаў. Напрыклад, у 2018 годзе было 30 калектываў. Чакаецца, што фестывальныя пляцоўкі прымуць каля 650 удзельнікаў з чатырох краін: Беларусі, Расіі, Казахстана і Кыргызстана. Новаўвядзенне юбілейнага форуму — конкурсная праграма сярод аматарскіх калектываў цыркавога мастацтва.

Чароўнае дзейства на сцэне падорыць дзяржаўны фальклорны ансамбль песні і танца «Нахчо» з Чачэнскай Рэспублікі. Адначасова ў танцы закружаць 20 пар. Прадугледжаны таксама сольны канцэрт ансамбля. Гэта толькі адзн з сюрпрызаў, якія рыхтуюць арганізатары. Усе карты раскрываць у аргкамітэце не хочуць — тым цікавей будзе назіраць за падзеямі на сцэне.

Дарэчы, традыцыйная пляцоўка для маштабнага адкрыцця фестывалю застаецца нязменнай — стадыён «Цэнтральны» ў Гомелі. Тут чарговы раз увасобіцца адна з аўтарскіх задум галоўнага рэжысёра форуму заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь Пятра Свярдлова. Толькі ў гэты вечар на стадыёне будзе задзейнічана каля тысячы чалавек, не лічачы гледачоў на трыбунах. У тэхнічным плане арыгінальна будзе аформлена галоўная сцэна фестывалю.

Мікалай Святагор крыху прыадкрыў і зорнае закуліссе цырымоніі адкрыцця. Так, фестывальным настроем зарадзяць Дзяржаўны ансамбль «Белыя росы», народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча, уладальнік Гран-пры «Славянскага базару ў Віцебску — 2022» Ганна Трубяцкая і група Aura.

Асноўнай жа конкурснай пляцоўкай стане Гарадскі цэнтр культуры. Тут у рэжыме нон-стоп будуць выступаць у задавальненне і за прызавое месца калектывы з Мінска, Гродна, Віцебска, Бабруйска, Алматы, Санкт-Пецярбурга, Смаленска, Чэлябінска, Пратвіно, Магнітагорска, Ульянаўска, Бішкека і іншых гарадоў. Лепшых з лепшых вызначаць у некалькіх намінацыях.

Уладальнік Гран-пры «Сожскага карагода» атрымае статуэтку з сімвалам форуму і каштоўны прыз. У гэтыя дні статуэтку вырабляюць на адным з прадпрыемстваў Гомеля.

Ацэньваць выступленні будзе творчае прафесійнае журы. Аднагалосна старшынёй журы выбраны мастацкі кіраўнік і галоўны балетмайстар Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянцін Дудкевіч. Таксама ў ліку калегіі — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская, заслужаны работнік культуры Расіі Валерый Бутыркін, заслужаны артыст Чачэнскай Рэспублікі, саліст ансамбля «Нахчо» Лом-Алі Шахбіеў.

Юбілейны фестываль супаў са значнай у летапісе горада над Сожам датай — 880-годдзем Гомеля. Таму ўдзельнікі танцавальнага форуму павіншуюць гараджан з галоўнай сцэны, а таксама на святочных пляцоўках у раёнах. У імяніннай праграме прадугледжаны блок з прадстаўленнем візітак удзельнікаў «Сожскага карагода».

Цырымонія закрыцця з гала-канцэртам плануецца ў ГКЦ.

Арганізатары паклапаціліся, каб гасцям было максімальна камфортна. Прадуманы дэталі іх знаходжання і перамяшчэння. Таксама іх будуць суправаджаць валанцёры. Актыўныя і камунікабельныя памочнікі цяпер праходзяць навучанне.

Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» упершыню сабраў у паўднёва-ўсходнім рэгіёне танцавальныя калектывы з розных краін у 1997 годзе. Мерапрыемства накіравана на пашырэнне і ўмацаванне міжнацыянальных творчых сувязей, узаемадзеянне нацыянальных культур. Заснавальнікамі харэаграфічнага форуму выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскі абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.