Вы тут

Крылы матылька, або Як перажыць пераходны ўзрост і не страціць кантакт са сваім дзіцем


«Наш 14-гадовы сын з пухнатага коціка ператварыўся ў калючага вожыка. Пастаянна агрызаецца, кідае фразачкі накшталт «Адчапіся ад мяне, ты нічога не разумееш», — скардзяцца бацькі. Гэта нармальна, — сцвярджаюць псіхолагі. Як правіла, такія паводзіны звязаныя з сепарацыяй, спробай аддзяліцца ад сям'і, каб знайсці сябе ў гэтым жыцці. Натуральна, што ў падлетка (а сёння падлеткавы ўзрост расцягнуты ад 10 да 24 гадоў) з'яўляецца патрэбнасць больш часу бавіць са сваімі аднагодкамі, таму ў гэты перыяд прывязанасць да бацькоў змяншаецца. Калі мама і тата гатовыя да такога павароту падзей і разумеюць, што дзецям значна цяжэй, чым ім, то крызіс пубертату пройдзе не так балюча. Ніжэй вы знойдзеце канкрэтныя парады ад сямейнага псіхолага Таццяны ШАРАНДЫ. Пакуль здымала нашу гутарку з дыктафона, некалькі разоў на вочы наварочваліся слёзы, настолькі агучаныя ёю простыя ісціны глыбокія і важныя. Іх, як для мяне, варта прачытаць не толькі бацькам падлеткаў, але ўсім, хто мае альбо збіраецца мець дзяцей.


Пра эмацыянальныя арэлі ды розгу на кручку

Да пераходнага ўзросту трэба рыхтавацца загадзя. Але не дзецям, а іх бацькам. Бо выхаванне — гэта нялёгкая праца, у першую чаргу над сабой. Калі бацькі добра папрацавалі першыя дзесяць гадоў жыцця дзіцяці, то ім будзе значна лягчэй перажыць крызіс пераходнага ўзросту. Страшна, калі адчыняюцца дзверы і раз'юшаная мама штурхае ў кабінет псіхолага 14-гадовага сына са словамі: «Зрабіце з ім што-небудзь! Скажыце, колькі сеансаў трэба, каб яго выправіць». А што я магу зрабіць? 14 гадоў — не дзён, не месяцаў — яна «ляпіла» тое, што атрымала ў выніку... Колькі сеансаў? Ды ёй трэба не адзін год працаваць, каб вярнуцца хоць бы на крок назад.

Самы вялікі пратэст у мяне выклікае педагагічная неадукаванасць бацькоў. Сёння столькі даступных крыніц інфармацыі, здаецца, чытай, вывучай, унікай. Тады да падлеткавага ўзросту бацькі прыйдуць на дзесяць крокаў больш адукаванымі, чым любы псіхолаг. Я была ў шоку, калі даведалася, што ў ХХІ стагоддзі ў маладых бацькоў у прыхожай на кручку вісіць розга. Яны так выхоўваюць двухгадовае дзіця. А потым прыходзіць мама і скардзіцца: «Не закончыў дзявяты клас. Сабраў свае рэчы і паехаў, як высветлілася пазней, да таты ў Расію. Праз нейкі час патэлефанаваў адтуль і сказаў «я не вярнуся». Навошта да гэтага даводзіць? Б'еш дзіця (прычым псіхаэмацыянальны гвалт практычна нічым не адрозніваецца ад фізічнага) — чакай сур'ёзны адкат у падлеткавым узросце.

Псіхіка падлетка — эмацыянальныя арэлі, якія разгойдваюцца ад любога подыху. Уяўляеце, што адбываецца, калі побач з дзіцем знаходзіцца трывожная мама, якая ўвесь час паўтарае: «Не паступіш, пойдзеш у армію», «Не паступіш, будзеш дворнікам». Навошта вы гайдаеце гэтыя арэлі? Яму і так страшна. Адзін падлетак, якога мама прывяла да мяне на дыягностыку, прызнаўся: «Нават ад адной думкі, што мне трэба здаваць тэсціраванне, забываю ўсё, што вучыў». Не накручвайце сябе, бо тым самым вы транслюеце дзіцяці свой страх, трывогу.

Падлеткавы ўзрост — гэта крылы матылька. Возьмешся груба — ён не паляціць. Задача бацькоў — стварыць пляцоўку, з якой матылёк зможа ўзляцець. А што ж робіць мама? Заціскае і кажа — ляці. Ён загіне, гэты матылёк...

