Вы тут

Вяртанне «вялікай дэпрэсіі». Чаму свет апускаецца ў рэцэсію?


Міжнародны валютны фонд (МВФ) змяніў у бок пагаршэння прагноз сусветнай эканомікі на найбліжэйшыя два гады, паведаміў Euronews. Спецыялісты адзначаюць сярод прычын такога рашэння паскораную інфляцыю, якая пацягнула за сабой больш жорсткую палітыку многіх цэнтрабанкаў. Галоўны эканаміст МВФ П'ер-Аліўе Гурынша адзначае, што глабальная эканоміка яшчэ не справілася з наступствамі пандэміі і ўкраінскім крызісам. Цяперашнія перспектывы, на яго думку, нявызначаныя. Рост вытворчасці ў свеце быў зменены ў бок паніжэння да 3,2 працэнта сёлета і да 2,9 працэнта налета. Прагнозны ўзровень інфляцыі павышаны да 6,6 працэнта ў краінах з развітой эканомікай і 9,5 працэнта ў дзяржавах з рынкам, які фарміруецца, і тых, што развіваюцца. Пры гэтым эксперты валютнага фонду не выключаюць ужо налета новай глабальнай рэцэсіі (запаволення эканамічнага росту). Чаму так адбываецца?


Удар па «зумерах»

ФРС ЗША зноў падняла ключавую працэнтную стаўку, каб справіцца з ростам інфляцыі. Гэты прыклад узяў і Еўрапейскі цэнтральны банк, павысіўшы паказчык упершыню за 11 гадоў. Аднак гэтыя захады не змогуць спыніць стагнацыю эканомікі, якая прывядзе да рэцэсіі, адзначыў Baltnews. Эканамічны крызіс ударыў не толькі па краінах трэцяга свету, якія ўжо сур'ёзна асцерагаюцца голаду, але і па наймацнейшых эканоміках Захаду. Жыхары ЗША і ЕС пачынаюць адчуваць фінансавы націск з-за шалёнага росту інфляцыі, якая прымушае выдаткоўваць больш на бензін, камунальныя паслугі, прадукты.

Прычым, як адзначае Reuters, у Злучаных Штатах мацней за ўсё бягучыя праблемы ў эканоміцы адбіваюцца на маладых і малазабяспечаных людзях. Спажыўцы пакалення Z і людзі з нізкім крэдытным рэйтынгам ужо не ў стане выплачваць свае даўгі і аўтакрэдыты. Пры гэтым крэдыты ў краінах Захаду стануць яшчэ даражэйшымі, што ўдарыць па спажыўцах і пакупніцкай здольнасці насельніцтва. Прычым мацней за ўсіх пакутаваць будуць людзі без назапашванняў, гэта значыць малазабяспечаныя і маладыя.

Многія эксперты прызнаюць, што эканамічны крызіс пачаўся зусім не з-за спецаперацыі Расіі ва Украіне. Эканоміка ЗША і ЕС некалькі гадоў стагнавала і паступова набліжалася да рэцэсіі. Асабліва моцна гэта стала заўважна падчас пандэміі ў 2020 годзе. Зрэшты, тады справы ў амерыканскіх спажыўцоў усё ж выглядалі нядрэнна. Банкаўскія рахункі грамадзян ЗША папаўняліся за кошт дзяржаўных стымулаў, ільгот па студэнцкіх крэдытах і зберажэнняў. Спажыўцы мелі фінансавую падушку і выдаткоўвалі грошы, нягледзячы на запаволенне эканомікі і інфляцыю. Зараз сітуацыя ўжо змяняецца. Як адзначыў прэзідэнт і галоўны выканаўчы дырэктар VantageScore (кампанія па распрацоўцы мадэляў крэдытных рэйтынгаў) Сільвіа Таварэс, некаторыя амерыканцы перарасходавалі ўласныя фінансы, пры гэтым выплачваючы менш даўгоў па сваіх крэдытных картах.

