Вы тут

Любімую не аддаюць!


Самае галоўнае — звычайна самае незаўважнае. Світанак над Прыпяццю, васілёк у каласах, сонца над крыжамі сталічнай Нямігі, зубцамі Камянецкай вежы і Лідскага замка, павольныя хмары над ляснымі абшарамі Белавежжа, птушыны шчэбет у ваколіцы... Сцяг роднай краіны над дахамі цагляных веліканаў... А як мы ставімся да самаадданай апекі і ласкі бацькоў? Альбо да гоману дзятвы пад зялёнымі шатамі паркаў ці на яркіх дзіцячых пляцоўках? Самае галоўнае — заўжды яшчэ і сціплае, чакае, калі звернем на яго ўвагу.


Фота: БелТА

Нядаўна пачуў павучальную гісторыю. Нейкі небарака прадаў хату бабулі дзеля таго, каб купіць тур да заморскага берага. Уражанні засталіся, а хаты — сваёй, цёплай, роднай — няма. Ці не нагадвае тое гульбішча двухгадовай даўнасці? Ці не пазнаюць сябе ў гэтым фігуранце здзелкі з сумленнем некаторыя прадстаўнікі нашага грамадства? Якіх ужо можна назваць былымі беларусамі.

Час вылечвае. Нават ад самага мяцежнага віруса. А цяпер давайце разам паразважаем: чаму тое было? Чаму дзявятага жніўня 2020-га, звычайны летні дзень, намагаліся ператварыць у жудасную бездань для нашай краіны і беларусаў? Пляцоўка для мяцяжу была закладзена даўно. Як у будаўніцтве — патрэбна была «падушка». Вось у аснове «пэрамэн» — духоўна-ідэалагічны вакуум, які ўтварыўся пасля развалу ўсяго савецкага. Гэта быў не толькі палітычны лад і надзейна знітаваныя эканамічныя зносіны адной шостай часткі свету. Гэта была свая рэлігія. Яе пазбавілі людзей. Адабралі. Тым самым зняважылі пакаленні сапраўдных герояў. Тых пакаленняў, якія перамагалі і аднаўлялі, будавалі і адкрывалі...

Беларусам, вядома, пашанцавала. На Лукашэнку. Які стаў самым маладым бацькам для цэлага народа. Пустыя паліцы крам, выбітыя шыбы заводаў і забойствы крымінальных аўтарытэтаў каля будынка МУС забылі хутка. Мы будавалі сваю Беларусь. Замест карцінкі галодных шахцёраў з каскамі каля Дома ўрада ў нашу рэчаіснасць увайшлі карцінкі выпускнікоў школ, шпацыруючых па ўжо дагледжаным праспекце Незалежнасці. Маладая краіна на маршы.

Не, былі маршы і на пагост, і чарнобыльскія маршы. Але яны нагадвалі хмары ў светлы летні дзень. Развейваліся. Яшчэ у 1996-м нашы ўлады далі зразумець усім спонсарам вестэрнізацыі (гэта адгалінаванне глабалізацыі): свайго не аддадзім, абарыгенамі ва Усходнім партнёрстве не будзем. Беларусам, вядома ж, пашанцавала. На Лукашэнку. Іншым краінам — не.

Спрабаваць на свой тады яшчэ моцны зуб самы сквапны капіталіст і няўрымслівы каланізатар — дзядзька Сэм — Беларусь пачаў разам з Украінай. Але народны Прэзідэнт адразу агучыў суверэнныя прыярытэты. Хабарніцтву, прыхватызацыі, асабліва зямлі, і дамінаванню замежнага капіталу — бой. Людзі падтрымалі. Але за самастойную палітыку, за смелую падтрымку народа Югаславіі пад бомбамі натаўскай дэмакратыі, за глыбінныя выступленні з трыбуны ААН супраць гегемона Лукашэнку аб'явілі апошнім дыктарам Еўропы.