Уявіце, што да вас на пару гадзін прывёў сваё дзіця вельмі важны для вас чалавек. Як вы будзеце сябе паводзіць? Паспрабуйце так паводзіць сябе са сваім дзіцем. Паверце, вы будзеце ўражаныя, як усё пачне мяняцца.

Пра тэхнікі «сэндвіча» ды «я-паведамленне»

Раю ўсім бацькам асвоіць дзейсную тэхніку «я-паведамленне». Замест таго, каб абвінаваціць дзіця, сказаўшы «Ты пастаянна не выконваеш мае просьбы!», падзяліцеся сваімі адчуваннямі: «Калі даводзіцца доўга прасіць, я засмучаюся, бо складваецца ўражанне, што мы чужыя. Я была б рада разлічваць на тваю дапамогу». Замест «Не хамі мне больш!» скажыце: «Калі я чую грубасці ў свой адрас, у мяне наогул знікае жаданне кантактаваць і хочацца сысці. Слухай, калі б ты ведаў, як мне балюча і крыўдна...». Пры гэтым не трэба адразу чакаць зваротнай сувязі.

Часта падлеткі кідаюць крыўдныя фразы ў адрас сваіх бацькоў: «Ненавіджу цябе». Як рэагаваць? А ніяк. Калі дачка нахаміла, будзь мудрэйшай, развярніся і сыдзі. Калі дзяўчынка супакоіцца, яна прыйдзе да цябе, ты ў гэты момант павінна выкарыстаць тэхніку «я-паведамленне» і сказаць: «Маш, мне сёння было вельмі балюча». — «Мама, ты сама вінавата». — «Магчыма, Маша». Апусціцеся з п'едэстала. Дазвольце сабе і сваім дзецям памыляцца, гэта нармальна.

Цудоўная тэхніка «сэндвіча». Калі хочаце сказаць штосьці непрыемнае свайму падлетку, пачынайце з добрага і завяршайце таксама на пазітыўнай ноце. Гэтую тэхніку часта раяць настаўнікам. Напрыклад, праверыла Ганна Іванаўна кантрольную работу вучня і кажа: «Жэня, работа мне вельмі падабаецца. Толькі вось тут хацелася б, каб у цябе памянялася «о» на «а», а «ы» на «і». Дзіця на фоне пазітыву пачуе вашу карэктную крытыку. Але, каб не засталося адмоўнага прысмаку, закрыйце сваё паведамленне «плюсікам»: «Тым не менш, работа цудоўная, Жэня, я проста шчаслівая чытаць яе». Чаму тэхнікі «сэндвіча» і «я-паведамленне» не выкарыстоўваць у жыцці з мужам, жонкай, бацькамі, калегамі, сябрамі? Гэта ж фантастыка. Вы дасягаеце выніку, не робячы балюча сваім блізкім.

Каб выклікаць прыхільнасць сваіх кліентаў, я часта выкарыстоўваю правіла трох «Так». «Ой, на вуліцы дождж, вецер... Напэўна, вельмі непрыемна». — «Так», — пагаджаецца. — «Давайце парасон сюды паставім. Вам так зручна?» — «Так»... На трэцяе пытанне я таксама, хутчэй за ўсё, пачую станоўчы адказ. Усё, я ўжо «прыплюсавала» да сябе незнаёмага чалавека. Мама, што табе перашкаджае гэтак жа «прыплюсаваць» да сябе свайго сына? Раніцай бачыш, што ён не хоча ўставаць, чаму б не сказаць: «Хочаш яшчэ паспаць? Я цябе разумею. Мне таксама так не хочацца на работу». «Не хочаш ісці ў школу, бо не зрабіў англійскую? Страшна, двойку паставяць? Яшчэ б, я цябе разумею».

Не трэба змагацца. У вайне з падлеткам вы абое прайграеце. Для пераходнага ўзросту і так натуральным з'яўляецца працэс сепарацыі. А калі вы ваюеце, аддзяленне адбываецца яшчэ інтэнсіўней. І ён жа выштурхоўваецца кудысьці. Добра, калі кампанія, дзе яго зразумеюць, станоўчая. А калі не? Скажуць: «Ды ну, пашлі сваіх продкаў, хадзем вып'ем піўка». Ці, што яшчэ страшней, — прапануюць пакаштаваць наркотыкі.

Не ўсе паддаюцца ўплыву дрэннай кампаніі. Самае страшнае ў жыцці — убачыць вочы мамы, у якой у анкацэнтры ляжыць дзіця. Неяк адна такая, да гэтага вельмі амбіцыйная, мама мне сказала: «А мне цяпер усё адно, што «людзі скажуць», усё адно, як ён вучыцца. Мне сёння трэба, каб мой сын быў жывы».

