Вы тут

Лукашэнка: Па прадукцыі сельскай гаспадаркі правалаў быць не павінна


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ «Мінскі малочны завод нумар 1» — кіруючая кампанія холдынга «Першы малочны». У склад холдынга ўваходзіць пяць вытворчых участкаў, размешчаных у Мінску, Маладзечанскім, Валожынскім, Вілейскім і Мядзельскім раёнах, сельскагаспадарчыя вытворчыя філіялы «Дрычын» Пухавіцкага раёна і «Новыя Зялёнкі» Чэрвеньскага раёна, сельгаспрадпрыемства ААТ «Новая Любання», гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Гарадскі завод № 1».


На нядаўнім пасяджэнні Савета Міністраў, прысвечаным функцыянаванню эканомікі ва ўмовах санкцый, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло далажыў, што ёсць праблема з упакоўкай прадукцыі ў тэтрапак. На што кіраўнік дзяржавы заўважыў, што людзі павінны атрымаць прадукт, да якога яны прывыклі, няхай і ў іншай упакоўцы.

У час наведвання мінскага малочнага завода Аляксандр Лукашэнка даручыў да канца года наладзіць у Беларусі вытворчасць упакоўкі для прадуктаў харчавання: «А то будзем зноў рукамі разводзіць. Хімічная прамысловасць у нас суперразвітая, а мы не можам цырату гэту вырабіць. Каб да канца года ўпакоўка была». Раней упаковачны матэрыял для некаторых відаў прадукцыі, у прыватнасці і малака, беларускія прадпрыемствы закуплялі за мяжой. Цяперашнія цяжкасці паўплывалі і на аб'ёмы прадукцыі на ўнутраным рынку. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што задачы па імпартазамяшчэнні ставяцца не першы год. Адказнасць за наладжванне вытворчасці ўпакоўкі для харчавання ён усклаў на міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігара Брыло. Кантраляваць гэта пытанне даручана віцэ-прэм'еру Леаніду Зайцу.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне павінна быць арганізавана і вытворчасць неабходных запчастак для імпартнага абсталявання. «Тое ж самае: або няхай на каленях точаць тое, што трэба (шасцярэнькі, балты, гайкі), або ж шукаюць іншыя варыянты. Але лепш, вядома, вырабляць у сябе. Вось дзве пазіцыі — упакоўка і запасныя часткі да імпартнага абсталявання — да канца года павінны быць прапрацаваны», — запатрабаваў ён.

З-за пераарыентацыі прадпрыемстваў на больш маржынальны экспарт пастаўкі натуральнамалочнай прадукцыі на ўнутраны рынак аселі. Своечасова сарыентавацца ўлады не паспелі, таму і не былі прыняты папераджальныя меры. «Вы забяспечце ўнутраны рынак, каб людзі былі накормленыя, а тады вязіце, куды хочаце, дзе вышэйшая цана. Я ж не супраць. Я ж за тое, каб вы атрымалі вялікі прыбытак. Але не за кошт таго, што Мінск будзе хадзіць і шукаць бутэльку малака, якога ў нас дастаткова ў краіне. Па прадукцыі сельскай гаспадаркі гэтых правалаў быць не павінна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын прапанаваў на асобныя пазіцыі малочнай прадукцыі павялічыць цэны. Паводле яго слоў, гэта дасць магчымасць паправіць эканамічнае становішча прадпрыемстваў. «Мы не хочам нажывацца, але па нейкіх пазіцыях павінен быць іншы ўзровень рэнтабельнасці», — сказаў ён.

«Ты прапануеш падняць цэны на натуральнамалочку?» — удакладніў Прэзідэнт. Старшыня Мінаблвыканкама растлумачыў, што па некаторых пазіцыях, а не па ўсіх.

«Дык малако і кефір людзі сёння ў асноўным і бяруць. Што будзем рабіць з пенсіянерамі? Ну што тут гаварыць. Разлічваць на тое, што цэны вырастуць... Давайце больш надояў. Тады будзе і вышэйшая рэнтабельнасць», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ў дзяржавы ёсць сацыяльныя абавязацельствы і забываць аб іх не трэба. А галоўнае, па словах кіраўніка дзяржавы, павышаць прыбытковасць прадпрыемстваў трэба ў першую чаргу за кошт эфектыўнай вытворчасці, а не павышэння цэн.

