Вы тут

Таямнічы запал ці Формула поспеху мастачкі Алесі Скарабагатай


Пабываўшы аднойчы на выставе Алесі Скарабагатай, вы напэўна запомніце гэтае імя. Яе карціны адрознівае яркая творчая індывідуальнасць і непаўторны аўтарскі почырк.


Яны рэгулярна ўдастойваюцца прызоў, сімпатый з боку гледачоў на выставах і фестывалях мастацтваў маладых мастакоў Беларусі. Іх ахвотна набываюць айчынныя і замежныя калекцыянеры.

Творчасць Алесі Скарабагатай часта адносяць да гіперрэалізму. Многія адзначаюць эфект фатаграфіі, уласцівы яе нацюрмортам. Пры сузіранні хлеба, сала, сыру, вустрыц, кавы, садавіны на палотнах гэтай мастачкі мімаволі пачынаецца слінаадлучэнне, настолькі яны пераканаўчыя, апетытныя, пачуццёвыя. На палотнах Алесі Скарабагатай ежа — сапраўды боскі дар. Здаецца, ты адчуваеш смак цёплага багета, свежасць рыбы, пах саспелага сыру, водар гарачай, толькі прыгатаванай кавы, прыкра-салодкую мякаць інжыру. Такое шанаванне, своеасаблівы «культ» ежы на палотнах маладой мастачкі, збольшага тлумачыцца ўплывам мамы, Зінаіды Фёдараўны. 

— Мама працавала шэф-кухарам у рэстаране і ставілася да сваёй прафесіі як да мастацтва, — расказвае Алеся. — Дома, для сям’і, яна таксама гатавала не проста смачна, але і прыгожа. Я з дзяцінства бачыла і любавалася яе майстэрствам і маляўнічасцю ежы. Магчыма, з таго часу для мяне прадукты здаюцца эстэтычна вельмі прывабнымі, адухоўленымі і хочацца выкарыстоўваць іх як аб’екты выявы ў творчай кухні.

У маладосці Зінаіда Фёдараўна хацела стаць мастачкай. Не здзейсніўшы сваю мару, спрабавала рэалізаваць яе ў дзецях. Спачатку адвяла ў мастацкую школу старэйшага сына Дзіму, аднак у таго да выяўленчага мастацтва душа не ляжала. Калі падраслі двайняты — Саша і Алеся, Зінаіда Фёдараўна вырашыла далучыць да жывапісу іх. З малодшым сынам гэты нумар зноў не прайшоў, а вось дачцэ спадабалася. Яна засталася ў студыі і захапілася.

— Не адразу знайшла свой стыль, — падкрэслівае Алеся. — Прайшла праз захапленне творчасцю Эгана Шыле, Клода Манэ, Антаніса ван Дэйка. Мне падабаецца і рэалістычны жывапіс, і імпрэсіянізм, і абстрактнае мастацтва. І сёння працягваю эксперыментаваць і шукаць. Змяняцца для мастака — зусім нармальна і нават неабходна. Таму сама не ведаю, якой буду заўтра.

Свае працы Алеся звычайна падоўгу выношвае ў думках, а ўжо потым бярэцца за пэндзлі і фарбы. А ўзяўшыся за іх, імкнецца даводзіць кожнае палатно да таго стану, каб застацца задаволенай. Нараўне з нацюрмортамі ёсць у яе і партрэты, пейзажы, карціны-«пасланні». «Сіняя гара», «Танец светлячкоў», «Дзень і ноч», «Зайчык», — прыклады мастацкіх меседжаў, роздумы Алесі Скарабагатай аб свеце звонку і ўнутры нас.

— Я не прыхільніца жывапісу, які патрабуе вялікіх тлумачальных цыдулак. Імкнуся зрабіць свой меседж даступным і зразумелым, — адзначае Алеся. — Пры гэтым не засмучаюся, калі трактоўка гледачоў адрозніваецца ад маёй задумы. Усе мы розныя, адно і тое ж можам бачыць па-рознаму. Галоўнае, каб мастацтва закранала пачуцці, хвалявала.

Эмацыйны водгук жывапіс Алесі Скарабагатай знаходзіць у самай рознай публікі. Набываюць яе мужчыны і жанчыны, маладыя і сталыя, суайчыннікі і замежнікі. Ёсць і калекцыянеры яе карцін. З многімі з пакупнікоў Алеся падтрымлівае адносіны, і ёй прыемна ведаць — яе працы трапляюць да адукаваных і культурных людзей.

Пытанні аб тым, «Чаму вашы карціны такія дарагія, вы ж маладая мастачка?», ёй даводзіцца чуць толькі ў Беларусі. Усюды ў свеце мастацтва ацэньваюць у залежнасці ад таленту, а не ад таго, колькі гадоў аўтару. У многіх краінах сумуюць па страце класічнай школы, і таму такія работы, як у Алесі Скарабагатай, выклікаюць шчырае захапленне. Сама яна перакананая: для любога мастака класічная школа — падмурак, без якога няма шанцу адбыцца ў прафесіі. Як выкладчык Акадэміі мастацтваў Алеся імкнецца данесці гэтыя веды сваім студэнтам.

— Для мяне застаецца адкрытай дылема: мастацтва выратуе свет ці, наадварот, свет выратуе мастацтва, — дзеліцца сумневамі Алеся. — Я пераканана, што мастацтва ўплывае на жыццё. Паколькі чарнухі ў ім стала значна больш, гэта ўплывае на нашу свядомасць, каштоўнасці, адносіны людзей. Сама стараюся бачыць і засяроджвацца на светлым баку жыцця. Не магу працаваць, калі апускаюся ў цемру.

Алеся не аднойчы стажыравалася за мяжой, удзельнічала ў замежных выставах. Ёй падабаецца падарожнічаць. Але нідзе так добра не працуецца, як дома. Калі гарадская мітусня пачала напружваць, яны з мужам (мастаком Алесем Багданавым — заўв. аўтара) купілі дом у Лагойскім раёне і сталі жыць на прыродзе. Чыстае паветра, маляўнічыя мясціны. Алеся атрымлівае задавальненне ад таго, што дакранаецца да зямлі, садзіць на градках зеляніну, гародніну, кветкі. Выдатна там сябе адчувае і Муза, — так клічуць котку мастакоў. Ну і музы-заступніцы Алесю і Алеся, на шчасце, там не пакідаюць.

— У свой час мяне наведвалі сумневы, ці трэба прысвячаць сябе жывапісу, — прызнаецца мая суразмоўніца. — Сёння я ўжо не мучаюся такімі пытаннямі, таму што не ўяўляю сябе па-за прафесіяй. Ніколі не прымушаю сябе пісаць, калі няма жадання. Але такое рэдка здараецца. Памятаю, вельмі інтэнсіўна працавала, рыхтуючыся да выставы. Стамілася неверагодна і была ўпэўнена: пасля завяршэння дакладна некалькі месяцаў не падыду да палатна. Але прайшоў тыдзень адпачынку, і рукі пацягнуліся да фарбаў і пэндзляў.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота прадстаўлена суразмоўніцай

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.