Пра гарачы кубак ды халодную маму

Задача бацькоў — стварыць дома востраў бяспекі, дзе дзіця будуць паважаць, прымаць. Прыняцце — гэта, напэўна, самае галоўнае. Не чытайце натацыі, пазбягайце адкрытай крытыкі. Асноўная тэхніка зносін з падлеткам — праз пытанні. Падчас маналогу засвойваецца вельмі мала інфармацыі. Пры гэтым пытанні не павінны насіць характар: «Ну што, як сёння, Мар'я Іванаўна ўваліла за англійскую?» Прыбярыце яхіднасць. Забудзьцеся пра такія фразы, як «О, вядома, увесь у свайго татачку», або «Вунь, паглядзі, Светка вучыцца на адны дзясяткі, не тое, што ты». Не параўноўвайце, не прыніжайце, не абзывайце. Гэта вельмі раніць падлетка.

Я — дарослая, у мяне ёсць жыццёвы досвед. А хто такі падлетак? У яго ж унутры — «кактэйль Молатава» з гармонаў, які ў любы момант можа «выбухнуць». Калі мне нехта нахаміў, я магу паспачуваць гэтаму чалавеку. У падлетка ж ідзе сацыяльнае нараджэнне, ён толькі вучыцца выбудоўваць адносіны. «Хацеў уліцца ў кампанію, але мяне адштурхнулі». «Дзяўчынка падабаецца, не ведаю, як падысці»...

Часта бацькі несур'ёзна ставяцца да першага кахання сваіх дзяцей. «Знайшоў з-за чаго перажываць, у цябе яшчэ столькі раманаў будзе». За гэтай фразай стаіць абясцэньванне. Абясцэньванне — адна з самых цяжкіх псіхалагічных траўмаў. Прычым абясцэніць можна не толькі пры дапамозе слоў. Адзін з варыянтаў абясцэньвання — халодная мама, якая не дае эмацыянальнай зваротнай сувязі. 14-гадовы сын крычыць у трубку: «Я яе бачу, яна пайшла з Ягорам. Я больш не хачу жыць! Мама ж, замест таго каб раздзяліць з сынам яго гора, паказаць «мне гэтаксама балюча, што яна пайшла з іншым, як і табе», сказаць «ну, хочаш я пайду паб'ю гэтага Ягора», толькі робіць выгляд, што слухае, паралельна мыючы посуд, ён жа застаецца сам-насам са сваім горам. «Мама не разумее. Тату я сказаць не магу, бо пачую заўсёднае «Ты што, не мужык?» Так бацькі самі, уласнымі рукамі, адразаюць па кавалачку сувязь з дзіцем. Ён прыйшоў да Валеркі. «Э, зараз мы вып'ем і паб'ём яго». — «О, Валерка адгукнуўся, я для яго не пустое месца». Быў у маёй практыцы выпадак, калі падлетак трапіў у секту. Тата і мама яго не чулі, а там пачулі...

Падлетак павінен ведаць, што курыць шкодна для здароўя, што інфекцыі разносяцца палавым шляхам... І лепш, калі ён пра тое даведаецца ад мамы і таты. Думкі, якія бацькі кідаюць у сямейным коле, напрыклад, за абедам — бясцэнныя ў гэтым плане. Ведаю тату, які разам са сваімі дочкамі рэгулярна глядзіць падлеткавыя фільмы. «Фу, як непрыгожа, калі ў дзяўчыны цыгарэта ў зубах. Дурніца, не разумее, што можа зарабіць сабе рак лёгкіх», — каментуе ён чарговы эпізод услых. Проста ненавязліва выказаў сваё стаўленне да курэння, але я перакананая, што дзяўчынкі пасля гэтай фразы наўрад ці захочуць узяць у рукі цыгарэты.

Мамы часта кажуць сваім маленькім гарэзам: «Не чапай гарачы кубак, апячэшся». Я заўсёды раю: дайце яму дакрануцца, ён жа не памрэ ад гэтага.... Але напярэдадні абавязкова папярэдзьце: «Кубак гарачы, ты апячэшся, будзе балюча». Пасля таго як малы адхапіў руку, трэба, супакойваю-
чы яго, падмацаваць свае словы: «Вось бачыш, як балюча, гарачы кубак лепш не чапаць». Так паступова фарміруецца давер да маміных слоў. Да падлеткавага ўзросту ў яго ўжо на падкоркавай зоне будзе выпрацавана звычка — бацькі вельмі часта маюць рацыю. І ў складанай сітуацыі, калі патрэбна будзе парада ці дапамога, сын ці дачка прыйдуць да мамы і таты, а не да выпадковых знаёмых.