Няма чаго плакацца, што ўпакоўкі не хапае

Таксама зайшла размова аб дазагрузцы магутнасцяў па перапрацоўцы малака. Аляксандр Турчын расказаў, што прадпрыемствам Мінскай вобласці патрэбны дадатковыя вытворчасці, каб перапрацаваць усю прадукцыю, а ў нейкіх рэгіёнах магутнасці, наадварот, вытворчасці не загружаны. Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць гэта пытанне, каб вырашыць яго на працягу месяца.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай завода і наведаў лабараторыю, дзе кантралююцца ўсе нюансы: ад якасці малака да ўпакоўкі. Тут зноў размова зайшла аб імпартазамяшчэнні. Супрацоўнікі завода прадэманстравалі Прэзідэнту розныя варыянты ўпакоўкі. Кошт асобных відаў адрозніваецца ў два разы. Прэзідэнт звярнуў увагу, што і гэты аспект уплывае на канчатковую цану прадукцыі. «Шукайце тут сабекошт», — параіў ён Аляксандру Турчыну. Кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў, што для таго, каб даць насельніцтву малако, праблем няма.

Таксама Аляксандру Лукашэнку прадставілі ўзоры прадукцыі, якую вырабляе холдынг. У тым ліку сыр з блакітнай цвіллю, малако, смятану, масла, тварожныя прадукты, ёгурты і многае іншае. Прэзідэнт прадэгуставаў некаторыя з іх, у тым ліку сыр з цвіллю. «І завошта яго людзі любяць?..» — сказаў ён, прызнаўшыся, што ў яго ўсё ж больш традыцыйныя смакавыя прыхільнасці.

«Малайцы, усё робіце нармальна. І няма чаго плакацца, што ўпакоўкі не хапае», — падвёў вынік наведвання беларускі лідар.

Карыстаючыся выпадкам, губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын паднёс Аляксандру Лукашэнку каравай у гонар першага мільёна тон збожжа, намалочанага ў вобласці. Пакуль у рэгіёне ўбрана каля паловы плошчаў, таму аграрыі сталічнага рэгіёна разлічваюць на двухмільённы каравай. Каравай-мільённік па даручэнні Прэзідэнта размесцяць у Палацы Незалежнасці ў якасці экспаната.

Дарэчы

«Мерапрыемства ў графіку Прэзідэнта для ўсіх узнікла вельмі нечакана. Першапачаткова прапаноўваўся зусім іншы фармат — інспекцыя ўборачнай кампаніі. Фармат традыцыйны — гэта агляд поля, магчыма, малочнатаварнага комплексу. Але ўборачная кампанія ідзе поўным ходам. І ў гэтым плане, вядома, усё добра, у Прэзідэнта ўсё на пастаянным кантролі. Таму Прэзідэнт прыняў рашэнне прысвяціць мерапрыемства тэме перапрацоўкі малака. Уся справа ў тым, што Прэзідэнт чуе сігналы, якія паступаюць з Мінска ад жыхароў сталіцы, аб тым, што нібыта дзесьці тут на ўнутраным рынку, у сталіцы, не хапае малочнай прадукцыі, і ў прыватнасці натуральнамалочнай», — расказала журналістам прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант.

Такім чынам, Прэзідэнт адрэагаваў на гэтыя сігналы і прыехаў на адзін з заводаў, які якраз і забяспечвае сталіцу малаком, каб паглядзець, як насамрэч ідуць справы.

«Адразу хачу сказаць і ў гэтым выпадку хачу падкрэсліць, што якіх-небудзь праблем з забеспячэннем сталіцы малаком і натуральнамалочнай прадукцыяй Прэзідэнт не ўбачыў. Як няма і не будзе праблем з забеспячэннем у цэлым унутранага рынку Беларусі якімі-небудзь прадуктамі харчавання, будзе гэта мяса, рыба ці малако», — сказала прэс-сакратар.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.