Вы тут

Сучасная сям’я на прыкладзе Любові Чаркашынай


Маладыя сучасныя бацькі, дачушка Вера і сынок Данііл, два сабакі Чупа і Шаня. На першы погляд, абсалютна звычайная сям'я. Але гэта не зусім так. Праз два тыдні пасля нараджэння дзіцяці мама паехала на міжнародную канферэнцыю. Яна не брала дэкрэтны водпуск і разам з немаўляткам можа займацца любімай справай. А тата лёгка клапоціцца пра малое дзіця, даглядае яго. Усёй сям'ёй яны могуць выйсці на свецкае мерапрыемства або пакінуць дзяцей на бабуль і дзядуль ды правесці час удваіх. І самае галоўнае — ад такога ладу жыцця добра ўсім — і дзецям, і дарослым.

Нават у наш прагрэсіўны час лічыцца нормай, што маладая маці як мінімум першыя тры гады жыцця дзіцяці павінна закрыцца ад усяго свету і прысвячаць час толькі сям'і, а бацька мусіць зарабляць грошы і час ад часу гушкаць малое на руках. Аднак сёння такія ўяўленні аб сямейным жыцці — не больш як стэрэатып. Можна будаваць шчаслівую сям'ю і з іншымі падыходамі. Як прыклад — сям'я бронзавага прызёра Алімпійскіх гульняў 2012 года па мастацкай гімнастыцы Любові Чаркашынай і футбаліста Віктара Малашкі. Пара выхоўвае чатырохгадовую Веру і паўтарагадовага Данііла. Як у іх гэта атрымліваецца, — Любоў Чаркашына расказала «Сямейнай газеце». А яшчэ гэта першае інтэрв'ю знакамітай #малышкаотмолашки (з такім хэштэгам Любоў дзеліцца фатаграфіямі дачкі ў сацыяльных сетках) — Веры Малашкі.


Тайм-менеджмент, якога няма

«У мяне няма ніякага сакрэту, як паспяваць клапаціцца пра сям'ю і займацца работай. Я проста жыву, як умею, стараюся лепш. Мне сапраўды пашанцавала з мужам, ён вельмі дапамагае з дзецьмі. Мне пашчасціла з маім татам, з нашымі бабулямі, якія заўсёды побач. І дзякуючы ім, мая асноўная дзейнасць, мая кар'ера не спыняюцца. І шчыра кажучы, я слаба ўяўляю, што было б, калі б мяне спынілі. Вось цяпер у нас два тыдні паўзы, і я тры дні магу дома пасядзець. Але ўжо пад канец першага дня мне становіцца цяжка. Мне трэба ўвесь час рухацца. Я разумею, што пастаянна сядзець дома — гэта не маё. Хоць чалавек прывыкае да ўсяго. Таму каб не даць сабе прывыкнуць да марнавання часу, водпуск бяру кароткі. У мяне не было паўнавартаснага дэкрэтнага водпуску. Я нават жартую, што калі вырашымся на трэцяга, то гэта мой апошні шанц паспрабаваць сябе ў ролі мамы немаўляці на сто працэнтаў. Вядома, калі я кудысьці з'язджаю адна, сэрца шчыміць. Але дастаткова ўліцца ў работу — і лягчэй становіцца. Часам хочацца быць з дзецьмі 24 гадзіны сем дзён на тыдзень. Часам хочацца ад усяго абстрагавацца і заняцца толькі сваімі справамі. Гэта заўсёды розныя адчуванні. Я разумею, што ўжо больш ніколі не буду належаць толькі сабе. І часам гляджу на іх, на тое, як яны гуляюць, нешта робяць упершыню, і думаю: Божа, гэта мой працяг, гэта так крута, яны такія геніяльныя. І гэта неверагодна».

