Вы тут

Першы мосцік. Пра «прынцаў», «прынцэс» і прыслугу (у гэтым выпадку — без двухкосся)


Нядаўна ўспаміналі з калегамі, як праводзілі ў дзяцінстве летнія канікулы. Я прыгадала, як ездзілі з бацькам па сена. Тады, у 80-х, усе сенажаці былі саўгасныя, а людзям (у кожнага тады было як мінімум па карове) давалі дзялянкі на лучках паміж хмызоў, на ўзлесках — там, дзе не было як развярнуцца тэхніцы. Наша сена было ва ўрочышчы Галабурды — кіламетры, мусіць, за чатыры ад дому. Касілі яго на высокіх пагорках сярод шыкоўных кустоў дзікай шыпшыны. Ішлі сушыць сена, лічы, на цэлы дзень, нават, бывала, прасілі суседзяў падаіць карову ў абед. Бо бегаць туды-сюды чатыры кіламетры — так сабе занятак. Дарога ў тыя Галабурды была яшчэ тая — з гары пад гару, з вялікімі лужынамі, якія ніколі не перасыхалі, з двума мосцікамі праз невялікія рэчкі. І калі Другі мосцік быў больш-менш бяспечны, дык Першы — свайго роду атрыкцыён страху. Калі коратка — на тым мосціку былі ўсе шанцы кульнуць разам з возам у ваду. Везучы сена, мужчыны звычайна саскоквалі з воза і ішлі побач з ім, падпіраючы плячом. Асабліва небяспечна было ехаць на возе з вузкімі — не на гумовым хаду — коламі... Падводу матляла ва ўсе бакі, усё трэслася і дрыжэла. Звычайна на такой і ездзілі, бо гумовыя колы былі толькі на брычцы брыгадзіра ды на параконным возе, на якім дзядзька Юзік кожную раніцу збіраў малако...


Дык вось аднойчы мама і бабуля пайшлі на сена на цэлы дзень, а мяне пакінулі на гаспадарцы. Работы было няшмат — перавязаць на полі цяля, уліць малака парасятам, кінуць макрыцы дарослым свінням, сустрэць з поля і загнаць у хлеў Зорку, паклікаць суседку, каб яе падаіла, выгнаць пасля абеду зноў у поле, дачакацца з работы бацьку, пакарміць яго, сказаць, каб браў каня і ехаў па сена, бо яно ўжо будзе гатовае... Гэта было зроблена без праблем: рабіць усё ужо ўмела, нават магла запаліць газ, ускінуць на патэльню скварку і ўзбіць яйка (бацьку вельмі падабалася маё гатаванне). Але тут здарылася адна неспадзяванка — тата ў той дзень трапіў на нейкую бяседу і прыйшоў трохі «дзюбнуўшы». Каня ён запрог і прыгнаў пад хату, але, калі ўжо выправіліся ехаць, яго крыху размарыла, ён даў мне ў рукі лейцы «на, Алёнка, кіруй» (кіраваць ён мяне навучыў даўно) і соладка заснуў на возе. Так мы і прыехалі ў Галабурды — і праз Першы мосцік, і праз Другі, праз вялікія лужыны, па вузкай дарозе, з гары на гару. Бацька якраз выспаўся і пасля вельмі хутка і спрытна наклаў вялізны воз сена, на якім мы пасля з мамай ехалі і разглядалі аблокі — якое на што падобнае. А мяне аж распірала ад шчасця і гонару, што я сама прыехала «за рулём»... Адзін з самых цікавых і радасных успамінаў дзяцінства...

«Колькі ж табе гадоў было», — пацікавіўся хтосьці з калег. А і праўда — колькі? (Неяк ніколі аб гэтым не задумвалася.) «Гадоў восем, самае большае — дзевяць, бо ў дзесяць бацькі ў мяне ўжо не было...» «Ды не можа такога быць! Наш у восем толькі сам сяк-так адзявацца навучыўся, без мамінай дапамогі...»

