Вы тут

Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне


Яшчэ гадоў 10-15 назад салодкія садовыя буякі можна было лічыць далікатэсам. Паколькі яны толькі ўваходзілі ў шырокі гандаль, іх кошт, адпаведна, быў даволі высокі. Куплялі ў асноўным невялікімі партыямі. Сёння прапаноў хапае. А справа ў тым, што ягады сталі выгаднай культурай як для прыватных гаспадарак, так і сельскагаспадарчых кааператываў. На адной з самых вялікіх плантацый Гродзенскай вобласці, СВК «Прагрэс-Верцялішкі», пабывала і карэспандэнт «Звязды».


З начальнікам вытворчага ўчастка СВК «Прагрэс-Верцялішкі» Сяргеем Сакутам мы дамовіліся сустрэцца ў другой палове дня. Шукаць плантацыю не прыйшлося — яна раскінулася ўздоўж даволі ажыўленай трасы. А вось дабірацца да суразмоўніка прыйшлося амаль праз усё поле. Добра, што выпадкова наткнулася на юнака, які аказаўся яго сынам і прывёў мяне да бацькі на пагрузачны пункт. Дарэчы, хлопец і сам дапамагае на пагрузцы ягад.

Трэба сказаць, надвор'е ў той дзень выдалася надзвычай гарачае. Але для буякоў гэта — спрыяльны фактар. Вось толькі сёлета такіх дзён недастаткова для добрага ўраджаю, заўважае Сяргей Сакута. Ды і замаразкі начныя трымаліся амаль да 10 мая. У параўнанні з мінулым сезонам, збор ягад пачалі на два тыдні пазней. Сапраўды, на плантацыі яшчэ значная частка зялёных. Збор вядзецца ў некалькі этапаў. Напрыклад, цяпер ідзе другая хваля, праз тыдзень-другі пачнецца канчатковы збор.

— Сёлета ўраджай не такі, як іншыя гады, у тым ліку і леташні, — адзначае начальнік участка. — Гэта звязана як з надвор'ем, так і з амалоджваннем плантацыі. Восенню мы абрэзалі старыя галіны, адпаведна, і ягад на кусце менш. Але гэта працуе на перспектыву, бо кустам трэба даць адпачыць. У наступным сезоне «запрацуюць» і маладыя галіны.

«Прагрэсаўскай» плантацыі — 15 гадоў. І гэта яшчэ даволі малады ўзрост, бо кусты могуць пладаносіць і да 100 гадоў. Ураджайнасць — кілаграм з куста. Пры добрым раскладзе можна атрымаць тры кілаграмы. Сёлета сітуацыя іншая — разлічваюць на больш сціплы ўраджай — 1,5-2 кілаграмы. Тым не менш, культура для гаспадаркі выгадная. Частка ягад ідзе на экспарт у Расійскую Федэрацыю. Забяспечваюцца і ўсе 10 фірменных крамаў прадпрыемства, у тым ліку павільёны на рынках.

— Ягады прадаём свежыя, не марозім. Яны добра захоўваюцца пры тэмпературы чатыры градусы ад 7 да 14 дзён. А некаторыя сарты і да месяца ляжаць. Рэалізацыя ідзе нядрэнна, сярэдняя цана — 12-13 рублёў за кілаграм. Яна на ўзроўні мінулага сезона. Увогуле такая цана трымаецца некалькі гадоў, — заўважае суразмоўнік.

Магчыма, гэта звязана з тым, што колькасць прапаноў з кожным годам павялічваецца. Буякамі цяпер займаюцца як фермеры, так і сельгаскааператывы. Многія культывуюць кустарнікі на сваіх прысядзібных і дачных участках. Наватарам у дадзенай справе стала Брэсцкая вобласць, дзе больш за ўсё такіх плантацый. Менавіта адтуль, з Івацэвіцкага раёна, прывезла гродзенская гаспадарка і свае першыя саджанцы. Пачыналі з трох гектараў. Паступова давялі плошчы да 12. Налета мяркуюць павялічыць яшчэ на 5 гектараў. Гэта будуць ужо ўласныя саджанцы, якія, дарэчы можна набыць і на самой плантацыі за пяць-сем рублёў. Сорт — блюкроп.