#малышкаотмолашки і #мальчишкаотмолашки

«Цяпер у Веры ўзрост з шыкоўнымі пытаннямі, з шыкоўнымі развагамі аб людзях і жыцці. Вось мы едзем і бачым кабылу з жарабём, Віця ёй тлумачыць, што гэта жарабя і яго мама, што яно да мамы цягнецца. І Вера пытаецца: «А як я зразумела, што вы мае бацькі?» Калі тлумачыш дзіцяці нешта простае, трэба быць гатовымі пачуць вельмі сур'ёзнае пытанне. Мы ўжо бралі Веру на пахаванне, гэта таксама частка жыцця, і мы лічым, што дзіцяці трэба ведаць пра жыццё і смерць. І, відаць, яе так уразіла, што яна ў мяне пытаецца: «Мама, вось мы яе ў зямлю закапалі, а ты кажаш, што яна на небе». І яна ж мае рацыю. І як чатырохгадоваму дзіцяці ўсё зразумела растлумачыць? І такіх цікаўнасцяў з Верай цяпер вельмі шмат.

За Данькам таксама вельмі цікава назіраць. Гэта фенаменальна добры хлопчык. І ён вельмі прывязаны да Віці. Мне здаецца, што Віця цяпер перажывае перыяд, ад якога ва ўсіх мам валасы ўстаюць дубам. Гэта калі тваё дзіця ад цябе не адыходзіць ні на секунду. Данік ні на імгненне не можа пакінуць Віцю. І так было з самага нараджэння. Я нават жартавала, што Віцю засталося толькі грудзьмі карміць. Вера лёгка ішла на кантакт з усімі, а Даньку ніхто, акрамя таты, здаецца, і не патрэбен. Гэта ўнікальна.

Вера ў нас хітруга. Таму, калі нарадзіўся Данька, яна не паказвала, што адчувае. Але па паводзінах можна была зразумець, што яна раўнуе. Цяпер, калі ён падрос, ужо не так. Але відаць, што часам Вера не да канца разумее, што гэта не лялька, а жывы чалавек. Разам з тым, заўважна, што яна адчувае, — гэта яе родны чалавек. Калі з садка прыязджаем, бачу, як яны сумавалі адно па адным. Калі мы кудысьці ідзём і кагосьці сустракаем, яна заўсёды кажа: «гэта мой брат» ці «не чапай майго брата». Калі Вера плача, Данік яе шкадуе, абдымае, цалуе. Я думаю, што ў будучым нас чакае і шмат сварак, бо тут два моцныя характары. Але нават у такім малым узросце ёсць разуменне, што яны родныя. І гэта вельмі важна.

Вонкава нашы дзеці падобныя да Віці, асабліва калі зусім маленькія былі. Такія ж светленькія. Але мне ніколі не было важна, каб мае дзеці былі падобныя да мяне. Прыгожыя атрымаліся — і дзякуй богу. Іншая справа — характар. Вера — гэта я і крыху ўзрыўнога Віці. Яна вельмі ўпартая, можа давесці дарослага чалавека, і яна заўсёды дабіваецца свайго. Вера стараецца сама ўсё рабіць. Ну, пра Даньку яшчэ рана нешта казаць. Вакол яго цяпер усе круцяцца».

«Бацькі ў мяне нармальныя, добрыя. І брацік у мяне добры. З Данікам мы балуемся, гуляем. Тата мяне ўжо навучыў у футбол гуляць. Я нават яму некалькі галоў забіла. І яшчэ я люблю на планшэце глядзець відэа, як тата ў футбол гуляе, а мама са стужкай выступае, прыгожая такая», — дадае Вера.

Вера і гімнастыка

«Мама заўсёды бярэ мяне ў залу на трэніроўкі. І я ўжо выступала на «Хрустальнай ружы». Я баялася, але выступіла. Калі я нешта забывалася, я глядзела на дзяўчынак, як трэба рабіць, і супакойвалася. Я баялася выступаць перад гледачамі, але трэнеры мяне супакойвалі. Але потым з гледачамі спадабалася выступаць, на мяне ўсё глядзелі і апладзіравалі. І гэта было, як магія», — дзеліцца Вера. У паказальным нумары на міжнародным турніры «Хрустальная ружа» па мастацкай гімнастыцы адбыўся яе сцэнічны дэбют.

«Вера вырасла ў нашай зале. Яна там як дачка палка, яе ўсе ведаюць, яна ўсіх ведае. Залу ведае лепш, чым родны дом. Я ніколі не баялася браць яе туды, дзе дарослыя. Усё роўна калісьці яна з імі сустрэнецца. І нават перад пачаткам дзіцячага садка мы хваляваліся, што ёй там будзе сумна, бо яна больш ведае дарослых, чым сваіх равеснікаў. Але яна ўцягнулася, і мы зразумелі, што Вера з усімі знойдзе агульную мову.

