Вы тут

Дзе пабачыць аўтографы Купалы і вершы ў патроннай гільзе?


Усяго некалькі месяцаў як дырэктарам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы стала Ганна Галінская. У музейнай справе яна даўно: больш за 20 гадоў працавала ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Але гэта вельмі розныя музеі, да таго ж да работы Купалавага давялося далучацца ў разгар юбілейнага года народнага паэта Беларусі. Таму наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання музейнымі работнікамі ў папярэднія часы і ў нашы дні.


— З Янкам Купалам усе знаёмяцца яшчэ ў школе, але пасля ў дарослым жыцці яго творчасць кожны можа пераасэнсаваць і адкрыць як паэта для сябе наноў. А як вы адкрывалі Купалу?

— Так, мы адкрываем яго як паэта ў школе. Вывучаем вершы, але выпускаем кантэкст гістарычных падзей. Таму зараз я разглядаю не проста літаратурныя творы Купалы — успрымаю як дакументы аб гістарычных падзеях. Напрыклад, верш «Тры арліцы» быў надрукаваны ў газеце «Звязда» ў 1938 годзе і прысвечаны беспасадачнаму рэкорднаму пералёту лётчыц-гераінь Грызадубавай, Асіпенкі, Разковай па маршруце Масква — Далёкі Усход. То-бок, не проста так нарадзіўся гэты вобраз, а была канкрэтная падзея, якая натхніла паэта. Верш «Японскім самураям» упершыню надрукаваны ў «Звяздзе» 9 жніўня таго ж года. Ён прысвечаны сусветнай падзеі — нападзенню на Савецкі Саюз летам 1938 года японскіх агрэсараў у раёне возера Хасан. Мы таксама бачым канкрэтную гістарычную падзею. Ужо ў 1930-я гады ў яго вершах было адчуванне Другой сусветнай вайны. У гэтым я раскрываю для сябе Янку Купалу не толькі як паэта, а менавіта як сведку гістарычных падзей. Таму праз гэтыя і іншыя вершы мы можам зрабіць выснову, што гэта не толькі з’ява літаратуры, але і крыніца ведаў па гісторыі, што ў Год гістарычнай памяці найбольш актуальна.

— Ёсць Купала-паэт, а ёсць Купала-чалавек, які жыў у сваю эпоху. Яна была складаная, шмат у чым трагічная. Праз асобу паэта і яго асабістыя драмы можна вывучаць гісторыю. Якім чынам гэта даносяць наведвальнікам падчас агляду экспазіцыі?

— Не толькі сама экспазіцыя, а наогул увесь музей скіраваны на гэта. Усё пачынаецца з камплектавання фондаў. Кожны прадмет, які паступае ў музей, — крыніца, якая характарызуе эпоху. Нават яго асабістыя рэчы, праз якія, напрыклад, мы разумеем, што Янка Купала з’яўляўся моднікам. Ёсць яго кіёк, з якім ён любіў хадзіць. А калі глядзім на фотаздымкі, то бачым, якой была мода таго часу, напрыклад, на пачатку ХХ стагоддзя. І ўжо ў савецкі перыяд ён у сваім адзенні імкнуўся адлюстраваць павевы моды. Яго рукапісы розных часоў таксама вельмі цікавыя. Ёсць, напрыклад, выданне «Жалейкі», якая выйшла ў свет у Пецярбургу. Не толькі сам Купала быў стваральнікам гэтага зборніка, да яго выдання мелі дачыненне розныя людзі, дзеячы культуры. Праз гэта таксама можна даведацца аб Янку Купалу, аб яго адносінах да расійскіх пісьменнікаў — да Горкага і Ясеніна.

Дзякуючы даследчыцкай дзейнасці, якую вядзе музей, ствараюцца новыя выставы, рыхтуюцца публікацыі. Напрыклад, у нас нядаўна была выстаўка, прысвечаная 140-годдзю нашых Песняроў — «Янка Купала і Якуб Колас — досціпы ад класікаў», дзе разглядаліся адносіны двух народных паэтаў да гумару, да сатыры.

— Даследчыцкая дзейнасць прадугледжвае работу ў архівах, кантакты з прадстаўнікамі іншых краін, якія могуць захоўваць веды пра Купалу. Ці ёсць магчымасць такой працы?