— Попыт на саджанцы расце, і вельмі істотна, — кажа начальнік участка. — Цяпер амаль на кожным падворку хоць пара кусцікаў, але ёсць. У многіх і да тысячы даходзіць, па 100, 500 саджанцаў бяруць. Тут паўсюдна лёгкія землі, галоўнае — правільна стварыць яму для пасадкі, унесці кіслы торф, патрэбныя пілавінне, кара. Паколькі тут пяскі, у нас наладжаны кропельны паліў.

На зборы ягад працуе штодзень 50—70 чалавек. У асноўным — свае, тутэйшыя. Але на работу ахвотна бяруць і гараджан. У брыгадзе нямала студэнтаў. У сацыяльнай сетцы створана група, дзе можна даведацца аб прапанове і заявіць аб сваім жаданні папрацаваць. Для падвозу на палеткі гаспадарка выдзяляе аўтобус.

Пры добрым ураджаі можна зарабіць да 100 рублёў у дзень. Для гэтага трэба сабраць 120 кілаграмаў ягад. У асноўным збіраюць 60—80.

Работа ручная, хоць ёсць і спецыяльныя камбайны. Праўда, іх кошт дасягае паўмільёна долараў і разлічана такая тэхніка на вялікія плошчы — 200-300 гектараў. Таму гаспадарцы набываць такі камбайн асаблівай нагоды няма.

Сваім вопытам падзялілася маладая зборшчыца Вікторыя. Заўважаю, што яна моцна загарэла. Прытым, што працуе толькі другі дзень. Гэта і зразумела — амаль сем гадзін на адкрытым сонцы. Аказалася, што Вікторыя прывычная да такой работы. Другі сезон яна бярэ водпуск, каб мець дадатковы заробак.

— Тут можна зарабіць, — кажа яна. — Усё ў тваіх руках — колькі збярэш, так і атрымаеш. За сезон можна і тысячу рублёў зарабіць. Я пакуль сабрала 80 кілаграмаў, летась і па 116-120 кілаграмаў збірала ў дзень. Есці ягады ніхто не забараняе, але падчас работы больш думаеш аб тым, каб больш сабраць.

На плантацыі працуе нямала студэнтаў. У іх ліку будучы медык Рыхард. Прыехаў на канікулы да бабулі і вырашыў крыху падзарабіць да стыпендыі. Кажа, што двухлітровае вядзерца набіраецца даволі хутка, падчас гутаркі студэнт якраз напоўніў 10-літровае вядро. Ён звяртае ўвагу на спрыяльны фон для работы — гоман птушак, лес і спакойную атмасферу. Кажа, што ніхто не крычыць, наадварот, многія жартуюць, а кіраўнікі вытворчага працэсу добра ставяцца да зборшчыкаў. Рыхард мяркуе і далей працаваць на зборы ягад.

Знаёмлюся з іншымі прадстаўнікамі студэнцкага дэсанта. Арцемій вучыцца ў БНТУ, а родам з суседняга аграгарадка Абухава. Аб магчымасці падзарабіць расказалі знаёмыя. Тэмпы работы ў хлопца высокія. Кажа, што за дзень мяркуе набраць да ста кілаграмаў. Мэта — набыць новы ноўтбук. Тут яму дапамагаюць сястра Марыя — студэнтка Гродзенскага медуніверсітэта, бабуля, Марыя Афанасеўна. На плантацыю сямейная брыгада прыехала сваім транспартам.

— Я дзеля ўнукаў прыехала, яны малайцы, не лянуюцца, добра працуюць, многа збіраюць. Баюся толькі, каб унучка не абгарэла на сонцы, — непакоіцца бабуля.

І сапраўды, сонца даволі пякучае. «Такое надвор'е не кожны дзень, — зноў уступае ў гутарку Вікторыя. — З іншага боку, для буякоў патрэбнае менавіта сонца, інакш яны не будуць спець».

У мінулым сезоне з плантацыі сабралі каля 70 тон, але сёлета будзе крыху менш з-за амалоджвання кустоў, адзначае начальнік участка. Тым не менш, у гаспадарцы набылі пэўны вопыт у вырошчванні і ўпэўніліся, што гэтыя ягады — перспектыўная культура, таму і вырашылі значна павялічыць плошчы. У гаспадарцы таксама разглядаюць магчымасць культывацыі ягад гаджы. Іх развядзеннем займаецца суседняе сельгаспрадпрыемства. Праўда, перавага застаецца за праверанымі часам буякамі, якія прыйшліся даспадобы беларускім спажыўцам.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.