Вы тут

Стаўка — на маладых! Як іх ідэі і ініцыятывы знаходзяць падтрымку?


12 жніўня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень моладзі. Ён быў устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН 17 снежня 1999 года, каб нагадаць аб ролі маладых людзей у развіцці і пабудове свету і звярнуць увагу грамадства на паўсядзённыя праблемы, якія стаяць на іх шляху. Маштабнае даследаванне, праведзенае ў 2021 годзе, паказала, што моладзь у два разы часцей сутыкаецца з праблемамі пры ўладкаванні на працу і з непаважлівым стаўленнем з боку наймальнікаў. ААН, у сваю чаргу, разглядае моладзь як паўнавартасных партнёраў і актыўных удзельнікаў у барацьбе за мір, экалогію, раўнапраўе і дабрабыт для ўсіх.


Фота: pixabay.com

Гранты і стыпендыі

— У Беларусі сёння цалка сфарміраваная нарматыўна-прававая база для рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. На яе аснове створана эфектыўная сістэма падтрымкі ўсіх катэгорый моладзі (навучэнскай, творчай, адоранай, той, што займаецца навукай), забяспечваюцца ўмовы для рэалізацыі правоў і законных інтарэсаў маладых людзей, — падкрэслівае галоўны спецыяліст упраўлення па справах моладзі Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Максім Караваевіч. — Для падтрымкі маладых ствараюцца спецыяльныя фонды, вядзецца банк даных таленавітай моладзі, прызначаюцца стыпендыі найлепшым студэнтам, аспірантам і дактарантам, выдзяляюцца гранты на выкананне навукова-даследчых работ. У снежні 2021 года кіраўніком дзяржавы быў падпісаны ўказ, які прадугледжвае выдзяленне 20 грантаў на рэалізацыю маладзёжных праектаў. Прыём заявак на атрыманне грантаў на 2023 год завяршаецца 1 верасня.

Па словах прадстаўніка міністэрства, у апошнія гады вельмі актыўна развіваецца такі напрамак, як маладзёжны парламентарызм. Члены дзіцячых і маладзёжных парламентаў прымаюць удзел у пасяджэннях выканаўчых камітэтаў, сесіях Саветаў дэпутатаў, уносяць прапановы ў нарматыўна-прававую дзейнасць. У краіне функцыянуе Рэспубліканскі каардынацыйны савет маладзёжных парламентаў. А ў 2020 годзе быў створаны Маладзёжны савет (парламент) пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, які ажыццяўляе сваю дзейнасць на грамадскіх пачатках. Яго мэта — садзейнічаць дзейнасці Нацыянальнага сходу ў галіне заканадаўчага рэгулявання правоў і законных інтарэсаў моладзі. Маладыя парламентарыі з'яўляюцца сувязным звяном паміж уладай і моладдзю, вядуць актыўную інфармацыйную работу, а таксама ўдзельнічаюць у прасоўванні маладзёжнага кантэнту ў інтэрнэце, распрацоўцы анлайн-пляцоўкі па зборы актуальных маладзёжных пытанняў, праблем і ініцыятыў.

Школа лідараў

Ва ўсіх рэгіёнах, абласных цэнтрах павінен быць свой маладзёжны парламент пры мясцовым абласным або раённым Савеце дэпутатаў. Так лічыць старшыня Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Мікіта Рачылоўскі. Па магчымасці ўзначальваць яго павінен член Маладзёжнага парламента рэспубліканскага ўзроўню. Гэты чалавек будзе акумуляваць ідэі, якія паступаюць ад моладзі, прадстаўленай на яго тэрыторыі, ён зможа аб'яднаць вакол сябе актыўных лідараў і стварыць магчымасці для далейшага росту, у тым ліку творчага, асобаснага і прафесійнага. «Адзін чалавек, член Маладзёжнага парламента, можа на сваёй тэрыторыі сабраць вакол сябе 30, 50, а то і больш лідараў грамадскай думкі, а гэта ўжо магутны патэнцыял, — лічыць Мікіта Рачылоўскі. — Калі кожны са 138 членаў Маладзёжнага парламента створыць умовы на той тэрыторыі, адкуль ён быў дэлегаваны, і падключыць да работы актыўную моладзь рэгіёна, гэта забяспечыць вялікі ахоп па ўсёй краіне. Мы ў першую чаргу робім акцэнт на тым, каб у нас былі моцныя рэгіёны. Мы не можам сабе дазволіць акцэнтаваць увагу толькі на Мінску і буйных гарадах. Важна, каб працаваў і быў ахоплены кожны рэгіён».

