Вы тут

Любіць свой край, знаходзіць цудоўнае ў родных краявідах


Як многа гавораць мне назвы такія. Мінск, Мастацкая літаратура, 2022

У серыі «100 вершаў», якая даўно палюбілася чытачам, з падзагалоўкам «Выбраныя вершы беларускіх паэтаў пра беларускія гарады і вёскі» выйшаў зборнік паэтычных твораў класікаў і сучаснікаў пра малую радзіму, пра мясціны, якія ўразілі вядомых літаратараў сваім гістарычным лёсам, незвычайным хараством, працавітымі і гасціннымі жыхарамі. 


Пачынаецца кніга з вершаў пра Мінск — у шчырай любові да «сапраўднага волата» прызнаецца Пятрусь Броўка, але любоў тая не меншая за пачуццё паэта да роднай вёскі («Я вас аднолькава люблю...»). Разбураную ворагам сталіцу Якуб Колас марыць убачыць «у новых калонах пад сотнямі веж» («Мінск»). Алесь Звонак ганарыцца горадам, што ўзняўся з руін, «як з попелу казачны птах» («Вячэрні Мінск»). Еўдакія Лось з удзячнасцю адзначае працу мноства людзей, што адбудоўвалі горад («Вячэрні Мінск»). 

Пра боль нашага народа, яго змаганне і пакуты падчас Вялікай Айчыннай вайны расказваюць у вершах Аркадзь Куляшоў («Віцебская махорка», «Над спаленай вёскай»), Пімен Панчанка («Казулічы»), Рыгор Барадулін («Вёска Гвазды»). Адбудаваная краіна расквітнела, яе «бліскучыя праспекты», «нівы, лугі і лясы» нясуць свету сваю прыгажосць і адметнасць. Пятрусь Макаль захапляецца Брэстам — зялёным, чырвоным, блакітным («Рознакаляровы Брэст»), Мікола Аўрамчык — «з маленства дарагой» Бабруйшчынай («Мая Бабруйшчына зялёная...»). Кастусь Кірэенка ўзгадвае юнацтва і першае каханне, апаленае вайной («Гомель»), Аляксей Пысін апявае Краснаполле — «салаўіны, глыбінны раён», дзе «залацістыя звоняць ільны» («Краснаполле»). Уладзімір Караткевіч прысвячае ўзнёслыя радкі старажытнай гісторыі Навагрудка («Прысенне зімы»), Навум Гальпяровіч — Полацку («Сафія, Полацк — родны край»), Янка Сіпакоў — Тураву («Тураўская элегія»). Юрка Голуб апявае родны Дзярэчын, Максім Танк у своеасаблівай манеры расказвае гісторыю вёскі Пількаўшчына, Анатоль Грачанікаў прысвячае філасофска-лірычны верш вёсцы Шарпілаўка, Яўгенія Янішчыц па дарозе ў Дастоева разважае над знакамітым выслоўем класіка…

Прачытаўшы апошні верш кнігі, пераконваешся: у Беларусі кожны горад, вёска, мястэчка нясе ў сваёй гісторыі і сучаснасці шмат цікавага, адметнага, запамінальнага. Зборнік дорыць магчымасць зірнуць на ландшафты Радзімы праз прызму паэтычнага слова. 


Алесь Пісьмянкоў. Бабчыны дранікі. Мінск, Мастацкая літаратура, 2020

У кнізе серыі «Жывая класіка дзецям» сабраныя вядомыя вершы выдатнага паэта Алеся Пісьмянкова. Гэта добры падарунак маленькім беларусам — кнігу можна выкарыстоўваць як для пазакласнага чытання ў школе, так і проста чытаць дома разам з бацькамі. 

І нездарма адкрываецца яна вершам «Мы — беларусы», герой якога разам з татам складае свой радавод. 

Вершы пра залатое сонейка і «заечы» хлеб, які прыносяць з лесу, шмат каму з дарослых нагадаюць пра ўласнае бесклапотнае дзяцінства. Маленькім гарэзам, безумоўна, спадабаецца гісторыя пра Ката-мушкецёра, які адпраўляецца шукаць мышыную сталіцу Пацукбург. Знойдзецца на старонках кнігі і адказ на пытанне: «Чаму вожык не стрыжэцца?»

Не адзін верш прысвечаны збору грыбоў і рыбалоўству — адчуваецца, паэт быў добрым знаўцам гэтых заняткаў. А залацістыя дранікі-бульбянікі, спечаныя бабуляй, нібыта просяцца з кніжнай старонкі на талерку. Як і звараныя мамай маліны, што ратуюць узімку ад прастуды. 

Не дзіўна, што ўлетку маленькі герой вершаў Алеся Пісьмянкова аддае перавагу не падарожжу на далёкае мора, а едзе ў госці да дзеда ў вёску. 

Кніга вучыць любіць свой беларускі край, знаходзіць цудоўнае ў мясцовых краявідах і сябраваць з істотамі, якія насяляюць лес, поле, вясковы падворак.

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.