Вы тут

Аляксандр і Генадзь Яўсеевы на дваіх аддалі сельскай гаспадарцы больш за 75 гадоў


У агракомплексе «Адраджэнне» ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» працуе легендарны сямейны дуэт братоў Яўсеевых. Для старэйшага Аляксандра Іванавіча гэтае жніво юбілейнае — за плячыма механізатара 45 уборачных сезонаў, малодшы брат Генадзь аддаў сельскай гаспадарцы больш за 30 гадоў.


Генадзь і Аляксандр Яўсеевы.

Здаецца, кожны ў раёне ведае Яўсеевых, а ў гаспадарцы каля аграгарадка Кіраўская на братоў раўняюцца. Не дзіва — старэйшы брат Аляксандр Іванавіч рабіў першыя кругі на сельгасмашыне, калі ў ёй не было нават лабавога шкла — толькі руль і казырок над галавой. З цягам часу — амаль паўвека Яўсееў шчыруе на землях паўночнага рэгіёна — мянялася тэхніка і ўраджайнасць, але нязменным па сёння засталося адно — адданасць і любоў да абранай прафесіі. Хоць у сельскую гаспадарку тады яшчэ юнак Саша трапіў выпадкова: хацеў стаць мараком, але набор на навучанне быў ужо скончаны, таму хлопец, вярнуўшыся на радзіму, пайшоў працаваць у калгас. Пасля пераехаў з Гарадоцкага раёна ў Віцебскі і з 1977 года вядзе афіцыйны адлік сваёй хлебаробчай біяграфіі.

Было на ніве ўсё: высокія дасягненні, званне «перадавіка», падарункі. Следам за ім за камбайн села і дачка Вольга, фота сямейнага дуэта было і ў раённай газеце. Зараз Вольга Аляксандраўна працуе з бацькам у адной гаспадарцы, ён — за штурвалам «Палесся», а яна — у рэстаране хуткага абслугоўвання «У Ганны», развозіць працаўнікам гарачае харчаванне. Аляксандр Іванавіч з жонкай выхавалі траіх дзяцей, яны падарылі бацькам пяцярых унукаў. Самы старэйшы калісьці таксама дапамагаў дзеду на полі ў складзе сямейнага экіпажа. Па звычцы чалавека вясковага Аляксандр Іванавіч з жонкай трымаюць у Кіраўскай вялікую гаспадарку: куры, свінні, агарод. У гарачыя жнівеньскія дні, калі механізатар з раніцы да позняга вечара збірае «золата палёў», аб хатніх справах клапоціцца жонка, стварае мужу надзейны тыл.

Шмат рознай тэхнікі было на працоўным веку Яўсеева, але камбайн Е-516 ён помніць і цяпер. Апантаны аграрый сам прыгнаў яго з-пад Брэста, і жалезны конь верай і праўдай адслужыў 18 гадоў. Сёння, расказвае камбайнер, умовы працы моцна змяніліся: і гарачае харчаванне прывозяць у поле, і спецадзенне выдаюць, кіраўніцтва стварае камфортныя ўмовы і матывуе на высокія дасягненні. Таму і цвёрда стаіць у страі хлебаробаў Аляксандр Іванавіч, не шукаючы славы і высокіх узнагарод, — абы збожжа ўрадзіла і камбайн быў на хаду.

Генадзь і Любоў Яўсеевы.

Прыклад са старэйшага брата ўзяў і Генадзь Іванавіч, ды і ў вялікай сям'і Яўсеевых любоў да земляробства перадавалася ў спадчыну. У калгасе працавалі дзядулі і бабулі, маці была брыгадзірам паляводчай брыгады. Круглы год браты шчыруюць у «Адраджэнні»: падрыхтоўваюць вясной глебу, уносяць угнаенні, праводзяць неабходныя работы, косяць траву і, нарэшце, збіраюць збожжа. Так з дзяцінства навучылі бацькі: калі ўзяўся, то цягні.

На залатой ніве Генадзя, акрамя брата, падтрымлівае дачка, якая працуе ў агракомплексе дыспетчарам, і жонка Любоў Іванаўна — спецыяліст па ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце «Адраджэння». Так і працуюць вялікай і дружнай сям'ёй, разам змагаюцца з цяжкасцямі і радуюцца поспехам. Тры ўнукі і ўнучка — радасць маладых дзядулі і бабулі — ужо ведаюць, наколькі важнай справай займаюцца Яўсеевы. Хлопчыкі з радасцю залазяць у дзедаву вялікую машыну, а ён з пяшчотай і цеплынёй расказвае пра тое, што да духмяных булачак, якія так любяць унукі, ён таксама штогод прыкладае руку. Генадзь Іванавіч марыць, што калісьці разам з дарослымі ўнукамі выйдзе ў поле і пакажа сапраўдны майстар-клас, насуперак усім, хто лічыць сельскую гаспадарку справай сумнай і нецікавай.

Калісьці старэйшы брат Аляксандр уводзіў малодшага ў прафесію, падказваў тонкасці хлебаробства, дапамагаў з цяжкасцямі, якіх у полі было нямала. Зараз вопытны Генадзь сам падстаўляе плячо брату ў розных жыццёвых абставінах. Ці гэта не шчасце — шчыраваць камбайн аб камбайн з роднай душой?

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?