Вы тут

Навошта складаць завяшчанне і што ў ім можна, а што нельга ўказваць


 Каму можна пакінуць спадчыну? Што такое закрытае завяшчанне? Калі патрэбны сведкі, каб скласці гэты дакумент? Колькі разоў можна перапісваць завяшчанне? Хто мае права прэтэндаваць на спадчыну? Ці абавязкова спадчыннікам выконваць умовы завяшчання? Што будзе, калі адным з нашчадкаў замоўчваецца наяўнасць іншых спадчыннікаў? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнту «Звязды» дапамагла знайсці Надзея Шупенька, натарыус Мінскай абласной натарыяльнай акругі.


Чарга на спадчыну і права прадстаўлення

Скласці завяшчанне можа любы дзеяздольны чалавек, якому споўнілася 18 гадоў. Спадкаемцамі могуць быць людзі, жывыя на момант адкрыцця спадчыны, а таксама зачатыя пры жыцці спадчынадаўца і народжаныя жывымі пасля яго смерці.

— Напрыклад, у цяжарнай жанчыны памірае муж. Хоць іх дзіця яшчэ не нарадзілася, яно лічыцца спадчыннікам. І нават калі прайшло больш за паўгода пасля адкрыцця спадчыны, яно атрымае сваю долю пасля нараджэння, — удакладніла натарыус.

Спадчыннікі першай чаргі — муж, жонка, бацька, маці, дзеці памерлага. Унукі могуць успадкаваць спадчыну толькі па праве прадстаўлення — калі іх бацькі памерлі раней за бабулю і дзядулю.

— Калі бацька чалавека памёр раней за яго дзядулю, то ўнук можа атрымаць долю спадчыны, якая павінна была б адысці яго тату, — удакладніла Надзея Шупенька.

Да другой чаргі спадчыннікаў належаць паўнародныя ці непаўнародныя браты і сёстры памерлага. У гэтай чарзе дзеці братоў і сясцёр (пляменнікі памерлага) таксама могуць наследаваць спадчыну па праве прадстаўлення — калі іх бацькі памерлі раней за цётку ці дзядзьку.

Бабуля і дзядуля (з боку бацькі ці маці) памерлага ўваходзяць у трэцюю чаргу.

Чацвёртая чарга — паўнародныя і непаўнародныя браты і сёстры бацькоў спадчынадаўцы (цёткі і дзядзькі).

З умовамі — нельга, з пажаданнямі — можна

Наследаваць маёмасць памерлага па законе могуць толькі яго сужэнец або сваякі па крыві. Аднак праз завяшчанне спадчынадавец можа перадаць сваю маёмасць не толькі любому чалавеку, але нават наогул Беларусі ці нейкай адміністрацыйнай адзінцы.

Пакінуць спадчыну, напрыклад, кату, згодна з беларускім заканадаўствам, немагчыма. Гэтаксама як і скласці завяшчанне з неправамернымі ўмовамі, накшталт «мая маёмасць адыходзіць дачцэ, аднак толькі калі яна потым завяшчае яе свайму сыну». Альбо «завяшчаю кватэру сыну, калі ён зменіць веравызнанне». Такія завяшчанні не будуць мець юрыдычнай сілы.

— У той жа час у завяшчанне можна ўключыць ускладанне, то-бок папрасіць спадчынніка выканаць волю памерлага, — абазначыла натарыус. — Напрыклад, указаць, што дачка ці сусед павінны клапаціцца пра ката нябожчыка. Альбо можна напісаць «завяшчаю ўсю сваю маёмасць, якая будзе належаць мне на момант смерці (з чаго б яна ні складалася і дзе б ні знаходзілася, нават тая, якая пакуль будуецца), унуку Іванову Івану Іванавічу і ўскладаю на яго абавязацельства ўступіць вучням школы № 2 Мінска карыстанне маёй бібліятэкай».

У завяшчанні могуць утрымлівацца не толькі абавязковыя для выканання правамерныя ўмовы, але і пажаданні спадчынадаўца. Напрыклад, «завяшчаю дом дачцэ і сыну пароўну, аднак выказваю пажаданне, каб дачка карысталася першым паверхам, а сын — другім». Калі нашчадкі не пагодзяцца з такой умовай-просьбай, то ім прыйдзецца вызначаць парадак карыстання домам праз суд, удакладніла юрыст.

Таямніца, сведкі і закрытае завяшчанне

Завяшчаць можна ўсё што заўгодна: нерухомасць, уклады, калекцыі, каштоўнасці, аўтамабілі і нават кватэру ці дом, які яшчэ будуецца. Дакумент павінен пісацца ад рукі і складаецца ў двух экзэмплярах: адзін будзе захоўвацца ў натарыуса, другі — у завяшчальніка. Такога паняцця, як лічбавае завяшчанне, не існуе.

— У завяшчанні прапісваюцца час і месца яго складання, імя, прозвішча і імя па бацьку, дата нараджэння, асабісты нумар, месца жыхарства завяшчальніка, а таксама ступень сваяцтва і поўнае імя спадчыннікаў. Не проста ўнук ці жонка, а з указаннем іх поўнага імя, — дадала натарыус. — Здараецца, што пасведчанні аб нараджэнні ці шлюбе губляюцца, а аднаўляць іх цяжка, і немагчыма пацвердзіць ступень сваяцтва. У гэтым выпадку атрымаць спадчыну ўказаныя ў завяшчанні асобы могуць толькі па сваім імі, якое напісана ў дакуменце, як пабочныя грамадзяне.