— Канешне. Цяпер нашы супрацоўнікі працуюць у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, каб стварыць выстаўку, прысвечаную 100-годдзю выхаду зборніка «Спадчына». Нядаўна ў музеі адбылася выстаўка, прымеркаваная да 80-годдзя з дня гібелі Янкі Купалы. Яна была створана як сумесны праект паводле матэрыялаў музея Янкі Купалы, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

— У фондах музея ёсць рэчы, якія сведчаць пра трагедыю, што адбылася ў гатэлі «Масква», прынамсі, кавалак сцяны будынка, якога цяпер няма. Ці ёсць новыя звесткі ў гэтым кірунку?

— Што тычыцца самой гібелі, то ёсць толькі ўспаміны і дакументы. Аднак мы павінны памятаць, што асноўнае — гэта афіцыйны дакумент. На жаль, ёсць толькі адзін афіцыйны дакумент, які экспануецца ў нашым музеі, — дакладная народнаму камісару ўнутраных спраў СССР Л. П. Берыі аб тым, што «28 ліпеня ў 22 гадзіны 13 хвілін у гасцініцы „Масква“ ўпаў у лесвічную клетку і разбіўся насмерць народны паэт Беларусі Луцкевіч Іван Дамінікавіч, 1882 года нараджэння, літаратурны псеўданім якога Янка Купала.» Прычым, як бачыце, зроблена памылка ў напісанні прозвішча. Гэты дакумент перададзены ў музей і экспануецца ў нас. Іншых менавіта афіцыйных дакументаў, а не ўспамінаў, на жаль, няма. Спадзяёмся, што зможам знайсці яшчэ дакументы, якія будуць сведчыць аб трагічнай гібелі паэта. Мы павінны думаць найперш аб тым, што гэта была трагічная гібель — чалавека не стала. Забываць пра гэта не павінны, але не трэба рабіць высноў, якія не абапіраюцца на канкрэтныя факты... Для мяне як для былога намесніка дырэктара па навуковай рабоце музея Вялікай Айчыннай вайны мае значэнне гістарычная дакладнасць, а не розныя прыватныя інтэрпрэтацыі тых падзей.

— Гібель Купалы — трагедыя не толькі яго, але і ўсёй Беларусі...

— Менавіта таму трэба высветліць прычыны, дайсці да ісціны, але не выкарыстоўваць гэтую трагедыю сёння ў справах, якія не маюць дачынення да самога Янкі Купалы.

— Здарылася гэта, калі здавалася, што яму нічога не пагражае. Але Беларусь пакутавала — і ён падзяліў лёс многіх сваіх землякоў. Ці адчуваў, што адбывалася на радзіме?

— Так, а па-іншаму было немагчыма. Ён быў сведкам дзвюх сусветных войн. Але ў яго амаль няма вершаў, напісаных падчас Першай сусветнай вайны. Ён бачыў, што ідзе сутыкненне двух бакоў — Расійскай імперыі і Германіі. Беларуская ідэнтычнасць на той час яшчэ сябе не праявіла, таму ў тым канфлікце голас беларусаў не гучаў, і Купала маўчаў. А калі была абвешчана БССР, ён цалкам аддаваў сябе дзеля яе. У яго вершах і артыкулах у першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны ўжо былі першыя спробы паказаць, што гэта быў генацыд беларускага народа: гэта і разбурэнне гарадоў, і спаленне вёсак, і знішчэнне людзей. Яго няскончаная аповесць «Дзевяць асінавых колляў» была створана паводле рэальнай падзеі, калі фашысты і іх прыслужнікі загадалі беларусам капаць яму, а потым страляць у яўрэяў, і беларусы адмовіліся. Мы ўжо бачым, што ён спрабаваў адлюстраваць акупацыйны рэжым, які быў накіраваны на знішчэнне беларускага насельніцтва. Але ў адным з яго вершаў з’яўляюцца і надзеі на хуткае вызваленне: «Як красаваўся, красавацца чырвоны сцяг над намі будзе...» Менавіта таму адну з выстаў сёлета мы стварылі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, яна мела назву «Шчаслівых перамог, свабодны мой народзе». Мы прадставілі там свае рарытэты, у тым ліку два лісткі з адрыўнога календара 1944 года з вершамі Янкі Купалы «Вучыся» і «А хто там ідзе?» Яны былі знойдзеныя ў патроннай гільзе на месцы баёў у Маладзечанскім раёне, каля вёскі Гаеўцы Палачанскага сельсавета. Нехта з байцоў такім чынам захоўваў і насіў з сабой гэтыя вершы. На гэтай выставе Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прадставіў партрэты партызан, якія натхнілі Янку Купалу на стварэнне знакамітага твора Вялікай Айчыннай вайны «Беларускім партызанам».

