Вы тут

Васіль Каваль — пісьменнік з моцнай сувязі з зямлёй, вёскаю, сялянствам


Каб даведацца, што за людзі былі пісьменнікі, якія ўваходзілі ў літаратуру ў 1920-я і пазнейшыя гады, з кім хаўрусавалі, наколькі актыўна ўдзельнічалі не толькі ў літаратурным, але і ў грамадскім жыцці, часта не абысціся без успамінаў Яна Скрыгана. Ён з многімі сябраваў і ўвогуле быў такім, пра каго можна сказаць: душа-чалавек. Асабліва шмат сведчанняў у яго кнізе «Некалькі хвілін чужога жыцця». Іх дастаткова для таго, каб «чужое жыццё» тых, пра каго ён апавядае, стала ў нечым і тваім. Гэтым разам мяне цікавіць Васіль Каваль. Каб лепш спазнаць яго, не абысціся без «дапамогі» іншых літаратараў. Найперш вядомага крытыка Янкі Казекі, які ўвёў ва ўжытак цікавыя архіўныя матэрыялы. Спачатку яны ўвайшлі ў артыкул «Васіль Каваль. Літаратурны партрэт», апублікаваны ў першым нумары часопіса «Полымя» за 1966 год, а пасля былі змешчаны ў яго кнізе «Падарожжа ў маладосць» (1984).

 


Сіла свежая, зямная

Нарадзіўся Васіль Каваль (Васіль Пятровіч Кавалёў) 4 жніўня 1907 года ў вёсцы Сава Горацкага павета (цяперашні аднайменны раён на Магілеўшчыне). У «Кароткім жыццяпісе» пра сябе паведаміў, што спачатку вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, а пасля ў Шышаўскай ІІ ступені і ў Горацкай. У 1925 годзе паступіў ў Магілёўскі педагагічны тэхнікуме. Прызнаваўся: «Беларусізатарскі рух абудзіў ува мне імкненне да роднай мовы. І я, наколькі здолен, буду працаваць на карысць яе». Янка Казека адшукаў і анкету паступлення Васіля Каваля ў літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». У графе «Калі пачаў пісаць?» — сведчанне: «Вясной 1925 года».

Да заявы прыкладзены тэксты трох вершаў — «Павуціннай рэжуць сеткаю», «Вясковае» і «Начное». Аднак дэбютаваў ён не гэтымі творамі, што не былі надрукаваны. Да чытача ўпершыню прыйшоў у 1926 годзе з вершам «Пра вёску» і апавяданнем «Легенда», змешчанымі ў другім нумары часопіса «Аршанскі маладняк», а таксама з апавяданнем «Жніўнае свята» — яно ўвайшло ў калектыўны зборнік «Ураджайнае свята». 

Ды не ў паэзіі было яго прызванне. У гэтым пераконвае верш «Пра вёску»:

Вёска!
пра цябе й песня
не маўчыць крывымі загонамі.
І напеў малады так і пеніцца,
так і гоніцца
ў даль разгонную. 

Нават для маладнякоўцаў-пачаткоўцаў занадта агульна і трафарэтна: «Хоць крывыя стрэхі жалкуюць, // Хоць плачуць часам заваліны, // мы — над старым агнявое будуем, // мы — электрыкай сэрца запалім!». Таму і ўзяўся настойліва і ўпэўнена асвойваць празаічную дзялянку. Ужо ў 1926 годзе выступіў з некалькімі апавяданнямі. І не толькі ў «Аршанскім маладняку», але і ў «Маладняку», «Маладым аратым», «Чырвоным сейбіце», «Савецкай Беларусі». 

