Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў: «Задам, але наперад? Чаму б і не?»


...Задам, але наперад? Чаму б і не?

Ці чулі: мужчынка адзін даўнюю мару спраўдзіў (ці нават дзве): займеў правы і купіў «Жыгулі»!


Фота: pixabay.com

На іх пад абед паехаў у суседнюю вёску — перад кумам пафарсіў...

А дамоў вярнуўся толькі пад раніцу. «Дзе быў?!» — спытала знерваваная жонка. «Дык жа ў дарозе», — адказаў ёй муж. — «А чаму так доўга?! Ты ж на машыне...» — «Так, на сваіх «Жыгулях»... Але ў іх, каб ехаць наперад, — аж чатыры хуткасці, а каб назад — толькі адна».

Скажаце, што гэта байка, анекдот, прытым з барадой. Тады — «праўдзівая гісторыя» — сведчаннем таго, што анекдоты ў большасці сваёй не прыдумляюцца, а бяруцца з рэальнага жыцця.

...У 90-я гады мінулага стагоддзя жыхар нашага райцэнтра набыў сабе вельмі патрэбную рэч — матацыкл «Урал», з каляскай. Набыў — кажучы сучаснай мовай — не для «пантоў», а як сродак перамяшчэння, бо працаваў за 20 кіламетраў ад дома і з «Уралам» мог нарэшце з палёгкай уздыхнуць: зараз калі захоча, тады і паедзе, што трэба, тое пагрузіць, хто папросіцца, таго падвязе.

Карацей, ужо назаўтра, паспаўшы на паўгадзіны больш (яшчэ адзін плюс), мужчына ў добрым гуморы, у новенькім бліскучым шлеме і скураной куртцы, на новым магутным матацыкле з форсам выехаў з дому, птушкай даляцеў да сваёй канторы і прыпаркаваў «Урал» на стаянцы. Яна праз вуліцу была, непадалёк ад... школы.

Адтуль, як і варта было чакаць, на вялікім перапынку высыпалі дзеці, згледзелі новы матацыкл, тут жа абляпілі яго з усіх бакоў, а самыя смялейшыя, уяўляючы сябе кіроўцамі, нават націснулі на ўсё, што націскалася, у тым ліку на маленькі рычажок справа, пра назначэнне якога гаспадар матацыкла яшчэ не ведаў...

Таму вечарам ён зусім спакойна скончыў працоўны дзень, падышоў да «Урала», завёў і... Сказаць, што здзівіўся, калі матацыкл, раптам, паехаў... назад (?!), —
значыць прамаўчаць!

Байкер спыніўся — заглушыў рухавік, завёў яшчэ раз... Яшчэ (усяго разоў дзесяць!) — «карціна» тая ж...

У такой сітуацыі нехта іншы кінуўся б пытаць парады ці пакінуў бы матацыкл на месцы да высвятлення прычын, гэты прыняў крэатыўнае рашэнне ехаць дадому (усе 20 кіламетраў!) задам наперад.

І што вы думаеце? Даехаў — праўда, калі сцямнела.

...Мог раней, калі б спыніў некага з сустрэчных кіроўцаў, аднак гэты «чайнік» (сам прызнаўся — праз год, за чаркай...) саромеўся сваёй бездапаможнасці, не ведаў тады, што не ганьба нешта спытаць, ганьба часам — не ведаць.

Шыя потым з тыдзень балела.

А. НАВАСЕЛЬСКАЯ

Мінскі раён


Апошняе спатканне

Мая былая вучаніца Зоя Л. у школе была вельмі сарамлівай. Можа, таму, што трохі касіла на правае вочка і, здаецца, адзіная ў класе насіла акуляры.

Па сённяшнім часе афтальмолагі дапамаглі б ёй (і не такія аперацыі робяць!), а тады, у далёкія шасцідзясятыя ды ў глыбінцы... Хто ж ведаў, што дзяўчынцы можна дапамагчы — выправіць зрок, пазбавіць ад комплексаў. Бацькі нават слова такога не чулі!