Сапраўды, сучасныя маладыя бацькі ў гэта павераць з цяжкасцю, падобная гісторыя для іх — хутчэй з разраду страшылак, з якімі ні ў якім разе, ні пры якіх умовах не павінны сутыкнуцца іх любімыя дзеткі. Як гэта можна — прымушаць працаваць малое дзіця, каб яно нешта само рабіла? Яшчэ больш яны, напэўна, уразяцца, калі я скажу, што гэта пісала пра малодшую дачку ў сям'і вясковых інтэлігентаў, якую ўсе шкадавалі і песцілі, а мае ж равеснікі на роўных дапамагалі бацькам на ферме. І ніхто не рабіў з гэтага надзвычайнай падзеі — так было спрадвеку, каб дзеці з маленства дапамагалі, прымалі ўдзел у клопатах сваёй сям'і.

Цяпер гэта спрадвечнае зламалася. І гэта — можаце са мной не пагаджацца — не вельмі добра. Паглядзіце на дзяцей, якія прыязджаюць да бабуль у вёску на канікулы. Вы шмат іх бачылі хоць за якой-небудзь работай (а яе ўлетку ў вёсцы заўсёды хапае)? Большасць не хоча, не ўмее і не хоча вучыцца хоць штосьці рабіць. Прапалоць якую градку? Дзе там, дзяўчынцы ж толькі дванаццаць гадкоў, яна ж паблытае моркву з пустазеллем. Хай лепш паспіць пазней. Дапамагчы дзеду скасіць траву на падворку? Што вы, хлопчык толькі сем класаў скончыў — якая касьба? Ён тую касу ў руках не трымаў, яшчэ парэжацца, крый божа. Сядзіць са сваім планшэтам у навушніках — хай сабе і сядзіць, яму вось яшчэ прысмакаў трэба на канапу прынесці, бо паесці за стол не даклічашся... І ў горадзе не лепш. Трынаццацігадовая кабыла не дапамагае маці прыбраць у кватэры, бо ў яе, вы бачыце, нейкі модны манікюр. І маці гэта праглынае і мые падлогу сама. Васьмігадовы здаровы хлопец, калі ідзе з класа ў прыбіральню, звоніць бацьку, што працуе недалёка ад школы, і той усё кідае і імчыць, каб выцерці нашчадку дупу і падцягнуць штаны... Смешна? Ды не вельмі, калі ўлічыць, што я ўсё гэта не выдумваю і не гіпербалізую, бо ўсё напісанае, — так бы мовіць,заснавана на рэальных падзеях...І мы пасля дзівімся і абураемся паміж сабой, якія інфантыльныя і бездапаможныя ў побыце нашы дзеці, што так незаўважна выраслі, у якіх свае дзеці хутка будуць. Чаму дзівіцца і абурацца, калі самі гадавалі прынцаў ды прынцэс? Толькі вось забыліся, што ў прынцаў і прынцэс і бацькі, і бабулі з дзядулямі павінны быць каралеўскай крыві і паводзін.

А мы ж сябе, наадварот, у іхнюю прыслугу ператвараем. І калі шасцігадовая цвыгаўка на поўным сур'ёзе з важным выглядам разважае пра тое, што мама павінна клапаціцца пра дзяцей і менавіта таму яна (цвыгаўка) паперку ад цукеркі ў сметніцу не панясе, няхай мама прыбірае, гэта для старэйшых не нагода для замілавання («разумніца наша!»), а трывожны званочак аб тым, што час па-іншаму выстройваць прыярытэты, інакш будзе позна. І цвыгаўка, вельмі хутка даросшы да дзябёлага паўліна, упэўнена сядзе на карак, яшчэ і ногі звесіць (і паспяхова прасядзіць там гадоў гэтак да трыццаці).

Тут яшчэ адзін важны момант. Аберагаючы малых ад дапамогі па гаспадарцы, ад удзелу ў фізічнай працы, мы пазбаўляем іх не толькі элементарных жыццёвых уменняў — элементарнага жыццёвага досведу: спробаў, памылак, высноў, уражанняў. Вы спытаеце, ці спатрэбілася мне ў жыцці тая экстрэмальная паездка на возе? Так, вельмі. Кожны раз, калі належыць брацца за нейкую новую невядомую справу, калі страшнавата і няўпэнена сябе пачуваю, я акурат тую паездку ўспамінаю. І колішні страх, і небяспеку, і разуменне, як шмат залежыць ад мяне і ад майго ўмення і спакою. І — радаснае шчасце, і гордасць, што я сама пераадолела свой Першы мосцік. І не ведаю, ці стала б я той, хто я ёсць, калі б яго ў маім жыцці не было...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.