Улады зайшлі ў тупік

У Міжнародным валютным фондзе лічаць, што Злучаным Штатам наўрад ці ўдасца пазбегнуць рэцэсіі ў эканоміцы. Пра гэта заявіў галоўны эканаміст фонду П'ер-Аліўе Гурынша, паведаміла ТАСС. «Улічваючы бягучыя ўмовы, верагоднасць таго, што эканоміка ЗША зможа пазбегнуць рэцэсіі, насамрэч даволі малая», — адзначыў эксперт. Паводле яго слоў, у наступным годзе тэмпы эканамічнага росту прагназуюцца на вельмі нізкай адзнацы — 0,6 працэнта. Гэта значыць, што эканоміка перастае быць устойлівай і нават найменшае ўзрушэнне прывядзе ЗША ў рэцэсію.

Гурынша таксама звярнуў увагу, што разам з запаволеннем тэмпаў росту амерыканскай эканомікі ў краіне знізіліся тэмпы спажывання. «Ёсць шэраг паказчыкаў, якія сведчаць аб тым, што ў першым квартале справы ў эканоміцы ішлі не надта добра», — заявіў эксперт. Ён таксама адзначыў, што нізкія паказчыкі беспрацоўя могуць быць часовай з'явай. Крызісныя моманты ў эканоміцы так ці інакш адаб'юцца на рынку працы. У сувязі з гэтым Гурынша прагназуе, што беспрацоўе ў ЗША ў наступным годзе можа вырасці.

Як вядома, раней амерыканскі лідар Джо Байдэн заявіў, што ЗША не сутыкнуцца з рэцэсіяй. Ён не стаў адмаўляць праблему інфляцыі ў краіне, аднак зазначыў нізкі ўзровень беспрацоўя сярод насельніцтва. У той жа час шэраг амерыканскіх аналітыкаў лічаць, што ЗША непазбежна сутыкнуцца з рэцэсіяй. Некаторыя яе прыкметы — інфляцыя і запаволенне эканамічнага росту — відаць ужо зараз.

Відавочна, што амерыканскія ўлады зайшлі ў тупік. У ЗША запавольваюцца тэмпы крэдытавання, стагнуе сектар іпатэкі і аўтакрэдытаў. «Усё гэта ў цэлым прывядзе да росту маштабаў рэцэсіі, у якую ўвайшлі ЗША, — расказаў Baltnews прыватны інвестар Фёдар Сідараў. — Хоць Белы дом гэта адмаўляе, але два кварталы запар у Штатах скарачаецца ВУП — гэта дакладны сігнал пачатку поўнамаштабнай рэцэсіі першай эканомікі свету».

Сур'ёзныя наступствы

Сёлета ў другім квартале спажывецкія выдаткі грамадзян ЗША раслі самымі маруднымі тэмпамі за апошнія два гады. Гэта значыць, нават у перыяд пандэміі і лакдаўнаў у 2020-м, калі вялізная частка амерыканцаў знаходзілася на самаізаляцыі і не выходзіла з дому, грамадзяне ўсё роўна выдаткоўвалі больш. Пазыкі амерыканцаў працягваюць расці.

Інфляцыя ў ЗША дасягнула максімуму за 40 гадоў і перавысіла 9 працэнтаў у гадавым вылічэнні. Тарыфы на электраэнергію ўзраслі за год больш чым на 40 працэнтаў, цэны на бензін — на 60. Як адзначыў у эфіры тэлеканала Fox News кіраўнік інвестыцыйнага падраздзялення кампаніі Kіngsvіew Wealth Management Скот Марцін, 52 працэнты амерыканцаў былі вымушаны змяніць планы на лета з-за росту цэн на бензін, 70 працэнтаў скарацілі свае выдаткі, у 75 працэнтаў узніклі фінансавыя цяжкасці. І гэта далёка не мяжа.

Як падкрэсліў Baltnews кіраўнік аналітычнага дэпартамента AMarkets Арцём Дзееў, рост інфляцыі і ў ЗША, і ў Еўропе мае непасрэдны ўплыў на спажывецкія паводзіны. Цяпер радавыя амерыканцы і еўрапейцы зніжаюць свае выдаткі, пераходзяць у эканом-сегмент пры куплі прадуктаў харчавання і тавараў першай неабходнасці. Усё гэта сведчыць аб тым, што адбываецца сцісканне спажывецкага попыту. І прычыны не толькі ў інфляцыі (рост цэн вымушае людзей усё больш эканоміць), але і ў тым, што крэдыты становяцца (і будуць станавіцца) усё даражэйшымі.