Адзін з праектаў, які паспяхова рэалізоўваецца Маладзёжным парламентам пры Нацыянальным сходзе, — лідарская платформа «Каманда будучыні». Гэта праект па пошуку, прасоўванні і навучанні маладых лідараў Беларусі (ад 18 да 35 гадоў) тэарэтычным і практычным навыкам у сферы лідарства і дзяржаўнага кіравання. Прайшло ўжо тры наборы, але заявак кожны раз прыходзіць столькі, што ахвотных хопіць яшчэ на некалькі набораў наперад.

Лабараторыя для інавацый

«Сёння моладзь імкнецца не толькі да атрымання ведаў... Яна прагне мець уласную справу, бачыць вынік увасаблення сваіх ідэй у рэальнае жыццё. Таму для развіцця і падтрымкі маладых прадпрымальнікаў, іх ініцыятыў трэба больш актыўна развіваць маладзёжныя бізнес-інкубатары, галіновыя лабараторыі, рэсурсныя цэнтры і тэхнапаркі, якія за непрацяглы перыяд ужо даказалі сваю эфектыўнасць у рабоце», — разважае Максім Караваевіч.

«У БНТУ да 25 працэнтаў выкладчыцкага саставу трапляе ў катэгорыю маладых людзей. І большасць маладых вучоных адчулі на сабе вялікую падтрымку дзяржавы, — падкрэслівае загадчык кафедры «Гандлёвае і рэкламнае абсталяванне» БНТУ, старшыня Савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Аляксей Ермакоў. — Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь сфарміравала поўны пул мер падтрымкі моладзі і маладых вучоных. Падчас маёй вучобы ў магістратуры, аспірантуры я выйграваў гранты ад Міністэрства адукацыі на выкананне навуковых праектаў. Атрымліваў стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як аспірант, а ў далейшым — як малады вучоны. У нашым універсітэце выбудаваны эфектыўны механізм навуковай дзейнасці і работы з моладдзю. У БНТУ створаны навукова-даследчы політэхнічны інстытут. Там функцыянуе 32 навуковыя лабараторыі, якія ў сваю дзейнасць уключаюць студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Таксама ва ўніверсітэце працуе ФабЛаб — вытворчая лабараторыя, дзе моладзь можа рэалізоўваць свае ідэі і праекты, навучацца і абменьвацца вопытам... Дзякуючы сучаснаму абсталяванню і цалкам новым падыходам да хуткага мадэлявання і прататыпавання ў вытворчай лабараторыі можна прайсці ўсе стадыі — ад распрацоўкі ідэі да гатовага камерцыйнага прадукту.

Таксама ў БНТУ функцыянуе тэхнапарк «Палітэхнік», які аб'ядноўвае больш за 20 рэзідэнтаў і развівае сваю вытворчасць. 5 % ад прыбытку тэхнапарка залічваецца ў фонд яго развіцця. З гэтага фонду выдзяляюцца сродкі на рэалізацыю ў тым ліку маладзёжных ініцыятыў. У 2020 годзе тэхнапарк падтрымаў тры стартап-праекты студэнтаў БНТУ у рамках конкурсу стартап-праектаў універсітэта. Прычым агульная сума падтрымкі гэтых праектаў склала каля 20 тысяч беларускіх рублёў. У 2021 годзе конкурс перайшоў на больш высокі ўзровень, ён стаў ужо рэспубліканскім конкурсам інавацыйных праектаў, і ў ім могуць удзельнічаць прадстаўнікі ўсіх устаноў адукацыі», — падкрэсліў старшыня Савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі.

«Кароткія адказы пра веру...»