Затое разумелі іншае: дома, у вёсцы, ні годнай працы, ні добрых заробкаў, ні жаніхоў хутчэй за ўсё ў Зоі не будзе. Трэба неяк у горад.

Вось пасля школы яна і паехала, скончыла вучылішча, уладкавалася на завод, атрымала месца ў інтэрнаце. А больш, здавалася, нічога і не трэба: ложак, тумбачка, добразычлівыя суседкі, рабочы калектыў... Працавітых там заўжды паважалі.

Зоя стала зарабляць, прыбірацца, а пасмялеўшы, разам з сяброўкамі хадзіць на танцы.

...Якраз там і прыкмеціў дзяўчыну нейкі прайдзісвет, як водзіцца, затлуміў мазгі, паабяцаў жаніцца. Але ж марныя былі надзеі: цяжарная, без мужа Зоя вярнулася дамоў.

Маці тады, вядома ж, адплакала, бацька да часу пасівеў... А калі нарадзіўся ўнук, дык, здаецца, і гора не гора — на радасць рос і матулі, і бабе з дзедам.

Але ж яны ў нас, на жаль, не вечныя... Неяк хутка ў бацькоўскай хаце Зоя засталася адна, дакладней — на пару з сынам.

..Вось тады ў пошуках ласкі і зачасцілі б да яе мясцовыя лавеласы... Хто-ніхто спрабаваў. Толькі Зоя не з гэтакіх аказалася — хутка адвадзіла, праўда, сваіх...

А на жніво ды на бульбу ў калгас чужыя прыязджалі — шэфы з горада. І людзі, вядома ж, розныя. Адны старанна працавалі — на камбайнах, на самазвалах, на трактарах. Ведалі, дзе болей зарабіць, а другім — абы з дому вырвацца, ад жонак з'ехаць. Яны лягчэйшую работу шукалі — на таку, на прасушцы зерня, дзе болей... жанчын. І самі да іх прыглядаліся, і мясцовых прапытвалі, да каго б тут лепш падкаціцца?

У вёсцы не любяць такіх, але ж адразу — віду не падаюць: на Зою паказваюць. Маладзіца, маўляў — што агонь! Такое ўмее, такое вытварае, што ты век не забудзеш!

Фраер (метр з шапкай) адразу ж да Зоі — загаварыў, нейкі анекдот расказаў — разам пасмяяліся.

Праз нейкі час, шуфлем памахаўшы, яшчэ раз падышоў. А ў канцы працоўнага дня — ужо і да мужчын... Рукі пацірае, міргае ім, што ёсць, ёсць дамова!

І вось позна ўвечары з бутэлечкай таннага віна той «метр» ужо кіруе па ўказаным адрасе.

Зоя сапраўды брамку перад ім адчыняе — фраера ў двор ўпускае — і адразу ж за ім — брамку на замок. Так трэба, маўляў, каб ніхто не прыпёрся.

Госць згаджаецца і ўжо ў дом бы пайшоў, але Зоя марудзіць: хоча, каб ён парадак ацаніў. Бацька — светлай памяці — гаспадарлівы быў, усяго набудаваў, усё абгарадзіў, усёй акрузе кошыкаў наплёў, венікаў назапасіў...

Адзін (і добра зношаны) — каля брамкі стаіць...

Зоя за яго — і да хахаля:

— Ах жа ты сабака! Ах жа валацуга! Не паспеў ад дома ад'ехаць, жончыну «ссабойку» з'есці, і ўжо тут? Пяшчоты захацеў? Дык жа на!

І дзеркачом яму — па плячах, па спіне (ды ніжэй...)! І ў каршэнь ды на вуліцу...

Той з дарагой бы душой, а брамка ж замкнутая... Праўда, унізе пад ёй — аніякай застаўкі (дзірка, праход для гусей). Дык фраер на локцікі — і туды...

