Вы тут

Вячаслаў Нікіфараў дзесяцігоддзямі вызначаў ландшафт нацыянальнага кіно


Фабрыка мрой — гэтак летуценна некаторыя называюць нацыянальную беларускую і ўвогуле ўсякую буйную кінастудыю. Аб тым жа, якія жарсці хаваюцца за гэтымі мроямі, якіх непамерных высілкаў і душэўных выдаткаў каштуе іх вытворчасць, абывацелі, як правіла, і не здагадваюцца. А кінематограф, між іншым, — прамысловасць зусім не лёгкая (хоць да пашыву адзення дачыненне таксама мае). Папраўдзе, фабрыка гэткая можа складацца адразу з некалькіх прадпрыемстваў: ад тых, што спецыялізуюцца на лёгкай прамысловасці і друкарскай справе, да дрэваапрацоўчых і нават машынабудаўнічых.


Шматаспектны вытворчы працэс узначальвае, канешне, рэжысёр. Як галоўная крэатыўная адзінка пастаноўшчык асуджаны ў любых складаных сітуацыях браць на сябе адказнасць за ўсю групу. Словам, праца цяжкая і, паводле прызнання сённяшняга героя, не заўсёды ўдзячная... Ды вабная ж, як ні круці! 13 жніўня, знакавая дата для ўсёй айчыннай кінасупольнасці — 80-годдзе святкуе рэжысёр, сцэнарыст і акцёр Вячаслаў Нікіфараў. З гэтай нагоды ўспамінаем цярністы шлях да гледача заслужанага дзеяча мастацтваў, які вызначаў ландшафт нацыянальнага кіно на працягу дзесяцігоддзяў.

Да вытокаў

Вячаслаў Нікіфараў належыць да ліку тых кінематаграфістаў, якія, нарадзіўшыся не ў Беларусі, здолелі, тым не менш, унесці ў гісторыю нашага кінематографа неацэнны ўклад. На доўгія гады наперад вызначыўшы напрамак яго развіцця, яны ўпісалі свае імёны ў пантэон, не пабаімся гэтага слова, класікаў нацыянальнага кіно. Карацей, да дня сённяшняга Вячаслаў Аляксандравіч падышоў паважаным чалавекам. Пачыналася ж трыумфальнае шэсце лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (за працу над шматсерыйным «Бацькі і дзеці») ды ўладальніка «Залатога арла» (за серыял «Палач») больш чым сціпла…

Будучы запатрабаваны кінематаграфіст нарадзіўся ў далёкім 1942 годзе ў сяле Вясёлае Краснадарскага краю. Не апошнюю ролю ў выбары прафесіі і прывіцці цягі да хараства сыграла навучанне ў 1957–1959 гадах у вячэрняй тэатральна-драматычнай студыі пры Рэспубліканскім рускім тэатры Улан-Удэ. З 1959 года творца пачынае іграць у тэатры, выступае на падмостках Абакана і Разані, у 1968-м жа дэбютуе і на экране. Упершыню ў Беларусь Вячаслаў Нікіфараў трапіў падчас вучобы ва Усерасійскім дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі, прыехаўшы сюды на здымкі кіно ў 1960-я.

Беларусь і асабліва тагачасны Мінск зрабілі на маладога Вячаслава Аляксандравіча вельмі моцнае ўражанне, таму пытання аб вяртанні не стаяла. Паводле выказвання самога рэжысёра, беларуская сталіца заўсёды вабіла яго, а яе архітэктурныя мелодыі і жыццёвыя рытмы рэзаніравалі са струнамі душы. Праз пяць гадоў пасля першага візіту творца вярнуўся, каб зняць тут сваю дэбютную стужку «Бераг прынцэсы Люські». Зробленая для тэлебачання сціплая сярэднеметражная карціна паводле аднайменнага апавядання Алега Куваева пабачыла свет у 1969 годзе пасля заканчэння творцам УДІК (ВГИК).

