Вы тут

Як хобі ўпрыгожвае жыццё і кабінет кадравіка інстытута фізікі


Трапляючы ў кабінет загадчыка аддзела кадраў Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН Беларусі Святланы Дубоўскай, адразу звяртаеш увагу на вышытыя карціны на сценах. Заходзіш і любуешся — такая разнастайнасць сюжэтаў тут прадстаўлена. Краявіды, марскія глыбіні, жывёлы, копіі вядомых шэдэўраў. Гэта першае месца працы ў біяграфіі Святланы Іванаўны, дзе яна прадставіла сваю творчасць. За чвэрць стагоддзя захаплення вышыўкай назапасілася столькі карцін, што дома ім ужо зацесна...


Ні бабуля, ні мама не далучалі Святлану да рукадзелля. Упершыню яна занялася вышыўкай у 20 гадоў. Сярэдзіна 1990-х гадоў аказалася часам татальнага дэфіцыту. А ў яе нарадзіўся сын Юрась, апранаць малога хацелася прыгожа.

— Вось я і стала капіяваць малюнкі з часопісаў, пераносіць іх на тканіну і ўпрыгожваць вышыўкай аднакаляровыя маечкі, каб яны глядзеліся весялей, — успамінае мая суразмоўніца. — Потым з’явіліся спецыяльныя схемы для аматараў вышываць крыжыкам — стала лягчэй. А ўжо калі на дапамогу прыйшоў інтэрнэт, то поле магчымасцяў для творчасці аказалася бязмежным. Ды і з матэрыяламі сітуацыя кардынальна змянілася. Муліне я ўжо не карыстаюся, аддаю перавагу шаўковай нітцы.

Першую карціну Святлана Дубоўская вышыла па просьбе прыяцелькі да яе дня нараджэння. Тая прыйшла ў поўнае захапленне! Гэта вельмі натхніла Святлану Іванаўну. Спачатку працы ствараліся дастаткова марудна. Але апетыт, як вядома, прыходзіць падчас ежы. Так і ў яе. Чым больш вольнага часу прысвячала свайму хобі, тым больш у яго ўлюблялася, тым хутчэй рэалізоўвала свае задумы.

— Калі сумна, я да нітак не дакранаюся, — прызнаецца Святлана Дубоўская. — А вось калі настрой добры, рукі самі да іх цягнуцца, і ўсё ідзе як па алеі. Прыступаючы да новай карціны, заўсёды адчуваю душэўны ўздым. За «Георгія Перамаганосца» ўзялася, калі сын сыходзіў у войска. Вышываючы, малілася, каб усё падчас службы склалася ў яго ўдала. Так яно і адбылося. Абліччы святых, іконы традыцыйна выконваюцца быццам на адным дыханні. На вялікія працы — «Марское дно», «Паўліна» — сыходзіць амаль год. Хутка планую пачаць пейзаж — памерам 1.50 на 80 см.

«Вершніцу» Карла Брулова Святлана вышывала двойчы. Адну пакінула сабе, а другую падарыла. Сюжэт адзін і той жа, але ўвасобіла яго яна ў рознай каляровай гаме.

Калі яе карціны камусьці падабаюцца, Святлана лёгка з імі расстаецца. Ставіць на камерцыйную аснову сваё захапленне яна ніколі не збіралася. Яно — для адпачынку, для душы, для самавыяўлення! А калі камусьці яе творчасць прыносіць радасць, прыемна ўдвая. І нешта падказвае мне: у многіх патэнцыйных супрацоўнікаў, калі яны аказваюцца ў кабінеце Святланы Дубоўскай, жаданне працаваць у інстытуце фізікі ўмацоўваецца. А гэта вельмi важна. Бо менавіта кадры, як вядома, вырашаюць усё.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».