Вы тут

Меліса, мята, мацярдушка... 6 травяных чаёў, якія нагадаюць пра лета


Лета скончыцца, але ў дажджлівую восень і зімовую сцюжу мы можам прыгадаць яго, заварыўшы кубачак травянога чаю. Фітачаі не толькі смачныя, але і маюць лячэбныя ўласцівасці. Дарункі лугоў і палёў можна нарыхтаваць самаруч або купіць у аптэцы, а ў якіх выпадках яны прынясуць найбольшую карысць, мы вам раскажам.


Фота: pixabay.com

Чай з мяты. Лісце мяты ўтрымлівае эфірны алей, руцін, вітаміны, мікраэлементы, флаваноіды. Напой з мяты мае далікатны водар і прыемны смак, выдатна спаталяе смагу. Дзякуючы ментолу гэты чай асвяжае, супакойвае і расслабляе, дорыць моцны сон і энергію для новых спраў.

  • Каму карысны. Пры прастудзе ментол аблягчае дыханне, а вітамін С, які ёсць у лісці мяты, умацоўвае імунітэт. Чай з мяты дабратворна ўплывае на страваванне, паляпшае працу сасудаў і сэрца, спрыяе вываду лішняй вадкасці з арганізма. Спазмалітычныя ўласцівасці мяты дапамогуць жанчынам пры балючых месячных.

Чай з мелісы. Расліна ўтрымлівае цытранелаль, дзякуючы якому меліса мае цытрынавы пах. Лісце багатае эфірнымі алеямі, біяфлаваноідамі, вітамінамі, арганічнымі кіслотамі, дубільнымі рэчывамі, а таксама ў ім ёсць такія важныя мікраэлементы, як селен, калій, цынк, магній.

  • Каму карысны. Напой з мелісы можа дапамагчы пры мігрэні і ацёках, супакоіць нервовую сістэму. Як і мята, меліса мае здольнасць прыносіць палёгку пры прастудных захворваннях і жаночых недамаганнях, паляпшае страваванне і працу сэрца.

Чай з мацярдушкі (арэгана). Мацярдушка не толькі прыправа да мясных страў, але і карысны духмяны напой, багаты на фенолы, флаваноіды, мікраэлементы, вітаміны і іншыя біяактыўныя рэчывы, якія надаюць расліне бактэрыцыдныя ўласцівасці.

  • Каму карысны. Чай з мацярдушкі п’юць пры хваробах верхніх дыхальных шляхоў, а таксама як жаўцягонны сродак. Ён паляпшае страваванне, дабратворна ўплывае на стан скуры, аказвае заспакаяльнае дзеянне. Дзякуючы эстрагенам мацярдушка дапамагае жанчынам аднавіць рэгулярнасць месячных, палягчае сімптомы клімаксу.

Чай з шалфею. Расліна багатая на вітаміны, поліфенолы, арганічныя кіслоты, а таксама эфірны алей, з якога навукоўцы вылучылі натуральныя бактэрыцыдныя рэчывы. Напой з шалфею мае прыемны смак і ўмацоўвае імунную сістэму, запавольвае працэсы старэння, ачышчае кроў.

  • Каму карысны. Бактэрыцыдныя ўласцівасці шалфею дапамогуць пры ангіне, стаматыце. Даследаванні паказалі, што ўжыванне чаю з шалфеем змяншае ўзровень цукру ў крыві. Шалфей паляпшае кагнітыўныя функцыі, умацоўвае косці дзякуючы ўтрыманню ў ім вітаміна К. Палягчае сімптомы менапаўзы.

Чай з пладоў шыпшынніка. Гаючыя ўласцівасці шыпшынніка, далікатны прыемны смак і водар гэтага чаю вядомыя кожнаму. Чай з шыпшынніка ўмацуе сэрца і павысіць жыццёвы тонус, бо ў ім сапраўдная прыродная кладоўка вітамінаў і біяактыўных рэчываў. Збіраць шыпшыннік можна да кастрычніка.

  • Каму карысны. Шыпшыннік падтрымлівае здароўе сэрца і сасудаў. Вітамін С у яго складзе дапаможа супрацьстаяць інфекцыям, умацаваць імунітэт. Чай з шыпшынніка незаменны пры прастудзе. Па некаторых даследаваннях, шыпшыннік памяншае запаленне і боль пры артрытах, а дзякуючы антыаксідантам супрацьстаіць старэнню скуры.

Чай з чабару. Чабор мае цэлы спектр карысных уласцівасцяў, бо расліна багатая на фенолы, флаваноіды, дубільныя рэчывы і горычы. Напой надае бадзёрасць, паляпшае апетыт.

  • Каму карысны. Здаўна напой з чабару прымяняецца пры лячэнні прастудных захворванняў. Ён дапаможа і пры хваробах страўнікава-кішэчнага тракта. Станоўча ўплывае на сэрца і сасуды. Цімол, які ёсць у эфірным алеі чабару, адрозніваецца супрацьзапаленчымі і абязбольваючымі ўласцівасцямі. Жанчынам гэты напой прынясе карысць пры балючых месячных.

Ці ўсім можна піць травяныя чаі?

Любая трава можа мець супрацьпаказанні, якія адносяцца і да чаю з яе. Злоўжываць расліннымі напоямі не варта, інакш можна нанесці шкоду здароўю. Трэба памятаць, што для лячэбных мэт травяныя чаі п’юцца толькі пасля кансультацыі з доктарам. 

Агата СЛАВІНА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.