Вы тут

«Беларусы не павінны нічога адчуць». Як эканоміка пераадольвае санкцыі


У аўторак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка фактычна сам правёў пасяджэнне Савета Міністраў, якое было прысвечана функцыянаванню эканомікі ва ўмовах санкцый і мерам па іх пераадоленні. Больш за тры гадзіны спецыялісты з розных бакоў разглядалі аспекты эканамічнай устойлівасці: імпартазамяшчэнне, нарошчванне экспарту, дзейнасць на знешніх рынках, выкананне сацыяльных абавязкаў перад насельніцтвам. Мы пацікавіліся ў спецыялістаў, якія прысутнічалі на Саўміне, як будуць вырашацца актуальныя эканамічныя праблемы.


Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў расказаў, як ідзе кантроль за цэнаўтварэннем на ўнутраным рынку. «У нас ёсць спецыяльная пастанова, якая рэгулюе спажывецкія тавары на ўнутраным рынку, іх цэнаўтварэнне. І там ёсць два механізмы: больш жорсткі і менш жорсткі, дзе мы на сацыяльна значныя групы тавараў устанаўліваем вельмі жорсткае цэнаўтварэнне і павышаць яго можна на гэтыя групы тавараў толькі на 1,2 працэнта ў месяц. Па больш шырокай групе тавараў мы вызначылі для вытворцаў максімальна дапушчальны ўзровень рэнтабельнасці, а для пастаўшчыкоў, імпарцёраў і гандлю ў тым ліку максімальныя гандлёвыя аптовыя надбаўкі. І такім чынам тавары рэгулююцца. Гэта вельмі шырокі пералік тавараў. Сёння больш за 50 % тавараў у нашай краіне рэгулюецца і не дапускаецца лавінападобнага росту цэн», — расказаў Аляксей Багданаў. Міністр падкрэсліў, што інфляцыя — гэта негатыўны фактар, які ўплывае на ўсё ў нашай краіне. Але большая частка гэтай інфляцыі — праблемы знешняга свету, таму што ў краіну па-ранейшаму працягваюць завозіць па імпарце сыравіну і тавары. «Прынята праграма сумесных дзеянняў урада і Камітэта дзяржкантролю па стабілізацыі цэн, і там закладзены механізмы па дадатковым кантролі менавіта імпартных цэн, удасканалення сістэмы вытворчасці айчынных тавараў з пункту гледжання распрацоўкі мер па зніжэнні сабекошту і шэраг іншых пазіцый», — дапоўніў Аляксей Багданаў.

Пры гэтым міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю звярнуў увагу, што аб'ём рэалізацыі айчыннай прадукцыі ў гандлі складае 77 працэнтаў. Прычым большая частка ўласнай вытворчасці — 80—90 працэнтаў — харчовыя тавары. Па нехарчовых таварах крыху меншы працэнт, паколькі мы даволі шмат імпартуем складанай бытавой тэхнікі.

«Прэзідэнтам пастаўлена задача забяспечыць насельніцтва ў шырокім асартыменце прадукцыяй як айчыннай, так і імпартнай вытворчасці. Беларусы не павінны нічога адчуць. Такая задача стаіць, мы яе выконваем і трымаем на пастаянным кантролі, ствараючы ўмовы для імпартазамяшчэння, увозу імпартных тавараў, у тым ліку абнуленне мытных пошлін на тавары крытычнага імпарту. Таму гэта пытанне не менш важнае, як і нарошчванне экспарту», — падкрэсліў Аляксей Багданаў.

Відаць станоўчая дынаміка

Міністр прамысловасці Пётр Пархомчык расказаў, што яго галіна практычна выканала ўсе даведзеныя паказчыкі па выніках работы за 6 месяцаў. «І ўжо дакладна відаць, што станоўчая дынаміка росту аб'ёмаў вытворчасці, росту экспарту захоўваецца і па выніках 7 месяцаў. З упэўненасцю можна сказаць, што мы захаваем гэтыя тэмпы на ўзроўні дзевяці месяцаў», — сказаў міністр. Па яго словах, складанасці, вядома, ёсць, але гэта ўсё вырашальна. У пытаннях імпартазамяшчэння наладжваецца супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Так, па словах Пятра Пархомчыка, да канца года 9,7 тысячы машынакамплектаў паступіць з Кітая на «БЕЛДЖЫ». «Гэта міжнародная кампанія, у яе вялікія актывы знаходзяцца ў Еўропе, Амерыцы. Як ні дзіўна, але ў гэтым аўтамабілі вельмі шмат камплектуючых, якія пастаўляюцца з еўрапейскіх краін. Гэта значыць, міжнародная кааперацыя ў вытворчасці аўтамабіляў Geely мае месца. Таму, зразумела, ёсць пэўны націск еўрапейскіх краін, Амерыкі для таго, каб гэтыя камплектуючыя не пастаўляліся ў Расійскую Федэрацыю, Рэспубліку Беларусь. Вельмі шчыльна ішлі перагаворы, нават даводзілася падключаць Прэзідэнта для вырашэння гэтага пытання», — расказаў Пётр Пархомчык. Аднак, па яго словах, прадпрыемства не паспее выйсці на лічбы мінулага года. «Мы занадта шмат патрацілі часу для таго, каб знайсці спосабы і метады, якім чынам гэтыя машынакамплекты будуць пастаўлены ў Рэспубліку Беларусь. Але, пачынаючы з верасня, па 2500—2600 аўтамабіляў будзем вырабляць на «БЕЛДЖЫ», — запэўніў ён.

Генеральны дырэктар ААТ «Нафтан» Андрэй Сойка расказаў, што, нягледзячы на праблемы, звязаныя са знешнепалітычнымі праблемамі, прадпрыемства развіваецца. Яго прадукцыю адпраўляюць па ўсім свеце: гэта і Афрыка, і Азія, усе рэгіёны далёкай дугі. «Украінскі рынак для нас быў вельмі важны, асноўныя аб'ёмы прадукцыі сыходзілі туды. Сітуацыя прывяла да таго, што з сакавіка мы змушаныя былі зніжаць аб'ёмы рэалізацыі прадукцыі на экспарт. За другі квартал нам прыйшлося прыкласці намаганні, каб выбудаваць новыя лагістычныя ланцужкі паставак. З ліпеня мы атрымалі станоўчы вынік. Галоўнае, што пачалі зніжаць рэшткі гатовай прадукцыі, вяртаць назапашаныя замарожаныя абаротныя сродкі назад у абарот прадпрыемства. У першае паўгоддзе мы спрацавалі стратна, а зараз выходзім на прыбытковую работу. З улікам прыбытковай работы і зніжэння астаткаў у нас з'явяцца перадумовы ў чацвёртым квартале пачынаць павелічэнне аб'ёмаў перапрацоўкі нафты, як гэта было даручана Прэзідэнтам», — расказаў Андрэй Сойка.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.