Праз год дачакаўся першай кнігі «Як вясну гукалі». У 1928-м з’явілася другая — «На загонах», у 1929-м—трэцяя, «Крыніца». Наступным годам часопіс «Полымя» даў абвестку, што ў Беларускім дзяржаўным выдавецтве знаходзіцца рукапіс зборніка яго апавяданняў «Сны аб крыллях». Праўда, па невядомых прычынах свет ён не пабачыў. Сябры па пяры ад творчасці Васіля Каваля былі ў захапленні, аб чым засведчылі рэцэнзіі Тодара Глыбоцкага (псеўданім паэта Алеся Дудара), Барыса Мікуліча, Алеся Пальчэўскага…

Ты мяне сёння пахваліш, а заўтра я цябе? Магчыма, у нечым і так. У маладнякоўцах пачуццё локця было моцнае. Але праўдзіва і тое, што проза Васіля Каваля ўсё ж вартая высокай ухвалы. Тодар Глыбоцкі не крывіў душой, калі сведчыў: «<...> у яго ёсць шмат непасрэднай свежасці, у яго творах пульсуе сапраўднае, непадробнае жыццё», дадаючы: «Жыве ў ім свежая зямная сіла». 

Тое, што сэрцу блізка

Уступаючы ў «Маладняк», Васіль Каваль падкрэсліваў: «Я — сын вёскі». Такім і застаўся на працягу ўсяго свайго жыцця. Невыпадкова, што шмат хто ўспрымаў яго «лірыкам-апавядальнікам», «паэтам зямлі». Пры гэтым маючы на ўвазе, што быў паэтам у прозе. Аднак у нечым і рамантыкам. Прамоўленае персанажам Юрасём з апавядання «Сяльчане»: «Хочацца мне думаць думы шырокія, звонкія і ізноў ісці ўдаль, па нязведаных сцежках ісці», — гэта і тое, што жыло ў яго сэрцы. 

З душой разнасцяжнай, з сэрцам трапяткім ішоў ён па жыцці. Яму пастаянна хацелася прыгожага, светлага. Тым не менш зводзіць у яго творчасці ўсё да лірычасці, паэтычнасці — не толькі памылкова, але і аднабакова. Вядома, любіў вёску, яе людзей, захапляўся прыродай, мілагучнасцю роднай мовы. Толькі не мог прайсці і міма таго, што гэтай любові, гэтай прыгажосці, гэтаму захапленню не адпавядала. 

Заўважаў «крывыя загоны», бачыў, як «плачуць часам заваліны». Бо быў яшчэ і рэалістам. І вясковае жыццё ведаў не па словах — сутыкаўся з ім штодня. Не толькі ў маленстве. Некаторы час жыў у Савах, даглядаючы хворую маці. Тое, што засведчана ў апавяданні «Сяльчане», не прыдуманае, не абагульнены малюнак забітай, глухой вёскі, а рэальнасць: «Гнілая салома валіцца са страхі, таму што гніе хата, вуглы абавальваюцца. Пры сонцы й вясне выглядае вясёлай, хоць вокны ў хаце плачуць, як у хворага старца вочы».

Апавяданне «Сяльчане» — характэрнае для яго ранняй творчасці. Безумоўна, няцяжка заўважыць у ім адсутнасць сюжэтнай зладжанасці. Асобныя эпізоды выглядаюць як пэўныя замалёўкі. Хоць прычына гэтага не толькі ў творчай нявопытнасці. Жыццё вёскі Чмарава пададзена праз успрыманне героя апавядання Юрася, які як бы выхоплівае тое, што гэтым разам запыніла яго ўвагу. Вёску ён любіць, але прагне іншага, больш прыстойнага жыцця. Таму імкнецца ў горад. У творы відавочны аўтабіяграфічныя моманты, як і ў апавяданнях «Поле без межаў», «Як вясну гукалі».

Пішучы пра сучасную яму вёску, Васіль Каваль, аднак, не ўхіляўся і супярэчнасцей, што назіраліся ў ёй. Прынамсі, у апавяданні «Ліпы» праўдзіва адлюстравана не толькі сацыяльнае расслаенне сяла. Назіраецца канфлікт, характэрны для часу вялікіх змен у жыцці грамадства — паміж бацькамі і дзяцьмі. Гэта пісьменнік таксама паказаў праўдзіва. Як і тое, што старэйшых па ўзросту таксама нельга прычэсваць пад адзін грабянец. Можна згадаць і іншыя творы, у якіх адчуваў сябе ўпэўнена, пішучы пра тое, што добра ведаў і да чаго ляжала яго душа, аднак... 