Пра нерэалізаваныя амбіцыі ды асобны пакой

Падлетак вярнуўся дамоў са школы, а мама звыкла, нават не гледзячы ў яго бок, кінула з парога: «Саша, вынесі смецце». І чуе ў адказ грубае «Сама вынесі». Вось так на пустым месцы разгараецца канфлікт. Ты ж не ведаеш, што там адбылося, можа, чарговы Іваноў прынізіў яго перад усім класам, — вядома, у яго будзе вельмі хваравітая рэакцыя на вынас смецця. Давайце будзем больш уважлівымі і гібкімі ў адносінах.

Два-тры працэнты такога захворвання, як шызафрэнія, прыходзіцца на падлеткавы ўзрост. Гэта вельмі шмат. Я магу зразумець, калі ёсць спадчынны фактар, а калі тата і мама здаровыя... Вы ніколі не задумваліся, што з'яўляецца прычынай? Нядаўна даведалася, што, аказваецца, у дзяцей з сіндромам Даўна рызыка анказахворванняў роўная нулю — гэта сонечныя дзеткі, яны да ўсяго ставяцца лёгка, з усмешкай. Часам, калі мама «заядае» сына ці дачку, хочацца прапанаваць: схадзіце паглядзіце, колькі нашых падлеткаў лечыцца ў анкацэнтры... Ведаю бацькоў, якія дазналіся, што ў дзіцяці была спроба суіцыду, толькі тады, калі праходзілі планавую медкамісію і ўбачылі шрамы на нагах і руках. Не падводзьце сваіх дзетак да непапраўнай рысы, вы ж не для таго падарылі ім жыццё...

Я спакойная, калі мама тэлефануе з канкрэтным запытам: «Можна я прывяду сына на дыягностыку? А потым вы мне дасцё канкрэтныя рэкамендацыі, што я ў сабе павінна памяняць». Такая мама — на вагу золата. У полі такой мамы сацыяльнае нараджэнне будзе не такім балючым. Яна будзе не толькі абязбольвальным сродкам, але і дасць свайму дзіцяці расці праз боль.

Бацькі ніяк не могуць зразумець, што іх дзеці становяцца дарослымі. І нават калі выдзелілі ім асобны пакой, усё адно заходзяць туды, як да сябе. Памятаю, калі стукала ў дзверы да свайго дзесяцігадовага сына: «Міша, можна?» — у мяне было столькі гордасці ўнутры. Я не крыўдзілася, калі ён некалькі раз сказаў: «Мам, я заняты, давай пазней». Бо разумела, што тым самым мой сын вучыўся выбудоўваць свае межы і, адпаведна, паважаць чужыя. Я яму ў гэтым дапамагала. Неяк адна мама сказала сабе ў апраўданне: «Я ж у сваёй кватэры. А раптам ён зачыніўся і колецца?» Дык ён і будзе калоцца. Падлетку патрэбныя давер і павага, таму пакіньце вашы пагрозы і крыкі за дзвярыма. І ў наступны раз не забудзьцеся пастукацца.

Але як дастукацца да мамы?.. Яна кажа: «Я цягну ўсё на сабе, працую на дзвюх работах». Часам мне хочацца сказаць: «Слухай, кінь ты другую работу». Няхай вы не з'ясце лішні раз гэтыя чыпсы ды паглядзіце парнафільм. Яна не адна будзе яго глядзець. І ты, мама, ёй раскажаш: «Слухай, тут утрыравана брудна паказана, у жыцці па-іншаму». А замест таго мама прыходзіць дадому стомленая і пачынае «гаўкаць». Самае страшнае, што дзіця можа замкнуцца, аддаліцца і перастаць давяраць.

Мама павінна быць цёплай. Каб дзеці ведалі, што ёсць чалавек, які ў любой сітуацыі будзе на тваім баку, які не пачне з парога сыпаць прэтэнзіямі. Мамы, паслухайце яшчэ раз песню Міхаіла Баярскага «Зеленоглазое такси». Там гаворка ідзе не пра палюбоўніцу, як многія думаюць, а пра маму. Паверце, у дзяцей абавязкова будзе месца для бацькоў, калі бацькі класныя і ўсё разумеюць.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.