Дарэчы, нам гэта час ад часу нагадвалі. Але толькі ў электаральныя кампаніі. Не, не таму, што грошай ў сорасаўскіх паплечнікаў не хапала. Яны ж іх друкуюць! А таму што пры ўсім гэтым багатым фінансаванні не маглі назбіраць шмат «свядомых». Апазіцыя ў палітычнай прасторы гуляла, дакладней, мухлявала дзвюма картамі. Вельмі старымі і аблезлымі. Імі заўжды яны — калабаранты — гулялі. Першая — моўная, нацыяналістычная. Яна прыводзіць да абстрэлаў дзіцячых садкоў і нават жывых людзей падчас пахавання забітых. Што цяпер робіцца ў Данбасе. Усё пачыналася з моўнага пытання. Другая карта: Расія — вораг. Гэта самая любімая мантра заходніх інвестараў рэвалюцый. Менавіта на глебе нянавісці заўжды спрабавалі знішчыць непераможную цывілізацыю і Напалеон, і Гітлер. Цяпер тое ж самае.

Трэба было вырашаць пытанне з «беларускім балконам». Параднымі дзвярыма «нах остэн». Да Украіны ключык падабралі. Да Беларусі — ніяк. Вырашылі ўламіцца без запрашэння. Дарэчы, менавіта пандэмія таксама паспрыяла таму, што грамадства «захварэла» на перамены. Ужо потым беларусы зразумеюць, што шлях па сцэнарыі Лукашэнкі насамрэч аказаўся самым правільным і найменш балючым. Потым беларусы зразумеюць, што менавіта імпартазамяшчэнне і развіццё сваіх кампетэнцый, камбайны па тэлевізары, сур'ёзныя нарады ў Палацы Незалежнасці — не карцінка прапаганды, а рэальнасць, што зберагла нас і нашу краіну. Потым беларусы зразумеюць, што эканамічная інтэграцыя з Расіяй, фарміраванне адзіных рынкаў і наогул зносіны паміж Мінскам і Масквой — гэта сапраўднае сяброўства. А Еўропа можа толькі так — заляцацца. І ў той жа час майстраваць пастку.

Ужо потым беларусы зразумеюць, што кветкі, белае адзенне і іранічныя лозунгі ды плакаты — брудныя метады маніпулявання грамадствам. А сапраўдныя прыгажуны — гэта беларускія хлопцы, якія не здрадзілі прысязе. Ужо потым беларусы зразумеюць і пра махлярства міжнародных фондаў ды арганізацый. Ужо потым беларусы ўбачаць, што такое сапраўдная жорсткасць. Бязмежная — у польскім прыграніччы да мігрантаў, і звярыная — неверагодных украінцаў-нацыяналістаў да свайго народа. Але гэта будзе потым. І будзе развеяна мана беларускай інфабучы.

А два гады таму былі самыя цяжкія выпрабаванні за ўсю гісторыю суверэннай краіны. Тэлеграм-атакі з Польшчы, Украіны і Літвы пад кіраўніцтвам амерыканскіх інструктараў. Натаўскія танкі каля граніцы і польскія сцягі ў Гродне. Агонія мяцяжу на начных вуліцах Мінска, Пінска, Брэста і Жлобіна.... Бачыце, як атрымліваецца: днём звычайныя беларусы ішлі на работу, а ўвечары «неверагодныя» — на вайну супраць сваёй жа будучыні.

Адстаялі. Дзякуючы каму, цяпер ведае кожны. Нават ворагі. Але калі б не было гэтага чалавека? Не было адданых Беларусі людзей у пагонах, за мікрафонамі, са сцягамі ў руках... Што было б тады ў скверы каля Купалаўскага? Падчас гітлераўскай акупацыі там вешалі смелых патрыётаў, каб напалохаць усіх астатніх. Напалохаць імкнуліся і ў 2020-м. Напалохаць і падмануць. І што казаць — некаторыя маўчалі і думалі, што так і трэба. Якая барацьба? Калі за жаданне атрымаць рукапацісканне ў тусоўцы сталічнага бамонду, за прагу да лайкаў людзі фатаграфаваліся з сімваламі, пад якімі знішчалі беларускі народ. А як бы паступілі тыя, хто горда называў сябе «неверагоднымі» і «элітай»? Хто, што вельмі сімвалічна, хацеў, пачаўшы ад падмосткаў Купалаўскага, ператварыць усю краіну ў «раскіданае гняздо».

Не, дзявятае жніўня не стала дваццаць другім чэрвеня. А Беларусь не стала Украінай. Таму ў адным з сімвалаў нашай Незалежнасці гучаць не мантры ад замежных сцэнарыстаў, а гучыць сваё пранікнёнае: «Любімую не аддаюць!».

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.