— У БДУ створаны ўсе ўмовы, каб студэнцкая моладзь не проста рэалізоўвала праекты, але і ініцыіравала іх, — расказаў намеснік начальніка ўпраўлення па выхаваўчай рабоце з моладдзю БДУ Ягор Падаляк. — У нашай ВНУ праходзіць конкурс на найлепшы маладзёжны праект. У апошнім конкурсе ўдзельнічала 48 студэнцкіх ініцыятыў. 43 з іх атрымалі фінансаванне на агульную суму 18 тысяч рублёў. Гэта былі праекты, якія тычыліся павышэння якасці адукацыі, развіцця студэнцкай навукі і патрыятычныя. Адзін з галоўных патрыятычных праектаў, што рэалізоўваецца ў БДУ, — міжнародны праект «Святло Вялікай Перамогі». У кастрычніку ўжо шосты раз пройдзе форум «Моладзь. Інтэграцыя. Развіццё», які збірае маладзёжных лідараў з розных краін свету. Летась яго ўдзельнікамі сталі каля 100 студэнтаў з Расіі, Узбекістана, Казахстана, Турцыі, Арменіі, Азербайджана, Японіі, Шры-Ланкі, Босніі і Герцагавіны. У гэтым годзе, як мяркуецца, геаграфія ўдзельнікаў пашырыцца. Таксама ў верасні ў БДУ пройдзе Форум студэнцкіх ініцыятыў, разлічаны на першакурснікаў. «Навабранцаў» чакае цыкл семінараў і лекцый па развіцці лідарскага патэнцыялу, затым яны будуць распрацоўваць і абараняць свае праекты.

Прэс-сакратар БДУІР Раман Роль расказаў пра супрацоўніцтва іх ВНУ з Беларускай праваслаўнай царквой. У прыватнасці, студэнты дапамагаюць святарам у здымках фільмаў, якія прапагандуюць духоўныя каштоўнасці. Так, фільм «Сястра» сабраў на YouTube 200 тысяч праглядаў. Таксама на відэахостынгу можна праглядзець «Кароткія адказы пра веру і Царкву». Святары ў відэазваротах адказваюць на пытанні, якія хвалююць студэнцкую моладзь: «Як распачаць наведваць царкву?», «Як выйсці з духоўнага крызісу» , «Як заставацца выдатнікам і не заганарыцца?», «Ці можна кадзіравацца ад харчовай залежнасці?», «Ці правільна працягваць навучанне, калі табе не падабаецца?», «Ці можна спісваць на экзамене?» і гэтак далей.

Яшчэ адзін цікавы праект, якія рэалізоўваецца ў БДУІР з мінулага года, — чат-бот рэктарата ў Telegram. Задаць свае пытанне праз чат-бот кіраўніцтву ўніверсітэта могуць і студэнты, і абітурыенты, і выкладчыкі. Падчас уступнай кампаніі абітурыенты мелі магчымасць праз чат-бот кантактаваць з членамі прыёмнай камісіі, даведвацца аб прахадных балах, шанцах на атрыманне інтэрнату і пра многае іншае. Ідэю адкрыцця прамога канала для зносін адміністрацыі і студэнтаў БДУІР па вырашэнні надзённых пытанняў агучылі самі студэнты на сустрэчах з кіраўніцтвам універсітэта.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Працягваем знаёміць чытачоў з пробамі пяра маладых няштатных аўтараў на тэму любові да Радзімы. Яшчэ крыху — назавём пераможцаў!

Працягваем знаёміць чытачоў з пробамі пяра маладых няштатных аўтараў на тэму любові да Радзімы. Яшчэ крыху — назавём пераможцаў!

У сённяшняй «Чырвонцы. Чырвонай змене» — чарговая падборка найлепшых работ конкурсу «Адзіная краіна — адзіны народ».

Грамадства

Распіліць буралом ці нарэзаць яловых лапак. Як карыстацца лесам па закону, запыталі ў Мінлясгасе

Распіліць буралом ці нарэзаць яловых лапак. Як карыстацца лесам па закону, запыталі ў Мінлясгасе

Распіліць буралом ці нарэзаць яловых лапак. Актуальныя пытанні чытачоў.