На жыццёвых і творчых ростанях

У другой палове 20-х гадоў вульгарна-сацыялагічная крытыка, безумоўна, была не такой актыўнай, а галоўнае — не гэтакай ваяўнічай, агрэсіўнай, як і ў першай палове 1930-х. Ды было відавочна, што на першых абвінавачаннях пісьменнікаў не спыніцца. Не мог не адчуваць гэтага і Васіль Каваль. Хоць канкрэтных сведчанняў няма, але ўскосна наконт праўдзівасці гэтага гаворыць прызнанне Алеся Пальчэўскага, што Васіль кінуў вучобу невыпадкова, а «спасылаючыся на вялікую ўнутраную патрэбу пісаць. Нібы прадчувала яго сэрца, што кароткая дарога адмерана яму ў жыцці». 

Алесю Восіпавічу нельга не верыць. З Васілём яны не толькі разам вучыліся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, але і кватаравалі. Не маглі не давяраць адзін аднаму. Значыць, ён прызнаваўся сябру, што вучоба пачакае. Важней ажыццявіць задуманае.

Толькі і тут было не ўсё так проста. Разумеў, што тое, чаго патрабавала ад пісьменнікаў крытыка, не заўсёды адпавядала яго душэўнай патрэбе. Сын вёскі, ён хацеў і далей апяваць яе. Але такую, якую цудоўна ведаў і якую любіў. Ды гэта была своеасаблівая любоў. Як да каханай жанчыны. Ёю захапляешся, без яе жыцця не ўяўляеш, даруеш, калі нешта адбываецца не так, як табе хацелася б. Толькі не змусіш сябе так ставіцца да той, якая не імпануе. 

Цяпер жа стваралася сітуацыя, калі трэба было пайсці на гэта. Вітаючы змены ў жыцці краіны, ён не заўсёды быў падрыхтаваны да таго, як пра іх пісаць. Яну Скрыгану скардзіўся: «Самае страшнае, што я стаў не верыць сабе як пісьменніку». Шукаў парады, падтрымкі, але адначасова і падказваў выйсце, якое ў гэтай сітуцыі, на яго думку, было найбольш прымальным і правільным: «Можа, на які час перастаць пісаць, можа, дзе паездзіць па людзях, пабыць на будоўлях, нарэшце, на год ці на два стаць рабочым. І вось мучуся гэтым, маладушнічаю і перажываю. А пісьменніку быць нясмелым — проста няможна».

Ян Скрыган у сваіх згадках не толькі перадаў тое, у чым прызнаваўся яму Васіль, а зірнуў на сітуацыю з вышыні пройдзеных дзясяцігоддзяў: «Першыя кнігі Васіля Каваля — гэта паэмы пра зараваны край, пра вёскі і спрадвечны лад селяніна. Гора, бяда, нараджэнне і смерць, праца і ўслаўленне яе, паказу гэтага ладу жыцця падпарадкавана ўся паэтыка Кавалёвай творчасці. І раптам усё гэта гіне. Калгасы. Яны бязлітасна перайначваюць базу, а значыць, і спрадвечны патрыярхальны лад жыцця. Свядомасць. Псіхіку. Пісьменніку трэба быць наперадзе часу, паказваць менавіта перайначаную псіхіку, а вобразы да гэтага не гатовы, фальшывяць... І самыя блізкая і родная тэма — вёска, яе побыт, паэтычны і песенны лад — робіцца непапулярнай, асучасванне яе выглядае падробкай». 