Нікіфараў скончыў майстэрню аднаго з найбуйнейшых тэарэтыкаў кіно, заснавальніка УДІКа легендарнага Льва Куляшова. Уласна кажучы, дыплом атрыманы, «проба пяра» ўдалася... Новая рэжысёрская работа не прымусіла сябе чакаць — Вячаслаў Нікіфараў бярэцца за экранізацыю аповесці «Зімародак» Юрыя Якаўлева. Аднайменная стужка, створаная на кінастудыі «Беларусьфільм», выйшла на шырокія экраны ў 1972 годзе і абярнулася відавочным поспехам. Поўнаметражны дэбют быў адзначаны прызам ЦК камсамола «Пунсовы гваздзік» (1973) як найлепшы фільм для дзяцей.

Спектр творчасці

Фільм «Зімародак» не толькі запусціў рэжысёрскую кар’еру Вячаслава Нікіфарава, але і азнаменаваў пачатак працяглага, амаль паўвекавога супрацоўніцтва з Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм», вельмі плённага для абодвух бакоў. Да таго ж менавіта на здымках гэтай карціны рэжысёр знаёміцца з акцёрам Уладзімірам Самойлавым, з якім зробіць у будучыні яшчэ не адну стужку. Словам, нездарма прыгодніцкім «Зімародкам» адкрылася і рэтраспектыва ў Музеі гісторыі беларускага кіно. Падрабязная праграма «Спектр творчасці» складаецца з найлепшых стужак у фільмаграфіі майстра.

Пасля першага поспеху малады і амбіцыйны кінематаграфіст з галавою паглыбляецца ў беларускі матэрыял. Вынікам становіцца прэм’ера ў 1973 годзе гістарычнай драмы Вячаслава Нікіфарава «Хлеб пахне порахам» па матывах аповесці Івана Шамякіна «Эшалон у Германію». Стужка рэканструюе абставіны адпраўкі бальшавікамі за мяжу эшалонаў з хлебам у якасці кантрыбуцыі па Брэсцкім мірным дагаворы. Па словах пастаноўшчыка, фільм «Хлеб пахне порахам» стаў для яго выдатным рэжысёрскім практыкаваннем. Працягваў адточваць майстэрства аўтар і падчас працы над наступнай карцінай…

Праз гісторыю аўтарытэтнага старшыні калгаса Якава Русака, які, сыходзячы на пенсію, прапаноўвае на сваё месца нашмат больш адукаванага сына і потым доўга за гэта расплачваецца, стужка «Сын старшыні» 1976 года адлюстравала вечны канфлікт старога і новага, бацькоў і дзяцей. Экранны тандэм бацькі і сына Самойлавых прыйшоўся даспадобы савецкаму гледачу. Знятую ў Бабруйску карціну за першыя 15 месяцаў пракату паглядзелі больш чым 20 мільёнаў гледачоў па ўсім СССР — лічба зусім не маленькая. Зрэшты, сам рэжысёр ацэньвае работу невысока, як, дарэчы, і абедзве наступныя.

Пастаўленая па матывах аповесці «Ленькіна ўдача» (1974) Мікалая Кругавых сацыяльна-псіхалагічная драма «Абочына» 1978 года «аб буднях „бездухоўнага накапляльніка“, ва ўтульным маленькім свеце якога рэчы ўладараць над людзьмі», стала для рэжысёра чарговай прыступкай на шляху да першых «сапраўдных» дасягненняў. Таксама як стала чарговай прыступкай і адрасаваная дзіцячай аўдыторыі бесклапотная камедыйна-прыгодніцкая стужка «Ціхія троечнікі» (1980), прысвечаная вясёлым прыгодам двух неразлучных троечнікаў, якія нечакана для сябе ўсведамляюць вартасць ведаў.