— Вайна была ў разгары, і жудасная праўда пра яе яшчэ не адкрылася шырока. Якім чынам мог адлюстроўваць тое, што адбываецца ў Беларусі?

— Купала не знаходзіўся ўбаку ад таго. Напрыклад, у сакавіку 1942 года, калі ў Казані праходзіла выязная сесія Акадэміі навук Беларусі, ён сустрэўся з землякамі, з дарагім сябрам Якубам Коласам, быў на сувязі з Цэнтральным камітэтам Камуністычнай партыі Беларусі. Якраз пра падзеі, якія ляглі ў аснову аповесці «Дзевяць асінавых колляў», яму расказаў Панцеляймон Кандратавіч Панамарэнка. Паэт выступаў са сваімі паведамленнямі, з публікацыямі, якія былі таксама і на рускай мове. У адным з рукапісных партызанскіх часопісаў таксама быў апублікаваны яго верш «Беларускім партызанам» на рускай мове. А рукапісныя партызанскія часопісы — вельмі цікавая крыніца ведаў пра Вялікую Айчынную вайну. Гэтыя публікацыі сведчаць у тым ліку аб тым, што Янка Купала ведаў, што робіцца на акупаванай тэрыторыі, а тут ведалі, што паэт жывы.

У чэрвені 1941-га, вяртаючыся з Рыгі ў Мінск, на запрашэнне літоўскіх пісьменнікаў, беларуская дэлегацыя наведала Каўнас, дзе іх і заспела страшная вестка — пачалася вайна. 23 чэрвеня Янка Купала ўбачыў Мінск пад нямецкімі бамбардзіроўкамі. На наступны дзень, 24 чэрвеня 1941 года, на трэці дзень Вялікай Айчыннай вайны, Янка Купала разам з жонкай эвакуіраваўся. Паэт не мог забраць сваю маці, ёй было 80 гадоў, магла не адолець доўгую дарогу. Яна заставалася тут не адна, а з роднымі сёстрамі паэта. Калі яны выехалі, пачалася першая і самая масіраваная бамбардзіроўка Мінска, адны самалёты змянялі другія, тысяча бомб падала на горад. А калі ўлічыць, што большасць пабудоў былі драўляныя, то быў пажар, які можна было ўбачыць за некалькі кіламетраў. Гэтым пажарам якраз і быў знішчаны дом Янкі Купалы. Яны паехалі спачатку ў Ляўкі, а праз некалькі дзён рушылі далей. Уладзіслава Францаўна казала, што, можа, ён і адчуваў, што бачыць Беларусь апошні раз, бо на Смаленшчыне выйшаў, лёг на зямлю і доўга-доўга глядзеў у сіняе неба.

— Ці можна этапы біяграфіі паэта раскрываць па-асабліваму ў музейных экспазіцыях? І якім чынам, на вашу думку, можна далучаць людзей не толькі да творчасці Купалы, але праз яго — да нацыянальнай культуры?

— Так, і зараз мы клапоцімся пра тое, каб нашы дзеці больш успрымалі, а для гэтага нашы супрацоўнікі павінны праводзіць інтэрактыўныя заняткі. Ёсць магчымасць праз «смайлікі» разгадваць назвы вершаў Янкі Купалы, такіх, напрыклад, як «Хлопчык і лётчык». Дзеці малодшага школьнага ўзросту тут жа самі могуць паспрабаваць адчуць сябе лётчыкамі. Існуе рэальны факт: Купала ўбачыў хлопчыка, які, раскінуўшы рукі, бег па вуліцы і спытаў : «Кім ты хочаш быць?». Той, не задумаўшыся, адказаў: «Лётчыкам». Гэта закранула Янку Купалу, і ўзнік гэты верш. Для самых маленькіх у музеі створана адмысловая зона з фігуркамі. Для чаго? Справа ў тым, што жонка Купалы Уладзіслава Францаўна была настаўніцай, таму ў гульнявой форме малыя могуць засвойваюць карысную інфармацыю...