Можна скласці таксама закрытае завяшчанне, змест якога не ведае нават натарыус. У гэтым выпадку чалавеку тлумачыцца, хто мае права на абавязковую долю спадчыны, аднак яго волю даведваюцца толькі пасля смерці. Закрытае завяшчанне пішацца і падпісваецца ўласнаручна, таму тыя, хто не можа пісаць, такі дакумент скласці не могуць. Закрытае завяшчанне перадаецца натарыусу ў прысутнасці двух сведкаў, якія распісваюцца на канверце, аднак такіх дакументаў зусім няшмат, удакладніла Надзея Шупенька:

— Пры гэтым захоўваецца тайна завяшчання — пра дакумент ведаюць толькі спадчынадавец і натарыус. Становяцца вядомымі звесткі толькі пасля смерці чалавека, і толькі спадчыннікам. Аднак могуць быць яшчэ сведкі, якія патрэбныя, калі чалавек з нейкіх прычын няздольны напісаць сваю волю ўласнаручна. Тады за спадчынадаўца завяшчанне піша натарыус у прысутнасці сведкі, які пацвярджае сапраўднасць дакумента і таксама папярэджваецца пра невыдаванне яго зместу, — расказала натарыус. — Калі ж чалавек не можа і падпісаць завяшчанне (з прычыны хваробы ці непісьменнасці), то патрэбны яшчэ адзін чалавек, які падпіша дакумент за завяшчальніка, а ў самім завяшчанні будзе ўказана прычына, чаму так адбылося. Калі завяшчанне складае іншаземец, прысутнічае перакладчык.

Абавязковая доля і пазбаўленне спадчыны

Калі чалавек прыходзіць да натарыуса складаць завяшчанне (выключэнне толькі для тых, хто знаходзіцца ў бальніцы, доме састарэлых, ці моцна хворы дома — да іх спецыяліст прыедзе сам), натарыус высвятляе ўсе нюансы. Чаму чалавек хоча скласці завяшчанне, на чыю карысць робіцца дакумент, што атрымаюць іншыя спадчыннікі, і іншае. Такім чынам правяраюцца яшчэ і яго дзеяздольнасць і добраахвотнасць, прычым робіцца гэта сам-насам з завяшчальнікам.

— Незалежна ад таго, каму чалавек пакідае спадчыну (гэта датычыцца і закрытага, і звычайнага завяшчання), ёсць спадчыннікі, якія маюць права на абавязковую долю. Гэта непаўналетнія ці недзеяздольныя дзеці, а таксама бацькі, муж ці жонка, якія з'яўляюцца пенсіянерамі або інвалідамі. Яны маюць права на не менш як палову долі, якая належала б ім пры ўспадкаванні па законе — калі б не было завяшчання, — растлумачыла спецыяліст. — Калі, напрыклад, усё завешчана дачцэ нябожчыка, аднак у яго жывая маці-пенсіянерка, яна будзе спадчынніцай на абавязковую долю. Аднак яна павінна заявіць сваё права на гэтую частку спадчыны на працягу шасці месяцаў пасля смерці сына — інакш яна лічыцца асобай, якая адмовілася ад спадчыны.

Калі спадчыннік прыходзіць адкрываць спадчыну, натарыус высвятляе ў яго, ці ёсць спадчыннікі на абавязковую долю ці іншыя спадчыннікі. Калі той кажа, што ёсць, і называе іх імёны, месца жыхарства ці работы, натарыус апавяшчае гэтых людзей пра наяўнасць спадчыны. А далей іх права — атрымліваць спадчыну ці не. Калі ж спадчыннік кажа, што больш нікога няма, акрамя яго, натарыус яго словы не правярае. І хоць наследнік і распісваецца за свае словы (праўда яны ці не), ніякай адказнасці ў выпадку хлусні ён не нясе.

— Калі ў чалавека ёсць непаўналетнія дзеці, аднак ён не ўказаў іх у завяшчанні, а пакінуў усё іншаму спадчынніку, то законныя прадстаўнікі гэтых дзяцей усё роўна могуць на працягу шасці месяцаў з дня смерці спадчынадаўца заявіць права малых на іх частку спадчыны, — удакладніла юрыст. — Калі прайшло больш чым паўгода з моманту адкрыцця спадчыны, даказваць права непаўналетніх на спадчыну законным прадстаўнікам прыйдзецца праз суд.

У завяшчанні можна даць любыя распараджэнні, якія не пярэчаць нормам закона і маралі. А яшчэ — указаць не толькі спадчыннікаў, але і тых спадчыннікаў па законе (першай чаргі), хто будзе пазбаўлены спадчыны. Непажаданых асоб завяшчальнік можа проста не ўказваць у завяшчанні, або дакладна прапісаць, каму з нашчадкаў пакідаць ён нічога не збіраецца, падкрэсліла Надзея Шупенька:

— Пазбаўленне спадчыны, аднак, не датычыцца нашчадкаў таго чалавека, які нічога не атрымаў. Яны наследуюць спадчыну па праве прадстаўлення, калі толькі завяшчальнік не прапісаў у дакуменце адпаведных забарон на спадчыну і для іх. Нельга пазбавіць спадчыны і тых, хто мае права на абавязковую долю. Нават калі прапісаць у завяшчанні, што вы ім нічога не пакідаеце, сваю частку спадчыны яны атрымаюць.

Пішуць завяшчанні, як правіла, людзі, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту. Больш маладыя складаюць такія дакументы пры асаблівых умовах. Калі, напрыклад, работа звязаная з частымі палётамі або чалавека чакае складаная аперацыя, пасля якой ён можа стаць недзеяздольным.

Ірына СІДАРОК 

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.