З пачатку ўборачнай у Віцебскім раёне 36-гадоваму камбайнеру УП «Рудакова» Валянціну Яшчанку спатрэбілася ўсяго шэсць дзён, каб узяць першую тысячную мяжу. Не прайшло нават тыдня з першага хлебнага рэкорду ў гэтым сезоне, а ўжо сёння перадавіка віншавалі з дзвюма тысячамі тон. Валянцін Юр'евіч першым у вобласці паказаў такі высокі вынік у сваёй катэгорыі.
За 12 хвілін ён па-майстэрску напаўняе 10-тонны бункер «Нью Холанда» — хіба дзіўна, што з такім узроўнем прадукцыйнасці працы камбайнер Яшчанка лідзіруе на Віцебшчыне? Канешне, усё залежыць ад ураджайнасці і культуры, якую ўбіраюць: напрыклад, некалькі дзён таму была пшаніца, яна сёлета надзвычай урадзіла на рудакоўскіх палях, а зараз механізатар ездзіць па жытнёвых залацістых хвалях, не зніжаючы высоканабранага тэмпу. Гэта ўжо 12-ы сезон ва ўборачным летапісе мужчыны, а ў «Рудакова» — шосты. Штогод ён станавіўся пераможцам раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, а ў гэтым годзе ўзяў новую вышыню — ужо абласнога маштабу. «Не буду хаваць — вельмі прыемна. Я задаволены сваімі магчымасцямі, пачэсна быць прыкладам для іншых працаўнікоў. Планую перайсці трохтысячную, а можа, і чатырохтысячную мяжу», — усміхаецца Валянцін Юр'евіч.
Сам аграрый з Шаркаўшчыны, у 2016 годзе пераехаў у Віцебскі раён, які стаў для яго не толькі другім домам, але і месцам прафесійнага ўзлёту. Спачатку гаспадарка выдзеліла сям'і дом у Ноўцы, а пасля Валянцін з жонкай і трыма дзеткамі пераехалі ў Тулава. Так, хлебароб — шматдзетны бацька, выхоўвае двух сыноў і дачушку. На ўсё хапае часу: і на асабістую гаспадарку, і на дамашнюю ўтульнасць, і на працоўныя дасягненні. Ён адзіны з сям'і, хто знайшоў шчасце і прызванне ў сельскай гаспадарцы. Калісьці яшчэ дома пачынаў пісаць хлебаробчую біяграфію разам братам-блізнюком, але потым іх прафесійныя інтарэсы разышліся. Яшчэ адзін брат Валянціна працуе ўрачом у Казахстане. Для сваіх дзяцей Валянцін Юр'евіч з'яўляецца прыкладам, малыя разам з татам радуюцца яго поспехам, але пакуль ісці па бацькавых слядах не спяшаюцца. А ён і не супраць, бо ўпэўнены, што кожны ў жыцці павінен знайсці занятак па душы, такі шмат гадоў таму знайшоў і сам.
Працоўны дзень пачынаецца а палове сёмай раніцы, і шчыруе на хлебнай ніве апантаны камбайнер, пакуль сонца не схаваецца за гарызонтам. Праўда, бываюць і дні, калі «Нью Холанд» пад кіраўніцтвам вопытнага механізатара плыве па залацістым полі нават у густых прыцемках: выкарыстоўвае Яшчанка кожную пагодлівую хвіліну, каб сабраць у бункер больш збожжа — дазваляе моцнае асвятленне камбайна. За штурвалам працуе адзін, ды і навошта прафесіяналу памочнікі? Ледзьве паспяваюць прымаць «гарачы ўраджай» МАЗы. Пашчыруе на сваіх участках — паедзе дапамагаць калегам на іншыя палі. «Калектыў у нас дружны і гатовы дапамагчы адзін аднаму. Таму і вынікі маем высокія», — тлумачыць Валянцін Юр'евіч.
Сакрэт добрага ўраджаю ў раёне, расказвае першы намеснік старшыні Віцебскага райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Пётр Каранковіч, залежыць не толькі ад сонечнага надвор'я. Нягледзячы на тое, што ўборачная кампанія ў паўночным рэгіёне стартавала пазней, тысячы тон сабранага зерня — гэта вынік захавання тэхналогіі пры правядзенні вясенніх палявых работ: унеслі ўгнаенні, своечасова засеялі, правялі хімпраполку, падкармілі. Столькі сіл укладзена ў зямлю недарэмна — у раёне ўбрана больш за 43 працэнты плошчаў, сярэдняя ўраджайнасць складае 45 цэнтнераў з гектара.
Камбайнер вывеў і сваю формулу поспеху: важна працаваць не толькі аддана, але і самаму закласці аснову пад будучы ўраджай. Круглы год механізатар шчыруе на зямлі: і ўзворвае, і сее, і косіць. Так і атрымліваецца: што сам пасеяў, тое і зжаў, і даволі багата.
Павіншаваць аграрыя з чарговым дасягненнем на працоўным месцы прыехаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, прадстаўнікі райвыканкама на чале са старшынёй Генадзем Сабынічам, старшыні абласнога і раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК, работнікі раённага цэнтра культуры і творчасці. Па традыцыі віталі перадавіка звонкай песняй і караваем. Кіраўніцтва паўночнага рэгіёна падзякавала механізатару за сабраны хлеб, пажадаўшы сямейнага дабрабыту і здароўя, і ўручыла каштоўныя падарункі. Ад імя абласной галіновай прафсаюзнай арганізацыі Валянцін Яшчанка быў узнагароджаны дыпломамі пераможца ўборачнага спаборніцтва і грашовымі прэміямі ў памеры 10 і 15 базавых велічынь.
Кароткі перапынак на маленькае свята ў полі — і зноў да залатой нівы, дзе шамацяць налітыя сонцам каласы. І плыве па хлебным полі камбайн, пакідаючы пасля сябе чыстыя пракосы, а Валянцін — новы радок у летапісе Віцебшчыны.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота аўтара
Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны.
На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».
Што падрыхтавала выдавецтва «Мастацкая літаратура» да кніжнай выставы-кірмашу.
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.