А гімнастыкай Вера пакуль не займаецца. У верасні пойдзе займацца ў школу Сашы Наркевіч. Яна выступіла на «Хрустальнай ружы», і ёй захацелася. Яе гэта вельмі ўразіла». «Я ўжо магу многія элементы рабіць, і са стужкай, і з абручом, і з булавамі. Больш за ўсё мне булавы падабаюцца. Сашу Наркевіч я даўно ведаю. І хачу хадзіць да яе займацца», — тлумачыць Вера.

«Мы з Віцем разумеем, што можам даць сваім дзецям больш, чым маглі даць нам нашы бацькі. Мы можам дазволіць сабе любую секцыю. Але ў нас няма пункта, што нашы дзеці абавязаныя займацца спортам, музыкай ці яшчэ нечым. Але мы разумеем, што дзеці павінны быць занятыя. Чым менавіта — няхай вырашаюць самі. Мы не паскараем дзяцінства, няхай яно ідзе, як трэба. Хочацца ім цяпер у пяску капацца — калі ласка, хоча Вера займацца гімнастыкай — будзе хадзіць да Сашы Наркевіч. Мы даём ім свабоду. Абсалютная строгасць праяўляецца толькі там, дзе справа датычыцца жыцця і смерці: паводзіны на дарозе, з агнём і гэтак далей. У астатнім — толькі іх жаданні. Нядаўна Вера зацікавілася кнігамі. Я сама шмат чытаю, яна пастаянна бачыць мяне з кнігай. І ўжо сама просіць, каб ёй пачыталі, свае дзіцячыя кнігі, якіх у яе вельмі шмат, бярэ з сабой у садок. Віця непрафесіянальна гуляе ў хакей, яна разам з ім ходзіць на гульні, ведае, пад якім ён нумарам, хвалюецца, падтрымлівае».

«Папа двойчы выйграў. А калі прайграў, я плакала. І дзядзя з татавай каманды сказаў, што яны будуць выйграваць, каб я не плакала», — дзеліцца Вера.

«Мама ў мяне нястрогая»

«У псіхалогіі ёсць такое правіла: лічыш да трох, і дзіця павінна супакоіцца. Я праверыла яго на Веры, і яно працуе. Яна не слухаецца. Я кажу «раз» — Вера збаўляе абароты і да трох ужо разумее, што мама жартаваць не будзе, таму трэба адмовіцца ад ідэі.

Часам бывае, яна мяне зусім не слухае. Сто разоў ёй паўтараю — і ніякага эфекту. Тады я ўжо выходжу з сябе і кажу: «Вось я ад цябе сыду, і што ты тады будзеш рабіць?» І яна ўжо разумее, што справа дрэнь, і супакойваецца. Гэта бывае рэдка, кажу я тое на эмоцыях, калі ўжо дапякае. Потым мне вельмі сорамна за свае словы. Але мы ўсе людзі, усе не жалезныя, і я не выключэнне. Магчыма, у сацыяльных сетках можа стварыцца ўражанне, што мы такія спакойныя і вытрыманыя бацькі. Але гэта не заўсёды так».

«Будуць свае дзеці — зразумееш»

«Калі з'яўляюцца свае дзеці, разумееш абсалютна ўсё, што казалі табе бацькі. Становяцца зразумелымі ўсе іх перажыванні і турботы. Кажуць, што каб зразумець чалавека, трэба абуць яго абутак. Вось каб зразумець сваіх бацькоў, трэба самім стаць бацькамі.

Я добра памятаю, як мама вадзіла нас у тэатр, амаль кожныя выхадныя. Часам так не хацелася, што мама літаральна нас цягнула. А сёння я прыходжу ў тэатр і думаю, якая мая мама маладзец, што паказала нам гэта. Вядома, я буду гэтаксама рабіць і са сваімі дзецьмі. Ніхто не паспее за ўсё жыццё паглядзець усе спектаклі ці фільмы, прачытаць усе кнігі, але хочацца паспець як мага больш, выкарыстаць кожны момант. І гэтаму я хачу навучыць сваіх дзяцей.