Да канца юбілейнага года распрацавана мноства праектаў. Сярод іншых можна адзначыць праект «Купала: 12 адкрыццяў». Ён ладзіцца раз на месяц, у апошні чацвер, пасля 18 гадзін. У ім бяруць удзел навуковыя супрацоўнікі розных аддзелаў: экспазіцыйнай і выставачнай работы, фондавага, культурна-асветніцкага. Ён цікавы не толькі для моладзі, але і для людзей сталага веку, і для тых, хто днём заняты на працы. У гэтым праекце адлюстроўваюцца не толькі старонкі жыцця Янкі Купалы, але нашы супрацоўнікі дзеляцца таямніцамі музейнай кухні. Напрыклад, першая сустрэча ў межах гэтага праекта адбылася з супрацоўнікамі і галоўным захавальнікам фондаў, якія распавядалі пра адметнасці музейных калекцый. Напрыклад, ёсць калекцыя «Аўтографы Янкі Купалы». Ці калекцыя рэчаў Купалы — адна з закрытых, якая на працягу 40 гадоў амаль не папаўнялася. Усяго 152 адзінкі захоўвання, сярод якіх адзенне і прадметы побыту. Яны былі перададзены Уладзіславай Францаўнай. На другой сустрэчы нашы наведвальнікі лічылі імёны ў радаводзе Луцэвічаў. Даведаліся, колькі кніг налічвала рупліва сабраная асабістая бібліятэка паэта. На трэцяй сустрэчы знаёміліся са стацыянарнай экспазіцыяй, з калекцыяй жывапісу, дзе асаблівая каштоўнасць — прыжыццёвыя партрэты паэта. 20 ліпеня была сустрэча пад назвай «Давайце ў конікі згуляем», прысвечаная шахматам, любімай гульні Янкі Купалы.

— Што ў фондах музея ўразіла асабіста вас — не толькі як музейнага работніка, але і як чалавека?

— Фонды Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны — гэта ў першую чаргу зброя, рукапісныя партызанскія часопісы, дакументы і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Матэрыялы, што захоўваюцца ў музеі Янкі Купалы, звязаны з чалавекам, са старонкамі яго жыцця. Кранаюць душу прадметы, знойдзеныя на месцы, дзе стаяў дом Янкі Купалы. Уладзіслава Францаўна іх апазнала, калі тут праводзілі расчыстку ўжо пасля вызвалення. Цяпер іх можна ўбачыць у экспазіцыі. Ёсць Купалава зімовае паліто, якому амаль 100 гадоў. Звонку яно з сукна, а ўнутры футра з хвосцікамі. Ён забраў яго з сабой у эвакуацыю, таму яно захавалася...

— Купалаўскі музей — гэта не проста адноўлены дом, а яшчэ і месца, дзе стараліся падтрымліваць жывую атмасферу праз культурныя падзеі, дзе гучала беларускае слова і музыка, захоўваўся дух той Беларусі, якую любіў паэт. Ці застанецца гэты кірунак? І што ў сучаснасці можа падтрымліваць жыццё спадчыны паэта?

— Мы ўсе, у тым ліку новыя супрацоўнікі, якія сюды прыходзяць, павінны захаваць і традыцыі, якія заснавала яшчэ пры першым дырэктар музея, удава паэта Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Яна казала пра тое, што Купалаў дом заўсёды быў гасцінным, у ім было што паставіць на стол і чым зачараваць гасцей. Але трэба памятаць і пра тое, што, акрамя галоўнага будынка музея, ёсць філіялы, якія неабходна развіваць. Там таксама адбываюцца святы, напрыклад, Купалаўскія дні ў Ляўках ці знакамітае рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў у Вязынцы (сёлета 50 гадоў, як яно ладзіцца). Патрэбныя праекты, каб развіваць філіялы. Напрыклад, у Яхімоўшчыне — рэальны будынак, які памятае Купалу, патрэбны новыя праекты, каб гэта падкрэсліць. У Вязынцы і ў Ляўках рэканструяваныя будынкі, дзе могуць праходзіць выставы. Філіял у Акопах цікавы тым, што там нарадзілася знакамітая «Паўлінка». Магчыма, варта распрацаваць абанемент, накшталт падарожжа па пушкінскіх мясцінах. Такім чынам беларусы змогуць зацікавіцца крыніцай натхнення Янкі Купалы, каб потым перачытаць яго творы.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.