«Галоўная прычына росту цэн абсалютна на ўсё — рэзкае павелічэнне кошту энерганосьбітаў, — адзначыў Арцём Дзееў. — Па нафце, газе і вугалю прагнозы адназначныя: кошт гэтай сыравіны не будзе зніжацца ў агляднай перспектыве. Таму рост ставак ФРС інфляцыю не стрымае, скарачэнне спажывецкага попыту будзе адбывацца і далей, а гэта ўжо прывядзе да сур'ёзных наступстваў для ўсёй эканомікі ЗША, якая будзе ў сыходным трэндзе. Мы назіраем пачатак новага глабальнага крызісу, параўнальнага па маштабах з «вялікай дэпрэсіяй» 30-х гадоў мінулага стагоддзя».

Блуканне па пакутах

Прыкладна такі ж сцэнарый разгортваецца і ў краінах Еўрасаюза. І хоць Еўрапейскі цэнтральны банк пакуль павысіў ключавую стаўку толькі адзін раз — на 0,5 працэнтнага пункта, інфляцыя ў еўразоне ўжо амаль зраўнялася з амерыканскай. У ліпені адпаведны паказчык дасягнуў 8,9 працэнта ў гадавым вылічэнні. Гэта максімальны ўзровень за апошнія 23 гады — упершыню з таго часу, як еўра першы раз было выкарыстана для электроннага безнаяўнага разліку. Нямецкае выданне Compact адзначае, што асаблівую занепакоенасць выклікае рост базавай інфляцыі, з дапамогай якой разлічваецца кошт тавараў, — напрыклад, электраэнергіі або прадуктаў харчавання. У ліпені энергія ў еўразоне падаражэла амаль на 40 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам летась.

Як адзначыў Baltnews кіраўнік фонду CARF і Cresco Capіtal Андрэй Сырчын, пакупніцкая здольнасць ужо ўпала з-за інфляцыі. У выніку ў хуткім часе будуць пакутаваць як спажыўцы, так і вытворцы, якім не будзе каму прадаваць тавары. «Адпаведна, тавары яшчэ больш падаражэюць альбо вытворцы «выляцяць у трубу». Усё гэта ляжа на плечы еўрапейскіх банкаў. Паколькі ў цэлым эканамісты чакаюць, што ў Еўропе крызіс акажацца больш жорсткі, чым у ЗША, з прычыны многіх прычын і закрэдытаванасці многіх еўрапейскіх краін, мы можам убачыць далейшую прасадку банкаўскай сістэмы Еўропы. Хутчэй за ўсё, гэта здарыцца ўжо восенню, — адзначыў Андрэй Сырчын. — Еўрапейскаму рэгулятару давядзецца праз нейкі час скупляць усе еўрапейскія банкі ў пераддэфолтным стане. А гэта азначае працяг «друкарскага станка» і далейшае развіццё інфляцыйнай спіралі».

«Бурбалкі» лопнуць

Многія вядучыя эканомікі свету акажуцца ў рэцэсіі, мяркуе галоўны эканаміст брокерскай фірмы Nomura Holdіng Іnc. Роб Субараман, паведаміў еxpert.ru. «Цяпер цэнтральныя банкі кінулі ўсе сілы і сродкі на барацьбу з інфляцыяй, — растлумачыў Субараман у інтэрв'ю CNBC. — Давер да манетарнай палітыкі з'яўляецца занадта каштоўным актывам, каб яго губляць. Таму яны паводзяць сябе вельмі агрэсіўна. Гэта азначае ўзняцце ўліковых ставак на пачатковым этапе. Мы ўжо некалькі месяцаў кажам аб пагрозе рэцэсіі. Цяпер многія развітыя эканомікі ўжо знаходзяцца ў працэсе спаўзання ў рэцэсію».

Эканамісты Nomura чакаюць рэцэсію ў ЗША, еўразоне, Вялікабрытаніі, Японіі, Паўднёвай Карэі, Аўстраліі і Канадзе. Цэнтрабанкі па ўсім свеце занадта доўга праводзілі звышслабую манетарную палітыку ў надзеі на тое, што інфляцыя працягнецца нядоўга. Цяпер жа, кажа Субараман, урадам даводзіцца яе даганяць.