У кожнага — сваё шчасце

Шукаючы сваіх герояў, Васіль Каваль «пайшоў у людзі». Зрабіў тое, чым кіраваліся ў тыя гады і пазней многія пісьменнікі. Пры стварэнні калгасаў наведваўся ў вёскі, бываў на новабудоўлях, прамысловых прадпрыемствах. Пасля выступаў у друку з нарысамі. Не сказаць, каб яны чымсьці асабліва вызначаліся. Тое ж тычыцца і апавяданняў «Дзень палымнее» і «Экзамен», хоць, здавалася б, жыццё чырвонаармейцаў, выхадцаў з сямей сялян і рабочых, пра якіх расказваў, ведаў, як свае пяць пальцаў: у 1931–1934 гадах служыў у войску.

Аднак апавяданне «Шчасце Сілавея Зязюлі», што стала адным з апошніх, напісаных ім, усё ж можна залічыць у яго творчыя набыткі. Хоць сустракаюцца і процілеглыя думкі. Маўляў, гэта нешто іншае, як ідэалізацыя калгаснага жыцця. Ды не трэба забываць, што і ў час абагульнення зямлі былі розныя гаспадаркі. Як і таго, наколькі неаднолькава ставіліся да гэтага сяляне. Былі і Сілавеі Зязюлі, якія радаваліся зменам, лічылі сябе шчаслівымі, ахвотна працавалі ў новых умовах.

Аб пошуках Васілём Кавалём сваіх герояў, адлюстраванні ім малавядомых бакоў жыцця сведчыць апавяданне «Ілька». Яно пра тое, як цыганы вырашылі працаваць на зямлі. З просьбай аб спрыянні ў гэтым накіравалі да гарадскога начальства свайго маладога суайчынніка Ільку. У творы гучыць і матыў жыццёвай непрыкаянасці гэтага народа: «Скрыпяць кібіткі цыганскія, уздымаюць пыл на дарогах. Вязуць цыганы ў кібітках гора, вякамі незалечанае. Праклятыя страшным богам, цёмныя, беспрытульныя валацугі — людзі сярод іншых людзей. Якая песня цыганская адаб’е пакуты? Едуць з месца на месца — цесна ім на зямлі... Маладая цыганка спявае... Старая маці плача... Скрыпяць кібіткі цыганскія...»

Зрабіў Васіль Каваль унёсак і ў дзіцячую літаратуру, напісаўшы аповесці «Санька-сігналіст» і «Следапыты». А жывучы ў роднай вёсцы, у 1926 годзе ў Савах і навакольных населеных пунктах запісваў народныя песні і казкі, якія даслаў у фальклорную камісію Інстытута беларускай культуры. Несумненна, мог напісаць яшчэ шмат. Толькі жыцёвы лёс аказаўся няўдачным. Пайшоў у вечнасць 29 кастрычніка 1937 года. 

Творчая спадчына яго не такая і вялікая, але найлепшае з яе заслугоўвае таго, каб памятаць, што быў у нашай літаратуры такі таленавіты празаік. Праўдзіва і правільна сказала пра яго Таіса Грамадчанка ў сваім артыкуле, змешчаным у калектыўнай літаратуразнаўчай працы «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20-30-х гадоў» (1985), зрабіўшы такую выснову: «Далёка не ўсе з тых, чый творчы шлях пачынаўся ў 20-я гады, сталі вядомымі пісьменнікамі, як К. Чорны, М. Лынькоў, П. Броўка, К. Крапіва. На гэта былі свае суб’ектыўныя і аб’ектыўныя прычыны. Ды, безумоўна, у кожнай літаратуры заўсёды былі і будуць побач з зоркамі першай велічыні таленты менш яркія, якія, аднак, таксама ўносяць у яе развіццё досыць важкі ўклад». 

Вадзім НІЧЫПАРЭНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Драмлёва: Жудасны попельны верасень

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Драмлёва: Жудасны попельны верасень

У пякельным драмлёўскім агні абарваліся жыцці 183-х чалавек.