Рады быў, што ўцёк. І ад Зоі, і з вёскі наогул.

...Мужчыны праўду казалі: тое спатканне ён век не забудзе!

Ды і пра іншыя спачатку падумае: ісці ці лепей не ісці. Каб потым бокам не вылезлі.

Л. САКАЛОВА

г. Мінск


Герой майго рамана — сапраўдны мача

...У бухгалтараў пад канец месяца заўжды запарка — наступае час справаздач. Ну а калі канчаецца год — тады і зусім прасвету няма: заседжваюцца на працы, бяруць паперы дамоў.

Лізавета Цімафееўна найчасцей рабіла апошняе. Я добра ведала гэта, бо жанчына, па-першае, жыла ў суседстве, у кватэры
паверхам ніжэй, па-другое, вяла бухгалтэрыю на прадпрыемстве, дзе працаваў мой муж.

І вось — як цяпер гэта помню — чарговы канец года. У многіх на рабоце аўрал, але ж вячэру ніхто не адмяняў. Таму, вярнуўшыся з работы, я пачынаю нешта гатаваць, муж, толькі павітаўшыся, адносіць бухгалтарцы нейкія паперы: без іх — казаў — не падбіць баланс.

Гэта важны дакумент, я разумею... Яго і абмеркаваць, можа, трэба. Але ж не: муж, чую, толькі сышоў — праз хвіліну-другую званок у дзверы. Ну, думаю — нешта забыўся.

Іду адчыняць — на парозе наша Зінаіда Віктараўна, суседка зверху. І твар у яе загадкавы-загадкавы... Думаю, з чаго б? Але ж...

— Заходзьце, — кажу. — Проста так ці па справе?

— Ды яшчэ і якой! — падхоплівае кабета і ледзь не шэпча: — Вы не ведаеце, а ваш муж, між іншым, да Цімафееўны пайшоў. І гэта, вам скажу, не першы раз.

— Ну і што? — не разумею спярша суседку. — У іх агульныя клопаты, разам працуюць...

— Даверлівая вы, ой даверлівая! — гне сваё Зінаіда. — А ў доме, між іншым, чуткі ходзяць, што яны палюбоўнікі.

Мне ад гэтага аж смешна стала, бо ведаю я свайго мужа! Дый Цімафееўну...

— Яна ж за майго старэйшая, — кажу Зінаідзе. — І гадоў на дзесяць...

— Але ж пры гэтым — жанчына свабодная, удава, — даводзіць суседка. — А ўзрост — ён цяпер нічога не значыць. Паглядзіце на Пугачову з Галкіным... Яшчэ той мезальянс!

Абмяркоўваць яго — хоць «свой», хоць нейчы — ды з гэтай суседкай мне зусім не выпадае, таму я таксама пераходжу на шэпт:

— Ну і няхай... У мяне — па сакрэце скажу — таксама каханак ! Сапраўдны мача!

Зінаіда, бачу, яшчэ больш акругляе свае круглыя вочы і «вострыць вушы», аднак...

На пліце ў мяне нешта зашыпела. Я пабегла туды — не паспела пасвяціць суседку ў падрабязнасці свайго рамана. Госця сышла.

...А вось муж у хуткім часе вярнуўся.

Не без таго — я на ўсякі выпадак акінула яго ўважлівым позіркам. Што ўбачыла?

Зранку не голены, заклапочаны, у старых пантофлях і «трэніках»... Да таго ж не маўчыць, з парога пытаецца:

— А боршч застаўся?.. Есці хочацца.

Такі вось мой любімы, каханы (!) мача! Не дзіва, што пра яго ў нашым доме розныя плёткі ходзяць.

Праўда, зараз, з падачы Зінаіды, пэўна ж, пойдуць і пра мяне.

З. ФЁДАРАВА

г. Віцебск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.