Высакародны разбойнік

Рэжысёрскі патэнцыял Вячаслава Аляксандравіча ўпершыню па-сапраўднаму праявіўся падчас працы над экранізацыяй апавядання Васіля Быкава «На сцежцы жыцця» (1958). Лірычная драма «Фруза» па матывах названага твора пабачыла свет у 1981 годзе. Аўтары знайшлі паразуменне, што яўным чынам адбілася на якасці экраннага ўвасаблення сюжэта аб буднях непрыкметнай вахцёркі ў першыя пасляваенныя гады. Падкрэслена ўмоўная манера здымкі, пэўная тэатральнасць у спалучэнні з надзвычай тонкай ігрой Таццяны Куліш у вобразе Фрузы набліжаюць фільм да жанру прытчы.

Гэтак, карціна за карцінай, Вячаслаў Нікіфараў напрацаваў сабе імя і з маладога спецыяліста ператварыўся ў вопытнага рэжысёра. Яму пачалі даручаць і больш адказныя праекты. Напрыклад, пастаноўку маштабнага кінарамана «Бацькі і дзеці» паводле тургенеўскай класікі. Чатырохсерыйны фільм, упершыню паказаны гледачам у 1984 годзе, увайшоў у гісторыю як адна з найлепшых — калі не самая лепшая! — экранізацый твора. У хуткім часе рэжысёру выпала магчымасць папрацаваць і над увасабленнем на экране твора Пушкіна «Дуброўскі». Прэм’ерны паказ прыгодніцкай меладрамы пад назвай «Высакародны разбойнік Уладзімір Дуброўскі» адбыўся ў 1988 годзе.

У 1980-я гады на кінастудыі «Беларусьфільм» творца паспеў зрабіць яшчэ дзве поўнаметражныя стужкі: дзіцячы прыгодніцкі тэлефільм «Вялікая прыгода» (1985) аб групе сяброў-піянераў, якія выправіліся ў паход па родным краі, і гераічную драму «Год сорак першы» (1986), што стала часткай працяглага тэлевізійнага цыкла «Дзяржаўная граніца». Распад Савецкага Саюза азнаменаваўся заняпадам індустрыі дзяржаўнай фільмавытворчасці, але, нягледзячы на ўсе складаныя ўмовы, апошняе дзесяцігоддзе XX веку абарочваецца для кінематаграфіста часам вялікіх творчых дасягненняў.

1993 год становіцца ў пэўным сэнсе вызначальным у творчым жыцці рэжысёра. На экраны выйшла фантасмагорыя «Душа мая, Марыя» — магчыма, найвялікшая карціна ў кар’еры пастаноўшчыка. Хаця шырокага розгаласу стужка не займела, а айчынны глядач сустрэў яе, мякка кажучы, халаднавата (затое фільм быў адзначаны за мяжой), тым не менш мае вельмі важнае значэнне для гісторыі беларускага кінематографа. Смелая прытча аб пажылым самагоншчыку, які працягвае жыць у апусцелай пасля чарнобыльскай катастрофы вёсцы, адкрыла тэму наступстваў страшнай аварыі для ігравога кіно Беларусі.

Новае стагоддзе супала з плённым этапам у творчасці. Апошнімі гадамі Вячаслаў Аляксандравіч шмат ствараў для расійскага кінарынку, прыклаў руку да многіх вострасюжэтных і меладраматычных тэлепраектаў (напрыклад, серыялаў «Забойная сіла», «Капітанскія дзеці», «Палач», фільмаў «Карусель», «Вышыня 89» і іншых). На Беларусьфільм мэтр вярнуўся адносна нядаўна ды адразу на пасаду мастацкага кіраўніка студыі. Зрэшты, прапрацаваў на ёй нядоўга, бо спыняць уласную творчасць не збіраўся. Вярнуўшыся да вытокаў, майстар, як калісці, здымае дзіцячую карціну. У 2017 годзе свет пабачыў першы за доўгі час беларускі фільм Вячаслава Нікіфарава «Тум-Пабі-Дум».

Бернард ЗАТЫЛКІН

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.