Вы тут

Раіса Дзейкун «Цыганы»


— Дарынка, чула, заўтра да нас з Васілевіч прыедуць цыганы гандляваць адзежай усякай, я чуў, як бацька маці казаў, каб яна прыгатавала грошы і яды болей наварыла.


Фота: pixabay.com

— А яды навошта болей? — пытае Дарынка брата.

— Ты што, не разумееш? Дык накарміць жа іх трэба, тады дзешавей прададуць штось, — тлумачыць сястры брат.

Дарынка з братам, па звычцы, калі ў хату заходзяць чужыя людзі, заскокваюць на печ. На печы цёпла, высака, усё відаць, што робіцца ўнізе. Каб не так моташна было чакаць тых цыганоў, дзеці пачынаюць валтузіцца, дурэць. Маці завіхаецца каля яе і раз-пораз пакрыквае на малую «чэмер», каб не разнеслі печ.

Нарэшце са станцыі даносіцца свісток паравоза — гэта з Гомеля прыбывае ранішні цягнік. Вось ён пачахкаў на Хвойнічак. Недзе праз хвілін дзесяць бразгае клямка весніц, пачынае гаўкаць Шарык. Прыехалі, значыцца. І сапраўды, пад вокнамі мільгаюць галовы ў квяцістых хустках. У хату з шумам і гамам заходзяць тры цыганкі. Яны таўшчэзныя, як тыя копы сена, непавароткія. Але на вачах дзяцей чарнявыя госці хутка становяцца тонкімі. Аказваецца, пад верхняй непрыкметнай адзежай на іх надзета па некалькі кофтаў, навязана па некалькі вялікіх хустак. Усё гэтае багацце яны раскладваюць на маленькую канапу, развешваюць на спінкі крэслаў. З палатняных торбаў дастаюць некалькі пар румынак. Дарынка аж ледзь з печы не звальваецца, так хоча разглядзець усё бліжэй. Асабліва яе вабяць тыя румынкі — карычневыя боцікі са шнуркамі на высокіх абцасах.

Пакуль маладзіцы распранаюцца, Дарынчына маці накрывае на стол і запрашае гасцей «перакусіць з дарогі». Тыя доўга не цырымоняцца, не памыўшы нават рук, сядаюць за стол. Маці налівае ім і па чарцы самагонкі, сама ледзь прыгубляе за кампанію і бярэцца разглядаць тавар.

З кучы хустак-цыганак яна адразу выхоплівае вялікую чорную з кутасамі. Хустка надзіва прыгожая — уся ў ружах. Маці накідвае яе на плечы, потым ідзе да вялікага люстэрка, якое вісіць над сталом. Паварочваецца перад ім і так, і сяк. Дарынка не вытрымлівае:

— Мама, мама, етая, етая самая прыгожая! Бяры етую хустку, а калі я падрасту, дык ты мне яе падорыш!

Цыганкі смяюцца:

— Цікавая ў цябе малая, хазяйка, гэтая сапраўды самая паглядная. Бяры — уступім.

Маці выбірае-купляе тую прыгожую хустку і румынкі. Хоча яшчэ і вігоневую кофту з кішэнямі, але грошай не хапае. Акрамя грошай, яна насыпае цыганкам торбу бульбы. У яе ж сыпле-кідае трохі цыбулі, кладзе на стол добры кус сала з кубла.

— Роза, — звяртаецца яна да старэйшай, — ты ж не забыла, што я цябе прасіла яшчэ той раз?

— Не забыла, дарагая, не забыла, залатая. Белую «цыганку» тваёй старэйшай дачцэ. А зялёную не хочаш, сваёй малой дачцэ? А чырвоную? Паглядзі, якія, аж гараць!

Маці ад тых чырвоных і зялёных хустак-цыганак адмахваецца — тут хоць бы за тое, што адабрала, хапіла грошай, дык і Анюта ж хоча белую з ружамі, з кутасамі. Такую, каб ні ў кога болей не было. Цыганкі абяцаюць прывезці.

А Дарынка таксама хоча хустку-цыганку — зялёную! У яе ж вочы зялёныя, дык і хустка ёй патрэбна зялёная. Вядома, цяпер хустка больш патрэбная старэйшай сястры, бо яна ўжо на выданні і ёй збіраецца пасаг у замужжа, а Дарынцы, малой падшыванцы, трэба думаць не пра замужжа, а пра школу. Так што яна пачакае, падрасце, і тады і ў яе будзе хустка-цыганка — зялёная.

Раіса ДЗЕЙКУН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.