Вы тут

Валянціна Быстрымовіч: «Так і кажы: жонка — дурніца»


На час дэкрэтнага на месца Кацярыны нікога не ўзялі, далі ёй падзарабіць, улічылі матэрыяльнае становішча маладога спецыяліста. Каця і Саша здымалі пакой, перабіваліся з хлеба на ваду, чакаючы службовае жыллё і месца ў дзіцячым садку, але былі шчаслівыя. Праўда, гаспадыня кватэры п’яніца. Як жыць у яе з дзіцем?


Пасля заканчэння тэхнікума Саша ўладкаваўся майстрам у домакіраўніцтва з правам атрымання службовага жылля. Заробак — 70 рублёў. Каця ў дэкрэце, за кватэру плаціць 40, карацей кажучы, галота. Гаспадыня рэгулярна сыходзіла ў запоі, потым мучылася і прасіла аплату наперад.

У той дзень, падчас абыходу ўчастка, Сашу спыніла жанчына і падвяла да каморкі яго начальніка Ляшкова у падвале пяціпавярхоўкі. Яна ткнула пальцам у провад, якi відавочна паказваў, што падведзена электрычнасць. У тыя часы гэта было забаронена.

— Дзе справядлівасць? — жанчына з выклікам пайшла ў атаку. — Чым Ляшкоў лепш суседзяў?

Адказаць было няма чаго. Маладому майстру прыйшлося прапанаваць Ляшкову дэмантаваць праводку. Ляшкоў быў з тых, пра каго кажуць «з бруду ў князі», ён палічыў паводзіны падначаленага нахабствам. З першых слоў начальніка Саша зразумеў, што службовае жыллё адсунулася на доўгi час.

Будучыня афарбавалася ў шэры колер. Прасіць жыллё для маладой сям’і да Ляшкова хадзілі як Кацін начальнік, так і Сашын. Але Ляшкоў упёрся: атрымаюць кватэру толькі праз мой труп.

Каця плакала. Што рабіць? І вырашыла: яна сама пойдзе на прыём да Ляшкова. Усім калектывам абдумвалі, што ёй там казаць. Наташа заклікала:

— Нават на калені устань — дзеля кватэры можна.

Яна недалюблівала Ляшкова, бачыла сінякі ў яго жонкі Лілі, якая працавала ў суседняй арганізацыі.

Каця ўвайшла ў прыёмную Ляшкова. Ад хвалявання гучна забілася сэрца, на вочы навярнуліся слёзы. Пастукала:

— Дазвольце? Добры дзень, маё прозвішча Шаў...

Насмешлівы погляд спыніў ля парога:

— Я са сваякамі падначаленых не размаўляю, — працадзіў скрозь зубы гаспадар кабінета.

«Вось так раней заходзілі рабы да сваіх гаспадароў», — падумала Каця, і жаданне разбурыць тое, што да яе ўжо разбурылі ў сямнаццатым годзе, высушыла слёзы. Злосць надала сілы.

— Тады пагаворым у абкаме партыі!

Каця з цвёрдай рашучасцю змагацца за кватэру выйшла з кабінета.

— Пачакайце! — дагнаў яе Ляшкоў. — Я хацеў сказаць, што ваш муж не ўмее размаўляць з людзьмі. Мне, свайму начальніку, зрабіў заўвагу.

— Выконваў свае абавязкі, — суха адказала Каця. — Ён працуе дзеля кватэры і са свайго боку дагавор выканаў.

— Добра, я разгледжу ваш пытанне.

Каці здалося, што Ляшкоў сапраўды выканае абяцанне.

Месяц прайшоў, другі, аб кватэры нічога не было чуваць. Паляцела жоўтае лісце, дворнікам дадалося працы, і Сашка па тры разы абыходзіў участак. Каця, засмучаная тым, што гаспадыня сцягнула Аленчын кефiрчык, зварыла кашку і пакарміла дзіця. Менавіта кефірчык стаў апошняй кропляй.

Яна дастала ліст паперы і напісала: «Дарагі Леанід Ільіч! Спадзяюся на вашу дапамогу... з павагай...»

Напісала, як было, і пайшла на пошту. Працягнула ў акенца канверт з адрасам: «Масква, Чырвоная плошча, ЦК КПСС, Л. І. Брэжневу» і ўбачыла спалоханыя вочы касіра. Адправіўшы ліст, адчула палёгку. Вярнулася дадому і лягла спаць.

Праз гадзіну прыйшоў Сашка і здзівіўся:

— Ты чаго спіш?

— Адправіла ліст Брэжневу наконт кватэры.

— Ты што, дурная? — ахнуў муж. — Мяне ж звольняць!

Прайшоў месяц. Каця мыла Алёнцы ручкі, калі гаспадыня паклікала яе з пярэдняга пакоя. Паштальён прынёс апавяшчэнне: «Ліст ЦК КПСС атрыманы». У Каці ад хвалявання ёкнула сэрца. Што цяпер будзе?

Яна беражліва, як рэліквію, уклала апавяшчэнне ў канверт і ўзяла з сабой на працу. Калегі разглядалі штамп і выказвалі здагадкі, чаго чакаць.