У такой сітуацыі нельга разлічваць на экспарт як драйвер росту. «Гэта, дарэчы, яшчэ адна прычына, чаму мы ставімся да пагрозы рэцэсіі вельмі сур'ёзна і лічым, што яна абавязкова прыйдзе», — падкрэсліў эксперт. Для ЗША Nomura прагназуе доўгую рэцэсію працягласцю ў пяць кварталаў. Пачнецца яна ўжо сёлета і працягнецца да канца наступнага года.

У даследаванні Nomura згадваецца шэраг эканомік сярэдніх памераў, у тым ліку Паўднёвай Карэі, Аўстраліі і Канады. У іх бум на рынку нерухомасці. Калі ўздым ставак прывядзе да таго, што «бурбалкі» лопнуць, то рэцэсія ў гэтых краінах будзе моцная і працяглая. А вось кітайская эканоміка, па меркаванні экспертаў Nomura, паспяхова пераадолела запаволенне эканамічнага росту і зараз актыўна аднаўляецца пасля вельмі балючых для яе лакдаўнаў.

Пры гэтым менавіта недастатковая фінансавая забяспечанасць «зумераў» можа ўзмацніць рэцэсію. З-за дарагога абслугоўвання па крэдытах моладзь будзе менш браць пазыкі на адукацыю, а значыць, кваліфікаваных спецыялістаў у доўгатэрміновай перспектыве ў ЕС і ЗША будзе ўсё менш. Як заўважыў Baltnews, натуральная «ўцечка мазгоў» у сукупнасці з інфляцыяй і зніжэннем пакупніцкай здольнасці можа ў выніку пахіснуць усю заходнюю эканамічную сістэму.

«Нягледзячы на санкцыі, беларуская эканоміка дэманструе гістарычна высокія якасныя паказчыкі збалансаванасці»

Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка на пасяджэнні Савета Міністраў аб функцыянаванні эканомікі ва ўмовах санкцый і мерах па іх пераадоленні пад старшынствам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Ва ўрадзе бачаць тры асноўныя фактары аднаўлення эканамічнага росту: экспарт, інвестыцыі і спажыванне. Што датычыцца апошняга, то Раман Галоўчанка ўпэўнены ў неабходнасці стымулявання ўнутранага спажывання. З улікам празмернай ліквіднасці, якая ўтварылася ў банкаўскай сістэме, урад мае намер устанавіць для дзяржаўных банкаў павышаныя заданні па росце крэдытавання для спажывецкіх, інвестыцыйных мэт, а таксама бягучай дзейнасці прадпрыемстваў.

Закранаючы праблему росту цэн, кіраўнік урада звярнуў увагу, што энергетычны і харчовыя крызісы прывялі да росту інфляцыі ў шэрагу краін і могуць прывесці да рэцэсіі найбуйнейшых эканомік свету, спаду даходаў насельніцтва і росту беднасці. У Беларусі рост цэн ёсць, але ён не з'яўляецца крытычным, перакананы прэм'ер-міністр. Паводле яго даных, актыўнасць на спажывецкім рынку істотна не змянілася. «Інфляцыйныя працэсы ўдалося стрымаць у разумным калідоры перш за ўсё за кошт строгага адміністрацыйнага кіравання, і мы бачым запаволенне тэмпаў інфляцыі», — канстатаваў Раман Галоўчанка.

Безумоўным прыярытэтам для работы ўрада прэм'ер-міністр назваў павышэнне якасці жыцця і дабрабыту грамадзян. Паводле яго слоў, прыняты шэраг мер для падтрымання росту даходаў: у бюджэтнай сферы — павышэнне базавай стаўкі (з 1 студзеня на 4,5 працэнта, з восені — другі этап павышэння), рост мінімальнай заработнай платы на 14 працэнтаў з пачатку года з наступнай індэксацыяй. З 1 сакавіка працоўныя пенсіі ўзраслі на 7 працэнтаў, з 1 жніўня — на 10 працэнтаў. «У выніку сярэдні памер пенсіі па ўзросце непрацоўнага пенсіянера ў жніўні складзе Br638. Гэта рост да жніўня мінулага года амаль 25 працэнтаў», — адзначыў кіраўнік урада.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.