У маім дзяцінстве побач з намі пастаянна былі хатнія жывёліны. Я не ведаю, як можна жыць, расці без іх. Маім мопсам Чупе і Шані больш за дзесяць гадоў. То-бок мае дзеці нарадзіліся пры гэтых сабаках, яны жывуць з імі. І яны ўжо ўмеюць жыць з іншымі істотамі, разумеюць, што гэта не цацка, што аб іх трэба клапаціцца. Калі Вера была маленькая, сабакі пастаянна спалі побач з ёю. Данік цяпер то нешта смачнае ім дасць, то проста пагладзіць. Відаць, што ён іх любіць».

Цярпенне і любоў

«Самае складанае ў выхаванні дзяцей — захоўваць цярпенне. І гэта самае галоўнае. Яго трэба трэніраваць і разумець, што гэта проста такі час. І трэба старацца ўсё рабіць з любоўю, нават калі стаміўся. Гэта твае дзеці. Ты быў да іх гатовы. Табе трэба іх выхаваць і адпусціць у жыццё. Яны побач з табой зусім ненадоўга, і ў прынцыпе няма часу крыўдзіцца на іх. Ёсць толькі кароткі прамежак часу, калі перад табой маленькі чалавек, які фарміруецца ў асобу. І ты кайфуеш ад таго, што яны першы раз робяць свае крокі, кажуць «мама» ці «тата». І ты разумееш, што сам некалі быў такім жа, і здзіўляешся ад таго, як многа можа зрабіць чалавек за кароткі прамежак час. Таму цярпенне і любоў — два залатыя правілы. Ужо потым можна прывіваць дысцыпліну, правілы, традыцыі. Але без цярпення і любові ўсё гэта не мае сэнсу».

Гэты шлях трэба праходзіць удваіх

«Зразумела, калі з'яўляюцца дзеці, мяняюцца адносіны і з мужам. І тут таксама залатое правіла — цярпенне і любоў. Усё можна вырашыць, калі ты ўмееш своечасова нешта не заўважыць, прамаўчаць, своечасова супакоіцца. Гэта важна, бо жыццё мяняецца ва ўсіх. Пасварыцца шмат розуму не трэба, а трымацца разам куды складаней. Будуць і недасыпанні, і стомленасць, і мільён сарваных планаў. І гэта трэба праходзіць удваіх. Трэба ўсведамляць, што вы бацькі і інакш не будзе ніколі. Цярпенне і любоў нас ратуюць. Нас ратуе і дапамога нашых родных. Удваіх можна спраўляцца, але ўсё роўна павінны быць блізкія людзі, якія будуць побач, якія падтрымаюць і дапамогуць.

Больш, чым з мужам, мне пашанцавала з бацькам маіх дзяцей. Я не ўяўляю, хто б, акрамя Віці, мог спраўляцца з двума дзецьмі і з нестэрэатыпнай жонкай. А ў яго ўсё атрымліваецца. Дарагога варта тое, што Віця бяжыць з работы дадому — да дзяцей, да сям'і. Часам нават на нейкіх мерапрыемствах ён мне кажа: «У нас дзеці, пойдзем дадому». Калі мы недзе затрымаемся, ён будзе перажываць, што Данік будзе засынаць без нас. Ён будзе перажываць, калі я забяру Веру на 10 хвілін пазней, чым мы з ёй дамовіліся. Хоць Вера і не заўважыць тых 10 хвілін і добра правядзе іх у садку. Але Віця будзе хвалявацца, бо мы ёй абяцалі. Ён праяўляе такія бацькаўскія рэчы і паводзіны, якія мне як маме незразумелыя. Часам я нават думаю, што я павінна сябе паводзіць, як паводзіць ён».

Шчаслівая мама — шчаслівае дзіця

«Калі я не ў настроі, не ў настроі ўсе. І дзеці так усё адчуваюць, што дзіву даешся. Вера нават можа Віцю сказаць: «Не чапай маму». Яны ўсё гэта адчуваюць. Таму, выхоўваючы дзяцей, трэба пачаць з сябе».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.