Развязка наступіла хутка. У паніцы патэлефанаваў Сашка:

— Выклікаў дырэктар, крычаў, пагражаў. Едуць тры камісіі з праверкамі. Напэўна, мяне звольняць.

— Ліст не ты пісаў, а я, так што ўсе пытанні да мяне. Папрасі жанчын, каб падстрахавалі цябе на ўчастках, яны павінны зразумець.

Сашка кінуўся да брыгады дворнікаў.

— Дапаможам, — сказала брыгадзірка.

Камісія ішла па ўчастку, прыдзірліва разглядаючы як прыбраную тэрыторыю, так і самога майстра. Як на злосць, падняўся вецер і стаў разносіць паперкі з кантэйнераў, дворнікі бегалі за імі, лавілі, але камісія ўсё роўна адзначыла, што на тэрыторыі смецце.

Сашка зноў патэлефанаваў.

— Выпісваюць штраф. Распытваюць, дзе ты працуеш, чаму напісала Брэжневу, хто дыктаваў...

Каці прыйшла ідэя, як абараніць мужа:

— Скажы, што не ведаў аб лісце. Так і кажы: не ведаў, жонка — дурніца, пабіў яе. Кінуць не магу — дзіцёнка шкада.

Як толькі Каця паклала трубку, дзверы кабінета адкрыла сакратар.

— Да дырэктара.

Было страшнавата, але разам з тым цікава: вось як ён будзе лаяцца на яе, калі ведае яе становішча і сам за іх прасіў?

Дырэктар, убачыўшы насцярожаную Кацю, успомніў сваю дачку, і сэрца сціснулася ад жалю. Ціха загаварыў:

— Мне далі ўказанне цябе звольніць, але я сказаў, што ты малады спецыяліст, і я не маю права. Так што, калі будуць пытацца, кажы ўсім, што я цябе лаяў, — ён падышоў бліжэй і панізіў голас: — Усё абыдзецца.

Каця кіўнула і пайшла.

Супрацоўнікі змоўклі, ніхто не абмяркоўваў сітуацыю, усе з галавой пагрузіліся ў працу.

Сашка прыйшоў дадому прыгнечаны.

— Сказаў правяраючым, што жонка — дурніца. Спачуваюць, кажуць, мала пабіў. Хочуць, каб ты напісала абвяржэнне.

— Ні за што. Гавары — дурная, ўперлася.

Праверкі прыязджалі адна за адной. У канцы трэцяга дня Кацю паклікалі да тэлефона ў прыёмную дырэктара. Тэлефанавалі з гарвыканкаму.

— Як вы маглі напісаць такі ліст пра добрага чалавека? Хіба ён мог сказаць, што вы атрымаеце кватэру толькі праз ягоны труп? Пішыце абвяржэнне!

Зноў прыйшлі злосць і роспач, словы апярэдзілі думкі:

— Калі будзеце мяне і мужа даймаць, я напішу яшчэ адзін ліст, што асабіста вы мяне тэрарызавалі.

— Не-не, вы мяне не зразумелі, — тон голасу на тым канцы провада змяніўся. — Я проста хацела паведаміць, што вам выдзелена кватэра ў тым доме, дзе вы зараз жывяце.

Каця не паверыла сваім вушам. Даведаўшыся пра гэта, сакратарка ахнула і наліла ёй шклянку вады, затым сабе.

Праз пяць хвілін у дзвюх арганізацыях абмяркоўвалі добрую навіну. Аказваецца, на працягу трох дзён былі аформлены дакументы, склікана пазачарговае пасяджэнне выканкама і выпісаны ордэр.

Работнікі домакіраўніцтва перавезлі няхітрыя пажыткі, і Каця з Сашам начавалі ўжо ў сваёй кватэры з балконам і асобным санвузлом. Каціны калегі купілі ў падарунак стол. Адзначылі наваселле.

— А што, жонка ліст сама пісала? — дапытваўся галоўны інжынер домакіраўніцтва пасля прыняцця «на грудзі».

— Так, сама.

— А як яна напісала, ты ж кажаш, што дурная?

— Таму і напісала, што дурніца. Напрыклад, ты, разважны чалавек, напісаў бы самому генеральнаму сакратару?

— Што я, дурань?

— Вось бачыш.

Аленка хадзіла ў садок, у сям’і было ўжо два заробкі, паціху абжываліся. Але прайшоў час, і Сашка стаў затрымлівацца на працы, выпіваць, скандаліць, нават руку на жонку падняў. П’яны, усміхаўся:

— Ты ж зусім дурная! Пісала ліст...

Каця перажывала, але старалася згладжваць канфлікты. Аднойчы даведалася: Сашка пры выпадку заўсёды згадвае, што жонка — дурніца, Брэжневу пісала, а ён з ёй жыве толькі дзеля дзіцяці.

Праз нейкі час у Сашы з’явілася іншая жанчына, якая пашкадавала беднага мужчыну, бо ў яго жонка ідыётка. Каця падала на развод і сышла з Аленкай у інтэрнат. Па законе яна не мела права на жыллё: кватэра была службовай.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.